Навіны
Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь прыняў рашэнне «Аб роўных гарантыях рэалізацыі права грамадзян на абарону ад беспрацоўя»

23 сакавіка 2010 г. Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь прыняў рашэнне «Аб роўных гарантыях рэалізацыі права грамадзян на абарону ад беспрацоўя» (суддзя-дакладчык Падгруша В.В.).

У адпаведнасці з артыкулам 23 Закона Рэспублікі Беларусь «Аб занятасцi насельніцтва Рэспублікі Беларусь» беспрацоўным грамадзянам, якія спынілі працоўныя адносіны па ўласнаму жаданню, па пагадненню бакоў або працоўны дагавор з якімі спынены па шэрагу падстаў, прадугледжаных артыкуламі 42, 44 і 47 Працоўнага кодэкса, у выпадку праходжання імі падрыхтоўкі, перападрыхтоўкі, павышэння кваліфікацыі стыпендыя выплачваецца ў меншым памеры ў параўнанні з агульнаўстаноўленнымi. Артыкул 24 гэтага Закона дапускае таксама магчымасць адмовы названым грамадзянам у назначэнні дапамогі па беспрацоўю.

Канстытуцыйны Суд прызнаў, што ўказаныя заканадаўчыя палажэннi прадвызначаны фактычна характарам дзеянняў работнiка. Заканадавец не прымае да ўвагі тое, што ў аснове спынення працоўнага дагавора могуць быць акалічнасці, якія абцяжарваюць працяг работы (напрыклад, хвароба). Звальненне можа быць абумоўлена парушэннем наймальнікам заканадаўства аб працы, працоўнага дагавора (частка чацвёртая артыкулы 40 ПК), а таксама зменай уласніка маёмасці арганізацыі (пункт 11 артыкулы 47 ПК).

Паводле меркавання Канстытуцыйнага Суда, замацаваныя ў Законе палажэннi адносна пераліку падстаў спынення працоўнага дагавора з работнікам, якія ўплываюць на памер стыпендыі або на магчымасць прызначэння дапамогі па беспрацоўю, не з'яўляюцца паслядоўнымі і справядлівымі, яны не забяспечваюць гарантыі рэалізацыі права грамадзян на абарону ад беспрацоўя.

У мэтах забеспячэння рэалізацыі канстытуцыйнага прынцыпу роўнасці ўсіх перад законам, заканадаўчага замацавання магчымасцей рэалізацыі права кожнага на абарону ад беспрацоўя Канстытуцыйны Суд прызнаў неабходным у адпаведнасці з указаным рашэннем унесці ў Закон Рэспублікі Беларусь «Аб занятасцi насельніцтва Рэспублікі Беларусь» змяненнi і дапаўненні, якія датычацца ўдакладнення:

у частцы трэцяй артыкула 23 – пераліку падстаў спынення працоўнага дагавора, з прычыны якіх стыпендыя беспрацоўным прызначаецца ў меншым памеры ў параўнанні з агульнаўстаноўленным;

у абзацы другім часткі другой артыкула 24 – пераліку падстаў спынення працоўнага дагавора, з прычыны якіх беспрацоўным можа быць адмоўлена ў прызначэнні дапамогі па беспрацоўю.

Канстытуцыйны Суд прапанаваў Савету Міністраў Рэспублікі Беларусь падрыхтаваць праект адпаведнага закона і ўнесці яго ва ўстаноўленным парадку ў Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь.