EngРусБел
Пасланнi Канстытуцыйнага Суда
 

Прэзідэнту  
Рэспублiкi Беларусь  

Палаце прадстаўнікоў  
Нацыянальнага сходу  
Рэспублікі Беларусь

  Савету Рэспублікі
Нацыянальнага сходу 
Рэспублiкi Беларусь

 

ПАСЛАННЕ
КАНСТЫТУЦЫЙНАГА СУДА РЭСПУБЛIКI БЕЛАРУСЬ

  АБ СТАНЕ КАНСТЫТУЦЫЙНАЙ ЗАКОННАСЦІ
Ў РЭСПУБЛIЦЫ БЕЛАРУСЬ У 2000 ГОДЗЕ

Канстытуцыя Рэспублiкi Беларусь вызначае нашу дзяржаву як дэмакратычную сацыяльную прававую (артыкул 1). Гэта канстытуцыйная норма абавязвае дзяржаўныя органы праводзiць актыўную палiтыку па стабiлiзацыi эканомiкi, рэгуляванню эканамiчнай дзейнасцi ў iнтарэсах чалавека i грамадства, прыцягненню грамадзян да кiравання справамi грамадства i дзяржавы, рэалiзацыi прынцыпу ўзаемнай адказнасцi дзяржавы i грамадзянiна. Такая дзейнасць накiравана на гарантаванне правоў i свабод чалавека, якi з’яўляецца найвышэйшай каштоўнасцю i мэтай грамадства i дзяржавы (артыкул 2 Канстытуцыi).

Асноўнай i пастаяннай задачай беларускай дзяржавы, як i любой iншай дэмакратычнай сацыяльнай i прававой дзяржавы, з’яўляецца забеспячэнне канстытуцыйных правоў i свабод кожнага чалавека i грамадзянiна. Вырашэнню ўказанай задачы садзейнiчае своечасовае прыняцце i абнаўленне актаў заканадаўства, фармiраванне правапрымяняльнай практыкi, якая адпавядае духу i лiтары Канстытуцыi, патрабаванням сучаснага развiцця дзяржавы i грамадства. Толькi за апошнiя чатыры гады ў рэспублiцы iстотна абноўлена бягучае заканадаўства, прынята 18 кодэксаў i больш 400 законаў, накiраваных на рэгуляванне найбольш важных грамадскiх адносiн i рэалiзацыю канстытуцыйных правоў i свабод.

У гэтай сувязi роля канстытуцыйнага кантролю ў наступiўшым XXI стагоддзi значна павышаецца, паколькi пастаянна ўзнiкаючыя ўсё новыя патрэбнасцi i тэндэнцыi грамадскага развiцця абумоўлiваюць неабходнасць адэкватнага i своечасовага ўдасканальвання прававой сiстэмы, прад’яўляюць дадатковыя патрабаваннi да дзяржаўных iнстытутаў, прызваных ствараць умовы для поўнага забеспячэння правоў i свабод кожнага чалавека i грамадзянiна i належнага выканання ўскладзеных на iх абавязкаў.

У дэмакратычнай прававой дзяржаве дзейнасць Канстытуцыйнага Суда дазваляе цывiлiзаваным шляхам устараняць недахопы заканадаўства, вырашаць выключна прававымi сродкамi канфлiктныя сiтуацыi, якiя ўзнiкаюць памiж дзяржаўнымi органамi, грамадскiмi аб’яднаннямi, службовымi асобамi i грамадзянамi, аднаўляць вяршэнства права i справядлiвасць. Гэта адпавядае iнтарэсам як грамадзян, так i дзяржавы i грамадства ў цэлым.

I

У адпаведнасцi з часткай першай артыкула 116 Канстытуцыi кантроль за канстытуцыйнасцю нарматыўных актаў у дзяржаве ўскладзены на Канстытуцыйны Суд Рэспублiкi Беларусь. Ажыццяўленне Канстытуцыйным Судом функцыi канстытуцыйнага кантролю з‘яўляецца неад’емнай умовай фармiравання беларускай дзяржавы як дэмакратычнай сацыяльнай i прававой. Выкананне Канстытуцыйным Судом гэтага абавязку ажыццяўлялася перш за ўсё шляхам разгляду паступiўшых матэрыялаў, у тым лiку асабiстых i калектыўных зваротаў грамадзян, на падставе артыкулаў 40, 116, 122 i iншых артыкулаў Канстытуцыi. Гэтыя матэрыялы ў адпаведнасцi з артыкулам 44 Закона “Аб Канстытуцыйным Судзе Рэспублiкi Беларусь” з’явiлiся асновай для ацэнкi стану канстытуцыйнай законнасцi ў 2000 годзе.

Разгляд спраў у Канстытуцыйным Судзе абумоўлены супярэчнасцямi ў заканадаўстве, у тым лiку ўзнiкаючымi па аб’ектыўных прычынах, немагчымасцю ў многiх выпадках правапрымяняльнiкамi адназначна вызначыць, цi адпавядаюць нарматыўныя акты Канстытуцыi. Канстытуцыйныя правы i гарантыi iх забеспячэння не заўсёды атрымлiваюць у бягучым заканадаўстве неабходнае развiццё i рэалiзацыю на практыцы. Нярэдка нарматыўныя акты, якiя прымаюцца ў выкананне акта больш высокага ўзроўню, не толькi не адпавядаюць зместу яго норм, але i выходзяць за межы прадмета дапушчальнага рэгулявання. Канстытуцыйны Суд адзначае, што па справах, разгледжаных за мiнулы перыяд, неканстытуцыйнымi прызнавалiся нарматыўныя акты, прынятыя не толькi да ўвядзення ў дзеянне Канстытуцыi Рэспублiкi Беларусь, але i пасля яе прыняцця.

Толькi старанны i ўсебаковы аналiз нарматыўных актаў i практыкi iх прымянення, што праводзiцца ў Канстытуцыйным Судзе, дазваляе правiльна вырашаць канстытуцыйную спрэчку з улiкам патрабаванняў Канстытуцыi i агульнапрызнаных прынцыпаў мiжнароднага права, прыярытэт якiх прызнае Рэспублiка Беларусь (артыкул 8 Канстытуцыi). Вызначаючы адпаведнасць правяраемых нарматыўных актаў Канстытуцыi, Канстытуцыйны Суд выкладаў свую прававую пазiцыю па спрэчных пытаннях i тым самым усталёўваў канстытуцыйна-прававыя прынцыпы, якiя маюць асноватворнае значэнне для праватворчай дзейнасцi i правапрымяняльнай практыкi.

Канстытуцыйны Суд Рэспублiкi Беларусь у 2000 годзе прыняў 28 рашэнняў, якiя былi накiраваны на абарону iнтарэсаў як многiх тысяч грамадзян i суб’ектаў гаспадарання, так i дзяржавы i грамадства.

Пры вынясеннi рашэнняў Канстытуцыйны Суд зыходзiў з неабходнасцi забеспячэння замацаванага ў артыкуле 137 Канстытуцыi вяршэнства яе норм i iх прамога дзеяння. Вопыт сведчыць аб тым, што не ўсе дзяржаўныя органы i службовыя асобы правiльна ўспрымаюць канстытуцыйныя патрабаваннi аб найвышэйшай юрыдычнай сiле Асноўнага Закона, што адмоўна адбiваецца на фармiраваннi адпаведнай правапрымяняльнай практыкi.

Прадметам штогадовага разгляду Канстытуцыйнага Суда становяцца акты падатковага заканадаўства. Важнасць разгляду гэтай катэгорыi спраў абумоўлена тым, што, з аднаго боку, нормамi падатковага заканадаўства закранаюцца канстытуцыйныя правы i абавязкi грамадзян, з другога – iнтарэсы дзяржавы як уласнiка цэнтралiзаваных грашовых фондаў (бюджэту, дзяржаўных пазабюджэтных фондаў). Асноўнай крынiцай фармiравання дзяржаўных цэнтралiзаваных грашовых фондаў з’яўляюцца падаткi, зборы i iншыя абавязковыя плацяжы. Спагнанне ўказаных абавязковых плацяжоў ажыццяўляецца ў адпаведнасцi з падатковым заканадаўствам, якое да гэтага часу не кадыфiкавана. У сiстэме актаў падатковага заканадаўства значнае месца працягваюць займаць ведамасныя нарматыўныя акты, якiмi нярэдка парушаюцца канстытуцыйныя правы, законныя iнтарэсы грамадзян i суб’ектаў гаспадарання.

Заключэннем Канстытуцыйнага Суда ад 16 сакавiка 2000 года былi прызнаны неканстытуцыйнымi асобныя палажэннi пункта 8 Метадычных указанняў “Аб парадку вылiчэння падатку на дабаўленую вартасць”, зацверджаных загадам Дзяржаўнага падатковага камiтэта ад 26 красавiка 1999 года, са змяненнямi i дапаўненнямi ад 20 лiпеня 1999 года, якiя ўстанаўлiвалi спагнанне падатку на дабаўленую вартасць са страт ад аперацый па куплi-продажу замежнай валюты. Канстытуцыйны Суд прызнаў гэтыя нормы не маючымi юрыдычнай сiлы з дня прыняцця названых Метадычных указанняў.

У сваiм Заключэннi Канстытуцыйны Суд указаў, што ўключэнне палажэнняў, у адпаведнасцi з якiмi ажыццяўлялася спагнанне падатку на дабаўленую вартасць са страт ад аперацый па куплi-продажу замежнай валюты, у пункт 8 Метадычных указанняў Дзяржаўнага падатковага камiтэта супярэчыць Канстытуцыi, не засноўваецца на нормах Закона “Аб падатку на дабаўленую вартасць” i не ўваходзiць у кампетэнцыю Дзяржаўнага падатковага камiтэта.

Прававая пазiцыя Канстытуцыйнага Суда грунтавалася на тым, што аб’ект падатку, падаткаабкладаемая база (абкладаемы абарот) з’яўляюцца асноўнымi элементамi падатку i iх вызначэнне адносiцца да паўнамоцтваў дзяржаўных органаў, якiя валодаюць правам на ўстанаўленне падаткаў. Згодна з Канстытуцыяй устанаўленне рэспублiканскiх падаткаў адносiцца да кампетэнцыi Нацыянальнага сходу Рэспублiкi Беларусь (артыкулы 97 i 98).

Заключэннем Канстытуцыйнага Суда ад 16 сакавiка 2000 года былi абаронены канстытуцыйныя правы падаткаплацельшчыкаў. Яно было выканана Дзяржаўным падатковым камiтэтам Рэспублiкi Беларусь шляхам вяртання з бюджэту незаконна ўтрыманых (спагнаных) сум у адпаведнасцi з дзеючым заканадаўствам.

На абарону канстытуцыйных правоў i абавязкаў грамадзян у сферы падатковых праваадносiн было накiравана таксама рашэнне Канстытуцыйнага Суда ад 5 мая 2000 года, у якiм быў праведзены аналiз рашэння Магiлёўскага гарадскога Савета дэпутатаў ад 18 лютага 2000 года “Аб спагнаннi пошлiны з юрыдчыных асоб за выкарыстанне ў найменнi назвы “Магiлёў” (i яе вытворных)” на адпаведнасць Канстытуцыi i законам Рэспублiкi Беларусь.

Згодна з артыкулам 121 Канстытуцыi да выключнай кампетэнцыi мясцовых Саветаў дэпутатаў адносiцца ўстанаўленне ў адпаведнасцi з законам мясцовых падаткаў i збораў. Канстытуцыйны Суд лiчыць, што ў змест выключнай кампетэнцыi мясцовых Саветаў дэпутатаў па ўстанаўленню мясцовых падаткаў i збораў уключаецца не толькi iх права, але i абавязак дзейнiчаць у дакладнай адпаведнасцi з законам. На падставе аналiзу ўсяго комплексу заканадаўчых актаў па дадзенаму пытанню Канстытуцыйны Суд устанавiў, што ўзгадненне з органамi мясцовага кiравання найменняў прадпрыемстваў, устаноў, арганiзацый з абавязковым адлюстраваннем у iх свайго месцазнаходжання не мае на ўвазе спагнанне якой-небудзь платы i што заканадаўчымi актамi не прадугледжана спагнанне пошлiны за выкарыстанне юрыдычнымi асобамi ў сваiх найменнях назвы той адмiнiстрацыйна-тэрытарыяльнай адзiнкi, дзе яны размешчаны.

Канстытуцыйны Суд прапанаваў Магiлёўскаму гарадскому Савету дэпутатаў прывесцi сваё рашэнне ў адпаведнасць з дзеючым заканадаўствам. У пэўнай меры яно было iм скарэкцiравана рашэннем ад 8 чэрвеня 2000 года.

Рашэннямi мясцовых органаў кiравання i самакiравання i раней парушалiся правы падаткаплацельшчыкаў, аб чым сведчаць вынiкi iх разгляду ў Канстытуцыйным Судзе. Адна з прычын такога становiшча заключаецца ў тым, што адносiны ў галiне мясцовага падаткаабкладання ў Рэспублiцы Беларусь недастаткова поўна ўрэгуляваны ў заканадаўстве. Канстытуцыйны Суд мяркуе, што iснуючыя прабелы ў прававым рэгуляваннi мясцовага падаткаабкладання могуць быць лiквiдаваны ў Падатковым кодэксе, прыняцце якога плануецца ажыццявiць у 2001 годзе.

Iстотным недахопам падатковага заканадаўства з’яўляецца яго няўстойлiвасць i супярэчлiвасць. У мэтах абароны iнтарэсаў суб’ектаў гаспадарання, iншых падаткаабкладальшчыкаў, па меркаванню Канстытуцыйнага Суда, неабходна дабiцца такой сiтуацыi, каб падатковае заканадаўства заставалася стабiльным па меншай меры на працягу фiнансавага (бюджэтнага) года. Змяненнi ў падатковае заканадаўства на працягу ўказанага перыяду, якiя пагаршаюць прававое становiшча падаткаплацельшчыкаў, неабходна ўносiць толькi ў выключных выпадках. Аптымальным з’яўляецца падыход, пры якiм аб такiх змяненнях даводзiлася б да ведама падаткаплацельшчыкаў загадзя – у тэрмiн, што дазваляе звесцi да мiнiмуму магчымыя страты ў сувязi з новым рашэннем заканадаўца.

Прадметам разгляду Канстытуцыйнага Суда была пастанова Савета Мiнiстраў Рэспублiкi Беларусь ад 27 лiпеня 2000 года № 1154, якой зацверджаны Парадак прадастаўлення i сумiравання працоўных водпускаў. Указаным актам прадугледжана, што дадатковыя водпускi далучаюцца да асноўнага мiнiмальнага водпуску (пункт 8). Пры гэтым працягласць працоўнага водпуску не можа перавышаць 35 каляндарных дзён. У рашэннi Канстытуцыйнага Суда ад 22 верасня 2000 года “Аб парадку прадастаўлення i сумiравання працоўных водпускаў” адзначана, што палажэннi пункта 8 указанага Парадку не адпавядаюць Закону “Аб асновах службы ў дзяржаўным апараце”, Дэкрэту Прэзiдэнта Рэспублiкi Беларусь ад 9 верасня 1997 года № 16 i Дэкрэту Прэзiдэнта Рэспублiкi Беларусь ад 26 лiпеня 1999 года № 29 i не могуць у гэтай сувязi абмяжоўваць сумарную працягласць асноўнага водпуску i дадатковых водпускаў, якiя прадугледжаны названымi законам i дэкрэтамi Прэзiдэнта Рэспублiкi Беларусь, у сiлу таго, што яны валодаюць вяршэнствам i дзейнiчаюць непасрэдна.

Канстытуцыйны Суд у сваiм рашэннi зыходзiў таксама з таго, што дадатковы водпуск за работу ў шкодных умовах працы ўстаноўленай заканадаўствам працягласцi павiнен прадастаўляцца поўнасцю. Такая пазiцыя Канстытуцыйнага Суда абумоўлена тым, што сярод усiх вiдаў дадатковых водпускаў водпуск за работу ў шкодных умовах працы займае асобае месца. Яго прадастаўленне накiравана на рэалiзацыю канстытуцыйнага права грамадзян не толькi на адпачынак (артыкул 43 Канстытуцыi), але i на ахову здароў’я (артыкул 45 Канстытуцыi). Пры сумiраваннi такога водпуску з асноўным водпускам iх агульная працягласць у выпадках, прадугледжаных заканадаўчымi i iншымi нарматыўнымi актамi, можа складаць i больш 35 дзён. У мэтах забеспячэння правоў работнiкаў на атрыманне дадатковых водпускаў за ненармiраваны рабочы дзень Савету Мiнiстраў Рэспублiкi Беларусь прапанавана разгледзець пытанне аб дапаўненнi пункта 6 Парадку прадастаўлення i сумiравання працоўных водпускаў, з тым каб работнiкi, занятыя на рабоце няпоўны рабочы тыдзень, але поўны рабочы дзень i вымушаныя ў асобных выпадках выконваць работу звыш нармальнай працягласцi рабочага часу, мелi права на дадатковы водпуск за ненармiраваны рабочы дзень прапарцыянальна адпрацаванаму часу. Адзначана супярэчлiвасць i неадназначнасць асобных палажэнняў Парадку прадастаўлення i сумiравання працоўных водпускаў (пункты 8, 10, 13 i iнш.) i прапанавана Савету Мiнiстраў Рэспублiкi Беларусь прывесцi пастанову ад 27 лiпеня 2000 года № 1154 у адпаведнасць з актамi, якiя валодаюць больш высокай юрыдычнай сiлай, i рашэннем Канстытуцыйнага Суда ад 22 верасня 2000 года. У выкананне рашэння Канстытуцыйнага Суда Урадам 5 студзеня 2001 года прынята пастанова № 10.

У сувязi са шматлiкiмi зваротамi у Канстытуцыйны Суд грамадзян, якiя патрабавалi праверыць канстытуцыйнасць пастановы Савета Мiнiстраў Рэспублiкi Беларусь ад 25 жнiўня 1999 года № 1332 “Аб упарадкаваннi разлiкаў насельнiцтва за карыстанне жылымi памяшканнямi i камунальнымi паслугамi” (са змяненнем, унесеным пастановай Савета Мiнiстраў ад 28 красавiка 2000 года № 606), Канстытуцыйны Суд на падставе артыкула 40 i часткi першай артыкула 116 Канстытуцыi ў сваiм рашэннi ад 5 верасня 2000 года “Аб плаце за карыстанне жылымi памяшканнямi i тэхнiчнае абслугоўванне жылога фонду” прыйшоў да вываду, што ва ўказанай пастанове не ўлiчаны ў поўнай меры патрабаваннi часткi трэцяй артыкула 51 Жыллёвага кодэкса i артыкула 11 Закона “Аб сумесным домаўладаннi”. У пастанове Урада насуперак закону быў устаноўлены памер платы ў залежнасцi не толькi ад плошчы жылога памяшкання, але i колькасцi пражываючых у iм асоб, што прывяло да пэўнай дыспрапорцыi ў аплаце паслуг, якiя прадастаўляюцца ўласнiкам жылля i наймальнiкам жылых памяшканняў.

Канстытуцыйны Суд адзначыў, што ў пастанове Урада не вырашана пытанне аб аплаце дадатковай жылой плошчы, якой карыстаюцца грамадзяне ў адпаведнасцi з заканадаўствам, што на практыцы ў шэрагу выпадкаў прывяло да неапраўданага спагнання платы за яе ў павышаным памеры. Па меркаванню Канстытуцыйнага Суда, справядлiвым быў бы падыход, пры якiм грамадзяне, якiя маюць права на дадатковую жылую плошчу, аплачвалi б яе ў тым жа памеры, як i за нарматыўную плошчу жылога памяшкання. Пры ўстанаўленнi нарматываў платы за карыстанне жылымi памяшканнямi наймальнiкамi i за тэхнiчнае абслугоўванне жылых памяшканняў уласнiкамi павiнен улiчвацца прынцып сацыяльнай справядлiвасцi, перш за ўсё ў адносiнах да сацыяльна неабароненых катэгорый грамадзян (пенсiянераў, малазабяспечаных). Такi падыход адпавядаў бы палажэнням артыкула 7 Канстытуцыi, што ўстанаўлiвае вяршэнства права, у аснове якога ляжыць прынцып справядлiвасцi, i артыкула 1 Канстытуцыi, што замацоўвае сацыяльны прававы характар нашай дзяржавы.

Канстытуцыйны Суд адзначыў неправамернасць выкарыстання тэрмiну “лiшкi жылой плошчы” для ўласнiкаў, паколькi заканадаўства прадугледжвае права грамадзян мець ва ўласнасцi жылыя памяшканнi без абмежавання iх памераў (артыкул 101 Жыллёвага кодэкса).

Зыходзячы з гэтага, Канстытуцыйны Суд рашэннем ад 5 верасня 2000 года прапанаваў адпаведна Нацыянальнаму сходу Рэспублiкi Беларусь, Ураду Рэспублiкi Беларусь: забяспечыць рэалiзацыю артыкула 11 Закона “Аб сумесным домаўладаннi”, якi прадугледжвае, што ўласнiкi нерухомай маёмасцi сумеснага домаўладання нясуць расходы па ўтрыманню i рамонту агульнай маёмасцi прапарцыянальна iх долi ў праве агульнай уласнасцi на гэтую маёмасць, выключыўшы пры гэтым iснуючыя дыспрапорцыi, выклiканыя ўстаноўленым парадкам павелiчэння платы за “залiшнюю жылую плошчу”; улiчыць канстытуцыйныя палажэннi аб роўнай абароне правоў i законных iнтарэсаў грамадзян, у сувязi з чым памер платы ўласнiкамi жылых памяшканняў за тэхнiчнае абслугоўванне не павiнен перавышаць аналагiчнай платы наймальнiкаў жылых памяшканняў; у пытаннi аплаты за карыстанне жылымi памяшканнямi i тэхнiчнае абслугоўванне жыллёвага фонду зыходзiць з неабходнасцi больш поўнага ўлiку прынцыпу сацыяльнай справядлiвасцi, асаблiва ў адносiнах да сацыяльна неабароненых катэгорый грамадзян (пенсiянераў, малазабяспечаных); вызначыць парадак i ўмовы больш шырокага давядзення да грамадзян звестак, якiя датычацца расходвання сродкаў, атрыманых ад насельнiцтва за карыстанне жылымi памяшканнямi i iх тэхнiчнае абслугоўванне. Адпаведны праект пастановы Урада дапрацоўваецца.

Прадметам неаднаразовага разгляду ў Канстытуцыйным Судзе былi пытаннi, звязаныя з рэалiзацыяй канстытуцыйнага права грамадзян на атрыманне юрыдычнай дапамогi, замацаванага ў артыкуле 62 Канстытуцыi.

У рашэннi ад 4 лiпеня 2000 года “Аб некаторых пытаннях, звязаных з аказаннем юрыдычнай дапамогi асуджаным” Канстытуцыйны Суд указаў, што згодна з крымiнальна-працэсуальным заканадаўствам юрыдычную дапамогу ў крымiнальным працэсе могуць аказваць, акрамя адвакатаў, iншыя асобы (блiзкiя родныя, законныя прадстаўнiкi), на якiх распаўсюджваюцца нормы КПК, што вызначаюць правы i абавязкi абаронцы. Таму асоба, дапушчаная судом у якасцi абаронцы падсуднага, мела права аказваць яму юрыдычную дапамогу i ў тым выпадку, калi ён ужо асуджаны па дадзенай справе i адбывае пакаранне ў месцах пазбаўлення волi. У гэтых мэтах абаронца можа мець спатканнi з асуджаным з захаваннем Правiл унутранага распарадку папраўчых устаноў, якiя рэгулююць парадак прадастаўлення асуджаным сустрэч з адвакатамi.

Паколькi ў Канстытуцыйны Суд працягвалi паступаць звароты i па iншых пытаннях, звязаных з рэалiзацыяй права грамадзян на юрыдычную дапамогу, Канстытуцыйны Суд 5 кастрычнiка 2000 года прыняў рашэнне “Аб практыцы прымянення рашэнняў Канстытуцыйнага Суда Рэспублiкi Беларусь ад 2 лiпеня 1999 г. “Аб некаторых пытаннях прадстаўнiцтва ў судзе па грамадзянскiх справах”, ад 13 снежня 1999 г. “Аб некаторых пытаннях забеспячэння грамадзянам канстытуцыйнага права на атрыманне юрыдычнай дапамогi ў крымiнальным працэсе”, ад 4 лiпеня 2000 г. “Аб некаторых пытаннях, звязаных з аказаннем юрыдычнай дапамогi асуджаным” у частцы рэалiзацыi палажэнняў артыкула 62 Канстытуцыi”.

У дадзеным рашэннi Канстытуцыйны Суд зрабiў вывад, што права на юрыдычную дапамогу, прадугледжанае артыкулам 62 Канстытуцыi, якое базiруецца на агульнапрызнаных прынцыпах мiжнароднага права, для ажыццяўлення i абароны правоў i свабод грамадзян гарантуецца дзяржавай i забяспечваецца перш за ўсё шляхам аказання квалiфiкаванай юрыдычнай дапамогi на прафесiянальнай аснове (адвакатамi або iншымi асобамi, якiя маюць права на аказанне юрыдычнай дапамогi).

Разам з тым, грунтуючыся на палажэннi артыкула 62 Канстытуцыi, Канстытуцыйны Суд прызнаў права грамадзян на атрыманне ў любы момант юрыдычнай дапамогi i ад iншых асоб, якiя не з’яўляюцца адвакатамi або не маюць лiцэнзiй на ажыццяўленне дзейнасцi па аказанню юрыдычных паслуг. Такое права грамадзяне могуць скарыстаць у любы момант як у крымiнальным i грамадзянскiм судаводстве, так i пры абароне сваiх правоў у працоўных, жыллёвых, адмiнiстрацыйных, падатковых i iншых праваадносiнах. Аднак у гэтых выпадках павiнны быць захаваны неабходныя патрабаваннi, якiя выключаюць сiстэматычную дзейнасць па аказанню юрыдычных паслуг i атрыманне ад яе даходаў, калi iншае не прадугледжана заканадаўствам. Такая ж умова павiнна быць захавана i пры аказаннi юрыдычнай дапамогi па грамадзянска-прававых пытаннях па даверанасцi асуджаных, якiя знаходзяцца ў месцах пазбаўлення волi.

Ва ўказаным рашэннi Канстытуцыйны Суд пацвердзiў i канкрэтызаваў сваю пазiцыю, выражаную ў раней прынятых рашэннях, што права на атрыманне ў любы момант юрыдычнай дапамогi абаронцы павiнна быць забяспечана не толькi абвiнавачванаму, падсуднаму, але i падазронаму, у адносiнах да якiх выбрана мера стрымання ў выглядзе ўзяцця пад варту; юрыдычную дапамогу ў крымiнальным судаводстве могуць аказваць блiзкiя родныя i законныя прадстаўнiкi не толькi абвiнавачванага, падсуднага, але i падазронага, выступаючы ў ролi iх абаронцаў. Яны маюць права аказваць юрыдычную дапамогу па дадзенай справе i пасля вынясення прыгавору, у сувязi з чым мець спатканнi з асуджанымi, якiя адбываюць пакаранне ў месцах пазбаўлення волi.

Зыходзячы з неабходнасцi больш поўнага забеспячэння права на юрыдычную дапамогу, прадугледжанага ў артыкуле 62 Канстытуцыi Рэспублiкi Беларусь i мiжнародна-прававых актах, Канстытуцыйны Суд прапанаваў дзяржаўным органам у межах iх кампетэнцыi ўнесцi неабходныя змяненнi ў дзеючае заканадаўства, якiя датычацца парадку аказання юрыдычнай дапамогi грамадзянам, у тым лiку шляхам прадстаўнiцтва, уключаючы i юрыдычную дапамогу асуджаным, якiя адбываюць пакаранне ў месцах пазбаўлення волi.

Заключэннем Канстытуцыйнага Суда ад 13 мая 1999 года частка шостая артыкула 209 КПК Рэспублiкi Беларусь прызнана не адпавядаючай Канстытуцыi i Мiжнароднаму пакту аб грамадзянскiх i палiтычных правах у той меры, у якой яна не прадугледжвала права на абскарджанне ў суд пастановы аб спыненнi крымiнальнай справы. З улiкам таго, што Канстытуцыйны Суд у раней прынятых заключэннях, пасланнях аб стане канстытуцыйнай законнасцi, прапановах праватворчым i правапрымяняючым органам неаднаразова ўказваў на непасрэдны характар дзеяння норм аб праве на судовую абарону, што змяшчаюцца ў артыкуле 60 Канстытуцыi, у дадзеным Заключэннi Канстытуцыйны Суд не вызначаў момант, з якога палажэннi часткi шостай артыкула 209 КПК страчваюць сiлу. Паколькi на практыцы сталi ўзнiкаць пытаннi аб праве абскарджання ў суд пастаноў аб спыненнi вядзення па крымiнальных справах, якiя былi вынесены да прыняцця ўказанага Заключэння, Канстытуцыйны Суд даў тлумачэнне свайму Заключэнню.

У Заключэннi ад 17 красавiка 2000 года “Аб тлумачэннi Заключэння Канстытуцыйнага Суда Рэспублiкi Беларусь ад 13 мая 1999 года “Аб адпаведнасцi Канстытуцыi Рэспублiкi Беларусь i мiжнародна-прававым актам часткi шостай артыкула 209 Крымiнальна-працэсуальнага кодэкса Рэспублiкi Беларусь” Канстытуцыйны Суд растлумачыў, што ў суд могуць быць абскарджаны пастановы аб спыненнi вядзення па крымiнальнай справе, калi яны былi вынесены пасля ўступлення ў сiлу Канстытуцыi Рэспублiкi Беларусь, гэта значыць з 30 сакавiка 1994 года.

Неабходнасцю забеспячэння i далейшага развiцця канстытуцыйнага прынцыпу роўнасцi ўсiх грамадзян перад законам абумоўлена прыняцце Канстытуцыйным Судом рашэння ад 17 лiстапада 2000 года “Аб праве на амнiстыю асуджаных, у адносiнах да якiх прыгаворы не ўступiлi ў законную сiлу ў сувязi з iх касацыйным абскарджаннем (апратэставаннем)”.

Звярнуўшы ўвагу на iснуючыя ў судовай практыцы факты, калi касацыйныя скаргi асуджаных не разглядаюцца на працягу доўгага часу па акалiчнасцях, якiя ад iх не залежаць, i з прычыны гэтага прыгаворы ў адносiнах да гэтых асоб не ўступаюць у законную сiлу на дзень уступлення ў сiлу законаў аб амнiстыi, Канстытуцыйны Суд адзначыў, што ў такiх выпадках указаныя асобы пры вырашэннi пытання аб прымяненнi да iх амнiстыi аказваюцца ў няроўным становiшчы ў параўнаннi з асобамi, прыгаворы ў адносiнах да якiх уступiлi ў законную сiлу. Пры гэтым парушаецца таксама канстытуцыйнае права грамадзян на касацыйнае абскарджанне прыгавораў, паколькi асобныя асуджаныя не звяртаюцца з касацыйнымi скаргамi толькi дзеля таго, каб скарыстаць права на амнiстыю.

У сувязi з гэтым Канстытуцыйны Суд указаў, што ёсць падставы для пошуку справядлiвага рашэння па пытанню прымянення амнiстыi да асуджаных, у адносiнах да якiх прыгаворы не ўступiлi ў законную сiлу. Пры прыняццi законаў аб амнiстыi ў будучым не выключаюцца i iншыя варыянты справядлiвага вырашэння дадзенага пытання.

Канстытуцыйны Суд прапанаваў Нацыянальнаму сходу Рэспублiкi Беларусь разгледзець пытанне (у тым лiку шляхам тлумачэння) аб распаўсюджаннi дзеяння законаў ад 18 студзеня 1999 года “Аб амнiстыi некаторых катэгорый асоб, якiя ўчынiлi злачынствы” i ад 14 лiпеня 2000 года “Аб амнiстыi некаторых катэгорый асоб, якiя ўчынiлi злачынствы” на асуджаных, у адносiнах да якiх прыгаворы не ўступiлi ў законную сiлу з прычыны таго, што касацыйныя скаргi (пратэсты) па iх справах не разглядалiся на працягу доўгага часу па акалiчнасцях, якiя не залежаць ад асуджаных. У адказе, якi паступiў з Палаты прадстаўнiкоў, паведамлена, што пазiцыя Канстытуцыйнага Суда будзе ўлiчвацца пры падрыхтоўцы адпаведных законапраектаў. Разумеючы цяжкасцi, з якiмi прыйшлося б сутыкнуцца, калi б дзеянне названых законаў пасля заканчэння такога працяглага часу пасля iх прыняцця было распаўсюджана на асуджаных, у адносiнах да якiх прыгаворы не ўступiлi ў законную сiлу па акалiчнасцях, якiя ад iх не залежаць, Канстытуцыйны Суд лiчыць, што гэта праблема магла б быць своечасова вырашана пры звароце ў Канстытуцыйны Суд упаўнаважаных органаў i службовых асоб.

Канстытуцыйны Суд у рашэннi ад 26 мая 2000 года “Аб некаторых пытаннях рэалiзацыi артыкула 57 Канстытуцыi Рэспублiкi Беларусь” прызнаў, што грамадзяне Рэспублiкi Беларусь у адпаведнасцi не толькi з Канстытуцыяй, але i з Законам “Аб усеагульным воiнскiм абавязку i ваеннай службе” (артыкулы 1 i 14) маюць права, у прыватнасцi па рэлiгiйных перакананнях, на замену воiнскай службы альтэрнатыўнай.

У адпаведнасцi з артыкулам 57 Канстытуцыi парадак праходжання воiнскай службы, падставы i ўмовы вызвалення ад воiнскай службы або замена яе альтэрнатыўнай вызначаюцца законам. Такiм чынам, Асноўны Закон не разглядае воiнскую службу ў якасцi адзiнай i безумоўнай, дапускае магчымасць вызвалення ад воiнскай службы або замену яе альтэрнатыўнай.

Згодна з артыкулам 31 Канстытуцыi кожны мае права самастойна вызначаць свае адносiны да рэлiгii, асабiста або сумесна з iншымi вызнаваць любую рэлiгiю або не вызнаваць нiякай, выказваць i распаўсюджваць перакананнi, звязаныя з адносiнамi да рэлiгii, удзельнiчаць у адпраўленнi рэлiгiйных культаў, рытуалаў, абрадаў, не забароненых законам.

Вышэйпрыведзеныя нормы нацыянальнага заканадаўства суадносяцца з агульнапрызнанымi прынцыпамi i нормамi мiжнароднага права, прыярытэт якiх прызнаецца Рэспублiкай Беларусь.

Разгледзеўшы паступiўшыя запыты i матэрыялы з Адмiнiстрацыi Прэзiдэнта Рэспублiкi Беларусь, а таксама ад грамадскага аб’яднання, Канстытуцыйны Суд прыйшоў да вываду, што грамадзяне Рэспублiкi Беларусь з прычыны рэлiгiйных перакананняў часта не маюць магчымасцi на практыцы выканаць свой абавязак па абароне Рэспублiкi Беларусь, у тым лiку шляхам праходжання альтэрнатыўнай службы. Немагчымасць забеспячэння права на альтэрнатыўную службу тлумачылася некаторымi службовымi асобамi адсутнасцю спецыяльнага закона, што прыводзiла да ўзнiкнення канфлiктаў памiж грамадзянамi i дзяржавай, паколькi не забяспечвалiся ў поўнай меры правы грамадзян у Рэспублiцы Беларусь, гарантаваныя Канстытуцыяй. Пры гэтым выпускаецца з-пад увагi, што Канстытуцыя Рэспублiкi Беларусь валодае вяршэнствам i прамым дзеяннем.

Канстытуцыйны Суд указаў, што ў адпаведнасцi з артыкулам 142 Канстытуцыi законы, указы i iншыя акты, якiя дзейнiчалi на тэрыторыi Рэспублiкi Беларусь да ўвядзення ў дзеянне Канстытуцыi, прымяняюцца ў частцы, якая не супярэчыць Канстытуцыi Рэспублiкi Беларусь. У сiлу гэтага прыцягненне грамадзян да адказнасцi па артыкулу 77 Крымiнальнага кодэкса 1960 года за ўхiленне ад чарговага прызыву на ваенную службу было дапушчальна толькi пры выкананнi патрабаванняў вышэйпрыведзеных норм Канстытуцыi па стварэнню дзяржавай умоў для праходжання грамадзянамi Рэспублiкi Беларусь як воiнскай, так i альтэрнатыўнай службы. Канстытуцыйны Суд лiчыць, што пры наяўнасцi права прызыўнiка на альтэрнатыўную службу прыцягненне яго да крымiнальнай адказнасцi магчыма толькi за ўхiленне ад праходжання альтэрнатыўнай службы.

Узмацненню канстытуцыйных гарантый грамадзян будзе служыць хутчэйшае прыняцце закона аб альтэрнатыўнай службе, праект якога распрацоўваецца.

У сувязi з неадназначным разуменнем дзяржаўнымi органамi прававога статусу прыватных натарыусаў Канстытуцыйны Суд зноў разгледзеў пытаннi, звязаныя з iх дзейнасцю. Яшчэ Заключэннем Канстытуцыйнага Суда ад 23 студзеня 1998 года было прадугледжана, што аднясенне прыватнай натарыяльнай дзейнасцi пры вырашэннi пытанняў падаткаабкладання да прадпрымальнiцкай дзейнасцi не заснавана на пастановах Вярхоўнага Савета Рэспублiкi Беларусь ад 26 лiстапада 1992 года i ад 18 студзеня 1994 года, iншых заканадаўчых актах. Аднак i пасля прыняцця Канстытуцыйным Судом указанага Заключэння прыватная натарыяльная дзейнасць, якая ажыццяўляецца прыватнымi натарыусамi, працягвала прыраўноўвацца да прадпрымальнiцкай. У рашэннi Канстытуцыйнага Суда ад 15 чэрвеня 2000 года “Аб некаторых пытаннях, звязаных з прававым становiшчам прыватных натарыусаў” Суд пацвердзiў сваю пазiцыю аб тым, што натарыяльная дзейнасць, ажыццяўляемая натарыусамi, якiя займаюцца прыватнай практыкай, не з’яўляецца прадпрымальнiцкай дзейнасцю. Заканадавец прадаставiў натарыусам пры ўчыненнi натарыяльных дзеянняў роўныя правы i аднолькавыя абавязкi незалежна ад таго, працуюць яны ў дзяржаўнай натарыяльнай канторы цi займаюцца прыватнай натарыяльнай практыкай. Прыватны натарыус, аказваючы паслугi, не ўступае ў грамадзянскiя праваадносiны з асобамi, якiя звярнулiся за ўчыненнем натарыяльных дзеянняў. Пры ажыццяўленнi натарыяльнай дзейнасцi ён не мае права займацца iншай дзейнасцю, акрамя вызначанай пунктам 22 Палажэння аб натарыяце i натарыяльнай дзейнасцi ў Рэспублiцы Беларусь. Прыватны натарыус дзейнiчае ад iмя дзяржавы, у той час як прыватны прадпрымальнiк дзейнiчае ад свайго iмя. У гэтай сувязi рэгiстрацыя прыватных натарыусаў у якасцi iндывiдуальных прадпрымальнiкаў не мае законных падстаў. Канстытуцыйным Судом устаноўлена, што прыватныя натарыусы неправамерна зарэгiстраваны ў якасцi iндывiдуальных прадпрымальнiкаў.

У выкананне Заключэння Канстытуцыйнага Суда ад 23 студзеня 1998 года i рашэння Канстытуцыйнага Суда ад 15 чэрвеня 2000 года рашэннямi Брэсцкага, Вiцебскага, Гродзенскага, Мiнскага абласнога i Мiнскага гарадскога выканаўчых камiтэтаў прыватныя натарыусы, зарэгiстраваныя ў якасцi прадпрымальнiкаў, якiя ажыццяўляюць сваю дзейнасць без утварэння юрыдычнай асобы, выключаны з Адзiнага дзяржаўнага рэгiстра юрыдычных асоб i iндывiдуальных прадпрымальнiкаў. Аналагiчная работа, завяршыць якую мяркуецца ў блiжэйшы час, праводзiцца i ў iншых рэгiёнах.

Вывучыўшы змест пункта 2 Указа Прэзiдэнта Рэспублiкi Беларусь ад 18 студзеня 1999 года № 30 “Аб тлумачэннi Указа Прэзiдэнта Рэспублiкi Беларусь ад 8 лютага 1995 г. № 52”, Канстытуцыйны Суд у Заключэннi ад 18 лютага 2000 года прызнаў адпавядаючай Канстытуцыi норму пункта 2 названага Указа як выдадзенага ў межах кампетэнцыi Прэзiдэнта, якая прадугледжвае яго права на афiцыйнае нарматыўнае тлумачэнне прынятых iм нарматыўных прававых актаў у мэтах растлумачэння не толькi зместу растлумачваемых норм, але i парадку, i ўмоў iх прымянення да iснуючых адносiн.

Абзацам чацвёртым часткi другой пункта 1 Указа Прэзiдэнта Рэспублiкi Беларусь ад 8 лютага 1995 года № 52 было прадугледжана, што суб’ект гаспадарання павiнен забяспечыць паступленне тавару па iмпарту згодна з бартэрным кантрактам не пазней 60 каляндарных дзён з даты выканання экспартнай часткi гэтага кантракта.

Камiтэт дзяржаўнага кантролю Рэспублiкi Беларусь прыцягваў суб’ектаў гаспадарання да адказнасцi за парушэнне тэрмiнаў атрымання тавараў пры кожнай экспартнай адгрузцы прадукцыi, аформленай асобнымi таварасуправаджальнымi дакументамi. Прымяняемыя iм эканамiчныя санкцыi суб’ектамi гаспадарання, як правiла, не аспрэчвалiся.

Неадназначнае на практыцы разуменне палажэнняў абзаца чацвёртага часткi другой пункта 1 Указа ад 8 лютага 1995 года № 52 у пэўнай меры было абумоўлена недакладнасцю яго тэрмiнаў i фармулёвак, нявызначанасцю паняцця “экспартная частка бартэрнага кантракта”, што i выклiкала неабходнасць афiцыйнага тлумачэння дадзенага Указа.

У адпаведнасцi з Канстытуцыяй Рэспублiкi Беларусь дзяржава, усе яе органы i службовыя асобы дзейнiчаюць у межах Канстытуцыi i прынятых у адпаведнасцi з ёй актаў заканадаўства (артыкул 7). Пры ажыццяўленнi сваiх канстытуцыйных паўнамоцтваў Прэзiдэнт Рэспублiкi Беларусь мае права выдаваць нарматыўныя прававыя акты i даваць iх афiцыйнае тлумачэнне. Указам Прэзiдэнта Рэспублiкi Беларусь ад 18 студзеня 1999 года № 30 было растлумачана, што пад экспартнай часткай бартэрнага кантракта, аб якой iдзе гаворка ў абзацы чацвёртым часткi другой пункта 1 Указа ад 8 лютага 1995 года № 52, разумеецца кожная экспартная адгрузка прадукцыi, аформленая асобным таварасуправаджальным дакументам (мытная дэкларацыя, накладная i г.д.), або кожны этап выканання работ (аказання паслуг), аформлены асобным актам аб прыёмцы-здачы выкананых работ (аказаных паслуг). (Неабходна адзначыць, што аналагiчныя растлумачэннi давалiся спецыялiстамi ўпаўнаважаных дзяржаўных органаў у сродках масавай iнфармацыi яшчэ ў 1995 годзе пасля прыняцця Указа № 52 (Нацыянальная эканамiчная газета, 1995 г., № 8, 15, 24).

У сувязi з увядзеннем у дзеянне новых Грамадзянскага кодэкса Рэспублiкi Беларусь, Кодэкса Рэспублiкi Беларусь аб зямлi i Жыллёвага кодэкса Рэспублiкi Беларусь узнiк шэраг пытанняў, звязаных з валоданнем, карыстаннем i распараджэннем зямельнымi ўчасткамi, якiя знаходзяцца ва ўласнасцi грамадзян – членаў садаводчых таварыстваў. У сваiх зваротах грамадзяне ставiлi пытаннi аб парадку здачы ў арэнду зямельных участкаў, якiя знаходзяцца на праве ўласнасцi ў членаў садаводчых таварыстваў, у тым лiку ў выпадку iх часовага выезду за межы Рэспублiкi Беларусь.

Канстытуцыйны Суд адзначыў, што зямельнае заканадаўства не ў поўнай меры рэгулюе адносiны, звязаныя з ажыццяўленнем членамi садаводчых таварыстваў правамоцтваў уласнiка на прыналежныя iм зямельныя ўчасткi. У прыватнасцi, не вызначаны парадак здачы дадзенага зямельнага ўчастка iншым спосабам у арэнду, а таксама распараджэння зямельным участкам не толькi пры часовым выездзе члена садаводчага таварыства за межы Рэспублiкi Беларусь, як гэта прадугледжана Тыпавым статутам, але i ў iншых выпадках.

Рашэннем Канстытуцыйнага Суда Рэспублiкi Беларусь ад 26 красавiка 2000 года “Аб неабходнасцi ўдасканалення зямельнага заканадаўства, што датычыцца правоў членаў садаводчых таварыстваў, якiя з’яўляюцца ўласнiкамi зямельных участкаў” Савету Мiнiстраў было прапанавана паскорыць прыняцце новага Тыпавога статута садаводчага таварыства, якi б засноўваўся на грамадзянскiм i зямельным заканадаўстве, i пры неабходнасцi ўнесцi кампетэнтным органам дзяржаўнай улады прапановы, якiя прадугледжвалi б больш поўную заканадаўчую абарону правоў членаў садаводчых таварыстваў, якiя з’яўляюцца ўласнiкамi зямельных участкаў.

Прааналiзаваўшы Палажэнне аб лiцэнзаваннi ахоўнай дзейнасцi ў Рэспублiцы Беларусь, зацверджанае пастановай Савета Мiнiстраў Рэспублiкi Беларусь ад 19 лютага 1999 года № 262, Канстытуцыйны Суд у сваiм рашэннi ад 28 лютага 2000 года прыйшоў да вываду, што ўказанае Палажэнне, якое вызначыла фактычна вычарпальны пералiк асоб, якiм суб’ектамi гаспадарання, ажыццяўляючымi ахоўную дзейнасць, павiнен быць забяспечаны бесперашкодны праход на аб’екты (тэрыторыю), не адпавядае нормам Канстытуцыi, законаў аб пракуратуры, аб органах дзяржаўнай бяспекi, аб Камiтэце дзяржаўнага кантролю, КПК, Мытнага кодэкса, што стварала на практыцы насуперак патрабаванням гэтых законаў пэўныя цяжкасцi ў рэалiзацыi ўпаўнаважанымi службовымi асобамi некаторых дзяржаўных органаў сваiх функцый. Канстытуцыйны Суд адзначыў, што нормы законаў, якiя вызначаюць правамоцтвы на доступ упаўнаважаных службовых асоб дзяржаўных органаў на аб’екты (тэрыторыю) прадпрыемстваў, устаноў, арганiзацый незалежна ад форм уласнасцi i падведамаснасцi для ажыццяўлення iмi ва ўстаноўленым парадку сваiх службовых функцый, маюць непасрэднае дзеянне i не могуць быць абмежаваны падзаконнымi актамi. Ураду Рэспублiкi Беларусь было прапанавана ўнесцi ва ўказанае Палажэнне неабходныя ўдакладненнi, якiя выключаюць неадназначнасць яго разумення i прымянення на практыцы.

Прапановы Канстытуцыйнага Суда рэалiзаваны Урадам у пастанове ад 31 мая 2000 года № 781.

Аналiз скарг, якiя паступаюць у Канстытуцыйны Суд, паказвае, што адной з прычын iх узнiкнення з’яўляецца неадназначнае разуменне i прымяненне норм дзеючага заканадаўства. Так, у скарзе грамадзянiна, якi звольнiўся з органаў унутраных спраў i мае спецыяльнае афiцэрскае званне, было ўказана, што пры яго прызыве на тэрмiновую ваенную службу на агульных падставах ў адпаведнасцi з артыкулам 15 Закона “Аб ўсеагульным воiнскiм абавязку i ваеннай службе” не была ўлiчана наяўнасць у яго афiцэрскага звання i не прыняты да ўвагi тэрмiн службы ў органах мiлiцыi.

Вывучыўшы дзеючае заканадаўства i практыку яго прымянення, Канстытуцыйны Суд у рашэннi ад 9 лiстапада 2000 года адзначыў, што ў адпаведнасцi з артыкулам 39 указанага Закона асобы вышэйшага, старшага i сярэдняга начальнiцкага складу, якiя маюць спецыяльныя званнi, звольненыя з органаў Мiнiстэрства ўнутраных спраў Рэспублiкi Беларусь, прымаюцца на воiнскi ўлiк у прысвоеных iм адпаведных званнях. Па меркаванню Канстытуцыйнага Суда, у дачыненнi да асоб афiцэрскага складу, якiя звольнены з органаў унутраных спраў у запас i прызываюцца на тэрмiновую ваенную службу, мог бы быць выкарыстаны дыферэнцыраваны падыход, аналагiчны ўжо ўстаноўленаму для ваеннай службы курсантаў, у тым лiку i курсантаў навучальных устаноў Мiнiстэрства ўнутраных спраў, тэрмiн ваеннай службы якiх змяншаецца ў залежнасцi ад тэрмiну навучання. У сувязi з гэтым Канстытуцыйны Суд у парадку артыкула 7 Закона “Аб Канстытуцыйным Судзе Рэспублiкi Беларусь” звярнуўся ў кампетэнтныя органы з прапановай аб упарадкаваннi дадзеных адносiн у адпаведнасцi з указаным Законам. Дзяржаўны Сакратарыят Савета Бяспекi Рэспублiкi Беларусь падтрымаў вывады Канстытуцыйнага Суда аб тым, што прававое рэгуляванне некаторых пытанняў воiнскага ўлiку i прызыву на службу вызначаецца супярэчлiвасцю i неадназначнасцю, i звярнуўся ў Савет Мiнiстраў Рэспублiкi Беларусь з прапановай аб унясеннi адпаведных змяненняў i дапаўненняў у нарматыўныя акты Урада, а таксама належным вырашэннi ўказаных пытанняў у новым законапраекце аб усеагульным воiнскiм абавязку i ваеннай службе.

У Канстытуцыйны Суд звярталiся грамадзяне, якiя ўдзельнiчалi ў складзе спецыяльных фармiраванняў у работах па размiнiраванню вызваленых ад нямецка-фашысцкай акупацыi тэрыторый у 1943–1945 гадах, па пытанню павелiчэння iх пенсiённага забеспячэння з улiкам часу iх службы ва ўказаных фармiраваннях. Канстытуцыйны Суд, прыняўшы 17 сакавiка 2000 года адпаведнае рашэнне, накiраваў са сваiмi абгрунтаваннямi прапанову Савету Мiнiстраў аб уключэннi ў працоўны стаж указаных асоб перыяду iх удзелу ў складзе спецыяльных фармiраванняў па размiнiраванню вызваленых тэрыторый. Гэтая прапанова была ўлiчана Урадам пры падрыхтоўцы праекта адпаведнага закона, якi ўнесены ў Нацыянальны сход.

