Рашэнне Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь
26 верасня 2018 г. № Р-1144/2018
Аб заканадаўчым рэгуляванні забеспячэння адвакацкай тайны ў крымінальным працэсе

Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь у складзе старшынствуючага – Старшыні Канстытуцыйнага Суда Міклашэвіча П.П., суддзяў Бойка Т.С., Варановіча Т.В., Данілюка С.Я., Козыравай Л.Р., Падгрушы В.В., Рабцава В.М., Рабцава Л.М., Сяргеевай В.Г., Цікавенкі А.Г., Чыгрынава С.П.

 

разгледзеў у адкрытым судовым пасяджэнні справу «Аб заканадаўчым рэгуляванні забеспячэння адвакацкай тайны ў крымінальным працэсе».

 

У судовым пасяджэнні прынялі ўдзел:

 

паўнамоцны прадстаўнік Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у Канстытуцыйным Судзе – Міцкевіч В.В., Намеснік Кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь;

 

паўнамоцны прадстаўнік Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь у Канстытуцыйным Судзе – Бодак А.М., старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па заканадаўстве і дзяржаўным будаўніцтве;

 

паўнамоцны прадстаўнік Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь у Канстытуцыйным Судзе – Тушынскі I.Г., намеснік Міністра юстыцыі Рэспублікі Беларусь;

 

прадстаўнікі:

 

Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь – Анiскевiч Р.Г., намеснік Старшыні Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь;

 

Генеральнай пракуратуры Рэспублікі Беларусь – Дубаў А.В., намеснік Генеральнага пракурора Рэспублікі Беларусь;

 

Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь – Аземша С.Я., намеснік Старшыні Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь;

 

Беларускай рэспубліканскай калегіі адвакатаў – Чайчыц В.І., старшыня Беларускай рэспубліканскай калегіі адвакатаў.

 

Вядзенне па справе ўзбуджана вызначэннем Канстытуцыйнага Суда ад 29 чэрвеня 2018 г. у адпаведнасці з часткай першай артыкула 116 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь (далей – Канстытуцыя), абзацам восьмым часткі трэцяй артыкула 22 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб судаўладкаванні і статусе суддзяў, часткамі першай і чацвёртай артыкула 158 Закона Рэспублікі Беларусь «О конституционном судопроизводстве» на падставе звароту Беларускай рэспубліканскай калегіі адвакатаў аб наяўнасці прабелаў, калізіі і прававой нявызначанасці ў нормах Крымінальна-працэсуальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, якія рэгулююць захаванне адвакацкай тайны.

 

У звароце ўказваецца, што дзеючым заканадаўчым рэгуляваннем не забяспечваецца ў поўнай меры адвакацкая тайна ў крымінальным працэсе, паколькі нормы крымінальна-працэсуальнага заканадаўства не прадугледжваюць асаблівасцей правядзення агляду, вобыску і выемкі ў памяшканнях адвакацкіх утварэнняў і калегій адвакатаў, праверак і адабрання матэрыялаў з адвакацкіх вядзенняў па справе (дасье), а таксама не змяшчаюць забароны на допыт абаронцы па пытаннях, якія састаўляюць адвакацкую тайну.

 

Заслухаўшы суддзю-дакладчыка Варановіча Т.В., выступленнi паўнамоцных прадстаўнікоў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь у Канстытуцыйным Судзе, прадстаўнікоў Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь, Генеральнай пракуратуры Рэспублікі Беларусь, Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь, Беларускай рэспубліканскай калегіі адвакатаў, прааналізаваўшы палажэннi Канстытуцыі, Крымінальна-працэсуальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь (далей – КПК), Закона Рэспублікі Беларусь «Об адвокатуре и адвокатской деятельности в Республике Беларусь» (далей – Закон аб адвакатуры і адвакацкай дзейнасці) і іншых заканадаўчых актаў Рэспублікі Беларусь, даследаваўшы прадстаўленыя дакументы і іншыя матэрыялы справы, Канстытуцыйны Суд устанавіў.

 

1. У адпаведнасці з артыкулам 39 Закона «О конституционном судопроизводстве» ў Вярхоўны Суд, Генеральную пракуратуру, Следчы камітэт, Міністэрства юстыцыі, Беларускую рэспубліканскую калегію адвакатаў былі накіраваны запыты, у пісьмовых адказах на якія названыя органы і іншыя арганізацыі выклалі сваё меркаванне па справе.

 

Вярхоўны Суд паведаміў, што, грунтуючыся на аналізе прававога рэгулявання забеспячэння адвакацкай тайны, лічыць магчымым далейшае ўдасканальванне заканадаўства аб забеспячэнні адвакацкай тайны, прадугледжанай спецыяльным законам – Законам аб адвакатуры і адвакацкай дзейнасці.

 

Разам з тым Вярхоўны Суд мяркуе, што пытанне аб мэтазгоднасці ўнясення адпаведных карэкціровак у КПК у частцы ўстанаўлення працэсуальных гарантый пры правядзенні агляду, вобыску, выемкі ў памяшканнях адвакацкіх утварэнняў і калегій адвакатаў, адабрання матэрыялаў з адвакацкіх вядзенняў па справе патрабуе комплекснага вывучэння з улікам палажэнняў іншых галін права.

 

Па меркаванні Генеральнай пракуратуры, нягледзячы на тое што ў КПК не замацаваны асаблівасці правядзення агляду, вобыску і выемкі ў памяшканнях адвакацкіх утварэнняў, гарантыі адвакацкай дзейнасці і недатыкальнасці адвакацкай тайны ў поўнай меры забяспечваюцца палажэннямі Закона аб адвакатуры і адвакацкай дзейнасці, якія з’яўляюцца абавязковымі для выканання органамі крымінальнага праследавання. Адпаведнае прававое рэгуляванне ажыццёўлена не ў галіновым заканадаўстве, а ў спецыяльным законе, паколькі адвакацкая тайна падлягае забеспячэнню і абароне не толькі па крымінальнай справе, але і ў сувязі з рэалізацыяй сваіх паўнамоцтваў адвакатам, які ўдзельнічае ў якасці прадстаўніка ў грамадзянскім і адміністрацыйным вядзеннях, па справах, якія ўзнікаюць з гаспадарчых (эканамічных) спрэчак, а таксама якія аказваюць грамадзянам і юрыдычным асобам кансультатыўную дапамогу.

 

З улікам выкладзенага Генеральная пракуратура лічыць, што ў нормах КПК адсутнічае прабел прававога рэгулявання забеспячэння адвакацкай тайны ў крымінальным працэсе.

 

Следчы камітэт мяркуе, што дзеючае крымінальна-працэсуальнае заканадаўства ў поўнай меры забяспечвае гарантыі абароны ахоўваемай законам тайны, у тым ліку адвакацкай. У выпадку заканадаўчага замацавання ў КПК асаблівага парадку правядзення асобных следчых дзеянняў, абумоўленага неабходнасцю захавання адвакацкай тайны, у мэтах забеспячэння роўнай прававой абароны ахоўваемай законам тайны спатрэбіцца вызначыць такі ж парадак у дачыненні да іншых яе відаў (натарыяльнай, урачэбнай і інш.).

 

У сувязі з гэтым, па меркаванні Следчага камітэта, дадатковага заканадаўчага рэгулявання пытанняў забеспячэння адвакацкай тайны ў КПК не патрабуецца.

 

Міністэрства юстыцыі ўказвае, што на аснове аналізу палажэнняў Закона аб адвакатуры і адвакацкай дзейнасці і КПК не ўяўляецца магчымым зрабіць вывад аб наяўнасці прабелу прававога рэгулявання ў частцы забеспячэння адвакацкай тайны пры правядзенні агляду, вобыску і выемкі дакументаў у памяшканнях адвакатаў. Пры гэтым мэтазгоднасць замацавання ў крымінальна-працэсуальным заканадаўстве асаблівасцей прававога рэгулявання ў мэтах забеспячэння абароны адвакацкай тайны павінна вызначацца комплексна і ўлічваць устаноўлены прававы рэжым банкаўскай, падатковай, урачэбнай і іншай ахоўваемай законам тайны.

 

Беларуская рэспубліканская калегія адвакатаў адзначае, што дзеючае заканадаўства ў пэўнай меры дапамагае абароне адвакацкай тайны ад незаконнага ўмяшання трэціх асоб. Разам з тым нормы КПК не ўлічваюць асаблівасці прававога рэжыму адвакацкай тайны, устаноўленыя Законам аб адвакатуры і адвакацкай дзейнасці, перш за ўсё ў выпадках адабрання дакументаў з адвакацкіх вядзенняў па справе (дасье) пры правядзенні следчых дзеянняў у памяшканнях адвакацкіх утварэнняў і калегій адвакатаў, а таксама пры допыце асоб, якім звесткі, што датычацца крымінальнай справы, сталі вядомыя ў сувязі з іх удзелам у вядзенні па дадзенай крымінальнай справе ў якасці абаронцы.

 

Як указваецца ў звароце, правапрымяняльная практыка сведчыць аб тым, што дзеючым заканадаўствам не ў поўнай меры рэгламентаваны пытанні захавання адвакацкай тайны ў крымінальным судаводстве ў сувязі з адсутнасцю ў КПК норм аб асаблівасцях правядзення агляду, вобыску і выемкі ў адвакацкіх памяшканнях, праверак і адабрання матэрыялаў адвакацкага вядзення па справе, а таксама аб забароне допыту абаронцы па пытаннях, якія састаўляюць адвакацкую тайну.

 

Беларуская рэспубліканская калегія адвакатаў лічыць, што для ўстаранення непаўнаты, калізіі і нявызначанасці норм, якія рэгулююць абарону адвакацкай тайны ў крымінальным працэсе, у крымінальна-працэсуальным заканадаўстве неабходна ўстанавіць дадатковыя гарантыі, што выключаюць у ходзе правядзення агляду, выемкі, вобыску, допыту сведкі, пры якіх падразумяваецца доступ да матэрыялаў адвакацкіх вядзенняў па справе і адвакацкай тайны, магчымасць атрымання органамі, якія ажыццяўляюць папярэдняе расследаванне, звестак, што састаўляюць ахоўваемую законам адвакацкую тайну.

