Акты Канстытуцыйнага Суда
ЗАКЛЮЧЭННЕ КАНСТЫТУЦЫЙНАГА СУДА РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ
25 чэрвеня 2025 г. № Р-1308/2025
Аб канстытуцыйнасці пункта 2 артыкула 275 Грамадзянскага кодэкса Рэспублікі Беларусь па скарзе грамадзянкі Казаковай Крысціны Уладзіміраўны

Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь у складзе старшынствуючага – Старшыні Канстытуцыйнага Суда Міклашэвіча П.П., намесніка Старшыні Карповіч Н.А., суддзяў Бодак А.М., Бойка Т.С., Варановіча Т.В., Козыравай Л.Р., Любецкай С.А., Рабцава В.М., Рабцава Л.М., Цікавенкі А.Г., Чыгрынава С.П.,

з удзелам:

паўнамоцнага прадстаўніка Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь у Канстытуцыйным Судзе – старшыні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па заканадаўстве Лянчэўскай М.А.;

паўнамоцнага прадстаўніка Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь у Канстытуцыйным Судзе – першага намесніка Міністра юстыцыі Рэспублікі Беларусь Філіпавай Н.М.,

кіруючыся часткай пятай артыкула 1161 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, пунктам 3 артыкула 11, артыкуламі 54, 55, 69, 70, 161 Закона Рэспублікі Беларусь «Аб канстытуцыйным судаводстве»,

разгледзеў у судовым пасяджэнні справу аб канстытуцыйнасці пункта  2 артыкула 275 Грамадзянскага кодэкса Рэспублікі Беларусь.

Падставай да разгляду справы Канстытуцыйным Судом з’явіўся зварот грамадзянкі Казаковай Крысціны Уладзіміраўны ў выглядзе канстытуцыйнай скаргі, якая адпавядае патрабаванням, устаноўленым Законам «Аб канстытуцыйным судаводстве».

Заслухаўшы ў судовым пасяджэнні суддзю-дакладчыка Бодак А.М., паўнамоцных прадстаўнікоў дзяржаўных органаў у Канстытуцыйным Судзе, даследаваўшы дакументы і іншыя матэрыялы справы, Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь

устанавіў:

1. У канстытуцыйнай скарзе грамадзянка Казакова К.У., адзначыўшы, што парушаны яе канстытуцыйныя правы, просіць праверыць канстытуцыйнасць пункта 2 артыкула 275 «Правы членаў сям’і ўласніка жылога памяшкання» Грамадзянскага кодэкса Рэспублікі Беларусь, прымененага пры разглядзе грамадзянскай справы з яе ўдзелам.

У адпаведнасці з названай нормай пераход права ўласнасці на жылы дом або кватэру да іншай асобы не з’яўляецца падставай для спынення права карыстання жылым памяшканнем членамі сям’і ранейшага ўласніка, калі іншае не прадугледжана жыллёвым заканадаўствам.

З матэрыялаў справы вынікае, што К.У.Казаковай на праве ўласнасці належыць жылое памяшканне, атрыманае ў спадчыну па законе. Заяўніца звярнулася з іскам у суд аб высяленні з дадзенага жылога памяшкання зарэгістраванай у ім І.М.Анціпенка – сястры ранейшага ўласніка (спадчынадаўца). Рашэннем суда Хоцімскага раёна Магілёўскай вобласці ад 17 красавіка 2024 г. К.У.Казаковай адмоўлена ў задавальненні іскавых патрабаванняў да І.М.Анціпенка аб высяленні з жылога памяшкання без прадастаўлення іншага жылога памяшкання.

Апеляцыйная скарга заяўніцы вызначэннем судовай калегіі па грамадзянскіх справах Магілёўскага абласнога суда ад 12 чэрвеня 2024 г. пакінута без задавальнення. Старшынёй Магілёўскага абласнога суда 15 кастрычніка 2024 г., намеснікам Генеральнага пракурора Рэспублікі Беларусь 2 снежня 2024 г., а таксама намеснікам Старшыні Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь 23 студзеня 2025 г. у прынясенні пратэсту на судовыя пастановы адмоўлена.

Заяўніцай вычарпаны ўсе іншыя сродкі судовай абароны канстытуцыйных правоў і свабод пры вырашэнні грамадзянскай справы.

