Рашэнне Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь
14 лютага 2018 г. № Р-1121/2018
Аб прававым рэгуляванні вылічэння тэрміну прад’яўлення выканаўчага дакумента да выканання

Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь у складзе старшынствуючага – Старшыні Канстытуцыйнага Суда Міклашэвіча П.П., намесніка Старшыні Карповіч Н.А., суддзяў Бойка Т.С., Варановіча Т.В., Данілюка С.Я., Козыравай Л.Р., Падгрушы В.В., Рабцава В.М., Рабцава Л.М., Сяргеевай В.Г., Цікавенкі А.Г., Чыгрынава С.П.

 

разгледзеў у адкрытым судовым пасяджэнні справу «Аб прававым рэгуляванні вылічэння тэрміну прад’яўлення выканаўчага дакумента да выканання».

 

У судовым пасяджэнні прынялі ўдзел:

 

паўнамоцны прадстаўнік Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у Канстытуцыйным Судзе – Міцкевіч В.В., Намеснік Главы Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь;

 

паўнамоцны прадстаўнік Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь у Канстытуцыйным Судзе – Бодак А.М., старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па заканадаўстве і дзяржаўным будаўніцтве;

 

прадстаўнікі:

 

Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь – Забара А.А., намеснік Старшыні Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь;

 

Генеральнай пракуратуры Рэспублікі Беларусь – Стук А.К., намеснік Генеральнага пракурора Рэспублікі Беларусь;

 

Міністэрствы юстыцыі Рэспублікі Беларусь – Аўдзееў А.Д., намеснік Міністра юстыцыі Рэспублікі Беларусь.

 

Вядзенне па справе ўзбуджана Канстытуцыйным Судом 14 лістапада 2017 г. у адпаведнасці з часткай першай артыкула 116 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь (далей – Канстытуцыя), абзацам восьмым часткі трэцяй артыкула 22 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб судаўладкаванні і статусе суддзяў, часткамі другой і чацвёртай артыкула 158 Закона Рэспублікі Беларусь «О конституционном судопроизводстве» па пытанні прававога рэгулявання вылічэння тэрміну прад’яўлення выканаўчага дакумента да выканання.

 

Заслухаўшы суддзю-дакладчыка Козыраву Л.Р., выступленнi паўнамоцных прадстаўнікоў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь у Канстытуцыйным Судзе, прадстаўнікоў Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь, Генеральнай пракуратуры Рэспублікі Беларусь, Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь, прааналізаваўшы палажэннi Канстытуцыі, Грамадзянскага кодэкса Рэспублікі Беларусь, Закона Рэспублікі Беларусь «Об исполнительном производстве» (далей – Закон, Закон аб выканаўчым вядзенні) і іншых заканадаўчых актаў Рэспублікі Беларусь, даследаваўшы прадстаўленыя дакументы і іншыя матэрыялы справы, Канстытуцыйны Суд зыходзіць з наступнага.

 

1. Канстытуцыяй прадугледжана, што чалавек, яго правы, свабоды і гарантыі іх рэалізацыі з’яўляюцца найвышэйшай каштоўнасцю і мэтай грамадства і дзяржавы (частка першая артыкула 2); забеспячэнне правоў і свабод грамадзян Рэспублікі Беларусь – найвышэйшая мэта дзяржавы; дзяржава гарантуе правы і свабоды грамадзян Беларусі, замацаваныя ў Канстытуцыі, законах і прадугледжаныя міжнароднымі абавязацельствамі дзяржавы (часткі першая і трэцяя артыкула 21).

 

Дзяржава надае ўсім роўныя правы для ажыццяўлення гаспадарчай і іншай дзейнасці, акрамя забароненай законам, і гарантуе роўную абарону і роўныя ўмовы для развіцця ўсіх форм уласнасці; гарантуе ўсім роўныя магчымасці свабоднага выкарыстання здольнасцей і маёмасці для прадпрымальніцкай і іншай не забароненай законам эканамічнай дзейнасці; ажыццяўляе рэгуляванне эканамічнай дзейнасці ў інтарэсах чалавека і грамадства; забяспечвае накiраванне і каардынацыю дзяржаўнай і прыватнай эканамічнай дзейнасці ў сацыяльных мэтах (часткі другая, чацвёртая і пятая артыкула 13 Канстытуцыі).

 

Артыкулам 22 Канстытуцыі  вызначана, што ўсе роўныя перад законам і маюць права без усякай дыскрымінацыі на роўную абарону правоў і законных інтарэсаў.

 

Згодна з Канстытуцыяй кожнаму гарантуецца абарона яго правоў і свабод кампетэнтным, незалежным і непрадузятым судом у вызначаныя законам тэрміны (частка першая артыкула 60).

 

У адпаведнасці з артыкуламі 7 і 8 Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека ўсе людзі роўныя перад законам і маюць права, без усялякага адрознення, на роўную абарону закона; кожны чалавек мае права на эфектыўнае аднаўленне ў правах кампетэнтнымі нацыянальнымі судамі ў выпадках парушэння яго асноўных правоў, нададзеных яму канстытуцыяй або законам.

 

Міжнародным пактам аб грамадзянскіх і палітычных правах замацаваны абавязак кожнай дзяржавы, што ўдзельнічае ў дадзеным Пакце, забяспечыць любой асобе, правы і свабоды якой парушаны, эфектыўны сродак прававой абароны, нават калі гэта парушэнне было здзейснена асобамі, якія дзейнічалі ў афіцыйнай якасці, а таксама прымяненне кампетэнтнымі ўладамі сродкаў прававой абароны, калі яны прадастаўляюцца (падпункты «а», «с» пункта 3 артыкула 2).

 

З прыведзеных канстытуцыйных палажэнняў і норм міжнародна-прававых актаў ва ўзаемасувязі з патрабаваннямі часткі першай артыкула 59 Канстытуцыі вынікае, што дзяржава абавязана прымаць усе даступныя ёй меры па забеспячэнні правоў і свабод грамадзян, уключаючы судовую абарону гэтых правоў і свабод.

 

2. У адпаведнасці з артыкулам 39 Закона «О конституционном судопроизводстве» у Вярхоўны Суд, Генеральную пракуратуру, Міністэрства юстыцыі, Нацыянальны цэнтр заканадаўства і прававых даследаванняў Рэспублікі Беларусь, на кафедру грамадзянскага працэсу і працоўнага права юрыдычнага факультэта Беларускага дзяржаўнага універсітэта былі накіраваны запыты, у пісьмовых адказах на якія названыя органы і іншыя арганізацыі выказалі сваё меркаванне па справе.

 

Вярхоўны Суд лiчыць, што існуючае прававое рэгуляванне тэрміну прад’яўлення выканаўчага дакумента да выканання дапускае пры неаднаразовым перапыненні тэрміну прад’яўлення выканаўчага дакумента да выканання (па ініцыятыве спагнанніка або пры яго нядобрасумленных дзеяннях) прадаўжэнне яго на нявызначана працяглы час. Вярхоўны Суд лічыць, што гэта не ў поўнай меры адпавядае замацаваным у артыкуле 5 Закона аб выканаўчым вядзенні прынцыпам раўнапраўя і добрасумленнасці бакоў выканаўчага вядзення, а таксама працэсуальнай эканоміі. Прымяняемы падыход стварае прававую нявызначанасць і не ўлічвае магчымасць злоўжывання правам з боку спагнанніка, у сувязi з чым палажэннi Закона, што рэгламентуюць пытаннi перапынку тэрмiну прад’яўлення выканаўчага дакумента да выканання, падлягаюць адпаведнай карэкцiроўцы.

 

Па меркаванні Генеральнай пракуратуры, спагнаннікі, якім дакумент вернуты судовым выканаўцам у сувязі з тым, што спагнанне не праведзена або праведзена часткова, а таксама спагнаннікі, якім выканаўчы дакумент вернуты па іх заяве, валодаюць роўнымі правамі на неаднаразовае прад’яўленне вернутага выканаўчага дакумента ў межах тэрміну даўнасці, вылічэнне якога з’яўляецца аднолькавым для спагнаннікаў абедзвюх катэгорый. Адкліканне выканаўчага дакумента з’яўляецца правам спагнанніка, які абараняе свае інтарэсы, парушаныя даўжніком. Генеральная пракуратура лiчыць, што дзеючае заканадаўства дастаткова поўна і справядліва рэгулюе праваадносіны, звязаныя з перапынкам тэрміну прад’яўлення выканаўчага дакумента да выканання, і падстаў для ўнясення змяненняў або дапаўненняў у Закон аб выканаўчым вядзенні не маецца.

 

Міністэрства юстыцыі ўказвае, што Законам аб выканаўчым вядзенні дакладна рэгламентаваны парадак і тэрміны прад’яўлення выканаўчых дакументаў, іх перапыненне, прыпыненне і наступствы сканчэння. Дадзеная рэгламентацыя базіруецца на асноватворным канстытуцыйным прынцыпе абавязковасці судовых пастаноў, прынцыпах належнага выканання абавязацельстваў, балансу правоў бакоў выканаўчага вядзення, а таксама шматгадовай практыцы выканання выканаўчых дакументаў розных катэгорый. Праблема нядобрасумленнага выкарыстання спагнаннікамі (залогатрымальнікамі) іх права на адкліканне выканаўчага дакумента на стадыі прыняцця рашэння аб пакіданні за сабой у лiк пагашэння доўгу нерэалізаванай закладзенай маёмасці даўжнікоў пасля паўторных таргоў вырашана Інструкцыяй па выканаўчым вядзенні, зацверджанай пастановай Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь ад 7 красавіка 2017 г. № 67. Згодна з часткай чацвёртай пункта 134 дадзенай Інструкцыі, калі залогатрымальнік, які з’яўляецца спагнаннікам, не скарыстаецца правам пакінуць за сабой прадмет залогу на працягу аднаго месяца з дня абвяшчэння паўторных таргоў, што не адбыліся, або на працягу ўказанага тэрміну падасць заяву аб вяртанні выканаўчага дакумента, судовы выканаўца выносіць пастанову аб спыненні дагавора залогу, здымае арышт з гэтай маёмасці, калі на выкананні адсутнічаюць выканаўчыя дакументы на карысць іншых спагнаннікаў. Міністэрства юстыцыі лiчыць існуючае рэгуляванне адносiн спагнанніка і даўжніка  абгрунтаваным, дакладным і аптымальным, што пацвярджаецца практыкай прымусовага выканання выканаўчых дакументаў, у сувязі з чым унясенне змяненняў і (або) дапаўненняў у Закон аб выканаўчым вядзенні ў частцы карэкціроўкі тэрмінаў прад’яўлення выканаўчых дакументаў да выканання не патрабуецца.

