Рашэнне Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь
10 красавіка 2018 г. № Р-1122/2018
Аб праве на судовую абарону зацікаўленых асоб у загадным вядзенні

Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь у складзе старшынствуючага – Старшыні Канстытуцыйнага Суда Міклашэвіча П.П., намесніка Старшыні Карповіч Н.А., суддзяў Бойка Т.С., Варановіча Т.В., Данілюка  С.Я., Козыравай Л.Р., Падгрушы В.В., Рабцава  В.М., Рабцава Л.М., Цікавенкі А.Г., Чыгрынава С.П.

 

разгледзеў у адкрытым судовым пасяджэнні справу «Аб праве на судовую абарону зацікаўленых асоб у загадным вядзенні».

 

У судовым пасяджэнні прынялі ўдзел:

 

паўнамоцны прадстаўнік Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь у Канстытуцыйным Судзе – Гуйвiк Н.В., старшыня Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па заканадаўстве;

 

паўнамоцны прадстаўнік Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь у Канстытуцыйным Судзе – Тушынскі I.Г., намеснік Міністра юстыцыі Рэспублікі Беларусь;

 

прадстаўнікі:

 

Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь – Забара А.А., намеснік Старшыні Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь;

 

Генеральнай пракуратуры Рэспублікі Беларусь – Лашын А.М., намеснік Генеральнага пракурора Рэспублікі Беларусь;

 

Беларускай рэспубліканскай калегіі адвакатаў – Матусевіч Т.У., намеснік старшыні Беларускай рэспубліканскай калегіі адвакатаў.

 

Вядзенне па справе ўзбуджана Канстытуцыйным Судом вызначэннем ад 7 лютага 2018 г. у адпаведнасці з часткай першай артыкула 116 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь (далей – Канстытуцыя), абзацам восьмым часткі трэцяй артыкула 22 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб судаўладкаванні і статусе суддзяў, часткамі другой і чацвёртай артыкула 158 Закона Рэспублікі Беларусь «О конституционном судопроизводстве» на падставе паступіўшага ў Канстытуцыйны Суд звароту Беларускай рэспубліканскай калегіі адвакатаў аб наяўнасці ў грамадзянскім працэсуальным і гаспадарчым працэсуальным заканадаўстве Рэспублікі Беларусь, якое рэгулюе загаднае вядзенне, прабела прававога рэгулявання ў частцы забеспячэння права на судовую абарону іншых, нароўні са спагнаннікам і даўжніком, зацікаўленых асоб, правы і законныя інтарэсы якіх могуць закранацца вызначэннем аб судовым загадзе.

 

У звароце ўказваецца, што ў правапрымяняльнай практыцы маюць месца выпадкі, калі суды агульнай юрысдыкцыі ў рамках загаднага вядзення выносяць вызначэнні аб судовым загадзе без усебаковага і поўнага разгляду справы, у той час як існуюць спрэчка аб праве і шырокае кола зацікаўленых у зыходзе справы асоб, якія павінны былі ўдзельнічаць у справе і выкладаць сваю пазіцыю. Аднак такія асобы, правы і законныя інтарэсы якіх закранаюцца вызначэннем аб судовым загадзе, пазбаўлены магчымасці судовай абароны сваіх правоў і законных інтарэсаў з прычыны адсутнасці ў грамадзянскім працэсуальным і гаспадарчым працэсуальным заканадаўстве прававых норм, што забяспечваюць такое права.

 

Заслухаўшы суддзю-дакладчыка Рабцава В.М., выступленні паўнамоцных прадстаўнікоў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь у Канстытуцыйным Судзе, прадстаўнікоў Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь, Генеральнай пракуратуры Рэспублікі Беларусь, Беларускай рэспубліканскай калегіі адвакатаў, прааналізаваўшы палажэнні Канстытуцыі, Грамадзянскага працэсуальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь (далей – ГрПК), Гаспадарчага працэсуальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь (далей – ГПК) і іншых заканадаўчых актаў Рэспублікі Беларусь, даследаваўшы прадстаўленыя дакументы і іншыя матэрыялы  справы, Канстытуцыйны Суд устанавіў.

 

1. Канстытуцыяй прадугледжана, што чалавек, яго правы, свабоды і гарантыі іх рэалізацыі з’яўляюцца найвышэйшай каштоўнасцю і мэтай грамадства і дзяржавы (частка першая артыкула 2); забеспячэнне правоў і свабод грамадзян Рэспублікі Беларусь – найвышэйшая мэта дзяржавы; дзяржава гарантуе правы і свабоды грамадзян Беларусі, замацаваныя ў Канстытуцыі, законах і прадугледжаныя міжнароднымі абавязацельствамі дзяржавы (часткі першая і трэцяя артыкула 21).

 

Згодна з Канстытуцыяй кожнаму гарантуецца абарона яго правоў і свабод кампетэнтным, незалежным і непрадузятым судом у вызначаныя законам тэрміны (частка першая артыкула 60).

 

У адпаведнасці з артыкулам 8 Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека кожны чалавек мае права на эфектыўнае аднаўленне ў правах кампетэнтнымі нацыянальнымі судамі ў выпадках парушэння яго асноўных правоў, нададзеных яму канстытуцыяй або законам.

 

Міжнародным пактам аб грамадзянскіх і палітычных правах замацаваны абавязак кожнай дзяржавы, што ўдзельнічае ў дадзеным Пакце, забяспечыць любой асобе, правы і свабоды якой парушаны, эфектыўны сродак прававой абароны, а таксама развіваць магчымасці судовай абароны (падпункты «а» і «b» пункта 3 артыкула 2).

 

У рашэннях Канстытуцыйнага Суда неаднаразова ўказвалася, што замацаваны ў міжнародна-прававых актах свабодны і бесперашкодны доступ да правасуддзя з’яўляецца дасягненнем сучаснай цывілізацыі, неад’емнай састаўляючай фундаментальнага канстытуцыйнага права грамадзян і юрыдычных асоб на судовую абарону.

 

Рэспубліка Беларусь згодна з часткай першай артыкула 8 Канстытуцыі прызнае прыярытэт агульнапрызнаных прынцыпаў міжнароднага права і забяспечвае адпаведнасць ім заканадаўства.

 

Зыходзячы з прыведзеных канстытуцыйных палажэнняў і норм міжнародна-прававых актаў ва ўзаемасувязі з патрабаваннямі часткі першай артыкула 59 Канстытуцыі, дзяржава абавязана прымаць усе даступныя ёй меры для ажыццяўлення правоў і свабод грамадзян, уключаючы судовую абарону гэтых правоў і свабод, якая павінна быць справядлівай, кампетэнтнай і эфектыўнай.

 

2. У адпаведнасці з артыкулам 39 Закона «О конституционном судопроизводстве» у Вярхоўны Суд, Генеральную пракуратуру, Міністэрства юстыцыі, Нацыянальны цэнтр заканадаўства і прававых даследаванняў Рэспублікі Беларусь, Беларускую рэспубліканскую калегію адвакатаў Канстытуцыйным Судом былі накіраваны запыты, у пісьмовых адказах на якія названыя дзяржаўныя органы і іншыя арганізацыі выклалі сваё меркаванне па справе.

 

У адказе Вярхоўнага Суда ўказваецца, што замацаванне ў загадным вядзенні магчымасці задавальнення пярэчанняў супраць заяўленага спагнаннікам патрабавання або заявы з абгрунтаваным патрабаваннем аб адмене вызначэння аб судовым загадзе або адмене яго ў частцы іншых зацікаўленых асоб, правы і законныя інтарэсы якіх могуць быць закрануты вызначэннем аб судовым загадзе, будзе супярэчыць самой сутнасці загаднага вядзення і сведчыць аб тым, што патрабаванні заяўніка не з’яўляюцца бясспрэчнымі.

 

Па меркаванні Вярхоўнага Суда, вызначэнне аб судовым загадзе, якое можа паўплываць на правы і абавязкі трэціх асоб, не перашкаджае абароне гэтымі асобамі сваіх правоў і законных інтарэсаў у рамках судаводства па справах аб разглядзе рэгрэсных іскаў; акрамя таго, асобы, чые правы або ахоўваемыя законам інтарэсы парушаны, могуць абскардзіць вынесенае вызначэнне аб судовым загадзе ў парадку нагляду ў адпаведнасці з часткай другой артыкула 437 ГрПК. У сувязі з гэтым прававое рэгуляванне загаднага вядзення ў абмяркоўваемай частцы з’яўляецца дастатковым і не патрабуе ўнясення якіх-небудзь змяненняў у працэсуальнае заканадаўства па дадзеным пытанні.

 

Генеральная пракуратура лічыць, што заканадаўцам  рэгламентаваны пералік патрабаванняў спагнанніка, што падлягаюць разгляду ў парадку загаднага вядзення, інстытут якога ўведзены ў грамадзянскі і гаспадарчы працэсы ў мэтах спрашчэння працэдуры спагнання з даўжніка маёмасці або грашовых сродкаў па абавязацельствах, якія бясспрэчна пацвярджаюцца дакументамі, што прадстаўляюцца спагнаннікам у суд. Зацікаўленыя ж асобы па справах загаднага вядзення могуць абараніць свае правы, якія, па іх меркаванні, закранаюцца вызначэннем аб судовым загадзе, у парадку іскавага вядзення. Па меркаванні Генеральнай пракуратуры, у грамадзянскім і гаспадарчым судаводстве адсутнічае прабел прававога рэгулявання ў частцы забеспячэння права на судовую абарону іншых асоб, акрамя спагнанніка і даўжніка, чые правы і абавязкі могуць быць закрануты вызначэннем аб судовым загадзе, і неабходнасці ва ўнясенні змяненняў у ГрПК і ГПК па дадзеным пытанні няма.

 

Міністэрства юстыцыі адзначае, што загаднае вядзенне уяўляе сабой спрошчаны, дакументарны працэс, калі без правядзення судовага пасяджэння і выкліку бакоў, якімі з’яўляюцца спагнаннік і даўжнік, суд разглядае заяўленыя патрабаванні зыходзячы з доказаў, прадстаўленых бакамі або адным бокам, і пры адсутнасці матываваных пярэчанняў другога боку выносіць судовую пастанову. Суд можа прыняць толькі аргументаваныя пярэчанні даўжніка і на гэтай падставе адмовіць спагнанніку ў вынясенні судовай пастановы. Прымаючы да ўвагі прававую прыроду загаднага вядзення і іншыя палажэнні грамадзянскага і гаспадарчага судаводства, Міністэрства юстыцыі лічыць, што зацікаўленыя асобы маюць законныя падставы рэалізаваць сваё канстытуцыйнае права на судовую абарону ў парадку іскавага вядзення.

 

У той жа час Міністэрства юстыцыі ўказвае, што аналіз заканадаўства не дазваляе зрабіць адназначны вывад аб наяўнасці прабела правага рэгулявання ў частцы забеспячэння права на судовую абарону іншых зацікаўленых асоб, правы і абавязкі якіх могуць закранацца вызначэннем аб судовым загадзе, а таксама дастатковых падстаў для ўнясення змяненняў у ГрПК і ГПК.

 

Нацыянальны цэнтр заканадаўства і прававых даследаванняў адзначае, што ў адпаведнасці з грамадзянскім працэсуальным і гаспадарчым працэсуальным заканадаўствам трэція асобы не з’яўляюцца ўдзельнікамі загаднага вядзення, у сувязі з чым механізм абароны іх правоў і законных інтарэсаў у загадным вядзенні адсутнічае. Разам з тым у ГрПК і ГПК прадугледжаны інструменты абароны правоў і законных інтарэсаў трэціх асоб у грамадзянскім і гаспадарчым працэсах. Так, суддзя, суд, які разглядае эканамічныя справы, абавязаны адмовіць у прыняцці заявы аб узбуджэнні загаднага вядзення, калі бачыцца наяўнасць спрэчкі аб праве, якую немагчыма вырашыць на падставе прадстаўленых дакументаў. Акрамя таго, палажэннямі ГрПК і ГПК прадугледжана магчымасць падачы нагляднай скаргі асобамі, чые правы або ахоўваемыя законам інтарэсы парушаны вынесенай па справе судовай пастановай.

 

Беларуская рэспубліканская калегія адвакатаў указвае, што ў грамадзянскім працэсуальным і гаспадарчым працэсуальным заканадаўстве, якое рэгулюе загаднае вядзенне, існуе прабел прававога рэгулявання ў частцы забеспячэння права на судовую абарону зацікаўленых асоб, якія не з’яўляюцца спагнаннікам або даўжніком у загадным вядзенні, правы і законныя інтарэсы якіх могуць закранацца вызначэннем аб судовым загадзе.

 

Пры гэтым Беларуская рэспубліканская калегія адвакатаў адзначае, што вызначэнне аб судовым загадзе можа прама або ўскосна закранаць правы і інтарэсы не толькі спагнанніка і даўжніка, але і іншых асоб, якія не з’яўляюцца бокам у загадным вядзенні. Напрыклад, зацікаўленая асоба можа, нароўні са спагнаннікам або даўжніком, прэтэндаваць на маёмасць, што знаходзіцца ў даўжніка, аб перадачы якой спагнанніку заяўлена патрабаванне ў загадным вядзенні. Спагнанне з даўжніка грашовых сродкаў можа закранаць інтарэсы іншых крэдытораў даўжніка або яго заснавальнікаў (удзельнікаў). Працэсуальныя законы не змяшчаюць механізмаў процідзеяння зацікаўленых асоб нават відавочна нядобрасумленнай змове паміж спагнаннікам і даўжніком, калі, напрыклад, даўжнік наўмысна прызнае ў загадным вядзенні яўна завышаныя або неабгрунтаваныя патрабаванні аднаго са спагнаннікаў з мэтай забяспечыць выплату гэтаму спагнанніку значнай сумы грашовых сродкаў або перадачу большай часткі або ўсёй сваёй маёмасці, абцяжарыўшы тым самым або зрабіўшы немагчымым задавальненне патрабаванняў іншых спагнаннікаў.

 

Выпадкі вынясення судамі агульнай юрысдыкцыі вызначэнняў аб судовым загадзе, якімі закранаюцца правы і законныя інтарэсы іншых асоб, у правапрымяняльнай практыцы з’яўляюцца неадзінкавымі, пры гэтым, па меркаванні Беларускай рэспубліканскай калегіі адвакатаў, такія асобы пазбаўляюцца права на судовае вырашэнне прававой праблемы з захаваннем вызначаных у Канстытуцыі гарантый судаводства.

 

3. У адпаведнасці з часткамі першай – трэцяй артыкула 109, часткай першай артыкула 110, часткай першай артыкула 112 Канстытуцыі і канкрэтызуючымі іх палажэннямі артыкулаў 2, 5 і 7 Кодэкса аб судаўладкаванні і статусе суддзяў судовая ўлада ў Рэспубліцы Беларусь належыць судам; сістэма судоў будуецца на прынцыпах тэрытарыяльнасці і спецыялізацыі; судаўладкаванне ў Рэспубліцы Беларусь вызначаецца законам; суддзі пры ажыццяўленні правасуддзя незалежныя і падпарадкоўваюцца толькі закону; суды ажыццяўляюць правасуддзе на аснове Канстытуцыі і прынятых у адпаведнасці з ёю iншых нарматыўных актаў.

 

Згодна з Кодэксам аб судаўладкаванні і статусе суддзяў судовую сістэму Рэспублікі Беларусь складаюць у тым ліку суды агульнай юрысдыкцыі, якія ажыццяўляюць правасуддзе праз грамадзянскае, крымінальнае, адміністрацыйнае судаводства і судаводства па эканамічных справах (абзац трэці часткі першай артыкула 5);  сістэму судоў агульнай юрысдыкцыі складаюць раённыя (гарадскія) суды, абласныя (Мінскі гарадскі) суды, эканамічныя суды абласцей (горада Мінска), Вярхоўны Суд Рэспублікі Беларусь (частка першая артыкула 28).

 

Грамадзянскае судаводства і судаводства па эканамічных справах рэгулююцца адпаведна ГрПК і ГПК, задачамі якіх з’яўляюцца забеспячэнне правільнага і своечасовага разгляду судамі спраў, абарона правоў і ахоўваемых законам інтарэсаў грамадзян, юрыдычных асоб, індывідуальных прадпрымальнікаў, садзейнічанне ўмацаванню законнасці і папярэджанню правапарушэнняў у сферы прадпрымальніцкай і іншай гаспадарчай (эканамічнай) дзейнасці (артыкул 5 ГрПК, артыкул 4 ГПК). 

 

Загаднае вядзенне з’яўляецца самастойным відам грамадзянскага судаводства і судаводства па эканамічных справах (артыкул 8 ГрПК, абзац дзевятнаццаты артыкула 1 ГПК), рэгулюецца палажэннямі аднайменных главы 31 ГрПК і главы 24 ГПК – «Приказное производство», нормы якіх устанаўліваюць працэсуальны парадак разгляду судамі агульнай юрысдыкцыі заяў у парадку загаднага вядзення.

 

У адпаведнасці з часткамі першай і другой артыкула 394 ГрПК загадным з’яўляецца вядзенне па заяве аб спагнанні грашовай сумы або выпатрабаванні рухомай маёмасці з даўжніка без правядзення судовага пасяджэння і выкліку бакоў у выпадках, указаных у дадзеным артыкуле, з вынясеннем суддзёй вызначэння аб судовым загадзе.

 

Згодна з артыкулам 220 ГПК загаднае вядзенне – гэта вынясенне судом, які разглядае эканамічныя справы, вызначэння аб судовым загадзе без разбору і выкліку бакоў па заяве спагнанніка (частка першая); у загадным вядзенні разглядаюцца патрабаванні аб спагнанні грашовых сродкаў, аб выпатрабаванні маёмасці або аб звароце спагнання на маёмасць даўжніка, якія носяць бясспрэчны характар (заснаваны на дакументах, што пацвярджаюць запазычанасць даўжніка), ці прызнаюцца (не аспрэчваюцца) даўжніком, але не выконваюцца (частка другая).

 

Вызначэнне аб судовым загадзе з’яўляецца адным з відаў судовай пастановы (пункт 22 артыкула 1 ГрПК, абзац шаснаццаты артыкула 1, часткі другая і чацвёртая артыкула 9 ГПК) і адначасова выканаўчым дакументам; прыводзіцца ў выкананне ў парадку, устаноўленым для выканання судовых рашэнняў (частка трэцяя артыкула 394 ГрПК, частка чацвёртая артыкула 220 ГПК, абзац трэці часткі першай артыкула 10 Закона Рэспублікі Беларусь «Об исполнительном производстве»).

 

Пры вызначэнні ўмоў і парадку ўзбуджэння загаднага вядзення заканадаўцам прадугледжаны падставы да адмовы ў прыняцці суддзёй (судом) заявы аб узбуджэнні загаднага вядзення на стадыі прыняцця заявы. Так, суддзя (суд) адмаўляе у прыняцці заявы аб узбуджэнні загаднага вядзення ў выпадку, калі бачыцца наяўнасць спрэчкі аб праве, якую немагчыма вырашыць на падставе прадстаўленых дакументаў (частка першая, пункт 4 часткi другой артыкула 396 ГрПК, абзац пяты часткі першай артыкула 222 ГПК).

 

У выпадках нязгоды з заяўленымі спагнаннікам патрабаваннямі даўжніку прадастаўлена права абараняць свае правы і законныя інтарэсы шляхам накіравання ў суд пярэчання супраць заяўленага патрабавання з выкарыстаннем любых сродкаў сувязі (частка трэцяя артыкула 398 ГрПК), а таксама падачы ў суд, які разглядае эканамічныя справы, заявы з абгрунтаваным патрабаваннем аб адмене вызначэння аб судовым загадзе або аб адмене яго ў частцы, калі ён не меў магчымасці па ўважлівых прычынах своечасова заявіць свае пярэчанні супраць патрабавання спагнанніка (частка першая артыкула 226 ГПК). У гэтых выпадках суддзя (суд) адмяняе вызначэнне аб судовым загадзе.

 

У той жа час магчымасць судовай абароны іншых асоб, правы і законныя інтарэсы якіх могуць быць закрануты вызначэннем аб судовым загадзе, у ГрПК і ГПК не ўстаноўлена, што абмяжоўвае канстытуцыйнае права такіх асоб на судовую абарону.

 

Прымаючы да ўвагi, што ў грамадзянскім працэсуальным і гаспадарчым працэсуальным заканадаўстве прававое рэгуляванне адносін, звязаных з прадастаўленнем права на судовую абарону іншым асобам, правы і законныя інтарэсы якіх могуць быць закрануты вынесеным у рамках загаднага вядзення вызначэннем аб судовым загадзе, не прадугледжана, Канстытуцыйны Суд прыходзіць да вываду аб наяўнасці прабела заканадаўчага рэгулявання ўказаных адносiн.

 

Канстытуцыйны Суд звяртае ўвагу на прававое рэгуляванне сходных адносін у сферы загаднага вядзення заканадаўствам дзяржаў – членаў Еўразійскага эканамічнага саюза Рэспублікі Казахстан і Расійскай Федэрацыі. Так, у адпаведнасці з Грамадзянскім працэсуальным кодэксам Рэспублікі Казахстан суддзя адмяняе судовы загад, калі ад даўжніка ва ўстаноўлены тэрмін паступяць пярэчанні супраць заяўленага патрабавання або калі паступіць заява іншай асобы, правы і абавязкі якой закранаюцца судовым загадам, аб неадпаведнасці вынесенага судовага загада патрабаванням закона (частка першая артыкула 142).

 

4. Канстытуцыя, абвяшчаючы, што чалавек, яго правы, свабоды і гарантыі іх рэалізацыі з’яўляюцца найвышэйшай каштоўнасцю і мэтай грамадства і дзяржавы (частка першая артыкула 2), гарантуе кожнаму права ўласнасці і яе абарону, права валодаць, карыстацца і распараджацца маёмасцю як асабіста, так і сумесна з іншымі асобамі, а таксама абарону ўказаных правоў і свабод, у тым ліку судовую абарону (часткi першая – трэцяя артыкула 44, частка першая артыкула 60).

