Навіны
У Нацыянальным прэс-цэнтры Рэспублікі Беларусь прайшла прэс-канферэнцыя Старшыні Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь Міклашэвіча П.П., прысвечаная 15-годдзю Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь

11 сакавіка 2009 г. у Нацыянальным прэс-цэнтры Рэспублікі Беларусь прайшла прэс-канферэнцыя Старшыні Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь Міклашэвіча П.П., прысвечаная 15-годдзю Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь.

П.П.Міклашэвіч павіншаваў усіх з 15-годдзем Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, прыняцце якой з’явілася падзеяй гістарычнага, фундаментальнага значэння, стала паваротным крокам у навейшай гісторыі Рэспублікі Беларусь. Канстытуцыя па сутнасці выражае волю самаго народа, які зрабіў вызначальны, рашучы выбар у бок свабоднага і дэмакратычнага развіцця, кардынальнай змены палітычных і эканамічных адносін у напрамку стварэння дэмакратычнай сацыяльнай прававой дзяржавы і справядліва ўладкаванага грамадства.

Старшыня Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь адзначыў, што сучаснае развіццё Беларусі характарызуецца стабільнасцю ў грамадстве і дзяржаве, канструктыўным узаемадзеяннем улад, высокім даверам народа Прэзідэнту і Парламенту. Сфарміравана нацыянальная прававая сістэма суверэннай Беларусі. Пры гэтым на ўсіх этапах развіцця грамадства дзяржаўная палітыка базіруецца на прынцыпах і нормах нашага Асноўнага Закона — Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь.

У выступленні на прэс-канферэнцыі П.П.Міклашэвіч спыніўся на пытаннях замацавання ў Канстытуцыі міжнародна-прававых стандартаў, канстытуцыйных каштоўнасцей і прынцыпаў, якія на іх базіруюцца; канстытуцыйных гарантый сацыяльна-эканамічных правоў і свабод грамадзян; канстытуцыйнага механізма ажыццяўлення дзяржаўнай улады.

Прынцыпы і нормы Канстытуцыі павінны знаходзіць рэальнае адлюстраванне ў заканадаўстве, якое прымаецца, і правапрымяняльнай практыцы, ва ўсіх рашэннях дзяржаўнай улады і ініцыятывах грамадзянскага грамадства. Толькі ў такім выпадку яе патэнцыял можа быць рэалізаваны ў поўнай меры. І толькі так можна дасягнуць абвешчаных Канстытуцыяй стратэгічных мэт развіцця нашай краіны.

Адзначана роля Канстытуцыйнага Суда як “захавальніка” Канстытуцыі, які ў 2008 годзе ўпершыню на постсавецкай прасторы быў надзелены паўнамоцтвамі па абавязковаму папярэдняму канстытуцыйнаму кантролю ўсіх законаў, прынятых Парламентам, на стадыі да падпісання іх Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь. Тым самым вектар далейшага развіцця канстытуцыйнага правасуддзя накіраваны на папярэджванне парушэнняў канстытуцыйнасці ў нарматворчасці, выключэнне магчымых негатыўных сацыяльных вынікаў дзеяння норм законаў, якія супярэчаць Канстытуцыі.

У заключэнне прэс-канферэнцыі Старшыня Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь Міклашэвіч П.П. падкрэсліў, што Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь як Асноўны Закон нашай дзяржавы даказала сваю жыццяздольнасць і, успрыняўшы лепшы сусветны вопыт, прадаўжае заставацца надзейным фундаментам у пабудове дэмакратычнай сацыяльнай прававой дзяржавы, дасягненні мэт і задач, якія стаяць перад Рэспублікай Беларусь на сучасным этапе.