26 сакавіка 2009 г. Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь прыняў рашэнне (суддзя-дакладчык Цікавенка А.Г.), якое датычыцца ўдасканальвання асобных палажэнняў Рэгламенту Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, прынятага яго Пастановай ад 19 снежня 2008 г.
Частка трэцяя артыкула 22 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб судаўладкаванні і статусе суддзяў, якая прадастаўляе дзяржаўным органам, грамадскім аб’яднанням, арганізацыям і грамадзянам права звяртацца з ініцыятывай аб праверцы канстытуцыйнасці нарматыўнага прававога акта ў Савет Рэспублікі, а роўна механізм разгляду і вызначэння далейшага лёсу дадзенай ініцыятывы не знайшлі замацавання ў Рэгламенце Савета Рэспублікі.
Канстытуцыйны Суд прызнаў неабходным вызначыць у Рэгламенце Савета Рэспублікі прававы механізм разгляду зваротаў грамадзян і арганізацый з ініцыятывай аб праверцы канстытуцыйнасці нарматыўных прававых актаў у Канстытуцыйным Судзе праз Савет Рэспублікі як прадстаўнічы орган і адзін з суб’ектаў права ініцыіравання канстытуцыйнага судаводства, устанавіць асобы парадак прыняцця законаў аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у праграмныя законы.