 

З прававых пазіцый Канстытуцыйнага Суда, сфармуляваных ім у рашэнні ад 14 лютага 2018 г. па справе «Аб прававым рэгуляванні вылічэння тэрміну прад’яўлення выканаўчага дакумента да выканання», вынікае, што права ўласнасці і іншыя маёмасныя правы падлягаюць абароне на аснове суразмернасці і прапарцыянальнасці для забеспячэння балансу правоў і законных інтарэсаў усіх удзельнікаў грамадзянскага абароту – уласнікаў, крэдытораў, даўжнікоў; агульнапрызнаныя прынцыпы недатыкальнасці ўласнасці і свабоды дагавора, якія прадугледжваюць роўнасць, аўтаномію волі і маёмасную самастойнасць удзельнікаў грамадзянска-прававых адносін, недапушчальнасць адвольнага ўмяшання ў прыватныя справы, абумоўліваюць свабоду валодання, карыстання і распараджэння маёмасцю, уключаючы магчымасць адчужаць сваю маёмасць ва ўласнасць іншым асобам, перадаваць ім, застаючыся ўласнікам, права валодання, карыстання і распараджэння маёмасцю, і адначасова неабходнасць суаднясення прыналежнага асобе права ўласнасці з правамі і свабодамі іншых асоб.

 

Згодна з Канстытуцыяй ажыццяўленне права ўласнасці не павінна ўціскаць правы і абараняемыя законам інтарэсы іншых асоб (частка шостая артыкула 44), таму заканадавец, устанавіўшы магчымасць судовай абароны правоў спагнанніка і даўжніка ў загадным вядзенні, не забяспечыўшы пры гэтым іншым зацікаўленым асобам роўнай абароны сваіх правоў і законных інтарэсаў, якія могуць быць парушаны вызначэннем аб судовым загадзе, пры далейшым удасканальванні заканадаўства павінен зыходзіць з таго, што правы і законныя інтарэсы ўсіх удзельнікаў грамадзянскага абароту павінны атрымліваць суразмерную (прапарцыянальную) абарону на аснове балансу канстытуцыйных каштоўнасцей.

 

Раскрываючы канстытуцыйны змест права на абарону ўласнасці, Канстытуцыйны Суд у рашэнні ад 14 лютага 2018 г. адзначыў, што заканадавец прызваны забяспечваць прававую пэўнасць, стабільнасць і прадказальнасць у сферы грамадзянскага абароту, падтрымліваючы як можна больш высокі ўзровень узаемнага даверу паміж суб’ектамі праваадносін і ствараючы неабходныя ўмовы для эфектыўнай абароны права ўласнасці і іншых маёмасных правоў.

 

Вызначэннi аб судовым загадзе, якія выносяцца судамі агульнай юрысдыкцыі ў рамках загаднага вядзення i змяшчаюць прадпісанні аб спагнанні на карысць заяўніка грашовых сродкаў, аб выпатрабаванні рухомай маёмасці, аб выпатрабаванні маёмасці або аб звароце спагнання на маёмасць даўжніка (часткі першая і другая артыкула 394 ГрПК, часткі першая і другая артыкула 220 ГПК), параджаюць матэрыяльныя правы і працэсуальныя абавязкі ўдзельнікаў загаднага вядзення, а таксама могуць закранаць правы і законныя інтарэсы іншых зацікаўленых у зыходзе справы асоб. Адсутнасць у такіх асоб сродкаў судовай абароны сваіх правоў і законных інтарэсаў у загадным вядзенні, у адрозненне ад спагнанніка і даўжніка, не ў поўнай меры забяспечвае стабільнасць і прадказальнасць грамадзянскага абароту, прыводзіць да ўціскання правоў іншых асоб, перашкаджае іх эфектыўнай абароне, можа пацягнуць прычыненне дадзеным асобам матэрыяльнага ўрону.

 

5. У адпаведнасці з Канстытуцыяй у Рэспубліцы Беларусь устанаўліваецца прынцып вяршэнства права. 

 

Як адзначана ў Пасланні Канстытуцыйнага Суда Прэзідэнту Рэспублікі Беларусь і палатам Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь «Аб стане канстытуцыйнай законнасці ў Рэспубліцы Беларусь у 2016 годзе», адной з важнейшых састаўляючых вяршэнства права з’яўляецца даступнасць правасуддзя, якая выражаецца ў гарантаванні кожнаму права на судовую абарону кампетэнтным, незалежным і непрадузятым судом.

 

Прадугледжанае артыкулам 60 Канстытуцыі права кожнага на судовую абарону выступае гарантыяй рэалізацыі ўсіх іншых канстытуцыйных правоў і свабод і носіць універсальны характар.