Прадметам разгляду Канстытуцыйнага Суда быў таксама зварот членаў Савета Беларускага камiтэта ветэранаў падраздзяленняў асобай рызыкi з пытаннем аб пенсiённым забеспячэннi ваеннаслужачых запасу i ў адстаўцы з лiку такiх ветэранаў. Прааналiзаваўшы дзеючае заканадаўства па дадзенаму пытанню, Канстытуцыйны Суд 7 сакавiка 2000 года звярнуўся ў Савет Мiнiстраў Рэспублiкi Беларусь з прапановай аб унясеннi ў Палату прадстаўнiкоў Нацыянальнага сходу законапраекта, якi прадугледжвае павелiчэнне памераў пенсiй за выслугу гадоў асобам з падраздзяленняў асобай рызыкi, iх больш поўнай сацыяльнай абароне. Публiкацыi ў перыядычным друку па дадзенаму пытанню сведчаць аб грамадскай значнасцi гэтай праблемы i неабходнасцi яе вырашэння.

Зыходзячы з неабходнасцi забеспячэння вяршэнства Канстытуцыi i прамога дзеяння яе норм, Канстытуцыйны Суд у мiнулым годзе прымаў рашэннi i па iншых пытаннях, якiя датычацца правоў i свабод грамадзян.

Вырашаючы кожную справу, Канстытуцыйны Суд аналiзуе не толькi Канстытуцыю Рэспублiкi Беларусь, але i мiжнародна-прававыя акты (Усеагульную дэкларацыю правоў чалавека, мiжнародныя пакты аб грамадзянскiх i палiтычных правах, аб эканамiчных, сацыяльных i культурных правах, дакументы ААН i iнш.) У сiлу таго, што Беларусь, як гэта замацавана ў Канстытуцыi (артыкул 8), прызнае прыярытэт агульнапрызнаных прынцыпаў мiжнароднага права, яны для Беларусi абавязковыя. Канстытуцыйны Суд таксама ўлiчвае, што згодна з артыкулам 15 Закона “Аб мiжнародных дагаворах Рэспублiкi Беларусь” агульнапрызнаныя прынцыпы мiжнароднага права i нормы мiжнародных дагавораў Рэспублiкi Беларусь, якiя ўступiлi ў сiлу, з’яўляюцца часткай дзейнiчаючага на тэрыторыi Рэспублiкi Беларусь права. Нормы права, якiя змяшчаюцца ў мiжнародных дагаворах Рэспублiкi Беларусь, якiя ўступiлi ў сiлу, з’яўляюцца часткай дзейнiчаючага на тэрыторыi Рэспублiкi Беларусь заканадаўства, падлягаюць непасрэднаму прымяненню, акрамя выпадкаў, калi з мiжнароднага дагавора вынiкае, што для прымянення такiх норм патрабуецца выданне ўнутрыдзяржаўнага акта, i маюць сiлу таго прававога акта, якiмi выражана згода Рэспублiкi Беларусь на абавязковасць адпаведнага мiжнароднага дагавора. Разам з гэтым Канстытуцыйны Суд часта звяртаецца i да Еўрапейскай Канвенцыi аб абароне правоў чалавека i асноўных свабод, якой кiруецца ў сваёй дзейнасцi Еўрапейскi Суд на правах чалавека. Аналiз названай Канвенцыi, якая не з’яўляецца абавязковай для Рэспублiкi Беларусь, а таксама рашэнняў Еўрапейскага Суда садзейнiчае вызначэнню Канстытуцыйным Судом Рэспублiкi Беларусь сваёй пазiцыi па канкрэтных пытаннях. Рашэннi, якiя Канстытуцыйны Суд прымаў у апошнi час, грунтавалiся выключна на нормах Канстытуцыi i мiжнароднага права.

Ацэньваючы ў цэлым выкананне прынятых у 2000 годзе рашэнняў, Канстытуцыйны Суд адзначае, што рашэннi Суда былi выкананы або знаходзяцца ў стадыi выканання. У 2000 годзе выкананы таксама шэраг рашэнняў, прынятых Канстытуцыйным Судом у 1999 годзе, у тым лiку рэалiзаваны прапановы, якiя Суд уноciў у дзяржаўныя органы ў мэтах удасканалення заканадаўства. Так, былi адноўлены льготы ўдзельнiкам Вялiкай Айчыннай Вайны па ўплаце зямельнага падатку за ўчасткi, што адводзяцца пад iндывiдуальныя гаражы.

Вялiкую ўвагу выкананню прынятых Канстытуцыйным Судом рашэнняў удзяляе Кiраўнiк дзяржавы як гарант Канстытуцыi, правоў i свабод грамадзян.

Дастаткова актыўна i плённа ў 2000 годзе ў галiне ўмацавання канстытуцыйнай законнасцi i ўдасканалення бягучага заканадаўства з мэтай прывядзення яго ў адпаведнасць з Асноўным Законам Канстытуцыйны Суд узаемадзейнiчаў з Саветам Мiнiстраў. Некалькi складаных пытанняў вырашана Канстытуцыйным Судом у сувязi са зваротамi Вышэйшага Гаспадарчага Суда.

Больш цесным i актыўным ў галiне канстытуцыйнага кантролю, а значыць фармiравання нашай дзяржавы як дэмакратычнай сацыяльнай прававой, магло б быць супрацоўнiцтва з палатамi Парламента, куды звяртаецца са скаргамi вялiкая колькасць грамадзян. У 2000 годзе зваротаў у Канстытуцыйны Суд ад палат Парламента з прапановай аб праверцы канстытуцыйнасцi нарматыўных актаў не было. Больш трох з паловай гадоў не паступала зваротаў ад Вярхоўнага Суда, хаця, як сведчыць замежная практыка, запыты агульных судоў складаюць значную колькасць зваротаў у канстытуцыйныя суды, што дазваляе вырашаць спрэчкi з удзелам грамадзян у строгай адпаведнасцi з канстытуцыйнымi прадпiсаннямi, аператыўна забяспечваць аднастайную судовую практыку i прызнаваць не маючымi юрыдычнай сiлы нарматыўныя акты, якiя супярэчаць Канстытуцыi.

У адпаведнасцi з Канстытуцыяй пасяджэннi Канстытуцыйнага Суда праводзiлiся на беларускай i рускай мовах, яго рашэннi публiкавалiся на абедзвюх дзяржаўных мовах у “Веснiку Канстытуцыйнага Суда Рэспублiкi Беларусь”, у газетах “Звязда”, “Народная газета” i iншых афiцыяльных выданнях, што садзейнiчала забеспячэнню права грамадзян на iнфармацыю, прадугледжанага артыкулам 34 Канстытуцыi, i больш эфектыўнай прававой абароне канстытуцыйных правоў i свабод грамадзян.

II

Канстытуцыя, Закон “Аб зваротах грамадзян”, распараджэнне Прэзiдэнта Рэспублiкi Беларусь “Аб мерах па паляпшэнню работы са зваротамi грамадзян” разглядаюць прапановы, заявы i скаргi як адзiн з важных iнструментаў у арганiзацыi i дзейнасцi дзяржаўных органаў i службовых асоб па захаванню правоў i законных iнтарэсаў грамадзян, якi садзейнiчае ўдасканаленню грамадскiх адносiн.

Разгляд у Канстытуцыйным Судзе у 2000 годзе асабiстых i калектыўных зваротаў грамадзян, у тым лiку паступiўшых на асабiстым прыёме ў кiраўнiцтва i суддзяў Канстытуцыйнага Суда, сведчыць аб тым, што звароты грамадзян у адпаведнасцi з артыкулам 40 Канстытуцыi ў дзяржаўныя органы i iх належнае вырашэнне з’яўляюцца эфектыўнай формай уплыву на ўдасканаленне заканадаўства, практыкi яго прымянення, забеспячэнне канстытуцыйнай законнасцi ў грамадстве i дзяржаве. У мiнулым годзе ў Канстытуцыйны Суд паступiла больш 700 зваротаў грамадзян, у тым лiку 58 ад грамадскiх аб’яднанняў i праваабарончых арганiзацый, 133 грамадзянiны прыняты на асабiстым прыёме. Па скаргах давалiся неабходныя растлумачэннi, многiя з iх былi накiраваны для разгляду ў кампетэнтныя дзяржаўныя органы. Па зваротах, якiя маюць грамадскую значнасць, Канстытуцыйны Суд, прымаючы рашэннi ў адпаведнасцi са сваёй кампетэнцыяй, выказваў прававую пазiцыю па пастаўленых пытаннях i ўносiў адпаведныя прапановы дзяржаўным органам.

Як i ў мiнулыя гады, найбольшая колькасць скарг грамадзян у 2000 годзе датычылася парушэння iх правоў i свабод у галiне жыллёвых, працоўных, адмiнiстрацыйных, крымiнальных, падатковых i iншых праваадносiн. У гэтых зваротах указвалася, што мясцовыя органы, суды, праваахоўныя органы, а таксама некаторыя службовыя асобы не прымаюць усе неабходныя меры па абароне законных iнтарэсаў грамадзян, а таксама прымяняюць нарматыўныя акты, якiя, па меркаванню грамадзян, не адпавядаюць актам, што валодаюць больш высокай юрыдычнай сiлай. У выпадку ўстанаўлення такiх фактаў службовыя асобы не заўсёды нясуць за гэта адпаведную адказнасць.

Практыка сведчыць аб тым, што грамадзяне звяртаюцца ў Канстытуцыйны Суд, вычарпаўшы, як правiла, усе iншыя сродкi правовой абароны ў iншых дзяржаўных органах. Адной з прычын звароту ў Канстытуцыйны Суд яны называюць таксама неабходнасць праверкi канстытуцыйнасцi нарматыўных актаў, на падставе якiх вырашалiся канкрэтныя спрэчкi, паколькi такi кантроль у дзяржаве ўскладзены на Канстытуцыйны Суд. У сваiх пiсьмах грамадзяне паведамляюць, што iх звароты да асоб, якiя маюць права на ўнясенне прапаноў у Канстытуцыйны Суд, застаюцца без задавальнення. Адмаўляюць iм у задавальненнi такiх хадайнiцтваў насуперак патрабаванням артыкула 112 Канстытуцыi i агульныя суды пры разглядзе канкрэтных спраў.

