18 лютага 2009 г. Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь прыняў рашэнне “Аб роўных умовах вызвалення ад звароту сродкаў, затрачаных дзяржавай на падрыхтоўку маладога спецыяліста”.
У рашэнні Канстытуцыйны Суд, беручы пад увагу нормы Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, Дагавора паміж Рэспублікай Беларусь і Расійскай Федэрацыяй аб роўных правах грамадзян ад 25 снежня 1998 года, іншых міжнародных дагавораў, а таксама законаў Рэспублікі Беларусь, прызнаў, што, паколькі заканадаўства прадугледжвае неабходнасць забеспячэння даступнасці і роўных правоў грамадзян у атрыманні адукацыі, у тым ліку вышэйшай, то, зыходзячы з канстытуцыйнага прынцыпу роўнасці ўсіх перад законам, гэтыя правы павінны быць у поўнай меры ўлічаны пры рэалізацыі і прадастаўленні гарантый абароны іншых правоў і абавязкаў у сферы адукацыі. Па меркаванню Канстытуцыйнага Суда, прадпісаннямі Палажэння аб звароце сродкаў у рэспубліканскі і (або) мясцовыя бюджэты, затрачаных дзяржавай на падрыхтоўку рабочага (служачага), спецыяліста, зацверджанага пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 23 верасня 2006 г. № 1255, былі ўстаноўлены няроўныя ўмовы вызвалення маладых спецыялістаў, якія атрымалі за кошт сродкаў рэспубліканскага і (або) мясцовых бюджэтаў прафесіянальна-тэхнічную або сярэднюю спецыяльную адукацыю і залічаны ва ўстанову адукацыі на навучанне ў дзённай форме атрымання адукацыі больш высокага ўзроўню, ад выканання прадугледжанага часткай чатырнаццатай артыкула 10 Закона Рэспублікі Беларусь “Аб адукацыі” абавязку вярнуць затрачаныя дзяржавай на навучанне сродкі. Так, у адпаведнасці з абзацам дзесятым падпункта 4.1 пункта 4 указанага Палажэння ад звароту затрачаных на навучанне сродкаў вызваляліся маладыя спецыялісты, залічаныя ў адпаведныя ўстановы адукацыі Рэспублікі Беларусь. Паступленне маладых спецыялістаў на навучанне ў дзённай форме атрымання адукацыі больш высокага ўзроўню ва ўстанову адукацыі Расійскай Федэрацыі не з’яўлялася падставай для іх вызвалення ад звароту сродкаў, затрачаных на навучанне ва ўстанове адукацыі Рэспублікі Беларусь. Канстытуцыйны Суд зрабіў вывад аб тым, што пры такім прававым рэгуляванні парадку вызвалення ад звароту затрачаных на навучанне дзяржаўных сродкаў даступнасць атрымання адукацыі ва ўстановах адукацыі Расіі, а таксама роўнае з іншымі права на атрыманне адпаведнай адукацыі могуць быць не забяспечаны.
Па выніках разгляду пытання Канстытуцыйны Суд у сваім рашэнні ад 18 лютага 2009 г. прапанаваў Савету Міністраў Рэспублікі Беларусь у мэтах забеспячэння належнай рэалізацыі норм Канстытуцыі і міжнародных дагавораў Рэспублікі Беларусь унесці адпаведныя змяненні ў вышэйуказанае Палажэнне, накіраваныя на больш поўную абарону правоў і законных інтарэсаў грамадзян Рэспублікі Беларусь пры ўстанаўленні падставы вызвалення асоб ад звароту сродкаў, затрачаных дзяржавай на іх навучанне.
Урад Рэспублікі Беларусь у рамках выканання ўказанага рашэння Канстытуцыйнага Суда пастановай ад 1 чэрвеня 2009 г. № 708 “Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у некаторыя пастановы Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь” (уступіла ў сілу з 21 чэрвеня 2009 г., за выключэннем абзаца чацвёртага падпункта 1.2.2 пункта 1, які ўступіў у сілу з 16 ліпеня 2009 г.) унёс адпаведнае дапаўненне ў абзац дзесяты падпункта 4.1 пункта 4 Палажэння аб звароце сродкаў у рэспубліканскі і (або) мясцовыя бюджэты, затрачаных дзяржавай на падрыхтоўку рабочага (служачага), спецыяліста, зацверджанага пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 23 верасня 2006 г. № 1255. Такім чынам, у цяперашні час асобы, якія атрымалі прафесіянальна-тэхнічную або сярэднюю спецыяльную адукацыю і залічаны ва ўстанову адукацыі на навучанне ў дзённай форме атрымання адукацыі больш высокага ўзроўню як Рэспублікі Беларусь, так і Расійскай Федэрацыі, вызваляюцца ад звароту затрачаных на падрыхтоўку рабочага (служачага), спецыяліста сродкаў у рэспубліканскі і (або) мясцовыя бюджэты.