 

Канстытуцыйнае права на судовую абарону ва ўзаемасувязі з прынцыпам ажыццяўлення правасуддзя на аснове спаборнасці і роўнасці бакоў у працэсе (частка першая артыкула 115 Канстытуцыі) мае на мэце забеспячэнне дзяржавай магчымасці атрымання рэальнай судовай абароны шляхам аднаўлення парушаных правоў і свабод. Іншае не адпавядае ўніверсальнаму для ўсіх відаў судаводства, у тым ліку загаднага вядзення, патрабаванню эфектыўнага аднаўлення ў правах пры дапамозе правасуддзя, якое адказвае крытэрыям справядлівасці, і абмяжоўвае права на судовую абарону. Магчымасць рэалізацыі ўказаных канстытуцыйных прынцыпаў павінна забяспечвацца не толькі спагнанніку і даўжніку, але і іншым зацікаўленым асобам, правы і абавязкі якiх могуць быць закрануты вызначэннем аб судовым загадзе ў загадным вядзенні.

 

Такім чынам, калі вызначэнне аб судовым загадзе закранае правы і законныя інтарэсы іншых асоб, цягне для іх пэўныя абавязкі, то гэтым асобам у сілу прынцыпу спаборнасці і роўнасці бакоў у працэсе павінны быць забяспечаны працэсуальныя гарантыі абароны іх правоў і законных інтарэсаў у загадным вядзенні на раўнапраўнай аснове з даўжніком, паколькі толькі пры гэтай умове рэалізуецца права на судовую абарону, якая па сэнсе часткі першай артыкула 60 Канстытуцыі павінна быць справядлівай, поўнай і эфектыўнай.

 

Па меркаванні Канстытуцыйнага Суда, адсутнасць у такіх асоб адпаведных працэсуальных сродкаў і спосабаў абароны сваіх правоў і законных інтарэсаў у загадным вядзенні істотна абмяжоўвае канстытуцыйнае права гэтых асоб на судовую абарону, не адпавядае прынцыпам грамадзянскага судаводства і судаводства па эканамічных справах, не забяспечвае справядлівасцi судовай пастановы, у сувязi з чым не дазваляе разглядаць судовую працэдуру ў загадным вядзенні ў якасці эфектыўнага сродку прававой абароны.

 

У адпаведнасці з прынцыпам дыспазітыўнасці, уласцівым грамадзянскаму судаводству і судаводству па эканамічных справах, грамадзянскія працэсуальныя і гаспадарчыя працэсуальныя праваадносіны ўзнікаюць, змяняюцца і спыняюцца галоўным чынам па ініцыятыве асоб, якія ўдзельнічаюць у справе і маюць магчымасць з дапамогай суда распараджацца працэсуальнымі правамі і спрэчным матэрыяльным правам, не парушаючы пры гэтым правы і ахоўваемыя законам інтарэсы іншых асоб і дзяржавы (частка першая артыкула 18 ГрПК, частка першая артыкула 23 ГПК).

 

Дзеянне дадзенага прынцыпу распаўсюджваецца і на загаднае вядзенне, у якім даўжнік па сваім меркаванні вырашае, скарыстаць яму права накіравання ў суд пярэчання супраць заяўленых патрабаванняў (частка трэцяя артыкула 398 ГрПК) або падачы ў суд, што разглядае эканамічныя справы, заявы аб адмене вызначэння аб судовым загадзе (частка першая артыкула 226 ГПК), або не.

 

Нарматыўнае прававое рэгуляванне, пры якім магчымасць ініцыіравання судом працэдуры адмены вынесенага вызначэння аб судовым загадзе ў загадным вядзенні залежыць у сілу прынцыпу дыспазітыўнасці толькі ад меркавання даўжніка, на думку Канстытуцыйнага Суда, не забяспечвае вяршэнства норм Канстытуцыі, што гарантуюць кожнаму права на судовую абарону, не дазваляе ўсім іншым зацікаўленым асобам, правы і інтарэсы якіх могуць быць парушаны ўказанай судовай пастановай, належным чынам абараняць свае правы і законныя інтарэсы, не садзейнічае своечасовасці і эфектыўнасці аднаўлення парушаных правоў.

 

У прававой сістэме Рэспублікі Беларусь інстытут перагляду судовых пастаноў у парадку нагляду ў грамадзянскім судаводстве і судаводстве па эканамічных справах прадугледжвае агульнапрынятую ў прававой дзяржаве магчымасць у выпадках істотнага парушэння норм матэрыяльнага і (або) працэсуальнага права пераглядаць  уступіўшыя ў законную сілу судовыя пастановы, у тым ліку па скаргах асоб, чые правы або ахоўваемыя законам інтарэсы парушаны вынесенай па справе судовай пастановай (абзац другі часткi другой артыкулы 437 ГрПК, частка першая артыкула 303 ГПК).

