28 лістапада 2012 г. Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь прыняў рашэнне «Аб праве работнікаў на пакрыццё расходаў па праезду пры службовых камандзіроўках» (суддзя-дакладчык Iзотка У.П.).
У зваротах, што паступаюць у Канстытуцыйны Суд, грамадзяне ставяць пытанне аб неправамернасці нарматыўных палажэнняў, згодна з якімi камандзіровачныя расходы па праезду не кампенсуюцца без прадстаўлення праязных білетаў і іншых дакументаў у арыгінале.
У артыкуле 95 Працоўнага кодэкса прадугледжана права работніка на пакрыццё зробленых ім у ходзе службовай камандзіроўкі расходаў, да якіх адносяцца, у прыватнасці, расходы па праезду да месца службовай камандзіроўкі і назад. Пры гэтым парадак і памеры пакрыцця камандзіровачных расходаў вызначаюцца Урадам Рэспублікі Беларусь або ўпаўнаважаным ім органам.
Дзеля выканання дадзеных палажэнняў Міністэрствам фінансаў і Міністэрствам працы і сацыяльнай абароны прыняты інструкцыі, якія прадугледжваюць, што пакрыццё работніку камандзіровачных расходаў ажыццяўляецца толькі пры прадстаўленні сапраўдных праязных дакументаў.
Па меркаванню Канстытуцыйнага Суда, такое прававое рэгуляванне выключае магчымасць рэалізацыі работнікамі права на кампенсацыю расходаў па праезду ў выпадках адсутнасці ў іх сапраўдных праязных дакументаў, што фактычна абмяжоўвае іх права, устаноўленае законам.
У мэтах забеспячэння канстытуцыйных прынцыпаў вяршэнства права, законнасці і справядлівасці пры рэалізацыі работнікамі права на кампенсацыю камандзіровачных расходаў Канстытуцыйны Суд прызнаў неабходным устараніць калізію ў прававым рэгуляванні, вызначыўшы парадак і памеры пакрыцця работнікам расходаў па праезду пры службовых камандзіроўках таксама ў выпадку адсутнасці ў іх праязных дакументаў.
Савету Міністраў Рэспублікі Беларусь прапанавана прыняць ва ўстаноўленым парадку меры, накіраваныя на адпаведнае ўдакладненне прававога рэгулявання пакрыцця работнікам расходаў па праезду пры службовых камандзіроўках.