17 лістапада 2010 г. Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь прыняў рашэнне «Аб заканадаўчым рэгуляванні адказнасці арандатараў зямельных участкаў (плацельшчыкаў арэнднай платы)» (суддзя-дакладчык Козырава Л.Р.).
У Законе Рэспублікі Беларусь «Аб рэспубліканскім бюджэце на 2010 год» і Указе Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 1 сакавіка 2010 г. № 101 «Аб спагнанні арэнднай платы за зямельныя ўчасткі, якія знаходзяцца ў дзяржаўнай уласнасці» заканадавец устанавіў проціпраўнасць дзеяння, якое заключаецца ў нявыплаце або няпоўнай выплаце арэнднай платы за зямельныя ўчасткі, што знаходзяцца ў дзяржаўнай уласнасці, парушэнні тэрміну прадстаўлення плацельшчыкамі арэнднай платы разліку сумы арэнднай платы за гэтыя ўчасткі, якое цягне прадугледжаную заканадаўствам адказнасць як за нявыплату, няпоўную выплату падаткаў, збораў (пошлін), парушэнне вызначанага тэрміну ўнясення ў падатковы орган падатковай дэкларацыі (разліку).
Адказнасць за невыкананне парадку падаткаабкладання прадугледжана Кодэксам Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях (далей – КабАП). Для наступлення адміністрацыйнай адказнасці за проціпраўныя дзеянні зыходзячы з норм артыкула 1.1 КабАП неабходня, каб любое адміністрацыйнае правапарушэнне, а таксама мера адміністрацыйнай адказнасці за іх учыненне былі вызначаны ў КабАП.
Канстытуцыйны Суд прызнаў неабходным у мэтах забеспячэння канстытуцыйных прынцыпаў вяршэнства права і роўнасці ўсiх перад законам устараніць прабел у заканадаўчым рэгуляванні адказнасці за нявыплату або няпоўную выплату арэнднай платы за зямельныя ўчасткі, што знаходзяцца ў дзяржаўнай уласнасці, парушэнне тэрміну прадстаўлення плацельшчыкамі арэнднай платы за гэтыя ўчасткі разліку сумы арэнднай платы і прапанаваў Савету Міністраў падрыхтаваць праект закона аб унясенні адпаведных змяненняў і дапаўненняў у Кодэкс Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях і ўнесці яго ва ўстаноўленым парадку ў Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь.