Заключэнне Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь
11 ліпеня 2018 г. № Р-1141/2018
Аб праве і парадку абскарджання ў суд асуджанымі да абмежавання свабоды, папраўчых работ і іншых відаў пакарання прымененых да іх мер спагнання

Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь у складзе старшынствуючага – Старшыні Канстытуцыйнага Суда Міклашэвіча П.П., намесніка Старшыні Карповіч Н.А., суддзяў Бойка Т.С., Варановіча Т.В., Данілюка  С.Я., Козыравай Л.Р., Падгрушы В.В., Рабцава  В.М., Рабцава Л.М., Сяргеевай В.Г., Цікавенкі А.Г., Чыгрынава С.П.

 

разгледзеў у адкрытым судовым пасяджэнні справу «Аб праве і парадку абскарджання ў суд асуджанымі да абмежавання свабоды, папраўчых работ і іншых відаў пакарання прымененых да іх мер спагнання».

 

У судовым пасяджэнні прынялі ўдзел:

 

паўнамоцны прадстаўнік Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь у Канстытуцыйным Судзе – Гуйвiк Н.В., старшыня Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па заканадаўстве;

 

паўнамоцны прадстаўнік Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь у Канстытуцыйным Судзе – Тушынскі I.Г., намеснік Міністра юстыцыі Рэспублікі Беларусь;

 

прадстаўнікі:

 

Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь – Забара А.А., намеснік Старшыні Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь;

 

Генеральнай пракуратуры Рэспублікі Беларусь – Стук А.К., намеснік Генеральнага пракурора Рэспублікі Беларусь;

 

Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь – Барсукоў А.П., намеснік Міністра ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь;

 

Беларускай рэспубліканскай калегіі адвакатаў – Чайчыц В.І., старшыня Беларускай рэспубліканскай калегіі адвакатаў.

 

Вядзенне па справе ўзбуджана Канстытуцыйным Судом 13 чэрвеня 2018 г. у адпаведнасці з часткай першай артыкула 116 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь (далей – Канстытуцыя), абзацам восьмым часткі трэцяй артыкула 22 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб судаўладкаванні і статусе суддзяў, часткамі першай і чацвёртай артыкула 158 Закона Рэспублікі Беларусь «О конституционном судопроизводстве» на падставе паступіўшага ў Канстытуцыйны Суд звароту грамадзянкі Садоўскай В.П. аб забеспячэнні канстытуцыйнага права на судовую абарону шляхам вызначэння ў заканадаўстве права і парадку абскарджання ў суд асуджанымі да абмежавання свабоды прымененых да іх мер спагнання за парушэнне парадку і ўмоў адбывання пакарання.

 

Заслухаўшы суддзю-дакладчыка Данілюка С.Я., выступленні паўнамоцных прадстаўнікоў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь у Канстытуцыйным Судзе, прадстаўнікоў Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь, Генеральнай пракуратуры Рэспублікі Беларусь, Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь, Беларускай рэспубліканскай калегіі адвакатаў, прааналізаваўшы палажэннi Канстытуцыі, Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь (далей – КК), Крымінальна-выканаўчага кодэкса Рэспублікі Беларусь (далей – КВК), Грамадзянскага працэсуальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь (далей – ГПК) і іншых заканадаўчых актаў Рэспублікі Беларусь, даследаваўшы прадстаўленыя дакументы і іншыя матэрыялы справы, Канстытуцыйны Суд устанавіў.

 

1. Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь, абвяшчаючы Рэспубліку Беларусь дэмакратычнай сацыяльнай прававой дзяржавай (частка першая артыкула 1), чалавека, яго правы, свабоды і гарантыі іх рэалізацыі – найвышэйшай каштоўнасцю і мэтай грамадства і дзяржавы (частка першая артыкула 2), а забеспячэнне правоў і свабод грамадзян Рэспублікі Беларусь – найвышэйшай мэтай дзяржавы (частка першая артыкула 21), гарантуе правы і свабоды грамадзян Беларусі, замацаваныя ў Канстытуцыі, законах (частка трэцяя артыкула 21), роўнасць усiх перад законам і права без усякай дыскрымінацыі на роўную абарону правоў і законных інтарэсаў (артыкул 22).

 

Згодна з Канстытуцыяй кожнаму гарантуецца абарона яго правоў і свабод кампетэнтным, незалежным і непрадузятым судом у вызначаныя законам тэрміны (частка першая артыкула 60).

 

Прыведзеным канстытуцыйным прынцыпам і нормам карэспандуюць палажэнні міжнародна-прававых актаў.

 

Усеагульнай дэкларацыяй правоў чалавека абвешчана, што кожны чалавек мае права на эфектыўнае аднаўленне ў правах кампетэнтнымі нацыянальнымі судамі ў выпадку парушэння яго асноўных правоў, нададзеных яму канстытуцыяй або законам (артыкул 8); кожны чалавек для вызначэння яго правоў і абавязкаў мае права на аснове поўнай роўнасці на тое, каб яго справа была разгледжана публічна і з прытрымліваннем усіх патрабаванняў справядлівасці незалежным і непрадузятым судом (артыкул 10).

 

Міжнародным пактам аб грамадзянскіх і палітычных правах прадугледжана, што кожны мае права пры вызначэнні яго правоў і абавязкаў на справядлівы і публічны разбор справы кампетэнтным, незалежным і непрадузятым судом, створаным на падставе закона (артыкул 14); кожная дзяржава, якая ўдзельнічае ў дадзеным Пакце, абавязваецца развіваць магчымасці судовай абароны (артыкул 2). Згодна з Заўвагамі агульнага парадку № 32 (2007) Камітэта па правах чалавека Арганізацыі Аб’яднаных Нацый па артыкуле 14 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах права на роўнасць перад судамі і трыбуналамі і на справядлівы судовы разбор з’яўляецца важнейшым элементам абароны правоў чалавека і служыць адным з працэсуальных сродкаў забеспячэння вяршэнства закона (пункт 2).

 

У адпаведнасці з Мінімальнымі стандартнымі правіламі ААН у дачыненні да мер, не звязаных з турэмным заключэннем (Такійскія правілы), прынятымі Рэзалюцыяй 45/110 Генеральнай Асамблеі ААН ад 14 снежня 1990 года, правапарушальнік мае права падаць запыт або скаргу ў судовы ці іншы кампетэнтны незалежны орган па пытаннях, якія закранаюць яго або яе асабістыя правы ў працэсе прымянення мер, не звязаных з турэмным заключэннем (падпункт 3.6 пункта 3).

 

Еўрапейскія пенітэнцыярныя правілы, прынятыя Камітэтам міністраў Савета Еўропы 11 студзеня 2006 года, прадугледжваюць права зняволенага, прызнанага вінаватым ва ўчыненні дысцыплінарнага праступка, на абскарджанне накладзенага пакарання ў кампетэнтным і незалежным вышэйстаячым органе (пункты 57.2 «е» і 61).

 

У шэрагу рашэнняў Канстытуцыйнага Суда адзначалася, што права на судовую абарону адносіцца да асноўных правоў чалавека, якія прызнаюцца і гарантуюцца згодна з агульнапрызнанымі прынцыпамі і нормамі міжнароднага права, а Рэспубліка Беларусь у адпаведнасці з часткай першай артыкула 8 Канстытуцыі прызнае прыярытэт агульнапрызнаных прынцыпаў міжнароднага права і забяспечвае адпаведнасць ім заканадаўства.

 

З прыведзеных канстытуцыйных палажэнняў і норм міжнародна-прававых актаў ва ўзаемасувязі з патрабаваннямі часткі першай артыкула 59 Канстытуцыі вынікае, што дзяржава абавязана прымаць усе даступныя ёй меры дзеля стварэння ўнутранага парадку, неабходнага для поўнага ажыццяўлення правоў і свабод грамадзян Рэспублікі Беларусь, уключаючы судовую абарону гэтых правоў і свабод, якая павінна быць справядлівай, кампетэнтнай і эфектыўнай.

 

2. У адпаведнасці з артыкулам 39 Закона «О конституционном судопроизводстве» ў Вярхоўны Суд, Генеральную пракуратуру, Міністэрства ўнутраных спраў, Міністэрства юстыцыі, Беларускую рэспубліканскую калегію адвакатаў былі накіраваны запыты, у пісьмовых адказах на якія ўказаныя органы і іншыя арганізацыі выклалі сваё меркаванне па справе.

 

Вярхоўны Суд адзначае, што Законам Рэспублікі Беларусь ад 4 студзеня 2012 года ў главу 29 ГПК уведзены параграф 61 аб асаблівасцях разгляду скаргаў асуджаных да арышту, пазбаўлення свабоды, пажыццёвага заключэння, а таксама асоб, якія знаходзяцца пад вартай. Пры абскарджанні мер спагнанняў у адносінах да асоб, асуджаных да штрафу, абмежавання свабоды, папраўчых або грамадскіх работ, неабходна ўлічваць устаноўленыя ў КВК і іншых актах заканадаўства асаблівасці прымянення да іх мер спагнання. У той жа час замацаванне ў артыкуле 18 КВК за асуджанымі да любога віду пакарання правоў на абскарджанне ў суд дзеянняў адміністрацыі органаў і ўстаноў, якія выконваюць пакаранне, патрабуе далейшага заканадаўчага ўрэгулявання парадку такога абскарджання. Пры ўдасканальванні прававога рэгулявання абароны правоў вышэйназванай катэгорыі асуджаных неабходна ўлічваць асаблівасці адбывання пэўнага віду пакарання і парадку накладання спагнанняў. Пры прызнанні права на абскарджанне асуджанымі ў суд прымененых да іх мер спагнанняў, калі гэта звязана з разглядам скаргаў у парадку грамадзянскага судаводства, патрабуецца адначасовае ўнясенне змяненняў у КВК і ГПК.

 

Па меркаванні Генеральнай пракуратуры, грамадзянскім працэсуальным заканадаўствам не вызначаны асаблівы парадак разгляду судом скаргаў асуджаных да абмежавання свабоды, папраўчых работ, штрафу, грамадскіх работ. У той жа час згодна з артыкулам 22 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь усе роўныя перад законам і маюць права без усякай дыскрымінацыі на роўную абарону правоў і законных інтарэсаў. Крымінальна-выканаўчае заканадаўства Рэспублікі Беларусь грунтуецца ў тым ліку на прынцыпах законнасці, гуманізму, роўнасці асуджаных перад законам (артыкул 6 КВК). У мэтах рэгламентацыі парадку разгляду судом скаргаў асуджаных да абмежавання свабоды, папраўчых работ, штрафу, грамадскіх работ на дзеянні адміністрацыі органаў і ўстаноў, якія выконваюць пакаранне і іншыя меры крымінальнай адказнасці ў сувязі з прымяненнем да гэтых асуджаных мер спагнання, неабходна ўнясенне адпаведных змяненняў і дапаўненняў у ГПК і КВК.

 

Міністэрства ўнутраных спраў указвае, што параграфам 61 главы 29 ГПК вызначаны асаблівасці разгляду і вырашэння скаргаў асуджаных да арышту, пазбаўлення свабоды, пажыццёвага заключэння, асоб, якія ўтрымліваюцца пад вартай, на прымяненне да іх мер спагнання. Некаторыя асаблівасці разгляду і вырашэння скаргаў асуджаных да абмежавання свабоды, папраўчых работ, штрафу, грамадскіх работ у ГПК і іншых заканадаўчых актах не прадугледжаны. Такім чынам, у нормах КВК і ГПК існуе прававая нявызначанасць, звязаная з правам абскарджання ў парадку грамадзянскага судаводства асуджанымі да абмежавання свабоды, папраўчых работ, штрафу, грамадскіх работ прымененых да іх мер спагнання і (або) папярэджанняў. У сувязі з гэтым мэтазгодна ўнясенне ў КВК адпаведных змяненняў і дапаўненняў.

 

Міністэрства юстыцыі выкладае меркаванне аб тым, што ў Асаблівай частцы КВК змяшчаюцца нормы, якія рэгламентуюць права і парадак абскарджання ў суд асуджанымі да арышту, пазбаўлення свабоды і пажыццёвага заключэння прымененых да іх мер спагнання (частка 14 артыкула 61, частка 11 артыкула 113 КВК). Аднак у адносінах да асуджаных да такіх відаў пакаранняў, як папраўчыя работы, абмежаванне свабоды, грамадскія работы і штраф, права абскардзіць рашэнне службовай асобы аб накладанні мер спагнання ў Асаблівай частцы КВК не вызначана. З улікам выкладзенага ў адказе канстатуецца, што падыходы, прадугледжаныя КВК у частцы прававога рэгулявання абскарджання асуджанымі прымененых да іх мер спагнання, не ідэнтычныя ў залежнасці ад віду пакарання.

 

Беларуская рэспубліканская калегія адвакатаў лічыць, што ў нормах КВК існуе прававая нявызначанасць, звязаная з правам на абскарджанне ў суд у парадку грамадзянскага судаводства асуджанымі да абмежавання свабоды, папраўчых работ, штрафу, грамадскіх работ прымененых мер спагнання. У мэтах забеспячэння вяршэнства права і прававой пэўнасці ў дзеючым прававым рэгуляванні неабходна ўнесці змяненні і дапаўненні ў КВК.

