Навіны
Старшыня Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь Міклашэвіч П.П. прыняў удзел у Міжнароднай канферэнцыі «Забеспячэнне вяршэнства Канстытуцыі – галоўная функцыя Канстытуцыйнага суда» і ўрачыстых мерапрыемствах, прысвечаных 15-годдзю Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Малдова

Старшыня Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь Міклашэвіч П.П. прыняў удзел у Міжнароднай канферэнцыі на тэму: «Забеспячэнне вяршэнства Канстытуцыі – галоўная функцыя Канстытуцыйнага суда» і ўрачыстых мерапрыемствах, прысвечаных 15-годдзю Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Малдова, якая адбылася 25–26 лютага 2010 года ў г. Кішынёве (Рэспубліка Малдова).

Удзельнікамі ўказанага форуму былі кіраўнікі, суддзі канстытуцыйных судоў і міжнародныя эксперты з 14 краін – Азербайджана, Албаніі, Бельгіі, Балгарыі, Германii, Кыргыстана, Польшчы, Расіі, Румыніі, Славакіі, Украіны, Харватыі і інш.

На пленарных пасяджэннях абмяркоўваліся пытанні забеспячэння вяршэнства Канстытуцыі і ролі органаў канстытуцыйнага кантролю ў гэтым працэсе, доступу да канстытуцыйнага правасуддзя грамадзян, забеспячэння гарантый абароны правоў і свабод чалавека, суадносін Канстытуцыі і міжнародных дагавароў.

У сваім дакладзе на пленарным пасяджэнні П.П.Міклашэвіч інфармаваў аб этапах развіцця канстытуцыйнага правасуддзя ў нашай краіне, працэсуальных асаблівасцях і практычнай рэалізацыі паўнамоцтва па абавязковаму папярэдняму кантролю канстытуцыйнасці законаў. Пры гэтым ім было падкрэслена, што ажыццяўленне Канстытуцыйным Судом абавязковага папярэдняга кантролю канстытуцыйнасці ўсіх законаў з'яўляецца паказчыкам далейшага павышэння ролі канстытуцыйнага правасуддзя ў сцвярджэнні вяршэнства Канстытуцыі, выпрацоўцы належных заканадаўчых механізмаў ажыццяўлення і абароны канстытуцыйных правоў і свабод грамадзян, захавання балансу канстытуцыйных каштоўнасцей і ўстанаўлення сістэмных сувязей і ўзаемазалежнасці нормаў права, забеспячэння іх гарантый.

Адбыліся рабочыя сустрэчы Старшыні Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь Міклашэвіча П.П. з кіраўнікамі канстытуцыйных судоў Азербайджана, Балгарыі, Кыргыстана, Малдовы, Румыніі. Абмяркоўваліся пытанні супрацоўніцтва ў сферы абмену вопытам ажыццяўлення канстытуцыйнага правасуддзя, падкрэслівалася агульнасць поглядаў па актуальных пытаннях развіцця канстытуцыяналізму.