Навіны
Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь прыняў рашэнне “Аб змесце паняцця “жылое памяшканне сацыяльнага карыстання” ў заканадаўстве аб эканамічнай неплацежаздольнасці (банкруцтве)”

На пасяджэнні Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь 29 мая 2009 г. прынята рашэнне (суддзя-дакладчык Козырава Л.Р.) “Аб змесце паняцця “жылое памяшканне сацыяльнага карыстання” ў заканадаўстве аб эканамічнай неплацежаздольнасці (банкруцтве)”. 

У рашэнні Канстытуцыйны Суд адзначыў, што пры ажыццяўленні працэдур эканамічнай неплацежаздольнасці (банкруцтва) жылыя памяшканні сацыяльнага карыстання падлягаюць перадачы ў кіраванне адпаведнай адміністрацыйна-тэрытарыяльнай адзінкі Рэспублікі Беларусь (упаўнаважаных ёю органаў). 

Змест паняцця “жылое памяшканне сацыяльнага карыстання” раскрыты ў Жыллёвым кодэксе Рэспублікі Беларусь.

У заканадаўстве аб эканамічнай неплацежаздольнасці (банкруцтве) вызначэнне паняцця “жылое памяшканне сацыяльнага карыстання” адсутнічае. У сувязі з гэтым у правапрымяняльнай практыцы ўзнікаюць пытанні адносна правамернасці прымянення норм Жыллёвага кодэкса да праваадносін, якія ўзнікаюць пры правядзенні працэдур банкруцтва ў частцы ўстанаўлення зместу дадзенага паняцця.

Канстытуцыйны Суд указаў, паколькі заканадавец у Законе “Аб эканамічнай неплацежаздольнасці (банкруцтве)” не раскрыў змест паняцця “жылое памяшканне сацыяльнага карыстання” для мэт дадзенага Закона, то гэта паняцце, што змяшчаецца ў Законе аб банкруцтве, павінна выкарыстоўвацца ў такім жа значэнні, як яно вызначана нормамі артыкулаў 1, 80 Жыллёвага кодэкса, які з’яўляецца спецыяльным законам, што рэгулюе жыллёвыя адносіны.