27 сакавіка 2025 г. № Р-1307/2025
Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь у складзе старшынствуючага – Старшыні Канстытуцыйнага Суда Міклашэвіча П.П., намесніка Старшыні Карповіч Н.А., суддзяў Бодак А.М., Бойка Т.С., Варановіча Т.В., Данілюка С.Я., Козыравай Л.Р., Любецкай С.А., Рабцава В.М., Рабцава Л.М., Цікавенкі А.Г., Чыгрынава С.П.,
з удзелам паўнамоцнага прадстаўніка Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь у Канстытуцыйным Судзе – старшыні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па заканадаўстве Лянчэўскай М.А.;
кіруючыся часткай пятай артыкула 1161 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, пунктам 3 артыкула 11, артыкуламі 54, 55, 69, 70, 161 Закона Рэспублікі Беларусь «Аб канстытуцыйным судаводстве»,
разгледзеў у судовым пасяджэнні справу аб канстытуцыйнасці частак дзявятай – дванаццатай пункта 19 артыкула 208 Падатковага кодэкса Рэспублікі Беларусь.
Падставай да разгляду справы Канстытуцыйным Судом з’явіўся зварот грамадзяніна Шэстака Аляксандра Васільевіча ў выглядзе канстытуцыйнай скаргі, якая адпавядае патрабаванням, устаноўленым Законам «Аб канстытуцыйным судаводстве».
Заслухаўшы ў судовым пасяджэнні суддзю-дакладчыка Любецкую С.А., паўнамоцнага прадстаўніка Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь у Канстытуцыйным Судзе, даследаваўшы дакументы і іншыя матэрыялы справы, Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь
устанавіў:
1. У канстытуцыйнай скарзе грамадзянін Шэстак А.В., зазначыўшы, што яго канстытуцыйныя правы парушаныя, просіць праверыць канстытуцыйнасць частак дзявятай – дванаццатай пункта 19 артыкула 208 «Даходы, якія вызваляюцца ад падаходнага падатку з фізічных асоб» Падатковага кодэкса Рэспублікі Беларусь (Асаблівая частка) (далей – Падатковы кодэкс), прымененых пры разглядзе грамадзянскай справы з яго ўдзелам.
Часткай першай пункта 19 артыкула 208 Падатковага кодэкса прадугледжана вызваленне ад падаходнага падатку з фізічных асоб даходаў, атрыманых ад рэалізацыі прадукцыі раслінаводства, вырашчанай плацельшчыкам і (або) асобамі, якія знаходзяцца з ім у адносінах блізкай роднасці або сваяцтва, апекуна, папячыцеля і падапечнага, на зямельным участку, размешчаным на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь і дадзеным яму і (або) такім асобам у тым ліку для вядзення прыватнай падсобнай гаспадаркі, агародніцтва, садаводства (далей – даходы, атрыманыя ад рэалізацыі прадукцыі раслінаводства).
У сілу абскарджанай часткі дзявятай пункта 19 артыкула 208 Падатковага кодэкса пры ўказанні ў тлумачэннях пра крыніцы даходаў, дадзеных плацельшчыкам у рамках камеральнай праверкі адпаведнасці расходаў даходам фізічнай асобы, даходаў, атрыманых ад рэалізацыі прадукцыі раслінаводства, у памерах, якія перавышаюць 200 базавых велічынь на працягу падатковага перыяду зыходзячы з памеру базавай велічыні, устаноўленай на апошні дзень каляндарнага года, у якім атрыманы такія даходы, плацельшчыкам ажыццяўляецца выплата падаходнага падатку з фізічных асоб у памеры 10 працэнтаў ад сумы такога перавышэння.
Пры гэтым згодна з часткай дзясятай пункта 19 артыкула 208 Падатковага кодэкса ў выпадку, адзначаным у частцы дзявятай дадзенага пункта, для мэт падаткаабкладання датай фактычнага атрымання даходаў ад рэалізацыі прадукцыі раслінаводства прызнаецца дзень, калі плацельшчык даў тлумачэнні пра крыніцы даходаў.