 

3. З норм Канстытуцыі аб гарантаванні дзяржавай правоў і свабод грамадзян Беларусі, замацаваных у Канстытуцыі, законах і прадугледжаных міжнароднымі абавязацельствамі дзяржавы, а таксама гарантаванні кожнаму судовай абароны яго правоў і свабод (частка трэцяя артыкула 21, частка першая артыкула 60) ва ўзаемасувязі з нормай, згодна з якой абмежаванне правоў і свабод асобы дапускаецца толькі ў выпадках, прадугледжаных законам, у інтарэсах нацыянальнай бяспекі, грамадскага парадку, абароны маралі, здароўя насельніцтва, правоў і свабод іншых асоб (частка першая артыкула 23), вынікае абавязак дзяржавы ўстанавіць эфектыўны механізм прытрымлівання і рэалізацыі ў заканадаўстве прынцыпу вяршэнства права і яго важнейшага элемента – даступнасці правасуддзя, які выражаецца ў забяспечанай законам магчымасці кожнаму бесперашкодна звярнуцца ў кампетэнтны, незалежны і непрадузяты суд за абаронай свайго парушанага права і атрымаць такую абарону.

 

Згодна з КК крымінальная адказнасць выражаецца ў асуджэнні ад імя Рэспублікі Беларусь па прыгаворы суда асобы, якая ўчыніла злачынства, і прымяненні на аснове асуджэння пакарання або іншых мер крымінальнай адказнасці ў адпаведнасці з дадзеным Кодэксам; крымінальная адказнасць мае на мэце выпраўленне асобы, якая ўчыніла злачынства, і папярэджанне ўчынення новых злачынстваў як асуджаным, так і іншымі асобамі (часткі 1 і 2 артыкула 44 КК); пакаранне з’яўляецца прымусовай мерай крымінальна-прававага ўздзеяння, якая прымяняецца па прыгаворы суда да асобы, асуджанай за злачынства, і заключаецца ў прадугледжаных законам пазбаўленні або абмежаванні правоў і свабод асуджанага (артыкул 47 КК).

 

Комплекснае рэгуляванне пытанняў выканання пакаранняў, устаноўленых КК, забяспечваецца нормамі КВК.

 

У адпаведнасці з часткай трэцяй артыкула 7 КВК адным з асноўных сродкаў дасягнення мэт крымінальнай адказнасці ў працэсе яе прымянення з’яўляецца ўстаноўлены парадак выканання і адбывання пакарання.

 

Нормамі артыкула 8 КВК прадугледжана, што дзяржава гарантуе абарону правоў, свабод і законных інтарэсаў асуджаных, забяспечвае ўстаноўленыя законам умовы прымянення пакарання і іншых мер крымінальнай адказнасці ў адносінах да асуджаных, гарантыі сацыяльнай справядлівасці, іх сацыяльную, прававую і іншую абароненасць (частка 1); пры выкананні пакарання і іншых мер крымінальнай адказнасці асуджаным гарантуюцца правы і свабоды грамадзян Рэспублікі Беларусь з абмежаваннямі, устаноўленымі крымінальным, крымінальна-выканаўчым і іншым заканадаўствам Рэспублікі Беларусь (частка 2); асуджаныя не могуць быць вызвалены ад выканання сваіх грамадзянскіх абавязкаў, за выключэннем устаноўленых законам выпадкаў; правы і абавязкі асуджаных, а таксама іх абмежаванне вызначаюцца зыходзячы з парадку і ўмоў выканання і адбывання пакарання і іншых мер крымінальнай адказнасці (частка 4).

 

Указанае прававое рэгуляванне адпавядае частцы першай артыкула 23 Канстытуцыі, якая ўстанаўлівае, што абмежаванне правоў і свабод асобы дапускаецца толькі ў выпадках, прадугледжаных законам, у інтарэсах нацыянальнай бяспекі, грамадскага парадку, абароны маралі, здароўя насельніцтва, правоў і свабод іншых асоб.

 

Асноўныя абавязкі і правы асуджаных замацаваны ў артыкулах 9 і 10 КВК. У выпадку невыканання асуджаным ускладзеных на яго абавязкаў да яго могуць быць прыменены меры спагнання, а таксама аб’яўлена афіцыйнае папярэджанне (частка 4 артыкула 9 КВК).

