Навіны
Старшыня Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь Міклашэвіч П.П. прыняў удзел у Міжнароднай канферэнцыі “Абарона правоў чалавека органамі канстытуцыйнай юстыцыі: магчымасці і праблемы індывідуальнага доступу”, якая адбылася 16 верасня 2011 г. у г. Кіеве (Украіна).

У рабоце Канферэнцыі прынялі ўдзел кіраўнікі і суддзі канстытуцыйных судоў і органаў роўнай юрысдыкцыі з 18 краін, Старшыня Венецыянскай камісіі Савета Еўропы Джані Букікіа, Дырэктар Германскага фонду міжнароднага прававога супрацоўніцтва Дзірк Міра, прадстаўнікі іншых міжнародных арганізацый, вучоныя-канстытуцыяналісты.

На пленарным пасяджэнні абмяркоўваліся пытанні індывідуальнага доступу да канстытуцыйнага правасуддзя, нацыянальны вопыт і перспектыва ўкаранення інстытута канстытуцыйнай скаргі ў розных дзаржавах. Удзельнікі форуму адзначылі, што права грамадзян звяртацца ў органы канстытуцыйнага кантролю з’яўляецца важным фактарам у механізме забеспячэння правоў і свабод чалавека.

У сваім выступленні на Канферэнцыі Старшыня Канстытуцыйнага Суда Міклашэвіч П.П. праінфармаваў удзельнікаў форуму аб сістэме ўскоснага доступу грамадзян да канстытуцыйнага правасуддзя ў Рэспубліцы Беларусь і перспектывах яго развіцця. Пры гэтым адзначана, што ажыццяўленне Канстытуцыйным Судом абавязковага папярэдняга кантролю ўсіх законаў садзейнічае фарміраванню ў грамадзян нашай краіны пераканання ў канстытуцыйнасці норм законаў і аб’ектыўна змяншае неабходнасць увядзення канстытуцыйнай скаргі.

У ходзе рабочых сустрэч з кіраўнікамі канстытуцыйных судоў абмяркоўваліся перспектывы развіцця двухбаковага і шматбаковага супрацоўніцтва, узмацнення абмену вопытам паміж органамі канстытуцыйнага кантролю розных дзяржаў.