27 мая 2010 г. Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь прыняў рашэнне «Аб парадку рэалізацыі права на абскарджанне ў суд асуджанымі да арышту, пазбаўлення волi, пажыццёвага зняволення, асобамі, якія ўтрымлiваюцца пад вартай, і адміністрацыйна арыштаванымі прымененых да іх мер спагнання» (суддзя-дакладчык Варановiч Т.В.). У адпаведнасці з Канстытуцыяй дзяржава гарантуе правы і свабоды грамадзян Беларусі, замацаваныя ў Канстытуцыі, законах і прадугледжаныя міжнароднымі абавязацельствамі дзяржавы (частка трэцяя артыкула 21). Артыкулам 60 Канстытуцыі кожнаму гарантуецца абарона яго правоў і свабод кампетэнтным, незалежным і бесстароннім судом у вызначаныя законам тэрміны. Зыходзячы з прыведзеных палажэнняў Канстытуцыі, замацаванае ў спецыяльных законах права асоб, фактычна пазбаўленых свабоды, на абскарджанне прымененых да іх мер спагнання з'яўляецца важнай гарантыяй абароны парушаных правоў дадзенай катэгорыі грамадзян, забеспячэння законнасці пры выкананні крымінальнага пакарання, адміністрацыйнага арышту і ўтрымання пад вартай. Разам з тым заканадаўцам не вызначаны парадак разгляду ў судзе такіх скарг. У сувязі з гэтым Канстытуцыйны Суд звярнуў увагу на наяўнасць прабелу ў прававым рэгуляванні парадку разгляду ў судзе скарг асуджаных да пазбаўлення волi, арышту, пажыццёвага зняволення, асоб, якія ўтрымлiваюцца пад вартай, і адміністрацыйна арыштаваных на прымяненне да іх мер спагнання, што не ў поўнай меры забяспечвае рэалізацыю канстытуцыйнага права грамадзян на доступ да правасуддзя. У мэтах забеспячэння рэалізацыі ўказанага канстытуцыйнага права Канстытуцыйны Суд прызнаў неабходным заканадаўча вызначыць парадак і асаблівасці разгляду ў судзе скарг асуджаных да арышту, пазбаўлення волi, пажыццёвага зняволення, асоб, якія ўтрымлiваюцца пад вартай, і адміністрацыйна арыштаваных на прымяненне да іх мер дысцыплінарнага спагнання, у сувязі з чым прапанаваў Савету Міністраў Рэспублікі Беларусь падрыхтаваць праект закона аб унясеннi адпаведных змяненняў і дапаўненняў у Грамадзянскі працэсуальны кодэкс Рэспублікі Беларусь.