Па запрашэнню Старшыні Вярхоўнага Суда Індыі з 13 па 15 лістапада 2008 г. дэлегацыя Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь знаходзілася з візітам у Вярхоўным Судзе Індыі.
14 лістапада 2008 г. адбылася сустрэча Старшыні Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь Міклашэвіча П.П. са Старшынёй Вярхоўнага Суда Індыі Балакрышнанам К.Г. Кіраўнікі вышэйшых судовых органаў дзвюх дзяржаў пацвердзілі, што судовая абарона канстытуцыйных правоў грамадзян у іх краінах з’яўляецца найбольш эфектыўнай і дэмакратычнай формай абароны правоў і свабод. Старшыня Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь і Старшыня Вярхоўнага Суда Індыі вызначылі агульныя падыходы ў дзейнасці судоў пры забеспячэнні права грамадзян на судовую абарону: права на справядлівы суд, доступ да правасуддзя, аператыўнае і якаснае вырашэнне спрэчак у судзе, аказанне кваліфікаванай юрыдычнай дапамогі і інш.
У ходзе сустрэчы адбыўся карысны абмен вопытам, назапашаным у сферы канстытуцыйнага судаводства ў абедзвюх дзяржавах, ажыццяўлення папярэдняга і наступнага канстытуцыйнага кантролю, абароны канстытуцыйных правоў грамадзян.
Удзельнікі сустрэчы пагадзіліся актывізаваць супрацоўніцтва па абмену рашэннямі, афіцыйнымі выданнямі судоў, праявілі ўзаемную зацікаўленасць у падрыхтоўцы аналітычных матэрыялаў па канкрэтных юрыдычных праблемах.
Старшыня Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь і Старшыня Вярхоўнага Суда Індыі таксама дамовіліся актыўна ўзаемадзейнічаць пры дапамозе правядзення двухбаковых сустрэч па актуальных пытаннях канстытуцыйнага правасуддзя.
У рамках візіту прайшлі сустрэчы Старшыні Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь Міклашэвіча П.П. з суддзямі Вярхоўнага Суда, прадстаўнікамі Асацыяцыі адвакатаў, кіраўнікамі дзяржаўных органаў юстыцыі, вучонымі-прававедамі Рэспублікі Індыя.