 

Нацыянальны цэнтр заканадаўства і прававых даследаванняў адзначае, што не мае інфармацыi аб практыцы прымянення палажэнняў заканадаўства, якія датычацца тэрміну прад’яўлення выканаўчага дакумента да выканання, а таксама праблемах, якія ўзнікаюць або існуюць пры прымяненні прававых норм у дадзенай частцы. У адказе ўказваецца, што ў Законе аб выканаўчым вядзенні адсутнічае прававая нявызначанасць у прававым рэгуляванні перапынку тэрміну прад’яўлення выканаўчага дакумента да выканання.

 

Па меркаванні кафедры грамадзянскага працэсу і працоўнага права Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, заканадаўства аб выканаўчым вядзенні базіруецца на прынцыпе дыспазітыўнасці, у адпаведнасці з якiм узбуджэнне выканаўчага вядзення ажыццяўляецца па ініцыятыве спагнанніка. У сілу дадзенага прынцыпу спагнаннік валодае ў выканаўчым вядзенні шэрагам распарадчых правамоцтваў, у тым ліку правам хадайнічаць аб вяртанні яму выканаўчага дакумента. Дзеючае заканадаўства аб выканаўчым вядзенні не ўшчамляе правоў даўжніка. Прад’яўленне спагнаннікам выканаўчага дакумента да прымусовага выканання з’яўляецца толькі следствам нездзяйснення абавязку даўжніком. У Грамадзянскім кодэксе Рэспублікі Беларусь замацаваны прынцып добрасумленнасці і разумнасці ўдзельнікаў грамадзянскіх адносiн, а артыкул 13 Грамадзянскага працэсуальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь зыходзіць з таго, што любы ўдзельнік грамадзянскага судаводства падразумяваецца добрасумленным, пакуль не даказана адваротнае. Пры гэтым падстаў не прымяняць дадзены прынцып да спагнанніка няма. Кафедра лічыць, што прававая нявызначанасць у палажэннях Закона аб выканаўчым вядзенні адносна працягласці тэрміну на прад’яўленне выканаўчага дакумента да выканання пры заяве спагнаннікам хадайніцтва аб вяртанні выканаўчага дакумента адсутнічае.

 

3. З норм Канстытуцыі аб гарантаванні дзяржавай правоў і свабод грамадзян Беларусі, замацаваных у Канстытуцыі, законах і прадугледжаных міжнароднымі абавязацельствамі дзяржавы, а таксама гарантаванні кожнаму судовай абароны яго правоў і свабод (частка трэцяя артыкула 21, частка першая артыкула 60) ва ўзаемасувязі з нормай, якая прадугледжвае абавязковасць судовых пастаноў для ўсіх грамадзян і службовых асоб (частка другая артыкула 115), вынiкае абавязак дзяржавы ўстанавіць у заканадаўстве эфектыўны механізм рэалізацыі судовых рашэнняў.

 

Выкананне судовага рашэння з’яўляецца дзейснай гарантыяй судовай абароны правоў і свабод кожнага. Пры гэтым абарона парушаных правоў не можа быць прызнана эфектыўнай, калі судовы акт або акт іншага ўпаўнаважанага органа своечасова не выконваецца, што абавязвае заканадаўца пры выбары ў межах сваёй канстытуцыйнай дыскрэцыi таго або іншага механізма выканаўчага вядзення ажыццяўляць несупярэчлівае рэгуляванне адносiн у гэтай сферы, ствараць для іх стабільную прававую аснову і не ставіць пад сумненне канстытуцыйны прынцып абавязковасці судовага рашэння.