К.У.Казакова лічыць, што абскарджаным палажэннем Грамадзянскага кодэкса парушаны нормы Канстытуцыі, а менавіта: частка другая артыкула 21 (аб праве на годны ўзровень жыцця), часткі другая і трэцяя артыкула 44 (аб праве ўласнасці), частка першая артыкула 45 (аб  праве на ахову здароўя), артыкул 47 (аб праве на сацыяльнае забеспячэнне), артыкул 58 (аб забароне на прымус да выканання абавязкаў, не прадугледжаных Канстытуцыяй і законамі, альбо да адмовы ад сваіх правоў).

2. Грамадзянскі кодэкс Рэспублікі Беларусь, які ўступіў у сілу 1 ліпеня 1999 г., у пункце 2 артыкула 275 устанавіў, што пераход права ўласнасці на жылы дом або кватэру да іншай асобы з’яўляецца падставай для спынення права карыстання жылым памяшканнем членамі сям’і ранейшага ўласніка, калі іншае не прадугледжана жыллёвым заканадаўствам.

У адпаведнасці з Законам Рэспублікі Беларусь ад 20 ліпеня 2006 г. № 160-З «Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у Грамадзянскі кодэкс Рэспублікі Беларусь», які ўступіў у сілу 3 лістапада 2006 г., пункт 2 артыкула 275 Грамадзянскага кодэкса прадугледжвае, што пераход права ўласнасці на жылы дом або кватэру да іншай асобы не з’яўляецца падставай для спынення права карыстання жылым памяшканнем членамі сям’і ранейшага ўласніка, калі іншае не прадугледжана жыллёвым заканадаўствам.

Такім чынам, заканадаўца, устанавіўшы ў першапачатковай рэдакцыі пункта 2 артыкула 275 Грамадзянскага кодэкса спыненне права карыстання жылым памяшканнем членамі сям’і ранейшага ўласніка ў выпадку пераходу права ўласнасці на жылы дом або кватэру да іншай асобы, калі іншае не прадугледжана жыллёвым заканадаўствам, у далейшым у межах дыскрэцыі змяніў прававое рэгуляванне і прадугледзеў захаванне ў паказаным выпадку права карыстання жылым памяшканнем за членамі сям’і ранейшага ўласніка.

Норма пункта 2 артыкула 275 Грамадзянскага кодэкса, якая захоўвае права карыстання жылым памяшканнем за членамі сям’і ранейшага ўласніка пры пераходзе права ўласнасці на жылы дом або кватэру да іншай асобы, абмяжоўвае правы новага ўласніка валодаць, карыстацца і распараджацца ў поўнай меры гэтым жылым памяшканнем.

Палажэнні часткі шостай артыкула 44 Канстытуцыі ва ўзаемасувязі з часткай першай артыкула 23 Канстытуцыі, якая вызначае падставы абмежавання правоў і свабод асобы, устанаўліваюць межы дыскрэцыі заканадаўцы пры прыняцці законаў, якія рэгламентуюць ажыццяўленне права ўласнасці, дапускаюць абмежаванне законам правамоцтваў уласніка ў інтарэсах абароны правоў і свабод іншых асоб.

У сувязі з гэтым Канстытуцыйны Суд лічыць, што зыходзячы з часткі другой артыкула 21, часткі шостай артыкула 44, частак першай, трэцяй артыкула 48 Канстытуцыі ва ўзаемасувязі з палажэннямі часткі першай артыкула 23 Канстытуцыі, у адпаведнасці з канстытуцыйнымі прынцыпамі сацыяльнай дзяржавы, вяршэнства права, роўнасці ўсіх перад законам захаванне права карыстання жылым памяшканнем за членамі сям’і ранейшага ўласніка ў разгледжаным выпадку адпавядае канстытуцыйна значным мэтам абароны іх канстытуцыйнага права на жыллё, прынцыпу суразмернасці абмежавання правоў, улічваючы інтарэсы і абарону правоў іншых асоб.

З улікам выкладзенага Канстытуцыйны Суд мяркуе, што пункт 2 артыкула 275 Грамадзянскага кодэкса адпавядае Канстытуцыі.

3. Канстытуцыйны Суд звяртае ўвагу на тое, што ўстаноўленае пунктам2 артыкула 275 Грамадзянскага кодэкса абмежаванне права ўласнасці новага ўласніка жылога памяшкання не носіць абсалютнага (безумоўнага) характару, паколькі дапускае іншае рэгуляванне ў жыллёвым заканадаўстве.