 

Прымяненне мер спагнання прадугледжвае ў тым ліку пэўнае маральна-псіхалагічнае ўздзеянне, у шэрагу выпадкаў абмяжоўвае фізічную свабоду асуджанага, прадугледжвае дадатковыя выключэнні з правоў і свабод, а таксама іншыя істотныя прававыя наступствы прымененага спагнання.

 

Так, згодна з часткай 2 артыкула 55 КВК да асуджаных да абмежавання свабоды з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу, якія парушаюць парадак і ўмовы адбывання пакарання, могуць быць прыменены наступныя меры спагнання: пазачарговае дзяжурства па ўборцы і добраўпарадкаванні папраўчай установы адкрытага тыпу; вымова; дысцыплінарная ізаляцыя на тэрмін да дзесяці сутак з выхадам або без выхаду на работу (навучанне).

 

Да асуджаных да абмежавання свабоды без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу, якія парушаюць парадак і ўмовы адбывання пакарання, могуць быць прыменены наступныя меры спагнання: вымова; пазбаўленне дазволу, дадзенага ў парадку заахвочвання, пакідаць жыллё ў выхадныя, дзяржаўныя святы і святочныя дні, устаноўленыя і аб’яўленыя Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь нерабочымі; дысцыплінарная ізаляцыя на тэрмін да пятнаццаці сутак з выхадам або без выхаду на работу (навучанне) (частка 3 артыкула 55 КВК).

 

У адпаведнасці з часткай 5 артыкула 55 КВК асуджаны лічыцца злосна парушаючым парадак і ўмовы адбывання пакарання, калі ён мае не менш трох спагнанняў за парушэнне парадку і ўмоў адбывання пакарання. Асуджанаму, які дапусціў злоснае парушэнне парадку і ўмоў адбывання пакарання, выносіцца афіцыйнае папярэджанне аб крымінальнай адказнасці за ўхіленне ад адбывання пакарання ў выглядзе абмежавання свабоды.

 

Згодна з часткамi 2 і 3 артыкула 43 КВК за парушэнне асуджаным да папраўчых работ парадку і ўмоў адбывання пакарання крымінальна-выканаўчая інспекцыя можа прымяніць да яго наступныя меры спагнання: вымова; устанаўленне на тэрмін да трох месяцаў абавязковай яўкі на рэгістрацыю ў крымінальна-выканаўчую інспекцыю не менш як два разы ў месяц. Адначасова з накладаннем спагнання крымінальна-выканаўчая інспекцыя выносіць асуджанаму афіцыйнае папярэджанне аб крымінальнай адказнасці за злоснае ўхіленне ад адбывання пакарання ў выглядзе папраўчых работ.

 

Асноўным прызначэннем афіцыйнага папярэджання з’яўляецца давядзенне да ведама асуджанага крымінальна-прававых наступстваў далейшага невыканання ўскладзеных на яго абавязкаў. Асуджаныя, якія прадаўжалі пасля вынясення афіцыйнага папярэджання ўхіляцца ад выканання абавязкаў, устаноўленых крымінальна-выканаўчым заканадаўствам, прыцягваюцца да крымінальнай адказнасці, прадугледжанай крымінальным законам.

 

Канстытуцыйны Суд адзначае, што прымяняемыя меры спагнання, якія з’яўляюцца вынікам парушэння норм, рэгулюючых адносіны, што ўзнікаюць паміж асуджанымі і службовымі асобамі органаў і ўстаноў, якія выконваюць пакаранні і іншыя меры крымінальнай адказнасці, маюць істотнае прэюдыцыяльнае значэнне для вырашэння пытання аб узбуджэнні крымінальнай справы і прыцягнення асуджаных да крымінальнай адказнасці. У сувязі з гэтым з мэтай недапушчэння парушэння гарантаваных Канстытуцыяй правоў і свабод асобы важнае значэнне мае наяўнасць эфектыўнага заканадаўчага механізма, які забяспечвае своечасовую праверку законнасці і абгрунтаванасці прымененых да асуджаных мер спагнання.

 

4. У адпаведнасці з часткамі 5 і 10 артыкула 10 КВК асуджаныя, у тым ліку замежныя грамадзяне і асобы без грамадзянства, маюць права даваць тлумачэнні, весці перапіску, звяртацца ў адміністрацыю органа або ўстановы, якія выконваюць пакаранне і іншыя меры крымінальнай адказнасці, суд, пракуратуру з прапановамі, заявамі і скаргамі; парадак ажыццяўлення правоў асуджаных устанаўліваецца дадзеным Кодэксам і іншымі актамі заканадаўства Рэспублікі Беларусь.

 

Прыведзеным нормам карэспандуе палажэнне часткі 5 артыкула 18 КВК, згодна з якім ў парадку, устаноўленым заканадаўствам, суд разглядае скаргі на дзеянні адміністрацыі органаў і ўстаноў, якія выконваюць пакаранне і іншыя меры крымінальнай адказнасці, а таксама палажэнне часткі першай артыкула 353 ГПК, што замацоўвае права грамадзяніна звярнуцца ў суд са скаргай, калі лічыць, што неправамернымі дзеяннямі (бяздзейнасцю) дзяржаўных органаў, іншых юрыдычных асоб, а таксама арганізацый, якія не з’яўляюцца юрыдычнымі асобамі, і службовых асоб, правы якіх уціскаюцца, акрамя выпадкаў, калі для вырашэння асобных скаргаў заканадаўствам Рэспублікі Беларусь вызначаны іншы, несудовы, парадак абскарджання.

 

Нароўні з указаным, у адпаведнасці з пунктам 2 артыкула 35 Закона Рэспублікі Беларусь «О прокуратуре Республики Беларусь» пры ўстанаўленні парушэнняў заканадаўства ў залежнасці ад іх характару пракурор у межах сваёй кампетэнцыі мае права сваёй пастановай адмяніць спагнанні, накладзеныя ў парушэнне заканадаўства, у тым ліку на асоб, якія ўтрымліваюцца пад вартай і ў лячэбна-працоўных прафілакторыях, адбываюць пакаранне ў выглядзе арышту, абмежавання свабоды, пазбаўлення свабоды, пажыццёвага заключэння.

 

Замацаванне ў заканадаўстве права асуджаных абскардзіць у суд дзеянні адміністрацыі органаў і ўстаноў, якія выконваюць пакаранне і іншыя меры крымінальнай адказнасці, нароўні з правам пракурора адмяніць у шэрагу выпадкаў спагнанні, накладзеныя ў тым ліку на асуджаных, якія адбываюць  пакаранне ў выглядзе абмежавання свабоды, выклікае на практыцы неадназначнае разуменне і прымяненне адпаведных норм заканадаўства пры звароце ў суд са скаргамі на прымяненне мер спагнання асоб, асуджаных да некаторых відаў пакарання.

 

Дадзеныя абставіны пацвярджаюцца зваротам грамадзянкі Садоўскай В.П., асуджанай да абмежавання свабоды, якая ўказала, што суд спыніў вядзенне па грамадзянскай справе па яе скарзе на пастанову начальніка Маладзечанскага РАУС аб абвяшчэнні вымовы за парушэнне ўстаноўленага парадку адбывання пакарання, абгрунтаваўшы такое рашэнне наяўнасцю іншага парадку для вырашэння скаргі.

 

Выкладзенае сведчыць аб прававой нявызначанасці ў заканадаўчым рэгуляванні грамадскіх адносін у частцы абскарджання асуджанымі прымененых да іх мер спагнання.

 

5. У Пасланні Канстытуцыйнага Суда Прэзідэнту Рэспублікі Беларусь і палатам Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь «Аб стане канстытуцыйнай законнасці ў Рэспубліцы Беларусь у 2016 годзе» ўказана, што адной з важнейшых састаўляючых вяршэнства права з’яўляецца даступнасць правасуддзя, якая выражаецца ў гарантаванні кожнаму права на судовую абарону кампетэнтным, незалежным і непрадузятым судом.

 

У Заключэнні ад 12 чэрвеня 2014 г. «Аб адпаведнасці Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь пункта 7 часткі 1 артыкула 29 і пункта 1 часткі 1 артыкула 303 Крымінальна-працэсуальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь» Канстытуцыйны Суд адзначыў, што права на судовую абарону, замацаванае ў артыкуле 60 Канстытуцыі, падразумявае наяўнасць канкрэтных   прававых   механізмаў   эфектыўнага  аднаўлення  ў  правах. З аналізу зместу дадзенага артыкула ва ўзаемасувязі яго з артыкулам 6, часткай першай артыкула 109 і часткай першай артыкула 115 Канстытуцыі, што змяшчаюць палажэнні аб самастойнасці судовай улады, якая належыць у Рэспубліцы Беларусь судам, аб ажыццяўленні правасуддзя на аснове спаборнасці і роўнасці бакоў у працэсе, вынікае, што канстытуцыйнае права на судовую абарону – гэта права не толькі на зварот у суд, але і на атрыманне рэальнай абароны ў выніку ажыццяўлення судовай улады праз пэўныя віды судаводства.

 

Аналізуючы канстытуцыйна-прававы змест прымяняемых да асуджаных мер спагнання, Канстытуцыйны Суд у рашэнні ад 27 мая 2010 г. «Аб парадку рэалізацыі права на абскарджанне ў суд асуджанымі да арышту, пазбаўлення свабоды, пажыццёвага заключэння, асобамі, якія ўтрымліваюцца пад вартай, і адміністрацыйна арыштаванымі прымененых да іх мер спагнання» адзначыў, што меры спагнання, прымяняемыя да асуджаных да арышту, пазбаўлення свабоды, пажыццёвага заключэння, асоб, якія ўтрымліваюцца пад вартай, і адміністрацыйна арыштаваных за парушэнне ўстаноўленага рэжыму, неабходна разглядаць у якасці мер дысцыплінарнай адказнасці, асаблівасць якой у дадзеным выпадку заключаецца ў тым, што яна вынікае з адміністрацыйна-прававых адносін, ўзнікаючых паміж асобамі, фактычна пазбаўленымі свабоды, і ўпаўнаважанымі службовымі асобамі, якія забяспечваюць рэжым адбывання пакарання, адміністрацыйнага арышту або знаходжання пад вартай.

 

У сувязі з гэтым Канстытуцыйны Суд прыйшоў да вываду, што, зыходзячы з артыкула 60 Канстытуцыі ва ўзаемасувязі з палажэннямі часткі 3 артыкула 61, часткі 11 артыкула 113, часткі 7 артыкула 173 КВК, часткі 6 артыкула 18.11 Працэсуальна-выканаўчага кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях, часткі пятай артыкула 34 Закона Рэспублікі Беларусь «О порядке и условиях содержания лиц под стражей», што прадугледжваюць права асуджаных да арышту, пазбаўлення свабоды, пажыццёвага заключэння, асоб, якія ўтрымліваюцца пад вартай, і адміністрацыйна арыштаваных на судовае абскарджанне накладзеных спагнанняў, главу 29 ГПК неабходна дапоўніць нормамі, што вызначаюць парадак і асаблівасці разгляду ў судах скаргаў дадзенай катэгорыі асоб з улікам іх прававога палажэння.

 

Дадзенае рашэнне Канстытуцыйнага Суда выканана шляхам дапаўнення Законам Рэспублікі Беларусь ад 4 студзеня 2012 года «О внесении изменений и дополнений в некоторые законы Республики Беларусь» главы 29 ГПК, якая рэгулюе вядзенне па справах, што ўзнікаюць з адміністрацыйна-прававых адносін, параграфам 61 «Особенности рассмотрения и разрешения жалоб осужденных к аресту, лишению свободы, пожизненному заключению, лиц, содержащихся под стражей, на применение к ним мер взыскания и жалоб административно арестованных на применение к ним видов дисциплинарных взысканий».

 

Канстытуцыйны Суд пацвярджае сваю прававую пазіцыю, выкладзеную ў рашэнні ад 27 мая 2010 г., і адзначае, што прававыя адносіны, якія ўзнікаюць у сувязі з прымяненнем мер спагнання ў адносінах да асуджаных да абмежавання свабоды, папраўчых работ і іншых відаў пакарання, таксама вынікаюць з адміністрацыйна-прававых адносін паміж дадзенымі катэгорыямі асуджаных і ўпаўнаважанымі асобамі, якія забяспечваюць рэжым адбывання пакарання. Аднак у главе 29 ГПК, палажэннямі якой рэгулюецца вядзенне па справах, што ўзнікаюць з адміністрацыйна-прававых адносін, адсутнічаюць нормы, якія вызначаюць парадак разгляду судом спраў па скаргах асоб, асуджаных да ўказаных відаў пакарання, на прымяненне да іх мер спагнання.

 

Канстытуцыйны Суд лічыць, што адсутнасць у КВК і ГПК норм, якія ўстанаўліваюць права і парадак абскарджання асуджанымі да абмежавання свабоды, папраўчых работ і іншых відаў пакарання прымененых да іх мер спагнання, парушае канстытуцыйныя гарантыі судовай абароны правоў грамадзян, не дазваляе ўказаным асуджаным належным чынам абараняць свае правы і свабоды і, як следства, не садзейнічае своечасовасці і эфектыўнасці аднаўлення парушаных правоў.