 

Прымусовае выкананне патрабаванняў, якія змяшчаюцца ў выканаўчых дакументах, рэгулюецца спецыяльным заканадаўствам, у тым ліку Законам аб выканаўчым вядзенні. У адпаведнасці з Законам да задач выканаўчага вядзення аднесены аднаўленне парушаных правоў і законных інтарэсаў грамадзян, у тым ліку індывідуальных прадпрымальнікаў, юрыдычных асоб, арганізацый, якія не з’яўляюцца юрыдычнымі асобамі, прытрымліванне і ахова інтарэсаў дзяржавы праз правільнае, поўнае і своечасовае выкананне выканаўчых дакументаў (артыкул 4).

 

У Законе ўстаноўлена, што выканаўчае вядзенне ажыццяўляецца ў тым ліку на прынцыпах законнасці, працэсуальнай эканоміі, раўнапраўя і добрасумленнасці бакоў выканаўчага вядзення, суадноснасцi аб’ёму патрабаванняў спагнанніка і мер прымусовага выканання, непрадузятасці (артыкул 5).

 

3.1. Вызначаючы ўмовы і парадак вядзення выканаўчага вядзення, Закон прадугледжвае, што выканаўчыя дакументы, якія выдадзены на падставе судовых пастаноў або з’яўляюцца судовымі пастановамі, могуць быць прад’яўлены да выканання на працягу трох гадоў з дня ўступлення адпаведнай судовай пастановы ў законную сілу або з дня заканчэння тэрміну, устаноўленага пры прадастаўленні адтэрміноўкі або растэрміноўкі выканання судовай пастановы, калі іншае не вызначана заканадаўчымі актамі (частка першая артыкула 34).

 

Згодна з артыкулам 35 Закона тэрмін прад’яўлення выканаўчага дакумента да выканання перапыняецца ў тым ліку ўзбуджэннем выканаўчага вядзення (частка першая); пасля перапынку цячэнне тэрміну прад’яўлення выканаўчага дакумента да выканання пачынаецца ізноў, пры гэтым мінулы час не залічваецца ў новы тэрмін (частка другая).

 

Судовы выканаўца ўзбуджае выканаўчае вядзенне пры паступленні ў орган прымусовага выканання ў тэрмін, устаноўлены артыкулам 34 Закона, заявы (прадстаўленні) аб узбуджэнні выканаўчага вядзення, складзенай ў адпаведнасці з патрабаваннямі артыкула 43 Закона, і выканаўчага дакумента, прад’яўленых спагнаннікам (частка першая артыкула 42 Закона).

 

Артыкулам 55 Закона прадугледжана, што ўзбуджанае выканаўчае вядзенне заканчваецца ў выпадку выканання патрабаванняў, якія змяшчаюцца ў выканаўчым дакуменце; напрамкі выканаўчага дакумента па месцы атрымання даўжніком – грамадзянінам, у тым ліку індывідуальным прадпрымальнікам, заработнай платы і прыраўнаваных да яе даходаў, ўказаных у частцы трэцяй артыкула 103 Закона; устанаўлення акалічнасцей, якія цягнуць вяртанне выканаўчага дакумента спагнанніку ў адпаведнасці з артыкулам 53 Закона; устанаўлення акалічнасцей, якія цягнуць спыненне выканаўчага вядзення ў адпаведнасці з артыкулам 52 Закона.

 

У якасці акалічнасцей, якія цягнуць вяртанне выканаўчага дакумента спагнанніку пасля ўзбуджэння выканаўчага вядзення, артыкулам 53 Закона вызначаны выпадкі, якія маюць дачыненне як да даўжніка, так і да спагнанніка.

 

Да ліку выпадкаў, якія маюць дачыненне да даўжніка, адносяцца выпадкі, пералічаныя ў абзацах трэцім, пятым – восьмым, дзясятым – дванаццатым часткі першай артыкула 53 Закона: у прыватнасці, у даўжніка адсутнічаюць грашовыя сродкі і (або) іншая маёмасць, на якія можа быць звернута спагнанне, даўжнік не пражывае або не знаходзіцца па месцы жыхарства (месцы знаходжання) або месцы знаходжання цi не вызначана месца знаходжання яго маёмасці; у адносiнах да даўжніка – індывідуальнага прадпрымальніка, даўжніка – юрыдычнай асобы адкрыта конкурснае вядзенне; у даўжніка адсутнічае маёмасць, якая падлягае перадачы спагнанніку па выканаўчым дакуменце. Да ліку выпадкаў, якія маюць дачыненне да спагнанніка, у адпаведнасці з абзацамі другім, чацвёртым, дзявятым часткі першай гэтага ж артыкула Закона адносяцца падача заявы спагнанніка аб вяртанні выканаўчага дакумента; адмова спагнанніка пакінуць за сабой не рэалізаваную ў працэсе выканання выканаўчага дакумента маёмасць даўжніка пры адсутнасці ў даўжніка iншай маёмасці або даходаў, на якія можа быць звернута спагнанне; перашкода спагнанніка сваімі дзеяннямі (бяздзейнасцю) выкананню выканаўчага дакумента.

 

Пры наяўнасці названых падстаў судовы выканаўца абавязаны ў адпаведнасці з часткай трэцяй артыкула 55 Закона вынесці пастанову аб заканчэнні выканаўчага вядзення і аб вяртанні спагнанніку выканаўчага дакумента згодна з часткай першай артыкула 53 Закона, што ў сілу часткі другой гэтага ж артыкула не з’яўляецца перашкодай для паўторнага прад’яўлення выканаўчага дакумента да выканання ў межах тэрмінаў, устаноўленых артыкулам 34 Закона.

 

У выпадку сканчэння трохгадовага тэрміну, прызначанага для такога канкрэтнага працэсуальнага дзеяння, як прад’яўленне спагнаннікам выдадзенага яму судом выканаўчага дакумента да выканання, выканаўчае вядзенне ў адпаведнасці з абзацам шостым часткі першай артыкула 44 Закона не можа быць узбуджана, у сувязі з чым спагнаннік пазбаўляецца магчымасці прымусовага выканання рашэння суда. Разам з тым тэрмін прад’яўлення выканаўчага дакумента да выканання перапыняецца, у прыватнасці, частковым выкананнем або ўзбуджэннем выканаўчага вядзення, але пасля перапынку цячэнне тэрміну прад’яўлення выканаўчага дакумента да выканання пачынаецца ізноў (часткi першая і другая артыкула 35 Закона). Пры гэтым мінулы час не залічваецца ў новы тэрмін – у адрозненне ад прыпынення тэрміну, які не мінуў, цячэнне якога прыпыняецца адначасова з прыпыненнем выканаўчага вядзення, – і з дня яго аднаўлення цячэнне тэрмінаў працягваецца (артыкул 32 Закона).

 

У той ж час у выпадку вяртання спагнанніку выканаўчага дакумента, па якому спагнанне не праведзена або праведзена часткова, вылічэння новага тэрміну прад’яўлення выканаўчага дакумента да выканання пачынаецца з дня яго вяртання спагнанніку (частка трэцяя артыкула 35).

 

Такім чынам, прад’яўленне выканаўчага дакумента да выканання пасля таго, як раней прад’яўлены выканаўчы дакумент быў вернуты спагнанніку на падставе яго заявы, цягне перапынак тэрміну прад’яўлення выканаўчага дакумента да выканання, з прычыны чаго яго цячэнне пачынаецца нанава, што вядзе да бестэрміновага і нічым не абмежаванага права спагнанніка неаднаразова прад’яўляць выканаўчы дакумент у органы прымусовага выканання, тым самым ствараючы прававую нявызначанасць у частцы цячэння ўстаноўленых Законам тэрмінаў прад’яўлення выканаўчага дакумента да выканання.

 

3.2. Канстытуцыйны Суд адзначае, што ўласцівы грамадзянскім праваадносінам прынцып дыспазiтыўнасцi, у сілу якога ўдзельнікі грамадзянскіх праваадносін набываюць і ажыццяўляюць свае грамадзянскія правы сваёй воляй і ў сваіх інтарэсах (частка трэцяя артыкула 2 Грамадзянскага кодэкса Рэспублікі Беларусь), распаўсюджваецца і на працэсуальныя адносiны, звязаныя з разглядам у судах спрэчак у парадку грамадзянскага судаводства і судаводства па эканамічных справах. У грамадзянскім і гаспадарчым працэсуальным заканадаўстве дыспазітыўнасць азначае, што юрыдычна зацікаўленыя ў зыходзе справы асобы маюць права свабодна выкарыстоўваць прыналежныя ім матэрыяльныя і працэсуальныя правы, не парушаючы пры гэтым правы і ахоўваемыя законам інтарэсы іншых асоб і дзяржавы (частка першая артыкула 18 Грамадзянскага працэсуальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, частка першая артыкула 23 Гаспадарчага працэсуальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь).

 

Па агульнаму правілу прынцып дыспазітыўнасці распаўсюджваецца і на працэсуальныя адносiны, звязаныя з прымусовым выкананнем судовых актаў, прынятых у рамках грамадзянскага судаводства і судаводства па эканамічных справах. Дыспазітыўны пачатак у распараджэнні правамі ў ходзе выканаўчага вядзення праяўляецца ў праве спагнанніка заявіць аб вяртанні выканаўчага дакумента, па якому спагнанне не праводзілася або праведзена часткова. Зыходзячы з таго, што ажыццяўленне гэтага права не можа быць абмежавана пры ўмове выканання ўстаноўленага заканадаўствам аб выканаўчым вядзенні парадку ў сілу прынцыпаў грамадзянскага судаводства і судаводства па эканамічных справах, у тым ліку замацаванай Канстытуцыяй роўнасці ўсiх перад законам, спаборнасці і роўнасці бакоў у працэсе, Закон прадастаўляе спагнанніку права неаднаразовага прад’яўлення да выканання выканаўчага дакумента пасля яго вяртання, а таксама права неаднаразовага адклікання выканаўчага дакумента пасля ўзбуджэння выканаўчага вядзення.