 

2. Канстытуцыяй прадугледжана, што чалавек, яго правы, свабоды і гарантыі іх рэалізацыі з’яўляюцца найвышэйшай каштоўнасцю і мэтай грамадства і дзяржавы (частка першая артыкула 2); забеспячэнне правоў і свабод грамадзян Рэспублікі Беларусь – найвышэйшая мэта дзяржавы, якая гарантуе правы і свабоды грамадзян Беларусі, замацаваныя ў Канстытуцыі, законах і прадугледжаныя міжнароднымі абавязацельствамі дзяржавы (часткі першая і трэцяя артыкула 21).

 

Прыведзенымі канстытуцыйнымі палажэннямі вызначаецца абавязак дзяржавы ажыццяўляць прававое рэгуляванне, неабходнае для поўнай рэалізацыі канстытуцыйных правоў і свабод грамадзян і забеспячэння своечасовай і эфектыўнай іх абароны.

 

У Пасланні Канстытуцыйнага Суда Прэзідэнту Рэспублікі Беларусь і палатам Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь «Аб стане канстытуцыйнай законнасці ў Рэспубліцы Беларусь у 2017 годзе» ўказана, што абавязковай умовай зацвярджэння сучаснага канстытуцыяналізму з’яўляецца канстытуцыалізацыя права, якая абумоўлівае неабходнасць эфектыўнага прававога рэгулявання грамадскіх адносін, устаранення ў дзеючым заканадаўстве прабелаў, выключэння калізій і прававой нявызначанасці ў мэтах забеспячэння і абароны канстытуцыйных правоў і свабод кожных. У сувязі з гэтым звернута ўвага заканадаўца і іншых нарматворчых органаў на недапушчэнне аслаблення канстытуцыйных гарантый правоў і свабод чалавека з прычыны наяўнасці ў нарматыўных прававых актах прабелаў і іншых дэфектаў прававога рэгулявання.

 

2.1. Згодна з Канстытуцыяй кожны мае права на юрыдычную дапамогу для ажыццяўлення і абароны правоў і свабод, у тым ліку права карыстацца ў любы момант дапамогай адвакатаў і іншых сваіх прадстаўнікоў у судзе, іншых дзяржаўных органах, органах мясцовага кіравання, на прадпрыемствах, ва ўстановах, у арганізацыях, грамадскіх аб’яднаннях і ў адносінах са службовымі асобамі і грамадзянамі; у выпадках, прадугледжаных законам, юрыдычная дапамога аказваецца за кошт дзяржаўных сродкаў (частка першая артыкула 62).

 

Палажэннямі міжнародна-прававых актаў права карыстацца дапамогай абаронцы (адваката) прызнаецца ў якасці аднаго з асноўных правоў чалавека. Так, згодна з падпунктамі «b» і «d» пункта 3 артыкула 14 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах 1966 года кожны мае права пры разглядзе прад’яўляемага яму крымінальнага абвінавачання як мінімум мець дастатковы час і магчымасці для падрыхтоўкі сваёй абароны і звязвацца з абраным ім самім абаронцам; быць судзімым у яго прысутнасці і абараняць сябе асабіста або праз дапамогу абранага ім самім абаронцы; калі ён не мае абаронцы, быць паведамленым аб гэтым праве і мець назначанага яму абаронцу ў любым выпадку, калі інтарэсы правасуддзя таго патрабуюць, бязвыплатна для яго ў любым такім выпадку, калі ў яго няма дастатковых сродкаў для аплаты гэтага абаронцы.

 

Зыходзячы з узаемазвязаных прыведзеных норм Канстытуцыі і ўказанага міжнародна-прававога акта, а таксама палажэнняў часткі першай артыкула 8 і часткі першай артыкула 59 Канстытуцыі, дзяржава абавязана прымаць усе даступныя ёй меры для належнай рэалізацыі канстытуцыйнага права кожнага на юрыдычную дапамогу і забеспячэння эфектыўнай дзейнасці адвакатаў і іншых асоб, якія аказваюць такую дапамогу.

 

У рашэнні Канстытуцыйнага Суда ад 29 чэрвеня 2017 г. «О соответствии Конституции Республики Беларусь Закона Республики Беларусь «О внесении изменений и дополнений в Закон Республики Беларусь «Об адвокатуре и адвокатской деятельности в Республике Беларусь» указана, што выкананню адвакатамі публічных функцый карэспандуе стварэнне нарматыўна-прававых механізмаў, якія дазваляюць забяспечыць ажыццяўленне адвакацкай дзейнасці, накіраванай на рэалізацыю канстытуцыйных палажэнняў, што гарантуюць кожнаму права на юрыдычную дапамогу ў мэтах ажыццяўлення і абароны правоў і свабод.

 

Пацвярджаючы дадзеную прававую пазіцыю, Канстытуцыйны Суд адзначае, што пры ажыццяўленні прававога рэгулявання неабходна ўлічваць спецыфіку адвакатуры як прававога інстытута, прызванага аказваць у адпаведнасці з Канстытуцыяй на прафесійнай аснове юрыдычную дапамогу ў мэтах ажыццяўлення і абароны правоў, свабод і законных інтарэсаў фізічных і юрыдычных асоб, а таксама такія прынцыпы арганізацыі адвакатуры і адвакацкай дзейнасці, як незалежнасць адвакатаў пры ажыццяўленні сваёй прафесійнай дзейнасці, адвакацкая тайна, недапушчальнасць умяшання ў прафесійную дзейнасць адвакатаў з боку органаў, якія вядуць крымінальны працэс, іншых дзяржаўных органаў, іншых арганізацый і службовых асоб (артыкулы 1 і 4 Закона аб адвакатуры і адвакацкай дзейнасці).

 

2.2. Канстытуцыяй прадугледжана, што Рэспубліка Беларусь прызнае прыярытэт агульнапрызнаных прынцыпаў міжнароднага права і забяспечвае адпаведнасць ім заканадаўства (частка першая артыкула 8).

 

Згодна з Асноўнымі прынцыпамі, якія датычацца ролі юрыстаў (прыняты восьмым Кангрэсам ААН па папярэджанні злачыннасці і абыходжанні з правапарушальнікамі, 27 жніўня – 7 верасня 1990 г.), адным з такіх прынцыпаў з’яўляецца прызнанне і забеспячэнне ўрадамі канфідэнцыяльнага характару любых зносін і кансультацый паміж юрыстамі і іх кліентамі ў межах іх прафесійнай дзейнасці (пункт 22).

 

На неабходнасць гарантавання незалежнасці адвакатаў пры вядзенні спраў для забеспячэння аказання свабоднай, справядлівай і канфідэнцыяльнай юрыдычнай дапамогі і канфідэнцыяльнасці адносін з кліентам, уключаючы абарону звычайнай і электроннай сістэм адвакацкага справаводства і дакументаў адваката ад адабрання і праверак, а таксама абарону ад умяшанняў у выкарыстоўваемыя электронныя сродкі сувязі і інфармацыйныя сістэмы, указваецца ў Стандартах незалежнасці юрыдычнай прафесіі (прыняты Міжнароднай асацыяцыяй юрыстаў 7 верасня 1990 г. у Нью-Ёрку).

 

Канстытуцыйны Суд лічыць, што адсутнасць гарантый канфідэнцыяльнасці ў адносінах адваката і кліента ў прымяненні да крымінальнага працэсу азначала б магчымасць для аднаго з яго бакоў (боку абвінавачання) ўмешвацца ў сферу дзейнасці другога боку (падазронага, абвінавачванага і яго абаронцы), што сведчыла б аб адступленні ад гарантаванага Канстытуцыяй (частка першая артыкула 115) і замацаванага ў КПК (артыкул 24) прынцыпу ажыццяўлення правасуддзя на аснове спаборнасці і роўнасці бакоў у працэсе.

 

Забеспячэнне канфідэнцыяльнасці звестак, якія паведамляюцца грамадзянамі адвакату пры звароце за атрыманнем юрыдычнай дапамогі, па меркаванні Канстытуцыйнага Суда, неабходна таксама для гарантавання абараняемых Канстытуцыяй такіх правоў і свабод, як недатыкальнасць і годнасць асобы (частка першая артыкула 25), прэзумпцыя невінаватасці (артыкул 26), права не даваць паказанні і тлумачэнні супраць самога сябе (артыкул 27), права кожнага на абарону ад незаконнага ўмяшання ў яго асабістае жыццё, у тым ліку ад замаху на тайну яго карэспандэнцыі, на яго гонар і годнасць (артыкул 28).

 

Палажэнне артыкула 27 Канстытуцыі аб тым, што ніхто не павінен прымушацца даваць паказанні і тлумачэнні супраць самога сябе, азначае не толькі адсутнасць у асобы абавязку даваць супраць сябе паказанні ў якасці сведкі, падазраваемага, абвінавачванага або прадастаўляць такія звесткі ў якой бы тое ні было іншай форме, але і забарона на прымусовае адабранне і выкарыстанне такіх звестак, калі яны былі давераны асобай адвакату пад умовай захавання іх канфідэнцыяльнасці ў мэтах забеспячэння абароны сваіх правоў і законных інтарэсаў.

 

Прыведзеным нормам Канстытуцыі карэспандуюць палажэнні артыкула 12 Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека і артыкула 17 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах, згодна з якімі ніхто не можа падвяргацца адвольнаму або незаконнаму ўмяшанню ў яго асабістае і сямейнае жыццё, адвольным або незаконным замахам на недатыкальнасць яго жылля або тайну яго карэспандэнцыі або незаконным замахам на яго гонар і рэпутацыю; кожны чалавек мае права на абарону закона ад такога ўмяшання або такіх замахаў.

 

Аналагічныя палажэнні змяшчаюцца ў пункце 1 артыкула 5 і пункце 1 артыкула 8 Канвенцыі аб абароне правоў чалавека і асноўных свабод 1950 года.

 

Такім чынам, указаныя палажэнні Канстытуцыі і міжнародна-прававых актаў вызначаюць абавязак дзяржавы забяспечыць заканадаўчае рэгуляванне, якое ўстанаўлівае такія ўмовы для рэалізацыі грамадзянамі канстытуцыйнага права на юрыдычную дапамогу, а таксама для эфектыўнага ажыццяўлення адвакатамі дзейнасці па яе аказанні, пры наяўнасці якіх грамадзянін меў бы магчымасць свабодна паведамляць адвакату неабходныя звесткі, а адвакат – магчымасць захоўваць канфідэнцыяльнасць атрыманай інфармацыі.

 

2.3. Канстытуцыяй вызначана, што грамадзянін адказны перад дзяржавай за няўхільнае выкананне абавязкаў, ускладзеных на яго Канстытуцыяй; кожны, хто знаходзіцца на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, абавязаны выконваць яе Канстытуцыю і законы (частка другая артыкула 2 і артыкул 52).

 

Пунктам 1 артыкула 29 Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека вызначана, што кожны чалавек мае абавязкі перад грамадствам, у якім толькі і магчыма свабоднае і поўнае развіццё яго асобы.

 

Згодна з абзацам чацвёртым артыкула 1 Закона аб адвакатуры і адвакацкай дзейнасці адвакацкую тайну складаюць звесткі аб пытаннях, па якіх кліент звярнуўся за юрыдычнай дапамогай, сутнасць кансультацый, растлумачэнняў, даведак, атрыманых кліентам ад адваката, звесткі аб асабістым жыцці кліента, інфармацыя, атрыманая ад кліента, аб акалічнасцях учынення злачынства па крымінальнай справе, па якой адвакат ажыццяўляў абарону правоў, свабод і інтарэсаў кліента, а таксама звесткі, якія састаўляюць камерцыйную тайну кліента.

 

Аналагічныя палажэнні змяшчаюцца ў пункце 15 Правіл прафесійнай этыкі адваката, зацверджаных пастановай Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь ад 6 лютага 2012 г. № 39.

 

Канстытуцыйны Суд адзначае, што ў сілу прыведзеных палажэнняў Канстытуцыі, названага міжнародна-прававога акта і Закона аб адвакатуры і адвакацкай дзейнасці гарантыі канфідэнцыяльнасці распаўсюджваюцца толькі на тыя адносіны падазраваемых, абвінавачваных са сваімі адвакатамі (абаронцамі), якія не выходзяць за межы аказання юрыдычнай дапамогі ў парадку, устаноўленым законам, а канфідэнцыяльны характар адносін, якія складваюцца паміж адвакатам і грамадзянінам у працэсе атрымання кліентам юрыдычнай дапамогі, не павінен парушаць баланс паміж інтарэсамі грамадства і неабходнасцю абароны канстытуцыйных правоў і свабод асобы. У сувязі з гэтым права грамадзяніна на канфідэнцыяльнасць інфармацыі, прадастаўленай ім адвакату, як неад’емная частка канстытуцыйнага права на атрыманне юрыдычнай дапамогі не з’яўляецца абсалютным.

 

2.4. Згодна з часткай першай артыкула 23 Канстытуцыі абмежаванне правоў і свабод асобы дапускаецца толькі ў выпадках, прадугледжаных законам, у інтарэсах нацыянальнай бяспекі, грамадскага парадку, абароны маралі, здароўя насельніцтва, правоў і свабод іншых асоб.

 

Усеагульнай дэкларацыяй правоў чалавека ўстаноўлена, што пры ажыццяўленні сваіх правоў і свабод кожны чалавек павінен падвяргацца толькі такім абмежаванням, якія вызначаны законам выключна з мэтай забеспячэння належнага прызнання і павагі правоў і свабод іншых і задавальнення справядлівых патрабаванняў маралі, грамадскага парадку і агульнага дабрабыту ў дэмакратычным грамадстве (пункт 2 артыкула 29).

 

Аналагічныя падыходы да забеспячэння правоў і свабод асобы змяшчаюцца ў Канвенцыі аб абароне правоў чалавека і асноўных свабод, якая абвяшчае права кожнага на павагу яго асабістага і сямейнага жыцця, яго жылля і яго карэспандэнцыі і не дапускае ўмяшанне з боку публічных улад у ажыццяўленне гэтага права, за выключэннем выпадкаў, калі такое ўмяшанне прадугледжана законам і неабходна ў дэмакратычным грамадстве ў інтарэсах нацыянальнай бяспекі і грамадскага парадку, эканамічнага дабрабыту краіны, у мэтах прадухілення беспарадкаў або злачынстваў, для аховы здароўя або маралі або абароны правоў і свабод іншых асоб (артыкул 8).

 

У Пасланні Канстытуцыйнага Суда «Аб стане канстытуцыйнай законнасці ў Рэспубліцы Беларусь у 2015 годзе» адзначана, што Канстытуцыя надае заканадаўцу дастаткова шырокія дыскрэцыйныя паўнамоцтвы, гэта значыць магчымасць меркавання, «прастору выбару» ў рэгуляванні канкрэтных грамадскіх адносін, вызначэнні асаблівасцей прававога рэгулявання, устанаўленні, змяненні і абмежаванні суб’ектыўных правоў, умоў і механізмаў іх рэалізацыі. Аднак пры рэалізацыі сваіх паўнамоцтваў заканадавец дзейнічае ў межах, вызначаных канстытуцыйнымі прынцыпамі і нормамі, пры гэтым ён павінен улічваць неабходнасць падтрымання балансу і суразмернасці канстытуцыйна абараняемых каштоўнасцей, мэт і інтарэсаў, якія знаходзяцца ў адзінстве, і не дапускаць падмены адной каштоўнасці другой або іх прымяншэння.

 

У радзе рашэнняў Канстытуцыйнага Суда сфармуляваны прававыя пазіцыі, згодна з якімі з улікам прынцыпу прапарцыянальнасці прававыя абмежаванні, якімі б ні былі падставы для іх устанаўлення, павінны забяспечваць належны баланс інтарэсаў грамадзян і дзяржавы. У той жа час абмежаванні канстытуцыйных правоў павінны быць юрыдычна дапушчальнымі, сацыяльна апраўданымі, адэкватнымі, суразмернымі і неабходнымі для абароны іншых канстытуцыйна значных каштоўнасцей, а таксама адпавядаць патрабаванням справядлівасці.

 

Грунтуючыся на выкладзеным, Канстытуцыйны Суд лічыць, што пры ўдасканальванні прававога механізма ажыццяўлення канстытуцыйнага права кожнага на юрыдычную дапамогу, умоў і парадку яго рэалізацыі заканадавец абавязаны, не дапускаючы скажэння сутнасці дадзенага права, знаходзіць разумны баланс канстытуцыйна абараняемых інтарэсаў, указаных у частцы першай артыкула 23 Канстытуцыі, які падразумявае дыферэнцыраваны падыход да заканадаўчага замацавання гарантый канфідэнцыяльнасці адносін кліента са сваім адвакатам, што не выключае магчымасць вызначэння сферы адносін паміж указанымі ўдзельнікамі крымінальнага працэсу, канфідэнцыяльнасць якіх не падлягае забеспячэнню законамі.

 

3. Канстытуцыйны Суд адзначае, што арганізацыя адвакатуры і адвакацкай дзейнасці ў Рэспубліцы Беларусь грунтуецца на прынцыпах, у ліку якіх забеспячэнне гарантаванага Канстытуцыяй права на юрыдычную дапамогу, законнасць, незалежнасць адвакатаў пры ажыццяўленні сваёй прафесійнай дзейнасці, адвакацкая тайна, недапушчальнасць умяшання ў прафесійную дзейнасць адвакатаў з боку органаў, якія вядуць крымінальны працэс, іншых дзяржаўных органаў, іншых арганізацый і службовых асоб (артыкул 4 Закона аб адвакатуры і адвакацкай дзейнасці).

 

Артыкулам 16 Закона аб адвакатуры і адвакацкай дзейнасці прадугледжаны гарантыі адвакацкай дзейнасці, у тым ліку забарона ўмяшання ў прафесійную дзейнасць адваката, якая ажыццяўляецца ў адпаведнасці з заканадаўствам, або перашкоджвання гэтай дзейнасці якім бы тое ні было чынам, а таксама патрабавання ад адваката паведамлення якіх-небудзь звестак, што састаўляюць адвакацкую тайну, або патрабавання такіх звестак ад стажораў і памочнікаў адваката; інфармацыя, што састаўляе адвакацкую тайну, не можа быць атрымана ад адваката, а таксама стажораў і памочнікаў адваката і выкарыстана ў якасці доказаў у крымінальным, грамадзянскім, гаспадарчым і адміністрацыйным працэсах; адвакат, стажоры і памочнікі адваката не могуць быць дапытаны ў якасці сведак аб абставінах, што састаўляюць адвакацкую тайну, а дзяржаўныя органы і іншыя арганізацыі не маюць права выпатрабаваць, адбіраць і іншым чынам атрымліваць ад адваката, стажора і памочніка адваката інфармацыю, што састаўляе адвакацкую тайну (пункты 2–4).

 

Такім чынам, заканадавец, рэалізуючы свае дыскрэцыйныя паўнамоцтвы, якія вынікаюць з пункта 2 часткі першай артыкула 97 і пункта 1 часткі першай артыкула 98 Канстытуцыі, вызначыў у спецыяльным законе – Законе аб адвакатуры і адвакацкай дзейнасці палажэнні, што забяспечваюць і абараняюць адвакацкую тайну ў сувязі з рэалізацыяй адвакатамі сваіх паўнамоцтваў, у тым ліку ў крымінальным працэсе.

 

З улікам указанага прававога рэгулявання Канстытуцыйны Суд звяртае ўвагу на тое, што згодна з часткай 2 артыкула 1 КПК устаноўлены дадзеным Кодэксам парадак вядзення па матэрыялах і крымінальнай справе з’яўляецца адзіным і абавязковым для ўсіх органаў і службовых асоб, якія вядуць крымінальны працэс, а таксама для іншых удзельнікаў крымінальнага працэсу.

 

Канстытуцыйны Суд канстатуе наяўнасць у крымінальна-працэсуальным законе асобных палажэнняў, якія маюць на мэце забеспячэнне адвакацкай тайны ў крымінальным працэсе. Так, у адпаведнасці з пунктам 3 часткі 2 артыкула 60 КПК не падлягаюць допыту ў якасці сведак адвакаты, іх стажоры, памочнікі, іншыя работнікі адвакацкіх утварэнняў, юрыдычных кансультацый – для атрымання якіх-небудзь звестак, якія могуць быць ім вядомыя ў сувязі з аказаннем юрыдычнай дапамогі пры вядзенні па крымінальнай справе.

 

У той жа час у КПК змяшчаюцца нормы, згодна з якімі пракурор упаўнаважаны санкцыянаваць патрабаванне аб прадстаўленні інфармацыі і выемку дакументаў, што змяшчаюць дзяржаўныя сакрэты або іншую ахоўваемую законам тайну (пункт 14 часткі 5 артыкула 34); Старшыня Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь або асоба, якая выконвае яго абавязкі, пры вядзенні папярэдняга следства па крымінальных справах, указаных у частцы 5 артыкула 35 КПК, мае права вынесці матываваную пастанову аб выемцы дакументаў, што змяшчаюць дзяржаўныя сакрэты або іншую ахоўваемую законам тайну; начальнік органа дазнання зацвярджае пастановы аб выемцы дакументаў, што змяшчаюць дзяржаўныя сакрэты або іншую ахоўваемую законам тайну (частка 5 артыкула 38); Старшыня Камітэта дзяржаўнай бяспекі Рэспублікі Беларусь або асоба, якая выконвае яго абавязкі, пры вядзенні папярэдняга следства па крымінальных справах у адпаведнасці з падследнасцю, а таксама пры вядзенні дазнання па крымінальных справах мае права вынесці матываваную пастанову аб выемцы дакументаў, што змяшчаюць дзяржаўныя сакрэты або іншую ахоўваемую законам тайну (частка 6 артыкула 38).

 

Аднак нормамі крымінальна-працэсуальнага закона, якія вызначаюць падставы і парадак правядзення агляду, вобыску і выемкі (артыкулы 203, 204, 208–210 КПК), не прадугледжаны асаблівасці правядзення гэтых следчых дзеянняў у памяшканнях адвакацкіх утварэнняў і калегій адвакатаў у мэтах забеспячэння адвакацкай тайны і рэалізацыі гарантый яе абароны, устаноўленых Законам аб адвакатуры і адвакацкай дзейнасці.

 

Канстытуцыйны Суд лічыць, што дзеючае заканадаўчае рэгуляванне ў частцы забеспячэння і абароны адвакацкай тайны пры правядзенні некаторых следчых дзеянняў (агляду, вобыску і выемкі) сведчыць аб наяўнасці ў КПК прававога прабелу, якi ў працэсе правапрымянення можа прыводзіць да парушэння канстытуцыйных правоў, у тым ліку замацаваных у артыкулах 28 і 62 Канстытуцыі.

 

4. Згодна з часткамі першай і другой артыкула 7 Канстытуцыі ў Рэспубліцы Беларусь устанаўліваецца прынцып вяршэнства права; дзяржава, усе яе органы і службовыя асобы дзейнічаюць у межах Канстытуцыі і прынятых у адпаведнасці ў ёю актаў заканадаўства.

 

Канстытуцыйны Суд лічыць, што з прыведзеных норм Канстытуцыі ў іх узаемасувязі з палажэннямі Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах  (артыкул 17) і іншых міжнародна-прававых актаў, якія змяшчаюць агульную забарону на выпатрабаванне і атрыманне ад адваката канфідэнцыяльных звестак, звязаных з аказаннем ім юрыдычнай дапамогі кліенту законнымі спосабамі, вынікае, што падчас агляду, вобыску і выемкі ў адносінах да адваката, якія праводзяцца органамі, што ажыццяўляюць крымінальнае праследаванне, не могуць мець месца даследаванне і прымусовае адабранне матэрыялаў адвакацкага вядзення або дасье, што змяшчаюць звесткі, якія не выходзяць за межы аказання юрыдычнай дапамогі кліенту ў парадку, устаноўленым законам.

 

У адваротным выпадку значэнне адвакацкай тайны, а таксама канстытуцыйныя права на атрыманне юрыдычнай дапамогі, гарантыі забеспячэння недатыкальнасці і свабоды асобы, абароны ад незаконнага ўмяшання ў асабістае жыццё, у тым ліку ад замаху на тайну карэспандэнцыі, гонар і годнасць, прэзумпцыя невінаватасці, а таксама права кожнага не сведчыць супраць самога сябе фактычна абясцэньваліся б.

 

Аналагічнага падыходу прытрымліваецца ў сваёй практыцы Еўрапейскі Суд па правах чалавека (далей – Еўрапейскі Суд), які мяркуе, што пастанова аб вобыску павінна, наколькі гэта магчыма, забяспечваць абмежаванне яго наступстваў разумнымі межамі. Так, пры разглядзе справы «Колесниченко против России» Еўрапейскі Суд угледзеў парушэнні Канвенцыі аб абароне правоў чалавека і асноўных свабод, якія выявіліся ў тым, што судом следчаму органу было дазволена «ў агульных і шырокіх выразах» правесці вобыскі ў жыллі і канторы адваката, падчас дадзенага вобыску не захоўваліся гарантыі ад умяшання ў прафесійныя сакрэты, у выніку гэтыя сакрэты былі закрануты ў ступені, не суразмернай якой бы тое ні было праследуемай мэце. Еўрапейскім Судом быў зроблены вывад, што ў дэмакратычным грамадстве правядзенне вобыску ў жыллі і канторы адваката без дастатковых да таго падстаў і пры адсутнасці гарантый ад умяшання ў прафесійныя сакрэты адваката (які не падазраваўся ва ўчыненні якога-небудзь злачынства, а быў абаронцам абвінавачванага па крымінальнай справе) не з’яўляецца неабходным, а значыць, у дадзеным выпадку мела месца парушэнне артыкула 8 Канвенцыі аб абароне правоў чалавека і асноўных свабод (Пастанова ад 9 красавіка 2009 года).

 

Нароўні з выкладзеным Канстытуцыйны Суд адзначае, што правядзенне вобыску ў адносінах да адваката падразумявае таксама неабходнасць канкрэтызацыі ў адпаведнай пастанове службовай асобы, якая ажыццяўляе крымінальнае праследаванне, адшукваемага аб’екта (прадмета, дакумента) з мэтай выключэння неабгрунтаванага даследавання, адабрання або капіравання прадметаў і дакументаў, не ўказаных у пастанове, у прыватнасці, што знаходзяцца ў матэрыялах адвакацкага вядзення (дасье), якое вядзецца (сфарміравана) адвакатам па справах іншых яго кліентаў.

 

Зыходзячы з гэтага, даследаванню органамі, якія ажыццяўляюць крымінальнае праследаванне, і прымусоваму адабранню ў ходзе вобыску не падлягаюць такія матэрыялы адвакацкай вытворчасці (дасье) у адносінах да кліента адваката, што змяшчаюць звесткі, якія не выходзяць за межы аказання юрыдычнай дапамогі як па крымінальнай справе, у якой адвакат з’яўляецца абаронцам, так і па іншых справах, якія знаходзяцца ў вядзенні адваката, гэта значыць матэрыялы, не звязаныя непасрэдна з парушэннямі з боку як адваката, так і яго кліента, учыненымі ў ходзе вядзення па дадзенай справе, што маюць крымінальна проціпраўны характар, ці з іншымі злачынствамі, учыненымі трэцімі асобамі, ці заключаюцца ў захоўванні прылад злачынства або прадметаў, якія забаронены да абароту або абарот якіх абмежаваны на падставе закона.

 

Канстытуцыйны Суд лічыць, што ў мэтах забеспячэння выканання патрабаванняў Канстытуцыі і міжнародна-прававых актаў і ўстаранення прававога прабелу ў дзеючым прававым рэгуляванні заканадаўцу неабходна ўстанавіць у крымінальна-працэсуальным законе дадатковыя гарантыі, якія выключаюць у ходзе правядзення агляду, вобыску і выемкі, пры якіх падразумяваецца доступ да матэрыялаў адвакацкіх вядзенняў па справе (дасье), магчымасць атрымання органамі, якія ажыццяўляюць крымінальнае праследаванне, звестак, што састаўляюць ахоўваемую законам адвакацкую тайну, у тым ліку прадугледзець прававы механізм, які дазваляе пры правядзенні агляду, вобыску і выемкі ў адносінах да адваката (уключаючы службовыя памяшканні, якія выкарыстоўваюцца для ажыццяўлення адвакацкай дзейнасці) забяспечыць дыферэнцыраваны падыход да даследавання матэрыялаў, што змяшчаюць адвакацкую тайну і з прычыны гэтага не павінны быць даступныя на дадзенай стадыі спаборнага працэсу дзяржаўным органам, якія прадстаўляюць бок абвінавачання.

 

На падставе выкладзенага, кіруючыся часткамі першай і сёмай артыкула 116 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, абзацам восьмым часткі трэцяй артыкула 22 і артыкулам 24 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб судаўладкаванні і статусе суддзяў, часткай другой артыкула 74, артыкуламі 75, 77, 80, 84, часткай сямнаццатай артыкула 85 і артыкулам 160 Закона Рэспублікі Беларусь «О конституционном судопроизводстве», Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь

 

ВЫРАШЫЎ:

 

1. У мэтах забеспячэння вяршэнства права, рэалізацыі канстытуцыйнага права кожнага на юрыдычную дапамогу і ўстанаўлення дадатковых гарантый забеспячэння адвакацкай тайны прызнаць неабходным унесці ў Крымінальна-працэсуальны кодэкс Рэспублікі Беларусь змяненнi, якія вызначаюць асаблівасці правядзення агляду, вобыску і выемкі ў адносінах да адваката.

 

2. Прапанаваць Савету Міністраў Рэспублікі Беларусь падрыхтаваць праект закона аб унясенні змяненняў у Крымінальна-працэсуальны кодэкс Рэспублікі Беларусь і ўнесці яго ва ўстаноўленым парадку ў Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь.

 

3. Рашэнне ўступае ў сілу з дня прыняцця.

 

4. Апублікаваць рашэнне ў адпаведнасці з заканадаўчымі актамі.

 

 

Старшынствуючы –

Старшыня Канстытуцыйнага Суда

Рэспублікі Беларусь                                                                                                           П.П.Міклашэвіч

Версiя для друку