 

6. У шэрагу рашэнняў Канстытуцыйнага Суда сфармуляваны прававыя пазіцыі, накіраваныя на ўстараненне ў заканадаўчых актах калізій, прабелаў і прававой нявызначанасці, фарміраванне прававой сістэмы, у якой нарматыўныя прававыя акты знаходзяцца ва ўзаемасувязі, адпавядаюць адзін аднаму, забяспечваюцца яснасць, дакладнасць і лагічная ўзгодненасць прававых норм. Няўхільнае прытрымліванне заканадаўцам прынцыпу прававой пэўнасці садзейнічае прававой бяспецы і прадказальнасці прававога рэгулявання, павышае гарантыі дзяржаўнай абароны канстытуцыйных правоў і свабод асобы, служыць важным інструментам падтрымання даверу грамадзян да дзяржаўнай улады і яе інстытутаў.

 

Зніжэнне ўзроўню гарантый судовай абароны асоб, асуджаных у тым ліку да папраўчых работ, абмежавання свабоды і іншых відаў пакарання, правы і законныя інтарэсы каторых, па іх меркаванні, парушаюцца рашэннямі службовых асоб органаў і ўстаноў, якія выконваюць пакаранне і іншыя меры крымінальнай адказнасці, у параўнанні з асуджанымі, права якіх на аспрэчванне такіх рашэнняў устаноўлена ў заканадаўчым парадку, нельга прызнаць справядлівым і адпаведным палажэнням артыкула 22 Канстытуцыі, які гарантуе роўнасць усіх перад законам і права без усякай дыскрымінацыі на роўную абарону правоў і законных інтарэсаў.

 

Канстытуцыйны Суд, грунтуючыся на нормах Канстытуцыі аб тым, што ў Рэспубліцы Беларусь устанаўліваецца прынцып вяршэнства права, а дзяржава, усе яе органы і службовыя асобы дзейнічаюць у межах Канстытуцыі і прынятых у адпаведнасці з ёю актаў заканадаўства (часткi першая і другая артыкула 7); дзяржава абавязана прымаць усе даступныя ёй меры дзеля стварэння ўнутранага і міжнароднага парадку, неабходнага для поўнага ажыццяўлення правоў і свабод грамадзян Рэспублікі Беларусь, прадугледжаных Канстытуцыяй; дзяржаўныя органы, службовыя і іншыя асобы, якім даверана выкананне дзяржаўных функцый, абавязаны ў межах сваёй кампетэнцыі прымаць неабходныя меры для ажыццяўлення і абароны правоў і свабод асобы (часткі першая і другая артыкула 59), лічыць неабходным устараніць прававую нявызначанасць у канстытуцыйна-прававым рэгуляванні права і парадку абскарджання асуджанымі ў суд прымененых да іх мер спагнання.

 

На падставе выкладзенага, кіруючыся часткамі першай і сёмай артыкула 116 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, абзацам восьмым часткі трэцяй артыкула 22 і артыкулам 24 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб судаўладкаванні і статусе суддзяў, часткай другой артыкула 74, артыкуламі 75, 77, 80, 84, часткай сямнаццатай артыкула 85 і артыкулам 160 Закона Рэспублікі Беларусь «О конституционном судопроизводстве», Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь

 

ВЫРАШЫЎ:

 

1. У мэтах рэалізацыі канстытуцыйнага права кожнага на судовую абарону, забеспячэння вяршэнства права і прававой пэўнасці ў дзеючым прававым рэгуляванні прызнаць неабходным унесці ў Крымінальна-выканаўчы і Грамадзянскі працэсуальны кодэксы Рэспублікі Беларусь змяненні, якія ўстанаўліваюць права і парадак абскарджання ў суд асуджанымі да абмежавання свабоды, папраўчых работ і іншых відаў пакарання прымененых да іх мер спагнання.

 

2. Прапанаваць Савету Міністраў Рэспублікі Беларусь падрыхтаваць праект закона аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у Крымінальна-выканаўчы і Грамадзянскі працэсуальны кодэксы Рэспублікі Беларусь і ўнесці яго ва ўстаноўленым парадку ў Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь.

 

3. Рашэнне ўступае ў сілу з дня прыняцця.

 

4. Апублікаваць рашэнне ў адпаведнасці з заканадаўчымі актамі.

 

 

Старшынствуючы –

Старшыня Канстытуцыйнага Суда

Рэспублікі Беларусь                                                                                                      П.П.Міклашэвіч

Версiя для друку