Навіны
Канстытуцыйны Суд разгледзіць прапанову Палаты прадстаўнікоў выкласці пазіцыю аб адпаведнасці Закона Рэспублікі Польшча «Аб карце паляка» агульнапрызнаным прынцыпам і нормам міжнароднага права

23 лютага 2011 года Палата прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь прыняла Пастанову аб звароце ў Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь з прапановай выкласці пазіцыю аб адпаведнасці Закона Рэспублікі Польшча «Аб карце паляка» агульнапрызнаным прынцыпам і нормам міжнароднага права.

Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь згодна з Дэкрэтам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 26 чэрвеня 2008 г. № 14 «Аб некаторых мерах па ўдасканальванню дзейнасці Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь» мае паўнамоцтва па прапановах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь выкладаць сваю пазіцыю аб дакументах, якія прымаюцца (выдаюцца) замежнымі дзяржавамі, міжнароднымі арганізацыямі і (або) іх органамі і закранаюць інтарэсы Рэспублікі Беларусь, у частцы адпаведнасці гэтых дакументаў агульнапрызнаным прынцыпам і нормам міжнароднага права.

Канстытуцыйны Суд разгледзіць указаную прапанову Палаты прадстаўнікоў ва ўстаноўленым парадку. 

Прэс-служба