Навіны
На пасяджэнні Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь прынята рашэнне, якое датычыцца забеспячэння роўных правоў грамадзян у сферы працы

 На пасяджэнні Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь 17 ліпеня 2009 г. прынята рашэнне (суддзя-дакладчык Ізотка У.П.) “Аб забеспячэнні роўных правоў грамадзян у сферы працы”.

У рашэнні Канстытуцыйнага Суда адзначана, што ўключэнне наймальнікамі ў прапановы аб свабодных рабочых месцах (вакансіях) патрабаванняў, якія датычацца ўзросту, месца жыхарства і іншых акалічнасцей, стварае перадумовы для парушэння канстытуцыйных правоў грамадзян (артыкулы 30, 32, 41 Канстытуцыі).

Канстытуцыйны Суд лічыць, што адсутнасць ва ўстаноўленым у працоўным заканадаўстве пераліку дыскрымінацыйных акалічнасцей указанняў на такія акалічнасці, як узрост і месца жыхарства, роўна як і вычарпальны характар дадзенага пераліку, значна абмяжоўваюць гарантыі рэалізацыі канстытуцыйнага права грамадзян на працу.

У мэтах забеспячэння гарантый ажыццяўлення канстытуцыйнага права грамадзян на працу Канстытуцыйны Суд прапанаваў Савету Міністраў Рэспублікі Беларусь ва ўстаноўленым парадку падрыхтаваць праект закона аб унясенні адпаведных дапаўненняў у Працоўны кодэкс Рэспублікі Беларусь і Закон Рэспублікі Беларусь “Аб занятасці насельніцтва Рэспублікі Беларусь”.