 

У сувязі з тым, што ў кожным выпадку прад’яўлення выканаўчага дакумента да выканання пасля вяртання выканаўчага дакумента спагнанніку тэрмін яго прад’яўлення да выканання перапыняецца, такія дзеянні спагнанніка на працягу неабмежаванага часу могуць прывесці да таго, што выканаўчае вядзенне не будзе скончана выкананнем змешчанага ў выканаўчым дакуменце патрабавання, а даўжнік павінен нявызначана доўгі час знаходзіцца пад пагрозай прымянення да яго і прыналежнай яму маёмасці выканаўчых дзеянняў і мер прымусовага выканання.

 

4. Канстытуцыя, абвяшчаючы, што чалавек, яго правы, свабоды і гарантыі іх рэалізацыі з’яўляюцца найвышэйшай каштоўнасцю і мэтай грамадства і дзяржавы (частка першая артыкула 2), гарантуе кожнаму свабоду прадпрымальніцкай дзейнасці, права мець маёмасць ва ўласнасці, валодаць, карыстацца і распараджацца ёй як аднаасобна, так і сумесна з іншымі асобамі, а таксама абарону ўказаных правоў і свабод, у тым ліку судовую абарону, якая рэалізуецца на аснове роўнасці ўсiх перад законам (частка чацвёртая артыкула 13, артыкул 22, часткi першая і другая артыкула 44, частка першая артыкула 60).

 

Адносіны ўласнасці, уключаючы падставы і парадак набыцця, пераходу і страты права ўласнасці, а таксама аб’ём і межы правамоцтваў па валоданні, карыстанні і распараджэнні маёмасцю, рэгулююцца заканадаўцам (пункт 2 часткi першай артыкула 97 Канстытуцыі). Змест дадзенага рэгулявання, як вынiкае з артыкулаў 1, 2, часткі першай артыкула 8, часткі чацвёртай артыкула 13, частак першай і трэцяй артыкула 21, частак другой і пятай артыкула 44 Канстытуцыі, не можа вызначацца заканадаўцам самавольна: адносіны ўласнасці ў Рэспубліцы Беларусь павінны рэгламентавацца ў адпаведнасці з прынцыпамі прававой дзяржавы, на аснове юрыдычнай роўнасці і справядлівасці і зыходзячы з таго, што права ўласнасці, як і іншыя правы і свабоды чалавека і грамадзяніна, прызнаецца і гарантуецца ў Рэспубліцы Беларусь у адпаведнасці з Канстытуцыяй i агульнапрызнанымi прынцыпамi і нормамi міжнароднага права.

 

У сілу часткі першай артыкула 1, часткі другой артыкула 7, артыкула 22, часткі першай артыкула 23, часткі шостай артыкула 44, часткі першай артыкула 60 Канстытуцыі і зыходзячы з агульнаправавога прынцыпу справядлівасці, права ўласнасці і іншыя маёмасныя правы падлягаюць абароне на аснове суразмернасці і прапарцыянальнасці для забеспячэння балансу правоў і законных інтарэсаў усіх удзельнікаў грамадзянскага абароту – уласнікаў, крэдытораў, даўжнікоў; магчымыя абмежаванні законам правоў валодання, карыстання і распараджэння маёмасцю, свабоды прадпрымальніцкай дзейнасці і свабоды дагавораў павінны таксама адпавядаць патрабаванням справядлівасці, быць адэкватнымi i суразмернымi.

 

Агульнапрызнаныя прынцыпы недатыкальнасці ўласнасці і свабоды дагавора, якія маюць на ўвазе роўнасць, аўтаномію волі і маёмасную самастойнасць удзельнікаў грамадзянска-прававых адносiн, недапушчальнасць адвольнага ўмяшання ў прыватныя справы, абумоўліваюць свабоду валодання, карыстання і распараджэння маёмасцю, уключаючы магчымасць адчужаць сваю маёмасць ва ўласнасць іншым асобам, перадаваць ім, застаючыся ўласнікам, правы валодання, карыстання і распараджэння маёмасцю, і разам з тым неабходнасць суаднясення прыналежнага асобе права ўласнасці з правамі і свабодамі іншых асоб. Гэта азначае, у прыватнасці, што ўласнік мае права па сваім меркаванні ажыццяўляць любыя дзеянні ў дачыненнi да маёмасці, якая яму належыць, калі яны не супярэчаць закону і іншым прававым актам і не парушаюць правы і законныя інтарэсы іншых асоб; такiм чынам, маецца на ўвазе і магчымасць выканання ўласнікам сваіх грамадзянска-прававых абавязацельстваў за кошт маёмасці, якая яму належыць.