Парадак высялення грамадзян з жылых памяшканняў рэгламентуецца главой 12 Жыллёвага кодэкса Рэспублікі Беларусь, якая вызначае падставы высялення грамадзян з прадастаўленнем іншага жылога памяшкання і без яго прадастаўлення. Паводле пунктаў 1 і 2 артыкула 78 Жыллёвага кодэкса высяленне дапускаецца толькі па падставах, прадугледжаных гэтым Кодэксам і іншымі заканадаўчымі актамі.

Падставы высялення па патрабаванні ўласніка жылога памяшкання і членаў, былых членаў яго сям’і, іншых грамадзян, якія маюць права валодання і карыстання жылым памяшканнем, вызначаны артыкулам 89 Жыллёвага кодэкса. Так, у адпаведнасці з пунктам 2 дадзенага артыкула былыя члены сям’і ўласніка жылога памяшкання, іншыя грамадзяне, якія маюць права валодання і карыстання жылым памяшканнем і не маюць долі ў праве агульнай уласнасці на гэта жылое памяшканне, падлягаюць высяленню з яго па патрабаванні ўласніка жылога памяшкання без прадастаўлення іншага жылога памяшкання, калі іншае не ўстаноўлена шлюбным дагаворам або пісьмовым пагадненнем аб парадку карыстання жылым памяшканнем, а таксама заканадаўчымі актамі.

Жыллёвы кодэкс прадугледжвае таксама магчымасць высялення членаў сям’і былога ўласніка ў выпадку пераходу права ўласнасці на жылое памяшканне да новага ўласніка па іншых, не звязаных са спадчынай, падставах (адчужэнне былым уласнікам жылога памяшкання, яго заклад і накіраванне спагнання на жылое памяшканне, якое з’яўляецца прадметам закладу (артыкулы 79, 81, 139)).

Пры гэтым нормамі Жыллёвага кодэкса не ўстаноўлена права новага ўласніка жылога памяшкання, які набыў права ўласнасці на падставе атрымання ў спадчыну, патрабаваць высялення з гэтага жылога памяшкання членаў сям’і ранейшага ўласніка.

Канстытуцыйная забарона на адвольнае пазбаўлення жылля (частка трэцяя артыкула 48 Канстытуцыі) абавязвае заканадаўцу ўстанавіць належныя канстытуцыйна-прававыя механізмы рэалізацыі права ўласнасці і права на жыллё, уключаючы правы валодання і карыстання жылым памяшканнем пры пераходзе права ўласнасці і парадак высялення з жылых памяшканняў. Такое прававое рэгуляванне зыходзячы з канстытуцыйнага прынцыпу вяршэнства права і выцякаючага з яго прынцыпу прававой вызначанасці павінна адпавядаць патрабаванням фармальнай пэўнасці, дакладнасці, яснасці, недвухсэнсоўнасці прававых нормаў у мэтах стварэння неабходных умоў для рэалізацыі ўласнікам правоў на жылое памяшканне ў сваіх інтарэсах.

4. Паводле матэрыялаў справы К.У.Казакова пражывае ў жылым памяшканні сацыяльнага карыстання з дзіцем-інвалідам.

Дзяржава праяўляе асаблівы клопат пра інвалідаў; інвалідам забяспечваюцца роўныя магчымасці для ажыццяўлення правоў і свабод чалавека і грамадзяніна; дзяржавай рэалізуецца палітыка сацыяльнай інтэграцыі інвалідаў, стварэння даступнага асяроддзя і паляпшэння якасці іх жыцця, падтрымкі сем’яў з інвалідамі (часткі другая, трэцяя артыкула 47 Канстытуцыі).

Артыкулам 32 Канстытуцыі ўстаноўлена, што сям’я, мацярынства і дзяцінства знаходзяцца пад абаронай дзяржавы. Бацькі маюць права і абавязаны выхоўваць дзяцей, клапаціцца аб іх здароўі, развіцці і навучанні.

Палажэнні Канстытуцыі аб гарантыях правоў інвалідаў у сацыяльнай дзяржаве абумоўліваюць неабходнасць устанаўліваць канстытуцыйна-прававыя механізмы, якія забяспечваюць на аснове прынцыпу сацыяльнай справядлівасці належныя і роўныя магчымасці задавальнення жыццёвых патрэб у жыллі, ахове здароўя ў мэтах забеспячэння годнага і свабоднага развіцця асобы, аказваючы пры гэтым асаблівую ўвагу інвалідам, сем’ям з дзецьмі, якія маюць патрэбу ў сацыяльнай абароне.