У адпаведнасці з часткай адзінаццатай пункта 19 артыкула 208 Падатковага кодэкса падлік сумы падаходнага падатку з фізічных асоб з даходаў, атрыманых ад рэалізацыі прадукцыі раслінаводства, і ў выпадку, адзначаным у частцы дзявятай пункта 19 гэтага ж артыкула, ажыццяўляецца падатковым органам не пазней за дзень, наступны за днём складання падатковым органам паведамлення аб адпаведнасці расходаў і даходаў фізічнай асобы або акта камеральнай праверкі адпаведнасці расходаў даходам фізічнай асобы. Пры падліку падаходнага падатку з фізічных асоб з такіх даходаў не прымяняюцца вызваленне ад падаходнага падатку з фізічных асоб, прадугледжанае пунктам 23 дадзенага артыкула, і падатковыя вылікі, прадугледжаныя артыкуламі 209–211 Падатковага кодэкса.
Згодна з часткай дванаццатай пункта 19 артыкула 208 Падатковага кодэкса выплата падаходнага падатку з фізічных асоб, вылічанага ў адпаведнасці з часткай адзінаццатай дадзенага пункта, ажыццяўляецца ў трыццацідзённы тэрмін з дня ўручэння плацельшчыку паведамлення на выплату падаходнага падатку з фізічных асоб у парадку і па форме, якія ўстаноўлены артыкулам 2221 Падатковага кодэкса.
Абскарджаныя заяўнікам часткі дзявятая – дванаццатая пункта 19 артыкула 208 Падатковага кодэкса ўведзены Законам Рэспублікі Беларусь ад 31 снежня 2021 г. № 141-З «Аб змяненні законаў па пытаннях падаткаабкладання» (далей – Закон № 141-З).
З матэрыялаў справы вынікае, што ў 2022 годзе інспекцыяй Міністэрства па падатках і зборах Рэспублікі Беларусь па Кобрынскім раёне ў дачыненні да А.В.Шэстака праведзена камеральная праверка адпаведнасці расходаў даходам за перыяд з 1 студзеня 2012 г. па 30 красавіка 2022 г. Падчас праверкі па патрабаванні падатковага органа 29 чэрвеня 2022 г. А.В.Шэстак даў тлумачэнні пра крыніцы даходаў, сярод якіх указаў атрыманыя ў 2012–2017 гг. даходы ад рэалізацыі прадукцыі раслінаводства. Перавышэння заяўнікам расходаў над даходамі падатковым органам не ўстаноўлена.
Пры гэтым, паколькі тлумачэнні пра крыніцы даходаў, атрыманых ад рэалізацыі прадукцыі раслінаводства, былі дадзены А.В.Шэстакам у 2022 годзе і сума заяўленых даходаў перавысіла 200 базавых велічынь зыходзячы з памеру базавай велічыні, устаноўленай на апошні дзень каляндарнага года, у якім атрыманы названыя даходы, падатковы орган у адпаведнасці з часткамі дзявятай – дванаццатай пункта 19 артыкула 208 Падатковага кодэкса вылічыў падаходны падатак у дачыненні да даходаў заяўніка ў памеры 10 працэнтаў ад сумы перавышэння, што склала 40 908,89 рубля.
У сувязі з тым што ва ўстаноўлены тэрмін заяўнік падаходны падатак не заплаціў, 30 снежня 2022 г. інспекцыяй Міністэрства па падатках і зборах Рэспублікі Беларусь па Кобрынскім раёне было прынята рашэнне аб спагнанні з яго падаходнага падатку. 12 кастрычніка 2023 г. А.В.Шэстак звярнуўся ў суд са скаргай на названае рашэнне падатковага органа. Рашэннем суда Кобрынскага раёна ад 24 кастрычніка 2023 г. А.В.Шэстаку адмоўлена ў задавальненні скаргі на рашэнне інспекцыі Міністэрства па падатках і зборах Рэспублікі Беларусь па Кобрынскім раёне зыходзячы з палажэнняў у тым ліку пункта 19 артыкула 208 Падатковага кодэкса.
Заяўнік вычарпаў усе іншыя сродкі судовай абароны канстытуцыйных правоў і свабод пры вырашэнні грамадзянскай справы.
Апеляцыйная скарга заяўніка вызначэннем судовай калегіі па грамадзянскіх справах Брэсцкага абласнога суда ад 18 снежня 2023 г. пакінута без задавальнення. Старшынёй Брэсцкага абласнога суда 26 лютага 2024 г., а таксама пракурорам Брэсцкай вобласці 27 мая 2024 г. у прынясенні пратэсту на рашэнне раённага суда адмоўлена.
Пададзеныя А.В.Шэстакам у Вярхоўны Суд Рэспублікі Беларусь, а таксама ў Генеральную пракуратуру Рэспублікі Беларусь скаргі ў парадку нагляду пакінуты без задавальнення 5 жніўня 2024 г. і 25 лістапада 2024 г. адпаведна.
У канстытуцыйнай скарзе А.В.Шэстак зазначыў, што падатковае заканадаўства, якое дзейнічала ў перыяд з 2012 па 2017 год, прадугледжвала вызваленне даходаў, атрыманых ад рэалізацыі прадукцыі раслінаводства, ад падаходнага падатку з фізічных асоб без абмежавання сумы даходу.
На думку заяўніка, унесеныя Законам № 141-З дапаўненні ў пункт 19 артыкула 208 Падатковага кодэкса ўстанавілі для плацельшчыка, які правамерна выкарыстоўваў ільготу па падаходным падатку з фізічных асоб, дадатковы абавязак па выплаце падаходнага падатку з даходаў, атрыманых ад рэалізацыі прадукцыі раслінаводства, у выпадку іх указання як крыніцы даходу пры правядзенні падатковым органам камеральнай праверкі ў парадку артыкула 731 Падатковага кодэкса.
А.В.Шэстак лічыць, што абскарджаныя палажэнні названага Закона, звязаныя са змяненнем парадку падаткаабкладання, не павінны мець зваротную сілу.
Спасылаючыся на часткі другую і чацвёртую артыкула 7, частку чацвёртую артыкула 13, артыкулы 56, 58, пункт 2 часткі першай артыкула 97 Канстытуцыі, А.В.Шэстак мяркуе, што ўскладанне на яго абавязку па выплаце падаходнага падатку з фізічных асоб з даходаў, атрыманых ад рэалізацыі прадукцыі раслінаводства ў 2012–2017 гг., паводле змяненняў у Падатковы кодэкс, якія ўступілі ў сілу з 1 студзеня 2022 г., парушае яго канстытуцыйныя правы, паколькі ён як фізічная асоба атрымаў такія даходы ў перыяд, калі яны былі вызвалены ад падаходнага падатку з фізічных асоб.
2. Падатковы кодэкс Рэспублікі Беларусь (Асаблівая частка) прыняты Палатай прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь 11 снежня 2009 г., ухвалены Саветам Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь 18 снежня 2009 г., уведзены ў дзеянне з 1 студзеня 2010 г.
Закон Рэспублікі Беларусь ад 31 снежня 2021 г. № 141-З «Аб змяненні законаў па пытаннях падаткаабкладання», якім у Падатковы кодэкс унесены змяненні, што разглядваюцца, прыняты Палатай прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь 21 снежня 2021 г., ухвалены Саветам Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь 22 снежня 2021 г. Абскарджаныя нормы дадзенага Закона ўступілі ў сілу з 1 студзеня 2022 г.
Канстытуцыйнасць норм Закона № 141-З з’яўлялася прадметам разгляду Канстытуцыйнага Суда ў парадку абавязковага папярэдняга канстытуцыйнага кантролю. Згодна з рашэннем Канстытуцыйнага Суда ад 29 снежня 2021 г. № Р-1294/2021 названы Закон прызнаны адпаведным Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь.
Заканадаўчыя прадпісанні не перашкаджаюць Канстытуцыйнаму Суду ажыццяўляць праверку канстытуцыйнасці акта, які раней быў правераны ў парадку абавязковага папярэдняга (абстрактнага) канстытуцыйнага кантролю, з улікам практыкі яго прымянення ў канкрэтных прававых сітуацыях, паколькі паводле артыкулаў 55 і 161 Закона «Аб канстытуцыйным судаводстве» Канстытуцыйны Суд пры праверцы канстытуцыйнасці закона, прымененага ў канкрэтнай справе, па канстытуцыйнай скарзе мае на ўвазе як літаральны сэнс прававых норм, так і сэнс, які надаецца ім практыкай прымянення.
3. У адпаведнасці з артыкулам 2 Канстытуцыі чалавек, яго правы, свабоды і гарантыі іх рэалізацыі з’яўляюцца вышэйшай каштоўнасцю і мэтай грамадства і дзяржавы; дзяржава адказна перад грамадзянінам за стварэнне ўмоў для свабоднага і годнага развіцця асобы; грамадзянін адказны перад дзяржавай за няўхільнае выкананне абавязкаў, ускладзеных на яго Канстытуцыяй.
