Навіны
Старшыня Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь Міклашэвіч П.П. прыняў удзел у Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі «Канстытуцыя – аснова сацыяльнай мадэрнізацыі грамадства і дзяржавы»

Старшыня Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь Міклашэвіч П.П. прыняў удзел у Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі «Канстытуцыя – аснова сацыяльнай мадэрнізацыі грамадства і дзяржавы», якая адбылася 30–31 жніўня 2012 г. у г. Астане і г. Алматы.

У Палацы Міра і Згоды г. Астаны 30 жніўня 2012 г. адбылося адкрыццё форуму. У ім прынялі ўдзел прадстаўнікі вышэйшых органаў дзяржаўнай улады Рэспублікі Казахстан, зарубежных органаў канстытуцыйнага кантролю з 22 краін, міжнародных арганізацый.

У ходзе дыскусіі на Канферэнцыі абмяркоўваліся актуальныя пытанні, якія датычацца месца і ролі канстытуцый у працэсе мадэрнізацыі дзяржаў як фактару стабільнасці ў грамадстве і ўстойлiвага развіцця нацыянальных эканомік. Падкрэслівалася значэнне канстытуцыйнага кантролю ў абароне правоў і свабод грамадзян, забеспячэнні прытрымлівання і развіцці канстытуцыйных норм і прынцыпаў.

У сваім выступленні на Канферэнцыі Старшыня Канстытуцыйнага Суда Міклашэвіч П.П. праінфармаваў яе ўдзельнікаў аб ролі канстытуцыйнага правасуддзя па абароне канстытуцыйных каштоўнасцей. Пры гэтым было адзначана, што Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь зыходзіць з неабходнасці падтрымання балансу каштоўнасцей і недапушчэння іх прымяншэння ў заканатворчым працэсе з улікам як агульначалавечых каштоўнасцей і еўрапейскіх дэмакратычных стандартаў, так і нацыянальных асаблівасцей развіцця дэмакратыі і фарміравання прававой дзяржавы на дадзеным этапе ў нашай краіне. Таксама выказана ўпэўненасць у тым, што наяўнасць агульных канстытуцыйных каштоўнасцей з'яўляецца фактарам збліжэння не толькі практыкі органаў канстытуцыйнага кантролю, але і народаў розных краін, што з'яўляецца важным і актуальным у святле інтэграцыйных працэсаў, якія адбываюцца на постсавецкай і еўрапейскай прасторы.

У ходзе рабочых сустрэч з калегамі з канстытуцыйных судоў і прадстаўнікамі міжнародных арганізацый адбыўся абмен думкамі па актуальных праблемах ажыццяўлення канстытуцыйнага правасуддзя, а таксама абмеркаваны перспектывы развіцця двухбаковага і шматбаковага супрацоўніцтва.