Прымяненне на практыцы вышэйзгаданых заканадаўчых нормаў Грамадзянскага і Жыллёвага кодэксаў выявіла неабходнасць заканадаўчага забеспячэння інтарэсаў сем’яў з дзецьмі ў жыллёвых праваадносінах пры пераходзе права ўласнасці на жылое памяшканне.

Канстытуцыйны Суд лічыць, што ў сувязі з выяўленым канстытуцыйна-прававым прабелам, што пацягнуў прававую нявызначанасць палажэнняў артыкула 89 Жыллёвага кодэкса, якія знаходзяцца ў прамой нарматыўнай сувязі з палажэннямі пункта 2 артыкула 275 Грамадзянскага кодэкса, у мэтах забеспячэння збалансаванага прававога рэгулявання, якое дазваляе ўлічваць інтарэсы новага ўласніка і членаў яго сям’і, неабходна ўстанавіць прававы механізм, дазваляючы выкарыстоўваць дыферэнцыраваны падыход да ацэнкі тых ці іншых жыццёвых сітуацый пры разглядзе патрабаванняў аб высяленні членаў сям’і ранейшага ўласніка пры пераходзе права ўласнасці на жылое памяшканне па спадчыне.

Ацэнка падстаў для задавальнення такіх патрабаванняў павінна абумоўлівацца канкрэтнай сітуацыяй, якая склалася на практыцы, у тым ліку наяўнасцю ў члена сям’і ранейшага ўласніка правоў на іншыя жылыя памяшканні або магчымасцю набыцця такіх правоў.

Зыходзячы з прынцыпу прававой забяспечанасці, які з’яўляецца неад’емнай часткай канстытуцыйнага прынцыпу вяршэнства права (частка першая артыкула 7 Канстытуцыі) і прадугледжвае паўнату і канкрэтнасць рэгулявання грамадскіх адносін, заканадаўцу неабходна выдаліць выяўлены канстытуцыйна-прававы прабел у Жыллёвым кодэксе і замацаваць выразны і зразумелы механізм абароны правоў удзельнікаў праваадносін пры пераходзе права ўласнасці на жылое памяшканне да іншай асобы, які забяспечвае належны баланс іх правоў.

На падставе выкладзенага, кіруючыся часткай пятай артыкула 1161 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, артыкуламі 83, 84, пунктам 1 артыкула 162 Закона Рэспублікі Беларусь «Аб канстытуцыйным судаводстве», Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь 

ВЫРАШЫЎ: 

1. Прызнаць пункт 2 артыкула 275 Грамадзянскага кодэкса Рэспублікі Беларусь, які прадугледжвае захаванне права карыстання жылым памяшканнем за членамі сям’і ранейшага ўласніка ў выпадку пераходу права ўласнасці на жылы дом або кватэру да іншай асобы, адпаведным Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь.

2. Кіруючыся прынцыпам вяршэнства права, прызнаць наяўнасць канстытуцыйна значнага прабелу ў прававым рэгуляванні, які пацягнуў прававую нявызначанасць узаемазвязаных палажэнняў пункта 2 артыкула 275 Грамадзянскага кодэкса Рэспублікі Беларусь і артыкула 89 Жыллёвага кодэкса Рэспублікі Беларусь, паколькі ў сістэме дзеючага заканадаўства не забяспечваецца прававая вызначанасць пры ўстанаўленні падстаў спынення права карыстання жылым памяшканнем членамі сям’і ранейшага ўласніка пры пераходзе права ўласнасці на жылое памяшканне да іншай асобы.

Нацыянальнаму сходу Рэспублікі Беларусь належыць выдаліць выяўлены прабел у прававым рэгуляванні з улікам прававых пазіцый Канстытуцыйнага Суда, выкладзеных у гэтым рашэнні.

Правапрымяняльнікам да ўнясення адпаведных змяненняў у заканадаўчыя акты пры вырашэнні пытанняў аб захаванні права карыстання жылым памяшканнем за членамі сям’і ранейшага ўласніка ў выпадку пераходу права ўласнасці на жылы дом або кватэру да іншай асобы па спадчыне неабходна забяспечыць захаванне прынцыпаў вяршэнства права і сацыяльнай справядлівасці.

3. Рашэнне з’яўляецца канчатковым, абскарджанню і апратэставанню не падлягае.

4. Рашэнне ўступае ў законную сілу з дня яго прыняцця і падлягае афіцыйнаму апублікаванню ў адпаведнасці з законам.

Старшынствуючы –
Старшыня Канстытуцыйнага Суда
Рэспублікі Беларусь                                                                                                                 П.П.Міклашэвіч