У Рэспубліцы Беларусь устанаўліваецца прынцып вяршэнства права; дзяржава, усе яе органы і службовыя асобы, арганізацыі і грамадзяне дзейнічаюць у межах Канстытуцыі і прынятых у адпаведнасці з ёю актаў заканадаўства (часткі першая і трэцяя артыкула 7 Канстытуцыі).
Дзяржава ажыццяўляе рэгуляванне эканамічнай дзейнасці ў інтарэсах чалавека і грамадства; забяспечвае накіраванне і каардынацыю дзяржаўнай і прыватнай эканамічнай дзейнасці ў сацыяльных мэтах (частка чацвёртая артыкула 13 Канстытуцыі).
У артыкуле 44 Канстытуцыі прадугледжана, што дзяржава гарантуе кожнаму права ўласнасці і садзейнічае яе набыццю; уласнасць, набытая законным спосабам, абараняецца дзяржавай (часткі першая і трэцяя).
Артыкул 56 Канстытуцыі абавязвае грамадзян Рэспублікі Беларусь прымаць удзел у фінансаванні дзяржаўных расходаў шляхам выплаты дзяржаўных падаткаў, пошлін і іншых плацяжоў.
Артыкулам 58 Канстытуцыі ўстаноўлена забарона на прымус выконваць абавязкі, якія не прадугледжаны Канстытуцыяй і законамі, або адмаўляцца ад сваіх правоў.
Закон не мае зваротнай сілы, за выключэннем выпадкаў, калі ён змякчае або адмяняе адказнасць грамадзян (частка пятая артыкула 104 Канстытуцыі).
З прыведзеных нормаў Канстытуцыі вынікае, што канстытуцыйны абавязак плаціць падаткі мае асаблівы публічна-прававы характар, абумоўлены публічна-прававой прыродай дзяржавы і дзяржаўнай улады; падаткі, пошліны і зборы ўяўляюць сабой неабходную ўмову існавання любой дзяржавы, таму абавязак плаціць іх распаўсюджваецца на ўсіх плацельшчыкаў падаткаў як безумоўнае патрабаванне.
Ва ўзаемасувязі з прадпісаннямі артыкулаў 7, 13 і 44 Канстытуцыі такое патрабаванне прадугледжвае, што падатковы абавязак павінны разумецца як абавязак плаціць падаткі ва ўстаноўленым законам памеры, пры гэтым механізм падаткаабкладання павінен забяспечваць як паўнату і своечасовасць іх збірання, так і правамернасць дзейнасці ўпаўнаважаных органаў і службовых асоб па канфіскацыі маёмасці ў выглядзе грашовых сродкаў.
Зыходзячы з палажэнняў пункта 2 часткі першай артыкула 97 і пункта 1 часткі першай артыкула 98 Канстытуцыі прававое рэгуляванне ў сферы падаткаабкладання адносіцца да кампетэнцыі заканадаўцы, які валодае дыскрэцыяй пры рэгуляванні пытанняў падаткаабкладання, уключаючы мэтазгоднасць абкладання падаткамі тых ці іншых аб’ектаў, увядзення або адмены падатковых ільгот, вызначэнне формаў падатковага кантролю і парадку яго ажыццяўлення.
У той жа час у сілу прынцыпу вяршэнства права заканадаўца абавязаны дзейнічаць у межах Канстытуцыі, якая мае вышэйшую юрыдычную сілу (часткі першая і другая артыкула 7 Канстытуцыі), павінен улічваць канстытуцыйныя каштоўнасці, зыходзіць з канстытуцыйных прынцыпаў і нормаў.
Грунтуючыся на нормах Канстытуцыі, заканадаўца вызначыў у пункце 1 артыкула 2 Падатковага кодэкса, што падаткаабкладанне ў Рэспубліцы Беларусь засноўваецца на прынцыпах законнасці, абавязковасці і роўнасці падаткаабкладання, прэзумпцыі добрасумленнасці плацельшчыка падаткаў, збораў (пошлін), справядлівасці падаткаабкладання, стабільнасці і галоснасці падатковага заканадаўства, эканамічнай абгрунтаванасці падаткаабкладання. Пры гэтым прынцып прэзумпцыі добрасумленнасці плацельшчыка падаткаў, збораў (пошлін) азначае, што плацельшчык прызнаецца добрасумленным, пакуль іншае не будзе даказана на падставе дакументальна пацверджаных звестак.
Разам са стварэннем умоў для выканання канстытуцыйных абавязкаў павінна забяспечвацца рэалізацыя прадугледжаных Канстытуцыяй, іншымі заканадаўчымі актамі і гарантаваных дзяржавай правоў грамадзян як на ўзроўні заканадаўчых і іншых нарматыўных прававых актаў, якія ўстанаўліваюць або спыняюць (адмяняюць) правы грамадзян, так і на ўзроўні правапрымяняльных рашэнняў. Пры гэтым абавязкова трэба захоўваць баланс інтарэсаў грамадзян і дзяржавы, выконваць прынцыпы разумнасці і сацыяльнай справядлівасці.
На думку Канстытуцыйнага Суда, канстытуцыйны абавязак грамадзян прымаць удзел у фінансаванні дзяржаўных расходаў і канстытуцыйнае права ўласнасці ўзаемаабумоўленыя і ўзаемазвязаныя.
Права ўстанаўліваць падаткаабкладанне, якое ў пэўнай меры абмяжоўвае права ўласнасці, выцякае з палажэнняў Канстытуцыі аб рэгуляванні дзяржавай эканамічнай дзейнасці ў інтарэсах чалавека і грамадства, а таксама з адказнасці грамадзяніна перад дзяржавай за няўхільнае выкананне абавязкаў, ускладзеных на яго Канстытуцыяй. У сілу канстытуцыйных прынцыпаў вяршэнства права і роўнасці ўсіх перад законам, а таксама зыходзячы з часткі першай артыкула 23 Канстытуцыі ва ўзаемасувязі з яе артыкуламі 13 (часткі другая і трэцяя), 21 (часткі першая і чацвёртая), 44 (часткі першая – трэцяя) такое абмежаванне не павінна быць адвольным, парушаць раўнавагу паміж патрабаваннямі інтарэсаў грамадства і дзяржавы і неабходнымі ўмовамі абароны правоў асобы, што прадугледжвае разумную суразмернасць сродкаў, якія ўжываюцца, пастаўленай мэце прававога рэгулявання.
4. З улікам таго што Канстытуцыяй Рэспубліка Беларусь вызначана сацыяльнай дзяржавай, рэалізацыя мэт якой з’яўляецца адным з асноўных канстытуцыйных абавязкаў дзяржавы, заканадаўца ўстанавіў, што з 1 студзеня 2011 г. вызваляюцца ад падаходнага падатку з фізічных асоб даходы плацельшчыкаў, атрыманыя ад рэалізацыі агародніны і садавіны, іншай прадукцыі раслінаводства (за выключэннем дэкаратыўных раслін і прадукцыі кветкаводства) без абмежавання памеру такіх даходаў (пункт 113 артыкула 1 Закона Рэспублікі Беларусь ад 15 кастрычніка 2010 г. № 174-З «Аб унясенні дапаўненняў і змяненняў у Падатковы кодэкс Рэспублікі Беларусь»). Паслядоўна захоўваючы дадзены падыход да падаткаабкладання, у пункце 19 артыкула 208 Падатковага кодэкса, выкладзенага ў новай рэдакцыі Законам Рэспублікі Беларусь ад 30 снежня 2018 г. № 159-З «Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у некаторыя законы Рэспублікі Беларусь», заканадаўца таксама прадугледзеў вызваленне даходаў, атрыманых ад рэалізацыі прадукцыі раслінаводства, ад падаходнага падатку з фізічных асоб.
З 1 студзеня 2022 г. уступілі ў сілу абскарджаныя заяўнікам нормы частак дзявятай – дванаццатай пункта 19 артыкула 208 Падатковага кодэкса, якія ўстанаўліваюць асаблівасці вызвалення вышэйназванага даходу ад падаходнага падатку з фізічных асоб. Заканадаўцам уведзены асаблівыя ўмовы і парадак падаткаабкладання даходаў, атрыманых ад рэалізацыі прадукцыі раслінаводства, прымяненне якіх узаемазвязана з палажэннямі артыкула 731 Падатковага кодэкса і абумоўлена наступнымі юрыдычна значнымі дзеяннямі:
правядзеннем камеральнай праверкі адпаведнасці расходаў даходам фізічнай асобы ў парадку артыкула 731 Падатковага кодэкса з мэтай выяўлення фізічных асоб, расходы якіх перавышаюць даходы, а таксама сум фактычна вырабленых расходаў і крыніц іх даходаў;
дачай падчас камеральнай праверкі тлумачэнняў плацельшчыка пра крыніцы даходаў за падатковы перыяд і вызначэннем дня, калі тлумачэнні былі дадзены, у якасці даты фактычнага атрымання даходаў;
указаннем плацельшчыкам у дадзеных тлумачэннях даходаў ад рэалізацыі прадукцыі раслінаводства ў памерах, якія перавышаюць 200 базавых велічынь на працягу падатковага перыяду зыходзячы з памеру базавай велічыні, устаноўленай на апошні дзень каляндарнага года, у якім атрыманы такія даходы.
Аналіз зместу ўмоў і парадку падаткаабкладання даходаў, атрыманых ад рэалізацыі прадукцыі раслінаводства, сведчыць, што ажыццяўленне вышэйзгаданых юрыдычна значных дзеянняў змяняе правы і абавязкі плацельшчыка праз устанаўленне дадатковых фіскальных абцяжарванняў, нават калі па выніках камеральнай праверкі адпаведнасці расходаў даходам фізічнай асобы якіх-небудзь падатковых парушэнняў не выяўлена. На плацельшчыка ўскладаецца абавязак па выплаце падаходнага падатку з фізічных асоб у памеры 10 працэнтаў ад сумы перавышэння ўстаноўленай мяжы ў 200 базавых велічынь на падставе прызнання датай фактычнага атрымання даходаў, якія выступаюць аб’ектам падаткаабкладання, дня, калі плацельшчык даў тлумачэнні пра крыніцы даходаў.
У частцы першай пункта 7 артыкула 3 Падатковага кодэкса вызначана, што акты падатковага заканадаўства, якія ў тым ліку ўстанаўліваюць або адмяняюць падаткі, зборы (пошліны), павышаюць або паніжаюць падатковыя стаўкі, устанаўліваюць або адмяняюць падатковыя льготы, змяняюць парадак падліку і выплаты падаткаў, збораў (пошлін), прымяняюцца з моманту (даты) уступлення іх у сілу і распаўсюджваюць сваё дзеянне на падатковыя або справаздачныя перыяды, на якія прыпадаюць адпаведна дата фактычнай рэалізацыі, дата фактычнага атрымання даходу або іншая аналагічная дата, калі іншае не прадугледжана законамі або актамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. На думку Канстытуцыйнага Суда, гэта азначае, што датай фактычнага атрымання даходу з’яўляецца час сапраўднага, рэальнага атрымання такога даходу грамадзянінам.
Аднак абскарджаная заяўнікам частка дзясятая пункта 19 артыкула 208 Падатковага кодэкса вызначае для мэт падаткаабкладання дату фактычнага атрымання даходаў фармальна – зыходзячы з дня, калі плацельшчык дае тлумачэнні пра крыніцы даходаў, што можа не адпавядаць рэальнаму перыяду атрымання даходаў.
Пры гэтым згодна з часткай другой пункта 2 артыкула 731 Падатковага кодэкса камеральная праверка, з якой звязана выплата падатку ў разгледжаным выпадку, праводзіцца за поўны каляндарны месяц (некалькі поўных каляндарных месяцаў) бягучага каляндарнага года, а таксама за дзесяць поўных каляндарных гадоў, якія папярэднічаюць году, у якім падатковым органам праводзіцца супастаўленне сум расходаў і даходаў фізічнай асобы.
Па сэнсе, які надаецца нормам частак дзявятай – дванаццатай пункта 19 артыкула 208 Падатковага кодэкса практыкай правапрымянення, у выпадку дачы тлумачэнняў пра крыніцы даходаў за мінулыя падатковыя перыяды перыяд фактычнага атрымання даходаў, вызначаны такім чынам, ахоплівае ў тым ліку перыяд поўнага вызвалення ад выплаты падаходнага падатку з фізічных асоб (гэта значыць папярэдні ўступленню ў сілу асаблівых умоў і парадку падаткаабкладання даходаў, атрыманых ад рэалізацыі прадукцыі раслінаводства). У выніку абскарджаныя заяўнікам нормы Падатковага кодэкса, распаўсюджваючы сваё дзеянне на праваадносіны, звязаныя з вызваленнем ад выплаты падаходнага падатку з фізічных асоб і ўжо рэалізаваныя ў адпаведнасці з раней дзеючым законам, пагаршаюць яго прававое становішча як плацельшчыка падатку і цягнуць такія наступствы, якія не былі прадугледжаны дзеючым у перыяд 2012–2017 гг. прававым рэгуляваннем, што не адпавядае палажэнням Канстытуцыі.
Канстытуцыйны Суд падкрэслівае, што вяршэнства права азначае звязанасць дзяржавы правам, асноўнымі правамі і свабодамі чалавека і грамадзяніна. Прынцып вяршэнства права абавязвае дзяржаву, усе яе органы і службовых асоб, арганізацыі і грамадзян дзейнічаць у межах Канстытуцыі і прынятых у адпаведнасці з ёю актаў заканадаўства. Прынцып прававой вызначанасці з’яўляецца неад’емным элементам вяршэнства права; праз забеспячэнне прынцыпу прававой вызначанасці ў нарматворчасці ствараюцца ўмовы для аднастайнасці і прадказальнасці правапрымяняльнай практыкі, што павышае давер грамадзян да дзяржавы.
Канстытуцыйны Суд лічыць, што канстытуцыйны прынцып вяршэнства права, а таксама выкякаючыя з Канстытуцыі прынцыпы справядлівасці і разумнасці, на якіх заснавана рэалізацыя правоў і свабод чалавека і грамадзяніна ў сацыяльнай прававой дзяржаве, абумоўліваюць па сэнсе ўзаемазвязаных палажэнняў артыкулаў 2, 7, 13, 21, 44, 58 і 59 Канстытуцыі неабходнасць прававой вызначанасці і прадказальнасці заканадаўчага рэгулявання падатковых адносін. Такое рэгуляванне павінна забяспечваць разумнае ўзгадненне канстытуцыйных каштоўнасцей у тым, што тычыцца фіскальнага інтарэсу і звязаных з ім іншых публічна значных інтарэсаў, з аднаго боку, і стварэння максімальна спрыяльных умоў для развіцця эканомікі на аснове стабільнасці грамадзянскага абароту, падтрымкі даверу грамадзян да закона і дзеянняў дзяржавы – з другога.
Паколькі спагнанне падаткаў як абавязковых індывідуальных бязвыплатных плацяжоў, неабходных для пакрыцця дзяржаўных расходаў, звязана з абмежаваннем права ўласнасці і іншых маёмасных правоў грамадзян, то рэгуляванне падатковых адносін павінна ажыццяўляцца так, каб захоўвалася разумная стабільнасць і паслядоўнасць прававога рэгулявання, не дапускалася наданне зваротнай сілы палажэнням, якія пагаршаюць прававое становішча грамадзян, а таксама каб гарантаваліся правы і свабоды грамадзян у выпадку змены ўмоў іх рэалізацыі.
Зыходзячы з прынцыпаў вяршэнства права, справядлівасці і разумнасці Канстытуцыйны Суд мяркуе, што ўстаноўленыя законам № 141-З у частках дзявятай – дванаццатай пункта 19 артыкула 208 Падатковага кодэкса парадак і ўмовы падаткаабкладання ва ўзаемасувязі з прадугледжанымі артыкулам 731 Падатковага кодэкса парадкам і ўмовамі арганізацыі і правядзення кантролю за адпаведнасцю расходаў даходам фізічных асоб не адпавядаюць артыкулам 7, 13, 44, 56, 58, 104 Канстытуцыі ў той меры, у якой яны дапускаюць у выпадку правядзення камеральнай праверкі адпаведнасці расходаў даходам фізічнай асобы ўскладанне на яе абавязку па выплаце падаходнага падатку з даходаў, атрыманых ад рэалізацыі прадукцыі раслінаводства да 1 студзеня 2022 г. на працягу падатковых перыядаў, у якіх названыя даходы былі ва ўстаноўленым законам парадку вызваленыя ад падаткаабкладання.
З прычыны таго што прамых нарматыўных прадпісанняў аб наданні абскарджаным палажэнням зваротнай сілы пры правядзенні камеральнай праверкі ў парадку артыкула 731 Падатковага кодэкса заканадаўца не ўстанавіў, па свайму канстытуцыйна-прававому сэнсу нормы частак дзявятай – дванаццатай пункта 19 артыкула 208 Падатковага кодэкса павінны дзейнічаць у дачыненні да падатковых перыядаў у будучыні і не могуць распаўсюджвацца на падатковыя перыяды, якія папярэднічалі ўступленню названых нормаў у сілу і ў якія даходы, атрыманыя ад рэалізацыі прадукцыі раслінаводства, былі вызвалены ад падаходнага падатку з фізічных асоб.
З улікам выкладзенага Канстытуцыйны Суд лічыць, што выяўленая ў ходзе канстытуцыйнага кантролю прававая нявызначанасць мае канстытуцыйнае значэнне і патрабуе ўстанаўлення належнага заканадаўчага рэгулявання ўмоў і парадку падаткаабкладання даходаў, атрыманых ад рэалізацыі прадукцыі раслінаводства, па выніках камеральнай праверкі адпаведнасці расходаў даходам фізічнай асобы з улікам прававых пазіцый Канстытуцыйнага Суда, выкладзеных у гэтым рашэнні.
Правапрымяняльнікам, кіруючыся прынцыпамі вяршэнства права і справядлівасці, у мэтах недапушчэння пагаршэння прававога становішча плацельшчыкаў падаходнага падатку варта зыходзіць з прымянення палажэнняў частак дзявятай – дванаццатай пункта 19 артыкула 208 Падатковага кодэкса да падатковых перыядаў, надыходзячых з 1 студзеня 2022 г.
На падставе выкладзенага, кіруючыся часткай пятай артыкула 1161 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, артыкуламі 83, 84, пунктам 1 артыкула 162 Закона Рэспублікі Беларусь «Аб канстытуцыйным судаводстве», Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь
ВЫРАШЫЎ:
1. Прызнаць узаемазвязаныя палажэнні частак дзявятай – дванаццатай пункта 19 артыкула 208 і артыкула 731 Падатковага кодэкса Рэспублікі Беларусь не адпаведнымі Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, яе артыкулам 7, 13, 44, 56, 58, 104, у той меры, у якой яны ў парушэнне прынцыпаў вяршэнства права і справядлівасці дапускаюць у выпадку правядзення камеральнай праверкі адпаведнасці расходаў даходам ускладанне на фізічную асобу абавязку па выплаце падаходнага падатку з даходаў, атрыманых ад рэалізацыі прадукцыі раслінаводства да 1 студзеня 2022 г. на працягу падатковых перыядаў, у якіх названыя даходы былі ва ўстаноўленым законам парадку вызвалены ад падаходнага падатку.
2. Савету Міністраў Рэспублікі Беларусь не пазней за тры месяцы пасля вынясення гэтага рашэння ўнесці ў Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь праект закона аб унясенні адпаведных змяненняў у Падатковы кодэкс Рэспублікі Беларусь, кіруючыся палажэннямі Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і з улікам прававых пазіцый Канстытуцыйнага Суда, выкладзеных у гэтым рашэнні.
3. У мэтах рэалізацыі гэтага рашэння правапрымяняльнікам да ўнясення адпаведных змяненняў у Падатковы кодэкс Рэспублікі Беларусь пры прымяненні ўзаемазвязаных палажэнняў частак дзявятай – дванаццатай пункта 19 артыкула 208 і артыкула 731 Падатковага кодэкса Рэспублікі Беларусь забяспечыць захаванне прынцыпаў вяршэнства права і справядлівасці.
4. Судовыя пастановы, вынесеныя ў дачыненні да грамадзяніна Шэстака Аляксандра Васільевіча на падставе частак дзявятай – дванаццатай пункта 19 артыкула 208 і артыкула 731 Падатковага кодэкса Рэспублікі Беларусь у той меры, у якой палажэнні, што ў іх змяшчаюцца, прызнаюцца гэтым рашэннем не адпаведнымі Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, падлягаюць перагляду ва ўстаноўленым парадку.
5. Рашэнне з’яўляецца канчатковым, абскарджанню і апратэставанню не падлягае.
6. Рашэнне ўступае ў законную сілу з дня яго прыняцця і падлягае афіцыйнаму апублікаванню ў адпаведнасці з законам.
Старшынствуючы –
Старшыня Канстытуцыйнага Суда
Рэспублікі Беларусь П.П.Міклашэвіч