Канстытуцыйны Суд адзначае, што ў 2000 годзе палатамi Парламента разгледжана некалькi тысяч зваротаў грамадзян, у тым лiку мелiся скаргi на неканстытуцыйнасць палажэнняў асобных законаў, рашэнняў мясцовых Саветаў дэпутатаў, iншых нарматыўных актаў. Аднак адпаведныя прапановы ў Канстытуцыйны Суд iмi не накiроўвалiся, хаця Асноўны Закон ускладае на дзяржаву i яе органы абавязак прымаць усе даступныя ёй меры для стварэння ўнутранага i мiжнароднага парадку, неабходнага для поўнага ажыццяўлення правоў i свабод грамадзян. Дзяржаўныя органы, службовыя i iншыя асобы, якiм даверана выкананне дзяржаўных функцый, абавязаны ў межах сваёй кампетэнцыi прымаць неабходныя меры для ажыццяўлення i абароны правоў i свабод асобы (артыкул 59).

Дзейнiчаючы ў межах сваiх паўнамоцтваў, Канстытуцыйны Суд не вырашае спрэчкi, якiя ўзнiкаюць у правапрымяняльнай практыцы па канкрэтных справах, што адносiцца да кампетэнцыi iншых судоў (агульных, гаспадарчых). Аднак яго выключным правам i прамым абавязкам з’яўляецца ажыццяўленне кантролю за канстытуцыйнасцю нарматыўных актаў, у тым лiку i тых, якiя прымяняюцца пры разглядзе канкрэтных судовых спраў. Iменна такiм чынам неабходна разумець палажэннi часткi другой артыкула 112, часткi першай артыкула 116, часткi чацвёртай артыкула 122, артыкула 137 i iншых артыкулаў Канстытуцыi. Палажэннi Канстытуцыi ў значнай меры атрымалi сваё развiццё ў Законе “Аб Канстытуцыйным Судзе Рэспублiкi Беларусь”. У прыватнасцi, у артыкуле 6 указанага Закона вызначаны механiзм рэалiзацыi артыкула 112 Канстытуцыi. У гэтай сувязi сцвярджэннi аб адсутнасцi ўрэгуляванага законам механiзма звароту судоў у Канстытуцыйны Суд на прадмет праверкi адпаведнасцi Канстытуцыi прававых норм, якiя прымяняюцца iмi пры вырашэннi канкрэтных спраў, з’яўляюцца беспадстаўнымi. Акрамя таго, неабходна мець на ўвазе, што канстытуцыйныя нормы валодаюць вяршэнствам i павiнны прымяняцца непасрэдна.

Разглядаючы скаргi i звароты грамадзян, у тым лiку i калектыўныя, Канстытуцыйны Суд не мог пакiдаць без увагi факты працяглага прымянення неканстытуцыйных прававых актаў, нягледзячы на тое, што органы, упаўнаважаныя Канстытуцыяй ставiць перад Канстытуцыйным Судом пытаннi аб праверцы такiх актаў, не выконвалi свайго канстытуцыйнага абавязку, тым самым не садзейнiчалi безумоўнаму i абавязковаму для ўсiх органаў i службовых асоб спыненню iх прымянення.

Працягваюць паступаць пiсьмы грамадзян, якiя датычацца невыканання патрабаванняў заканадаўства аб афiцыйным апублiкаваннi нарматыўных актаў. У сувязi з гэтым у зацiкаўленых асоб узнiкаюць сумненнi ў законнасцi дзеянняў, якiя прымаюцца ў адносiнах да iх.

У Канстытуцыйным Судзе у 2000 годзе разглядалiся i iншыя звароты грамадзян, якiя датычацца неканстытуцыйнасцi некаторых нарматыўных актаў або iх асобных палажэнняў, у прыватнасцi па пытаннях статусу вязняў фашызму, пакрыцця шкоды, прычыненай жыццю i здароўю грамадзян, абароны асоб, якiя пакутаюць на туберкулёз i ўтрымлiваюцца ў папраўчых установах, умоўна-датэрмiновага вызвалення ад пакарання непаўналетнiх, у адносiнах да якiх раней прымянялася амнiстыя, абароны правоў аўтараў вынаходнiцтваў, размеркавання маладых спецыялiстаў, кампенсацыi абясцэньвання грашовых укладаў насельнiцтва i каштоўных папер, крэдытавання будаўнiцтва жылля, аплаты камунальных паслуг i электраэнергii (пры наяўнасцi адпаведных iльгот) асобамi, якiя часова адсутнiчаюць у жылым памяшканнi, i iншыя.

Па меркаванню Канстытуцыйнага Суда, паляпшэнню стану канстытуцыйнай законнасцi ў дзяржаве, стварэнню дзейснага механiзма абароны правоў i свабод асобы садзейнiчала б прыняцце Закона “Аб Упаўнаважаным па правах чалавека” i надзяленне гэтай службовай асобы правам звароту ў Канстытуцыйны Суд у мэтах iнiцыiравання канстытуцыйнага судаводства. Прадастаўленне такога ж права Генеральнаму пракурору як органу, якi ажыццяўляе нагляд за дакладным i аднастайным выкананнем законаў, дэкрэтаў i iншых нарматыўных актаў, будзе служыць умацаванню канстытуцыйнасцi ў дзяржаве. Акрамя таго, грамадзянам павiнна быць забяспечана магчымасць рэалiзоўваць заснаванае, у прыватнасцi, на артыкулах 61, 116 i 122 Канстытуцыi права на абскарджанне ў Канстытуцыйны Суд рашэнняў нарматыўнага характару мясцовых Саветаў дэпутатаў, выканаўчых i распарадчых органаў, якiя абмяжоўваюць або парушаюць iх правы, свабоды i законныя iнтарэсы. Рэалiзацыя гэтых прапаноў не патрабуе карэкцiроўкi Канстытуцыi.

III

Канстытуцыйны Суд адзначае, што ў вынiку стварэння адпаведнай нарматыўнай базы i кадыфiкацыi заканадаўства ў рэспублiцы сфармiраваны ўмовы для забеспячэння прынцыпу канстытуцыйнай стабiльнасцi, устанаўлення ўстойлiвага правапарадку, фармiравання якасна новай прававой сiстэмы. У шэрагу новых кодэксаў i законаў атрымалi канкрэтызацыю i развiццё палажэннi Канстытуцыi Рэспублiкi Беларусь i мiжнародна-прававых актаў, улiчаны многiя прапановы Канстытуцыйнага Суда па ўдасканальванню дзеючага заканадаўства, якiя вынiкаюць з яго рашэнняў.

Разам з гэтым iснуючая заканадаўчая аснова, асаблiва ў частцы рэалiзацыi i абароны правоў i свабод грамадзян, не пазбаўлена недахопаў, што не садзейнiчае станаўленню прававой дзяржавы, стварэнню адкрытага цывiльнага грамадства.

Для заканадаўчай практыкi апошнiх гадоў характэрна адcутнасць сiстэмнасцi, на што Канстытуцыйны Суд звяртаў увагу i ў папярэднiх пасланнях аб стане канстытуцыйнай законнасцi. Да гэтага часу не прыняты законы i iншыя нарматыўныя акты, якiя прама агавораны ў Канстытуцыi або вынiкаюць з яе палажэнняў (праграмныя законы аб асноўных напрамках унутранай i знешняй палiтыкi, аб ваеннай дактрыне Рэспублiкi Беларусь i iнш.).

У якасцi негатыўнага фактару ў законатворчасцi патрэбна разглядаць тэндэнцыю да жорстага ўрэгулявання некаторых вiдањў грамадскiх адносiн, што перашкаджае свабоднаму, творчаму развiццю асобы, дзелавой актыўнасцi грамадзян i суб’ектаў гаспадарання. У цяперашнi час важным з’яўляецца пераход да рэальнага ўмацавання прэзумпцыi правамернасцi незабароненых паводзiн грамадзян у грамадскай свядомасцi i правапрымяняльнай практыцы, у дзейнасцi праваахоўных органаў.

Асобным нарматыўным актам у парушэнне канстытуцыйнага прынцыпу – “закон не мае зваротнай сiлы, за выключэннем выпадкаў, калi ён змякчае або адмяняе адказнасць грамадзян”(частка шостая артыкула 104 Канстытуцыi) прыдаецца зваротная сiла, што абмяжоўвае правы грамадзян, пагаршае iх прававое становiшча. У такiх выпадках дзяржавай павiнен быць забяспечаны дзейсны кампенсацыйны механiзм абароны.

У законатворчай дзейнасцi неапраўдана мала ўдзяляецца ўвагi пытанням прагназiравання вынiкаў прымаемых актаў, вывучэння эфектыўнасцi iснуючых у iх механiзмањў рэалiзацыi нарматыўных прадпiсанняў, аднаўленчай (кампенсацыйнай) сiстэмы абароны парушаных правоў i свабод грамадзянiна, фармiравання грамадскай свядомасцi да ўспрыняцця асобных сацыяльна значных законапраектаў. Усё гэта прыводзiць у шэрагу выпадкаў або да нiзкай эфектыўнасцi нарматыўных актаў, або нават да адмоўных вынiкаў прымянення такiх актаў на практыцы.

Правотворчымi органамi не практыкуецца прыняцце нарматыўных актаў, якiя прадугледжваюць перыяд адаптацыi суб’ектаў гаспадарання да змененых умоў iх дзейнасцi. Асобным заканадаўчым актам уласцiвы разбалансаванасць, супярэчлiвасць, прабельнасць, дэкларатыўнасць, механiчнае аднаўленне i неапраўданае дублiраванне нарматыўных прадпiсанняў iншых нарматыўных актаў, калiзiйнасць прававых прадпiсанняў.

