Навіны
Старшыня Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь Міклашэвіч П.П. прыняў удзел у мерапрыемствах, прысвечаных 20-годдзю Канстытуцыйнага Суда Расійскай Федэрацыі

                          

Старшыня Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь Міклашэвіч П.П. прыняў удзел у мерапрыемствах, прысвечаных 20-годдзю Канстытуцыйнага Суда Расійскай Федэрацыі, якія адбылiся 27–29 кастрычніка 2011 г. у Маскве і Санкт-Пецярбургу.

У Аляксандраўскай зале Маскоўскага Крамля 27 кастрычніка 2011 г. адбылося ўрачыстае пасяджэнне, прысвечанае 20-годдзю пачатку работы Канстытуцыйнага Суда Расійскай Федэрацыі. У ім прынялі ўдзел прадстаўнікі вышэйшых органаў дзяржаўнай улады Расійскай Федэрацыі, зарубежных органаў канстытуцыйнага правасуддзя, Еўрапейскага Суда па правах чалавека.

У сваім выступленні на ўрачыстым пасяджэнні Прэзідэнт Расіі Мядзведзеў Д.А. адзначыў, што лічыць стварэнне Канстытуцыйнага Суда адной з ключавых падзей у гісторыі новай Расіі і павіншаваў суддзяў з юбілеем, падзякаваў за высокую адказнасць, вернасць абавязку і прафесіяналізм.

28–29 кастрычніка 2011 года ў Палацы кангрэсаў (Санкт-Пецярбург) прайшла Міжнародная канферэнцыя «Канстытуцыйны кантроль: дактрына і практыка», прысвечаная 20-годдзю Канстытуцыйнага Суда Расійскай Федэрацыі.

У форуме прынялі ўдзел старшыні органаў канстытуцыйнага кантролю, вучоныя і практыкі з больш чым 47 краін Еўропы, Азіі, Афрыкі і Амерыкі. Абмяркоўваліся актуальныя праблемы канстытуцыйнага кантролю, роля канстытуцыйных судоў у абароне правоў і свабод грамадзян, пытанні незалежнасці судовай улады.

У сваім выступленні на Канферэнцыі Старшыня Канстытуцыйнага Суда Міклашэвіч П.П. праінфармаваў удзельнікаў форуму аб этапах станаўлення і развіцця канстытуцыйнага правасуддзя ў Рэспубліцы Беларусь. Пры гэтым адзначыў, што на сучасным этапе развіцця канстытуцыйнага кантролю ў нашай краіне адбываюцца змяненні, якія накіраваны на стварэнне сістэмна-комплекснага падыходу да зацвярджэння вяршэнства Канстытуцыі, абарону канстытуцыйных каштоўнасцей, развіццё канстытуцыйнай дэмакратыі, забеспячэнне вяршэнства права.

У ходзе рабочых сустрэч з кіраўнікамі канстытуцыйных судоў абмяркоўваліся перспектывы развіцця двухбаковага і шматбаковага супрацоўніцтва, адбыўся абмен думкамі па найбольш значных праблемах развіцця канстытуцыйнага правасуддзя.