Навіны
На пасяджэнні Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь прынята рашэнне, якое датычыцца Рэгламенту Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь

На пасяджэнні Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь 26 сакавіка 2009 г. прынята рашэнне (суддзя-дакладчык Сяргеева В.Г.), якое датычыцца Рэгламенту Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь.

Канстытуцыйны Суд устанавіў наступнае.

Рэгламент прыняты Саветам Міністраў 14 лютага 2009 г. на падставе артыкула 38 Закона Рэспублікі Беларусь “Аб Савеце Міністраў Рэспублікі Беларусь” і рэгулюе пытанні арганізацыі і парадку дзейнасці Савета Міністраў.

Згодна з артыкулам 116 Канстытуцыі і артыкулам 22 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб судаўладкаванні і статусе суддзяў Савет Міністраў валодае правам звароту ў Канстытуцыйны Суд па пытаннях канстытуцыйнасці нарматыўных прававых актаў. Дадзенае права можа быць рэалізавана Саветам Міністраў як па ўласнай ініцыятыве, так і на падставе зваротаў з ініцыятывай аб праверцы канстытуцыйнасці акта, што паступілі ў Савет Міністраў ад дзяржаўных органаў, якія не валодаюць правам унясення падобных прапаноў у Канстытуцыйны Суд, грамадскіх аб’яднанняў, іншых арганізацый і грамадзян.

Разам з тым у Рэгламенце не вызначаны парадак прыняцця Саветам Міністраў рашэнняў аб падтрымцы або адхіленні такіх зваротаў грамадзян і арганізацый, а таксама механізм рэалізацыі Саветам Міністраў права на зварот у Канстытуцыйны Суд па ўласнай ініцыятыве па пытаннях канстытуцыйнасці нарматыўных прававых актаў.

У Рэгламенце не ўстаноўлены таксама парадак ініцыіравання Саветам Міністраў перад Канстытуцыйным Судом прапановы аб выкладанні Судом сваёй пазіцыі аб дакументах, якія прымаюцца (выдаюцца) замежнымі дзяржавамі і (або) іх органамі і закранаюць інтарэсы Рэспублікі Беларусь, у частцы адпаведнасці гэтых дакументаў агульнапрызнаным прынцыпам і нормам міжнароднага права. Права Савета Міністраў на ўнясенне ў Канстытуцыйны Суд такой прапановы прадастаўлена яму Дэкрэтам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 26 чэрвеня 2008 г. № 14 “Аб некаторых мерах па ўдасканальванню дзейнасці Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь”.

Канстытуцыйны Суд прызнаў неабходным у мэтах забеспячэння належнага ажыццяўлення правоў і законных інтарэсаў грамадзян і арганізацый, выканання канстытуцыйнага прынцыпу прававой дакладнасці ўнесці адпаведныя змяненні і дапаўненні ў Рэгламент Савета Міністраў, накіраваныя на прававое рэгуляванне пытанняў парадку разгляду і ўнясення у Канстытуцыйны Суд прапаноў аб праверцы канстытуцыйнасці нарматыўных прававых актаў і аб выкладанні Канстытуцыйным Судом пазіцыі аб дакументах, якія прымаюцца (выдаюцца) замежнымі дзяржавамі, міжнароднымі арганізацыямі і (або) іх органамі і закранаюць інтарэсы Рэспублікі Беларусь, у частцы адпаведнасці гэтых дакументаў агульнапрызнаным прынцыпам і нормам міжнароднага права.

У сувязі з гэтым Савету Міністраў Рэспублікі Беларусь прапанавана ва ўстаноўленым парадку ўнесці ў Рэгламент неабходныя змяненні і дапаўненні.