У некаторых новых заканадаўчых актах, напрыклад у Працоўным кодэксе, ёсць яўна неўзгодненыя або супярэчлiвыя адна адной нормы (артыкулы 43, 46, пункт 1 часткi трэцяй артыкула 115, артыкулы 120 i 210, артыкул 148 i частка першая артыкула 69, артыкулы 247 i 249, частка трэцяя артыкула 268 i пункт 1 артыкула 44 i iнш.). Важная роля ва ўстараненнi недахопаў у заканадаўстве належыць агульным судам, якiя вырашаюць канкрэтныя спрэчкi. Па меркаванню Канстытуцыйнага Суда, прымяняючы нормы актаў заканадаўства, суды, iншыя правапрымяняючыя органы i службовыя асобы абавязаны няўхiльна iх выконваць або, пры наяўнасцi супярэчнасцей у iх, а таксама абгрунтаваных прапаноў аб iх неканстытуцыйнасцi, прымаць меры, у тым лiку i выкарыстоўваючы магчымасцi канстытуцыйнага кантролю, па прывядзенню ва ўстаноўленым парадку гэтых актаў у адпаведнасць з Канстытуцыяй (напрыклад, артыкул 245, частка пятая артыкула 400 Працоўнага кодэкса i iнш.).

Маюць месца выпадкi, калi замацаваныя Канстытуцыяй i законамi правы i свабоды грамадзянiна нярэдка абмяжоўваюцца або iгнаруюцца ў падзаконных актах, а яшчэ часцей – у правапрымяняльнай дзейнасцi. Тым самым парушаюцца як палажэннi артыкула 23 Канстытуцыi, якi змяшчае вычарпальны пералiк абмежаванняў правоў i свабод асобы, так i патрабаваннi артыкула 142 Асноўнага Закона, якi прадугледжвае, што законы, указы i iншыя акты, што дзейнiчалi на тэрыторыi Рэспублiкi Беларусь да ўвядзення яго ў дзеянне, прымяняюцца ў частцы, якая не супярэчыць Канстытуцыi.

Шэраг артыкулаў Канстытуцыi, якiя вызначаюць правы чалавека i змяшчаюць нормы прамога дзеяння, не маюць патрэбы ў iх канкрэтызацыi законам або iншым нарматыўным актам. Гэта азначае, што паводзiны чалавека, якi кiруецца такiмi артыкуламi Канстытуцыi, з’яўляюцца правамернымi. Не выключана, што для вызначэння правамернасцi асобных дзеянняў грамадзянiна i дзяржавы неабходна канкрэтызацыя некаторых канстытуцыйных норм у законах i iншых нарматыўных актах. На практыцы, аднак, маюць месца выпадкi, калi грамадзянiну адмаўляюць у рэалiзацыi яго права або яго абароне са спасылкай на адсутнасць неабходнага нарматыўнага акта. Але ў такiм выпадку адсутнасць актаў, што канкрэтызуюць канстытуцыйную норму, або звужэнне, абмежаванне яе дзеяння на практыцы патрэбна разглядаць як парушэнне Канстытуцыi, якое з’яўляецца падставай для аднаўлення i абароны парушанага права.

Па меркаванню Канстытуцыйнага Суда, сёння на першы план у пытаннях гаспадарання, забеспячэння правоў i свабод грамадзян павiнна быць вылучана стабiльнасць рэгулявання адпаведных грамадскiх адносiн. У той жа час гэта не азначае, што нормы, якiя перашкаджаюць развiццю дэмакратычных працэсаў, рэалiзацыi правоў i свабод грамадзян або не забяспечваюць iх належную абарону, могуць працягваць дзейнiчаць. Такiя нормы падлягаюць неадкладнаму перагляду. Гэтаму павiнна садзейнiчаць паўсядзённая, карпатлiвая работа кампетэнтных дзяржаўных органаў па перагляду актаў дзеючага заканадаўства, своечасоваму выяўленню ўстарэлых норм у мэтах прызнання iх страцiўшымi сiлу. Асаблiва гэта датычыцца норм актаў, лёс якiх у сувязi з прыняццем новых актаў не вызначаецца, што негатыўным чынам адбiваецца на правапрымяняльнай практыцы.

IV

Мiжнародныя адносiны Канстытуцыйнага Суда Рэспублiкi Беларусь заснаваны на пазiцыi адкрытасцi i гатоўнасцi да дыялогу з любымi мiжнароднымi арганiзацыямi, мэтамi якiх з’яўляюцца развiццё канстытуцыяналiзму i абарона правоў i свабод грамадзян. Адкрытая дзейнасць Канстытуцыйнага Суда дазваляе любым асобам, у тым лiку мiжнародным i замежным арганiзацыям, якiя цiкавяцца праблемамi канстытуцыйнага кантролю, атрымаць аператыўную iнфармацыю аб Канстытуцыйным Судзе. Зборнiкi заключэнняў i рашэнняў Канстытуцыйнага Суда рассылаюцца зацiкаўленым органам i асобам.

Цiкавасць да дзейнасцi Канстытуцыйнага Суда Рэспублiкi Беларусь выразiлася ў прывядзеннi шматлiкiх сустрэч Старшынi, суддзяў i работнiкаў Сакратарыята са спецыялiстамi мiжнародных арганiзацый. У iх лiку прадстаўнiкi ААН, АБСЕ, Бюро по дэмакратычных iнстытутах i правах чалавека, Амерыканскай асацыяцыi юрыстаў, розных праваабарончых арганiзацый, замежныя назiральнiкi за ходам парламенцкiх выбараў i iншыя.

Прытрымлiваючыся пазiцыi аб разнастайным характары мiжнародных сувязей, Канстытуцыйны Суд Рэспублiкi Беларусь у мiнулым годзе сканцэнтраваў свае намаганнi ў двух асноўных напрамках – развiццё супрацоўнiцтва ў рамках Канферэнцыi органаў канстытуцыйнага кантролю краiн маладой дэмакратыi i Канферэнцыi канстытуцыйных судоў Еўропы.

Вышэйуказаныя напрамкi развiвалiся дастаткова дынамiчна, што выразiлася ва ўдзеле прадстаўнiкоў Канстытуцыйнага Суда ў замежных мiжнародных канферэнцыях, а таксама пры падтрымцы Кiраўнiка дзяржавы ў арганiзацыi i правядзеннi 5–6 чэрвеня 2000 года ў Мiнску другой Мiжнароднай навукова-практычнай канферэнцыi “Канстытуцыйнае судаводства”. У рабоце дадзенага форуму прынялi ўдзел прадстаўнiкi шэрага канстытуцыйных судоў, мiжнародных арганiзацый, вучоныя i практычныя работнiкi з розных устаноў нашай краiны. Удзельнiкамi канферэнцыi была прызнана вялiкая карысць падобных сустрэч для развiцця канстытуцыяналiзму ў краiнах СНД, адзначана важная роля Канстытуцыйнага Суда Рэспублiкi Беларусь ва ўмацаваннi дэмакратыi i прасоўваннi iдэй прававой дзяржавы шляхам абмену iдэямi i прававымi распрацоўкамi памiж органамi канстытуцыйнага кантролю краiн маладой дэмакратыi.

Важнае значэнне ў мiнулым годзе меў удзел дэлегацыi Канстытуцыйнага Суда Рэспублiкi Беларусь 19–22 кастрычнiка ў падрыхтоўчым пасяджэннi старшынь канстытуцыйных судоў Еўропы, якое адбылося ў Бруселi, да правядзення XII Канферэнцыi канстытуцыйных судоў Еўропы. У вынiковым дакуменце падрыхтоўчага пасяджэння былi прызнаны вялiкiя намаганнi Канстытуцыйнага Суда Рэспублiкi Беларусь па станаўленню прававой дзяржавы, абароне канстытуцыйных правоў i свабод грамадзян, выказана падтрымка Канстытуцыйнаму Суду Беларусi ў яго дзейнасцi.

* * *

У 2000 годзе дзейнасць Канстытуцыйнага Суда грунтавалася, як i раней, на нормах Канстытуцыi (артыкулы 7, 8, 40, 59, 116), якiя абавязваюць дзяржаву прымаць усе даступныя ёй меры для стварэння ўнутранага i мiжнароднага парадку, неабходнага для поўнага ажыццяўлення правоў i свабод грамадзян Рэспублiкi Беларусь, прадугледжаных Канстытуцыяй, а дзяржаўныя органы, службовых i iншых асоб, якiм даверана выкананне дзяржаўных функцый, – меры для ажыццяўлення i абароны правоў i свабод асобы.

Практыка ажыццяўлення канстытуцыйнага кантролю сведчыць аб асобай значнасцi гэтага вiду дзейнасцi ў мэтах фармiравання дэмакратычнай сацыяльнай прававой дзяржавы, умацавання канстытуцыйнага ладу, рэалiзацыi i абароны правоў i свабод кожнага чалавека i грамадзянiна. Канстытуцыйны Суд забяспечвае вяршэнства Канстытуцыi, умацоўвае канстытуцыйную законнасць, усталёўваючы дзеянне ў прававой сiстэме прынцыпаў права, якiя выступаюць у якасцi асноватворных пачаткаў, арыенцiраў норматворчага працэсу, накiроўваючых iдэй для правапрымяняльнай дзейнасцi, распаўсюджваюцца на ўсе суб’екты гаспадарання. У сваёй дзейнасцi Канстытуцыйны Суд замацоўваў перш за ўсё такiя прынцыпы, як вяршэнства права, прыярытэт агульнапрызнаных прынцыпаў мiжнароднага права, прамое дзеянне канстытуцыйных норм, захаванне iерархii нарматыўных актаў, даступнасць правасуддзя, у тым лiку i канстытуцыйнага правасуддзя, недапушчальнасць прыдання зваротнай сiлы нарматыўным актам, якiя пагаршаюць становiшча ўдзельнiкаў праваадносiн, сацыяльная справядлiвасць, раўнапраўе, гуманiзм, узаемная адказнасць дзяржавы i асобы, прэзумпцыя правамерных паводзiн грамадзянiна i iншыя. Указаныя прынцыпы права носяць унiверсальны характар i аказваюць рэгулюючае ўздзеянне на ўсе сферы грамадскiх адносiн. Агульнаабавязковасць такiх прынцыпаў заключаецца як у прыярытэтнасцi iх перад iншымi прававымi ўстанаўленнямi, так i ў распаўсюджаннi iх дзеяння на ўсе суб’екты права.

Канстытуцыйны Суд разлiчвае, што гэта Пасланне паслужыць далейшаму ўмацаванню канстытуцыйнай законнасцi ў дзяржаве, удасканаленню прававой сiстэмы Рэспублiкi Беларусь.

Гэта Пасланне прынята на пасяджэннi Канстытуцыйнага Суда Рэспублiкi Беларусь 22 студзеня 2001 года.

Старшынствуючы –
Старшыня Канстытуцыйнага
Суда Рэспублікі Беларусь
Р.А.Васілевіч

Версiя для друку