Навіны
Канстытуцыйны Суд прыняў рашэнне «Аб прававым рэгуляванні працэсуальных выдаткаў і судовых расходаў у адміністрацыйным працэсе»

Канстытуцыйны Суд 21 кастрычніка 2011 г. прыняў рашэнне «Аб прававым рэгуляванні працэсуальных выдаткаў і судовых расходаў у адміністрацыйным працэсе» (суддзя-дакладчык Варановіч Т.В.) па выніках разгляду зваротаў, якія паступаюць у Канстытуцыйны Суд. У зваротах грамадзяне ўказваюць, што ў вынiку адсутнасці ў заканадаўстве норм, якія рэгламентуюць размеркаванне працэсуальных выдаткаў і судовых расходаў у адміністрацыйным працэсе, суды адмаўляюць ім у задавальненні патрабаванняў аб пакрыцці расходаў па дзяржаўнай пошліне і на атрыманне юрыдычнай дапамогі, чым парушаюцца іх канстытуцыйныя правы на судовую абарону, кваліфікаваную юрыдычную дапамогу і спагнанне панесеных расходаў.

Зыходзячы з палажэнняў Канстытуцыі (артыкулы 7, 21, 22, 59 і інш.) і міжнародна-прававых актаў, удзельніцай якіх з'яўляецца Рэспубліка Беларусь, Канстытуцыйны Суд у рашэнні адзначыў, што дзяржава абавязана ствараць заканадаўчыя механізмы, якія забяспечваюць эфектыўную абарону парушаных правоў і свабод.

Канстытуцыйны Суд звярнуў увагу на тое, што ў адрозненне ад іншых працэсуальных кодэксаў Рэспублікі Беларусь (Грамадзянскага працэсуальнага, Гаспадарчага працэсуальнага, Крымінальна-працэсуальнага) у Працэсуальна-выканаўчым кодэксе аб адміністрацыйных правапарушэннях адсутнічаюць нормы, якія вызначаюць паняцце працэсуальных выдаткаў і судовых расходаў, іх склад і парадак спагнання. Гэта сведчыць аб прабеле ў заканадаўстве і аб невыкананні замацаванага ў артыкуле 7 Закона «Аб нарматыўных прававых актах Рэспублікі Беларусь» прынцыпу сістэмнасці і комплекснасці прававога рэгулявання грамадскіх адносін.

Канстытуцыйны Суд ўказаў, што адсутнасць у заканадаўстве прававых норм, якія забяспечваюць неабходнае прававое рэгуляванне грамадскіх адносін, звязаных з размеркаваннем працэсуальных выдаткаў і судовых расходаў у адміністрацыйным працэсе, робiць уплыў на законнасць і справядлівасць правапрымяняльнай практыкі, захаванне канстытуцыйных прынцыпаў вяршэнства права і роўнасці ўсiх перад законам, аслабляе гарантыі абароны канстытуцыйных правоў і свабод.

У мэтах забеспячэння канстытуцыйных прынцыпаў вяршэнства права і роўнасці ўсiх перад законам і ўстаранення прабелу ў заканадаўстве Канстытуцыйны Суд прызнаў неабходным унясенне ў Працэсуальна-выканаўчы кодэкс Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях змяненняў і дапаўненняў у частцы вызначэння паняцця, складу і парадку спагнання працэсуальных выдаткаў і судовых расходаў у адміністрацыйным працэсе і прапанаваў Савету Міністраў Рэспублікі Беларусь падрыхтаваць праект закона аб унясенні адпаведных змяненняў і дапаўненняў у Працэсуальна-выканаўчы кодэкс Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях і ўнесці яго ва ўстаноўленым парадку ў Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь.