Рашэнне Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь
30 кастрычніка 2018 г. № Р-1145/2018
Аб прававым рэгуляванні ў грамадзянскім заканадаўстве выкарыстання і аховы выявы грамадзяніна

Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь у складзе старшынствуючага – Старшыні Канстытуцыйнага Суда Міклашэвіча П.П., намесніка Старшыні Карповіч Н.А., суддзяў Бойка Т.С., Варановіча Т.В., Данілюка  С.Я., Козыравай Л.Р., Падгрушы В.В., Рабцава  В.М., Рабцава Л.М., Сяргеевай В.Г., Цікавенкі А.Г., Чыгрынава С.П.

 

разгледзеў у адкрытым судовым пасяджэнні справу «Аб прававым рэгуляванні ў грамадзянскім заканадаўстве выкарыстання і аховы выявы грамадзяніна».

 

У судовым пасяджэнні прынялі ўдзел:

 

паўнамоцны прадстаўнік Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь у Канстытуцыйным Судзе – Гуйвiк Н.В., старшыня Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па заканадаўстве;

 

прадстаўнікі:

 

Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь – Калiнковiч В.Л., першы намеснік Старшыні Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь;

 

Генеральнай пракуратуры Рэспублікі Беларусь – Стук А.К., намеснік Генеральнага пракурора Рэспублікі Беларусь;

 

Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь – Мельчанка М.А., намеснік Міністра ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь – начальнік міліцыі грамадскай бяспекі;

 

Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь – Старавойтаў М.М., намеснік Міністра юстыцыі Рэспублікі Беларусь;

 

Беларускай рэспубліканскай калегіі адвакатаў – Чайчыц В.І., старшыня Беларускай рэспубліканскай калегіі адвакатаў.

 

Вядзенне па справе ўзбуджана вызначэннем Канстытуцыйнага Суда ад 1 кастрычніка 2018 г. у адпаведнасці з часткай першай артыкула 116 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь (далей – Канстытуцыя), абзацам восьмым часткі трэцяй артыкула 22 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб судаўладкаванні і статусе суддзяў, часткамі першай і чацвёртай артыкула 158 Закона Рэспублікі Беларусь «О конституционном судопроизводстве» на падставе паступіўшых у Канстытуцыйны Суд зваротаў Беларускай рэспубліканскай калегіі адвакатаў і грамадскага савета пры Міністэрстве ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь, у якіх пастаўлена пытанне аб прававой нявызначанасці ў нормах Грамадзянскага кодэкса Рэспублікі Беларусь, звязанай з забеспячэннем гарантый, прадастаўленых грамадзянам артыкуламі 28 і 59 Канстытуцыі, у частцы абароны права грамадзяніна ад незаконнага ўмяшання ў яго асабістае жыццё.

 

У звароце Беларускай рэспубліканскай калегіі адвакатаў указваецца, што ў цяперашні час распаўсюджванне выяў грамадзян, зробленых пры дапамозе рознага роду фота- і відэаздымак, у сродках масавай інфармацыі (далей – СМІ) і глабальнай камп’ютэрнай сетцы Інтэрнэт у шэрагу выпадкаў звязана з парушэннем іх правоў і законных інтарэсаў. Па меркаванні заяўніка, выкарыстанне выявы грамадзяніна без згоды выяўляемага з’яўляецца ўмяшаннем у яго прыватнае жыццё, а таксама парушэннем права на асабістую тайну. У сувязі з гэтым заяўнік мяркуе, што ў адносінах да грамадзян, адлюстраваных на фота- або відэазапісе без іх волі або згоды, іх правы павінны быць абаронены шляхам устаранення прававой нявызначанасці ў заканадаўчым рэгуляванні адпаведных адносін з улікам патрабаванняў артыкулаў 28 і 59 Канстытуцыі.

 

Грамадскі савет пры Міністэрстве ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь у сваім звароце ў Канстытуцыйны Суд указаў на факты самавольнага фатаграфавання і відэаздымкі супрацоўнікаў органаў і падраздзяленняў МУС, ваеннаслужачых унутраных войск МУС пры выкананні імі службовых задач з наступным распаўсюджваннем і размяшчэннем адпаведных матэрыялаў у СМІ і сетцы Інтэрнэт. Дадзеная акалічнасць, па меркаванні названага заяўніка, пры тэндэнцыйных падыходах да апублікавання выявы можа цягнуць негатыўныя наступствы, у тым ліку наносіць непапраўны ўрон іміджу сістэмы правапарадку, правам і законным інтарэсам супрацоўнікаў органаў і падраздзяленняў МУС. У сувязі з гэтым грамадскі савет пры МУС лічыць неабходным забяспечыць права грамадзян на абарону ад незаконнага ўмяшання ў іх асабістае жыццё, у тым ліку супрацоўнікаў органаў унутраных спраў і ваеннаслужачых унутраных войск МУС, якія знаходзяцца пры выкананні службовых абавязкаў, устараніўшы нявызначанасць у прававым рэгуляванні адпаведных адносін.

 

Заслухаўшы суддзю-дакладчыка Падгрушу В.В., выступленні паўнамоцнага прадстаўніка Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь у Канстытуцыйным Судзе, прадстаўнікоў Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь, Генеральнай пракуратуры Рэспублікі Беларусь, Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь, Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь, Беларускай рэспубліканскай калегіі адвакатаў, прааналізаваўшы палажэнні Канстытуцыі, Грамадзянскага кодэкса Рэспублікі Беларусь (далей – ГК) і іншых заканадаўчых актаў Рэспублікі Беларусь, даследаваўшы прадстаўленыя дакументы і іншыя матэрыялы справы, Канстытуцыйны Суд устанавіў.

 

1. У адпаведнасці з артыкулам 39 Закона «О конституционном судопроизводстве» ў Вярхоўны Суд, Генеральную пракуратуру, Міністэрства ўнутраных спраў, Міністэрства юстыцыі, Нацыянальны цэнтр заканадаўства і прававых даследаванняў Рэспублікі Беларусь, Беларускую рэспубліканскую калегію адвакатаў, на кафедру грамадзянскага права юрыдычнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта былі накіраваны запыты, у пісьмовых адказах на якія названыя органы і арганізацыі выклалі сваё меркаванне па пытаннях, якія разглядаюцца ў справе.

 

Вярхоўны Суд адзначае, што ў ГК адсутнічаюць прамыя нормы, якія рэгламентуюць ахову выявы грамадзяніна. Дадзеная акалічнасць не выключае магчымасць прававой абароны пры парушэнні такога права грамадзяніна зыходзячы з асноўных пачаткаў грамадзянскага заканадаўства і прымянення аналогіі закона, аднак істотна яе абцяжарвае. З улікам выкладзенага Вярхоўны Суд мяркуе, што ўключэнне ў ГК норм, якія вызначаюць асаблівасці аховы выявы грамадзяніна, з’яўляецца мэтазгодным і апраўданым, паколькі ўрэгуляванне ўказаных адносін будзе садзейнічаць устараненню існуючай прававой нявызначанасці, эфектыўнай абароне правоў грамадзян ад незаконнага ўмяшання ў іх прыватнае (асабістае) жыццё, забеспячэнню разумнага балансу публічных і прыватных інтарэсаў, а таксама адпавядаць палажэнням міжнародных дагавораў і стандартаў.

 

Згодна з удакладненай пазіцыяй Генеральнай пракуратуры існуе неабходнасць забеспячэння выкарыстання і аховы выявы грамадзяніна дзейснымі грамадзянска-прававымі сродкамі, што абумоўлівае мэтазгоднасць унясення ў ГК адпаведных змяненняў.

 

Міністэрства ўнутраных спраў лічыць, што нормы Закона Рэспублікі Беларусь «Об органах внутренних дел Республики Беларусь» і Закона Рэспублікі Беларусь «Об информации, информатизации и защите информации», якія датычацца парадку атрымання, распаўсюджвання (прадастаўлення) інфармацыі аб прыватным жыцці і персанальных даных супрацоўнікаў органаў унутраных спраў, носяць недакладны і адсылачны характар да іншых заканадаўчых актаў, якімі такі парадак  таксама не рэгламентаваны; не вызначаны і практычны механізм аховы адпаведных грамадзянскіх правоў, у тым ліку шляхам рэалізацыі спосабаў, прадугледжаных артыкулам 11 ГК. Міністэрства мяркуе, што ў заканадаўстве існуе прававая нявызначанасць адносна парадку выкарыстання выявы грамадзяніна ў грамадзянскіх адносінах.

 

Па меркаванні Міністэрства юстыцыі, рэгламентацыя адносін, накіраваных на забеспячэнне аховы выявы грамадзяніна, прадугледжваецца праектам Закона Рэспублікі Беларусь «О персональных данных». З улікам гэтага Міністэрства лічыць немэтазгодным уключэнне ў ГК норм, якія рэгулююць грамадзянска-прававыя адносіны ў галіне выкарыстання выявы грамадзяніна.

 

Нацыянальны цэнтр заканадаўства і прававых даследаванняў паведаміў, што пры падрыхтоўцы праекта Закона Рэспублікі Беларусь «Об изменении некоторых кодексов Республики Беларусь» прапрацоўвалася пытанне прававога рэгулявання адносін, звязаных з выкарыстаннем выявы грамадзяніна без яго згоды, і што было прынята рашэнне аб немэтазгоднасці рэгулявання ўказаных адносін у ГК у сувязі з магчымасцю забеспячэння аховы выявы грамадзяніна іншымі актамі заканадаўства, у тым ліку Законам «О персональных данных».

 

Беларуская рэспубліканская калегія адвакатаў адзначае, што ў эпоху татальнай інфарматызацыі і камп’ютэрызацыі ўзрастае актуальнасць абароны нематэрыяльных даброт чалавека. Асаблівае значэнне пытанне прававой аховы выявы фізічнай асобы набыло ў сувязі з развіццём сеткі Інтэрнэт і размяшчэннем у кіберпрасторы выяў розных асоб без іх згоды. Зыходзячы з гэтага, грамадзянін павінен мець права на абарону звестак аб сваёй асобе грамадзянска-прававымі спосабамі, аднак нормы аб грамадзянска-прававой ахове выявы грамадзяніна ў ГК не прадугледжаны, паколькі права грамадзяніна на ахову выявы тэкстуальна не замацавана, нягледзячы на неабходнасць яго легальнага прызнання. Беларуская рэспубліканская калегія адвакатаў мяркуе, што дапаўненне ГК палажэннямі аб ахове выявы грамадзяніна істотна павысіць узровень і эфектыўнасць прававой аховы і абароны асабістых немаёмасных правоў грамадзян як нематэрыяльных даброт.

 

Па меркаванні кафедры грамадзянскага права юрыдычнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, артыкул 151 ГК, як артыкул, які змяшчае агульныя палажэнні аб нематэрыяльных дабротах, што падлягаюць грамадзянска-прававой абароне, не выключае магчымасць звароту за судовай абаронай і ў выпадках парушэння права грамадзяніна на выяву. Пытанне аб неабходнасці ўнясення ў ГК палажэнняў, якія вызначаюць асаблівасці аховы выявы грамадзяніна, уключаючы асаблівасці абнародавання і далейшага выкарыстання выявы грамадзяніна, зробленай пры дапамозе фота-, кіна-, тэле- або відэаздымкі, а таксама змяшчаемай у творах выяўленчага мастацтва (іншых мастацкіх творах), і канкрэтныя спосабы аховы правоў і законных інтарэсаў адлюстраванага, патрабуе дадатковай дактрынальнай прапрацоўкі з улікам ацэнкі прававых наступстваў.

 

2. Згодна з Канстытуцыяй чалавек, яго правы, свабоды і гарантыі іх рэалізацыі з’яўляюцца найвышэйшай каштоўнасцю і мэтай грамадства і дзяржавы (частка першая артыкула 2); забеспячэнне правоў і свабод грамадзян Рэспублікі Беларусь – найвышэйшая мэта дзяржавы; дзяржава гарантуе правы і свабоды грамадзян Беларусі, замацаваныя ў Канстытуцыі, законах і прадугледжаныя міжнароднымі абавязацельствамі дзяржавы (часткі першая і трэцяя артыкула 21). Палажэннямі Канстытуцыі кожнаму гарантуецца абарона яго асабістых немаёмасных правоў, такіх як свабода, недатыкальнасць і годнасць асобы, асабістае жыццё, гонар і годнасць (частка першая артыкула 25, артыкул 28).

 

Канстытуцыйны Суд адзначае, што да ахоўваемых Канстытуцыяй нематэрыяльных даброт адносіцца і знешняе аблічча чалавека, якое належыць яму ад нараджэння, не адчужальнае і не перадаваемае іншым спосабам, а таксама заснаванае на ім права на выяву грамадзяніна.

 

Прыведзеным канстытуцыйным нормам карэспандуюць палажэнні міжнародна-прававых актаў.

 

У прыватнасці, артыкулам 12 Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека прадугледжана, што ніхто не можа падвяргацца адвольнаму ўмяшанню ў яго асабістае і сямейнае жыццё, адвольным замахам на недатыкальнасць яго жылля, тайну яго карэспандэнцыі або на яго гонар і рэпутацыю; кожны чалавек мае права на абарону закона ад такога ўмяшання або такіх замахаў.

 

Згодна з пунктам 1 артыкула 17 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах ніхто не можа падвяргацца адвольнаму або незаконнаму ўмяшанню ў яго асабістае і сямейнае жыццё, адвольным або незаконным замахам на недатыкальнасць яго жылля або тайну яго карэспандэнцыі або незаконным замахам на яго гонар і рэпутацыю. Пры гэтым у пункце 2 артыкула 2 дадзенага Пакта ўстаноўлены абавязак дзяржаў-удзельніц прыняць неабходныя меры ў адпаведнасці са сваімі канстытуцыйнымі працэдурамі і палажэннямі названага Пакта для прыняцця такіх заканадаўчых або іншых мер, якія могуць аказацца неабходнымі для ажыццяўлення правоў, што прызнаюцца ў дадзеным Пакце.

 

Права на павагу прыватнага і сямейнага жыцця замацавана таксама ў артыкуле 8 Канвенцыі аб абароне правоў чалавека і асноўных свабод, афіцыйная інтэрпрэтацыя палажэнняў якой змяшчаецца ў рашэннях Еўрапейскага Суда па правах чалавека: «асабістае жыццё» па сэнсе палажэнняў артыкула 8 Канвенцыі – гэта шырокае паняцце, якое распаўсюджваецца на мноства аспектаў самаідэнтыфікацыі чалавека, напрыклад на імя чалавека і яго выяву, а акрамя таго, уключае ў сябе яго фізічную і псіхічную цэласнасць; выява чалавека ўяўляе сабой адзін з галоўных атрыбутаў яго асобы, паколькі яна дэманструе ўнікальныя характарыстыкі чалавека і адрознівае яго ад усіх астатніх; права на абарону сваёй выявы з’яўляецца адным з важнейшых элементаў асобаснага развіцця і прадугледжвае права кантраляваць выкарыстанне дадзенай выявы, у тым ліку права не дазваляць яе апублікавання.

 

Прыведзенымі палажэннямі Канстытуцыі і міжнародна-прававых актаў у іх узаемасувязі з часткай першай артыкула 59 Канстытуцыі, згодна з якой дзяржава абавязана прымаць усе даступныя ёй меры дзеля стварэння ўнутранага і міжнароднага парадку, неабходнага для поўнага ажыццяўлення правоў і свабод грамадзян Рэспублікі Беларусь, прадугледжаных Канстытуцыяй, устанаўліваецца абавязак дзяржавы забяспечваць прававое рэгуляванне, неабходнае для поўнай рэалізацыі канстытуцыйных правоў і свабод грамадзян і забеспячэння своечасовай і эфектыўнай іх абароны, уключаючы выпрацоўку і замацаванне дзейснага прававога механізма выкарыстання і аховы выявы грамадзяніна. 

 

3. Канстытуцыйныя нормы аб гарантаванні правоў і свабод асобы (частка першая артыкула 2, частка трэцяя артыкула 21, частка першая артыкула 25, артыкул 28 Канстытуцыі) знаходзяць развіццё ў палажэннях ГК (пункт 2 артыкула 1), якія прадугледжваюць, што адносіны, звязаныя з ажыццяўленнем і абаронай неадчужальных правоў і свабод чалавека і іншых нематэрыяльных даброт (асабістыя немаёмасныя адносіны, не звязаныя з маёмаснымі), рэгулююцца грамадзянскім заканадаўствам, паколькі іншае не вынікае з сутнасці гэтых адносін.

 

Такім чынам, іменна грамадзянскае заканадаўства вызначае прававыя механізмы ажыццяўлення і абароны нематэрыяльных даброт, у тым ліку знешняга аблічча грамадзяніна як  адной з нематэрыяльных даброт і права на выяву грамадзяніна.

 

Канстытуцыйны Суд адзначае, што знешняе аблічча грамадзяніна па сваёй сутнаснай характарыстыцы адносіцца да ліку нематэрыяльных даброт, якія ахоўваюцца Канстытуцыяй. Як адна з самадастатковых асабістых нематэрыяльных даброт, выява грамадзяніна ўяўляе сабой яго знешняе (індывідуальнае) аблічча ў аб’ектываванай форме, напрыклад у творы выяўленчага мастацтва, на фатаграфіі або відэазапісе ў канкрэтны момант часу.

 

Такі падыход адпавядае артыкулу 151 ГК («Нематериальные блага»), які ўстанаўлівае, што жыццё і здароўе, годнасць асобы, асабістая недатыкальнасць, гонар і добрае імя, дзелавая рэпутацыя, недатыкальнасць прыватнага жыцця, асабістая і сямейная тайна, права свабоднага перамяшчэння, выбару месца знаходжання і жыхарства, права на імя, права аўтарства, іншыя асабістыя немаёмасныя правы і іншыя нематэрыяльныя даброты, якія належаць грамадзяніну ад нараджэння або ў сілу акта заканадаўства, неадчужальныя і неперадаваемыя іншым спосабам; нематэрыяльныя даброты абараняюцца ў адпаведнасці з грамадзянскім заканадаўствам у выпадках і парадку, прадугледжаных гэтым заканадаўствам, а таксама ў тых выпадках і межах, у якіх выкарыстанне спосабаў абароны грамадзянскіх правоў (артыкул 11 ГК) вынікае з сутнасці парушанага нематэрыяльнага права і характару наступстваў гэтага парушэння.

 

Такім чынам, права на выяву грамадзяніна як асабістае немаёмаснае права, якое з’яўляецца адной з нематэрыяльных даброт, павінна быць забяспечана законнымі спосабамі яго ажыццяўлення і абароны. У выпадку замаху на яго, у тым ліку шляхам абнародавання і распаўсюджвання выявы грамадзяніна без яго згоды, грамадзянін можа звярнуцца да дазволеных законам спосабаў абароны. Зыходзячы з сутнасці  парушанага права ў якасці такіх спосабаў могуць выступаць, у прыватнасці, спыненне дзеянняў, якія парушаюць права або ствараюць пагрозу яго парушэння, самаабарона права, кампенсацыя маральнай шкоды (пункты 3, 6 і 10 артыкула 11 ГК).

 

Канстытуцыйны Суд звяртае ўвагу на тое, што асобныя пытанні абароны выявы, нароўні з ГК, рэгулююцца нормамі іншых заканадаўчых актаў.

 

Так, згодна з Законам Рэспублікі Беларусь «О рекламе» не дапускаецца выкарыстанне вобразаў грамадзян Рэспублікі Беларусь у рэкламе без іх згоды або згоды іх законных прадстаўнікоў, калі іншае не прадугледжана дадзеным Законам або Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь (пункт 9 артыкула 10).

 

Пунктам 4 артыкула 34 Закона Рэспублікі Беларусь «О средствах массовой информации» прадугледжаны абавязак журналіста СМІ атрымліваць згоду фізічных асоб на правядзенне відэазапісу, кіна- і фотаздымак, за выключэннем іх правядзення ў месцах, адкрытых для масавага наведвання, на масавых мерапрыемствах, а таксама выпадку, прадугледжанага артыкулам 40 дадзенага Закона, у адпаведнасці з якім распаўсюджванне ў СМІ матэрыялаў, падрыхтаваных з выкарыстаннем відэазапісу, кіна- і фотаздымкі фізічнай асобы без яе згоды, дапускаецца толькі пры прыняцці мер супраць магчымай ідэнтыфікацыі дадзенай асобы пабочнымі асобамі, а таксама пры ўмове, што распаўсюджванне гэтых матэрыялаў не парушае канстытуцыйных правоў і свабод асобы і неабходна для абароны грамадскіх інтарэсаў, за выключэннем выпадкаў распаўсюджвання такіх матэрыялаў па патрабаванні органа крымінальнага праследавання, суда ў сувязі з вядзеннем папярэдняга расследавання, судовым разборам.

 

Такім чынам, нормы спецыяльных законаў, як накіраваныя на рэгуляванне грамадскіх адносін, абумоўленых сферай іх дзеяння (прадметам вядзення), забяспечваюць толькі асобныя аспекты абароны вобраза і выявы фізічнай асобы.

 

Па меркаванні Канстытуцыйнага Суда, канкрэтная выява грамадзяніна, зафіксаваная на матэрыяльным носьбіце, павінна ахоўвацца: нормы грамадзянскага заканадаўства павінны не толькі ўстанаўліваць спосабы такой аховы, але і вызначаць рэжым выкарыстання выявы грамадзяніна іншымі асобамі.

 

Зыходзячы з выкладзенага, Канстытуцыйны Суд канстатуе наяўнасць прававой нявызначанасці ў грамадзянскім заканадаўстве ў частцы рэгулявання грамадскіх адносін, звязаных з належнымі выкарыстаннем і аховай выявы грамадзяніна.

 

4. У Пасланні Канстытуцыйнага Суда Прэзідэнту Рэспублікі Беларусь і палатам Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь «Аб стане канстытуцыйнай законнасці ў Рэспубліцы Беларусь у 2017 годзе» адзначана, што канстытуцыяналізацыя права абумоўлівае ў тым ліку ўстараненне ў дзеючым заканадаўстве прабелаў, выключэнне калізій і прававой нявызначанасці ў мэтах забеспячэння і абароны канстытуцыйных правоў і свабод кожнага. У сувязі з гэтым звернута ўвага заканадаўца і іншых нарматворчых органаў на недапушчэнне аслаблення канстытуцыйных гарантый правоў і свабод чалавека з прычыны наяўнасці ў нарматыўных прававых актах прабелаў і іншых дэфектаў прававога рэгулявання.

 

Канстытуцыйны Суд лічыць, што ў дзеючым заканадаўчым рэгуляванні існуе прававы дэфект, абумоўлены адсутнасцю ў грамадзянскім заканадаўстве належнага прававога механізма выкарыстання і аховы выявы грамадзяніна.

 

Улічваючы, што права кожнага на недатыкальнасць прыватнага жыцця адносіцца да асабістых немаёмасных правоў (пункт 1 артыкула 151 ГК), Канстытуцыйны Суд канстатуе, што ахова выявы не забяспечана належным прававым механізмам, які ўлічваў бы сутнасць дадзеных нематэрыяльных даброт і вызначаў асаблівасці таго або іншага спосабу яго абароны.

 

Канстытуцыйны Суд, грунтуючыся на ўзаемазвязаных палажэннях артыкулаў 2, 21 і 28 Канстытуцыі, лічыць, што ў мэтах належнай рэалізацыі канстытуцыйнага права кожнага грамадзяніна на абарону прыватнага (асабістага) жыцця ад незаконнага ўмяшання ў ГК неабходна ўстанавіць асаблівасці прававога рэжыму выкарыстання і аховы выявы грамадзяніна з вызначэннем межаў рэалізацыі і ўмоў абмежавання права на выяву.

 

На падставе выкладзенага, кіруючыся часткамі першай і сёмай артыкула 116 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, абзацам восьмым часткі трэцяй артыкула 22 і артыкулам 24 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб судаўладкаванні і статусе суддзяў, часткай другой артыкула 74, артыкуламі 75, 77, 80, 84, часткай сямнаццатай артыкула 85 і артыкулам 160 Закона Рэспублікі Беларусь «О конституционном судопроизводстве», Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь

 

ВЫРАШЫЎ:

 

1. У мэтах забеспячэння канстытуцыйнага прынцыпу вяршэнства права, абароны кожнага грамадзянска-прававымі сродкамі ад незаконнага ўмяшання ў яго асабістае жыццё, устаранення прававой нявызначанасці ў прававым рэгуляванні выкарыстання і аховы выявы грамадзяніна ў грамадзянскім заканадаўстве прызнаць неабходным унясенне адпаведных змяненняў у Грамадзянскі кодэкс Рэспублікі Беларусь.

 

2. Прапанаваць Савету Міністраў Рэспублікі Беларусь падрыхтаваць праект закона аб унясенні змяненняў у Грамадзянскі кодэкс Рэспублікі Беларусь і ўнесці яго ва ўстаноўленым парадку ў Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь.

 

3. Рашэнне ўступае ў сілу з дня прыняцця.

 

4. Апублікаваць рашэнне ў адпаведнасці з заканадаўчымі актамі.

 

 

Старшынствуючы –

Старшыня Канстытуцыйнага Суда

Рэспублікі Беларусь                                                                                                             П.П.Міклашэвіч

Версiя для друку