 

Раскрываючы канстытуцыйна-прававую прыроду вядзення па пераглядзе ўступіўшых у законную сілу судовых пастаноў у парадку нагляду, Канстытуцыйны Суд лічыць, што перагляд у парадку нагляду такіх судовых пастаноў магчымы толькі як дадатковая гарантыя іх законнасці і прадугледжвае ўстанаўленне ў дадзенай стадыі працэсу асаблівых падстаў і працэдур вядзення, якія адпавядаюць яе прававой прыродзе і прызначэнню.

 

Па меркаванні Канстытуцыйнага Суда, наяўнасць права падачы нагляднай скаргі асобай, чые правы і інтарэсы парушаны вызначэннем аб судовым загадзе, не ва ўсіх выпадках з’яўляецца дастатковай для забеспячэння рэальнай абароны парушаных правоў, паколькі пасля выканання ўступіўшага ў законную сілу вызначэння аб судовым загадзе могуць узнікнуць перашкоды фактычнага або юрыдычнага характару, якія выключаюць магчымасць аднаўлення першапачатковага, у тым ліку маёмаснага, становішча асобы, чые правы і ахоўваемыя законам інтарэсы парушаны вызначэннем аб судовым загадзе.

 

Такім чынам, дзеючае прававое рэгуляванне загаднага вядзення не можа быць прызнана дастатковым для забеспячэння поўнай і эфектыўнай судовай абароны правоў і свабод кожнага як неабходнага элемента канстытуцыйна-прававога рэжыму, заснаванага на прынцыпах вяршэнства права і прававой дзяржавы. Узровень гарантый судовай абароны асоб, правы і законныя інтарэсы якіх могуць быць парушаны вызначэннем аб судовым загадзе, у параўнанні з узроўнем гарантый для асоб, права якіх на падачу заявы аб адмене такіх судовых пастаноў устаноўлена ў заканадаўчым парадку, нельга прызнаць справядлівым і суразмерным канстытуцыйна абараняемым інтарэсам.

 

Грунтуючыся на нормах Канстытуцыі, у мэтах забеспячэння канстытуцыйнага прынцыпу вяршэнства права, які прадугледжвае неабходнасць своечасовага ўстаранення ў нарматыўных прававых актах прабелаў, выключэння ў іх калізій і прававой нявызначанасці, стварэнне такой прававой сістэмы, у якой нарматыўныя прававыя акты знаходзяцца ў сістэмнай узаемасувязі, адпавядаюць адзін аднаму, а таксама забяспечваюцца яснасць, дакладнасць, несупярэчлівасць і лагічная ўзгодненасць прававых норм, Канстытуцыйны Суд лічыць неабходным устараніць прабел заканадаўчага рэгулявання загаднага вядзення, які мае канстытуцыйна-прававое значэнне, у частцы забеспячэння права на судовую абарону іншых, якія не з’яўляюцца спагнаннікам або даўжніком, зацікаўленых асоб, правы і законныя інтарэсы якіх закранаюцца вызначэннем аб судовым загадзе.

 

На падставе выкладзенага, кіруючыся часткамі першай і сёмай артыкула 116 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, абзацам восьмым часткі трэцяй артыкула 22 і артыкулам 24 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб судаўладкаванні і статусе суддзяў, часткай другой артыкула 74, артыкуламі 75, 77, 80, 84, часткай сямнаццатай артыкула 85 і артыкулам 160 Закона Рэспублікі Беларусь «О конституционном судопроизводстве», Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь

 

ВЫРАШЫЎ:

 

1. У мэтах рэалізацыі прынцыпу вяршэнства права, выканання канстытуцыйнага права на судовую абарону прызнаць неабходным устараніць прабел канстытуцыйна-прававога рэгулявання ў частцы забеспячэння права на судовую абарону зацікаўленых асоб у загадным вядзенні, правы і законныя інтарэсы якіх закранаюцца вызначэннем аб судовым загадзе, шляхам унясення адпаведных змяненняў у Грамадзянскi працэсуальны і Гаспадарчы працэсуальны кодэксы Рэспублікі Беларусь.

 

2. Прапанаваць Савету Міністраў Рэспублікі Беларусь падрыхтаваць адпаведны праект закона аб унясенні змяненняў у грамадзянскае працэсуальнае і гаспадарчае працэсуальнае заканадаўства Рэспублікі Беларусь, якое рэгулюе загаднае вядзенне, і ўнесці яго ва ўстаноўленым парадку ў Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь.

 

3. Рашэнне ўступае ў сілу з дня прыняцця.

 

4. Апублікаваць рашэнне ў адпаведнасці з заканадаўчымі актамі.

 

 

Старшынствуючы –

Старшыня Канстытуцыйнага Суда

Рэспублікі Беларусь                                                                                                           П.П.Міклашэвіч

Версiя для друку