 

Выкладзенае ў поўнай меры распаўсюджваецца таксама на адносiны, якія звязваюць крэдытора і даўжніка, які не выканаў сваё грамадзянска-прававое абавязацельства і ў сілу гэтага адказвае прыналежнай яму маёмасцю перад крэдыторам, уключаючы магчымасць звароту спагнання ў прадугледжаных Законам выпадках на маёмасць у рамках выканаўчага вядзення.

Згодна з Канстытуцыяй ажыццяўленне права ўласнасці не павінна ўцiскаць правы і абараняемыя законам інтарэсы іншых асоб (частка шостая артыкула 44), таму заканадавец, забяспечваючы ўмовы для роўнай судовай абароны правоў спагнанніка і даўжніка, павінен зыходзіць з таго, што ўзнікаючыя калізіі іх законных інтарэсаў не могуць пераадольвацца шляхам прадастаўлення абароны адных правоў у парушэнне другiх, раўнацэнных па сваім канстытуцыйным значэнні. У такіх выпадках правы і законныя інтарэсы ўдзельнікаў грамадзянскага абароту павінны атрымліваць суразмерную (прапарцыянальную) абарону на аснове балансу канстытуцыйных каштоўнасцей.

 

Такім чынам, заканадавец прызваны забяспечваць прававую пэўнасць, стабільнасць і прадказальнасць у сферы грамадзянскага абароту, падтрымліваючы як можна больш высокі ўзровень узаемнага даверу паміж суб’ектамі праваадносiн і ствараючы неабходныя ўмовы для эфектыўнай абароны права ўласнасці і іншых маёмасных правоў.

 

Зыходзячы з указанага, устаноўлены Законам тэрмін прад’яўлення выканаўчага дакумента да выканання дазваляе зацікаўленым асобам – спагнанніку і даўжніку пазбегнуць нявызначанасці ў пытанні аб тым, на працягу якога часу маёмасць, на якую можа быць звернута спагнанне, будзе знаходзіцца пад пагрозай учынення ў дачыненні да яе мер прымусовага выканання, і, арыентуючыся на дадзены тэрмін, адпавядным чынам планаваць свае паводзіны ў дачыненні да гэтай маёмасці.

 

Разам з тым дапушчальная ўзаемазвязанымі палажэннямі артыкулаў 34, 35 і 53 Закона магчымасць неаднаразовага перапынення цячэння тэрміну прад’яўлення выканаўчага дакумента да выканання, з прычыны чаго гэты тэрмін усялякі раз пачынае цячы нанава, праз свабоднае волевыяўленне спагнанніка на адкліканне выканаўчага дакумента з органаў прымусовага выканання вядзе да нявызначанага па працягласці фактычнага вывядзення маёмасці даўжніка са сферы грамадзянскага абароту і абмежавання яго права ўласнасці на дадзеную маёмасць. Падобнае заканадаўчае рэгуляванне не можа разглядацца як забяспечваючае стабільнасць і прадказальнасць грамадзянскага абароту і ў парушэнне канстытуцыйнага балансу інтарэсаў спагнанніка і даўжніка ў выканаўчым вядзенні стварае перадумовы істотнага ўцiскання права ўласнасці даўжніка, а таксама перашкоды для яго эфектыўнай судовай абароны.

 

5. Згодна з Канстытуцыяй ў Рэспубліцы Беларусь устанаўліваецца прынцып вяршэнства права (частка першая артыкула 7), важнейшымі састаўляючымі якога з’яўляюцца законнасць, прававая пэўнасць, доступ да правасуддзя ў незалежных і непрадузятых судах, захаванне правоў і свабод чалавека і грамадзяніна.

 

Прадугледжанае Канстытуцыяй права кожнага на судовую абарону (частка першая артыкула 60) выступае гарантыяй рэалізацыі іншых канстытуцыйных правоў і свабод і носіць універсальны характар.

 

Заканадаўчая рэгламентацыя прымусовага выканання выканаўчага дакумента павінна ажыццяўляцца на стабільнай прававой аснове збалансаванага рэгулявання правоў і законных інтарэсаў усіх удзельнікаў выканаўчага вядзення. Пры ўстанаўленні прававога рэгулявання, якое вызначае права спагнанніка на прад’яўленне выканаўчага дакумента да выканання і права патрабаваць вяртання яму выканаўчага дакумента, па якому спагнанне не праводзілася або праведзена часткова, заканадавец у сілу артыкулаў 21, 23, 97 і 98 Канстытуцыі абавязаны зыходзіць з неабходнасці прытрымлівання балансу інтарэсаў спагнанніка і даўжніка ў выканаўчым вядзенні, а таксама з магчымасці іх абмежавання толькі законам суразмерна канстытуцыйна значным мэтам у інтарэсах нацыянальнай бяспекі, грамадскага парадку, абароны маралі, здароўя насельніцтва, правоў і свабод іншых асоб.

 

Па меркаванні Канстытуцыйнага Суда, палажэннi Закона, якія прадугледжваюць магчымасць неаднаразовага перапынення тэрміну прад’яўлення выканаўчага дакумента да выканання ў выпадку падачы спагнаннікам заявы аб вяртанні выканаўчага дакумента і паўторнага прад’яўлення ім гэтага выканаўчага дакумента да выканання, дапускаюць тым самым магчымасць неаднаразовага прадаўжэння ўказанага тэрміну, што сведчыць аб наяўнасці прававой нявызначанасці заканадаўчага рэгулявання грамадскіх адносiн у сферы выканаўчага вядзення. Дадзеная прававая нявызначанасць у прававым рэгуляванні перапынку тэрміну прад’яўлення выканаўчых дакументаў да выканання мае канстытуцыйна-прававое значэнне, паколькі не забяспечвае вяршэнства норм Канстытуцыі, якія гарантуюць правы ўласніка маёмасці, роўную судовую абарону правоў спагнанніка і даўжніка, прыняцце мер па належным выкананні судовых рашэнняў як важнейшай састаўляючай судовай абароны і стварэннi для гэтага неабходных умоў.

 

Пры гэтым Канстытуцыйны Суд звяртае ўвагу на неабходнасць гарманізацыі выканаўчага вядзення Рэспублікі Беларусь з выканаўчым вядзеннем Расійскай Федэрацыі з мэтай устанаўлення ідэнтычных механізмаў прававога рэгулявання выканання выканаўчых дакументаў у рамках Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі, Еўразійскага эканамічнага саюза.

 

Згодна з Федэральным законам Расійскай Федэрацыі «Об исполнительном производстве» ў выпадку, калі выкананне па раней прад’яўленым выканаўчым дакуменце было скончана ў сувязі з адкліканнем спагнаннікам выканаўчага дакумента або ў сувязі з учыненнем спагнаннікам дзеянняў, якія перашкаджаюць яго выкананню, перыяд з дня прад’яўлення дадзенага выканаўчага дакумента да выканання да дня заканчэння па iм выканання па адной з указаных падстаў вылічваецца з адпаведнага тэрміну прад’яўлення выканаўчага дакумента да выканання, устаноўленага федэральным законам.

 

Канстытуцыйны Суд, грунтуючыся на нормах Канстытуцыі аб тым, што ў Рэспубліцы Беларусь устанаўліваецца прынцып вяршэнства права, а дзяржава, усе яе органы і службовыя асобы дзейнічаюць у межах Канстытуцыі і прынятых у адпаведнасці з ёю актаў заканадаўства (часткi першая і другая артыкула 7); дзяржава абавязана прымаць усе даступныя ёй меры дзеля стварэння ўнутранага і міжнароднага парадку, неабходнага для поўнага ажыццяўлення правоў і свабод грамадзян Рэспублікі Беларусь, прадугледжаных Канстытуцыяй; дзяржаўныя органы, службовыя і іншыя асобы, якім даверана выкананне дзяржаўных функцый, абавязаны ў межах сваёй кампетэнцыі прымаць неабходныя меры для ажыццяўлення і абароны правоў і свабод асобы (часткі першая і другая артыкула 59), лічыць неабходным устараніць прававую нявызначанасць у канстытуцыйна-прававым рэгуляванні перапынку тэрміну прад’яўлення выканаўчага дакумента да выканання, калі раней прад’яўлены да выканання той жа самы выканаўчы дакумент быў вернуты судовым выканаўцам спагнанніку па яго заяве.

 

На падставе выкладзенага, кіруючыся часткамі першай і сёмай артыкула 116 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, абзацам восьмым часткі трэцяй артыкула 22 і артыкулам 24 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб судаўладкаванні і статусе суддзяў, часткай другой артыкула 74, артыкуламі 75, 77, 80, 84, часткай сямнаццатай артыкула 85 і артыкулам 160 Закона Рэспублікі Беларусь «О конституционном судопроизводстве», Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь

 

ВЫРАШЫЎ:

 

1. У мэтах выканання канстытуцыйнага прынцыпу вяршэнства права і рэалізацыі прынцыпу прававой пэўнасцi прызнаць неабходным устараніць нявызначанасць у канстытуцыйна-прававым рэгуляванні перапынку тэрміну прад’яўлення выканаўчага дакумента да выканання ў выпадку прад’яўлення да выканання выканаўчага дакумента, раней вернутага спагнанніку па яго заяве.

 

2. Прапанаваць Савету Міністраў Рэспублікі Беларусь падрыхтаваць праект закона аб унясенні адпаведных змяненняў і дапаўненняў у Закон Рэспублікі Беларусь «Об исполнительном производстве» і ўнесці яго ва ўстаноўленым парадку ў Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь.

 

3. Рашэнне ўступае ў сілу з дня прыняцця.

 

4. Апублікаваць рашэнне ў адпаведнасці з заканадаўчымі актамі.

 

 

Старшынствуючы –

Старшыня Канстытуцыйнага Суда

Рэспублікі Беларусь                                                                                                           П.П.Міклашэвіч

Версiя для друку