EngРусБел
Пасланнi Канстытуцыйнага Суда
 

Прэзідэнту  
Рэспублiкi Беларусь  

Палаце прадстаўнікоў  
Нацыянальнага сходу  
Рэспублікі Беларусь

  Савету Рэспублікі
Нацыянальнага сходу 
Рэспублiкi Беларусь

 

ПАСЛАННЕ
КАНСТЫТУЦЫЙНАГА СУДА РЭСПУБЛIКI БЕЛАРУСЬ

  АБ СТАНЕ КАНСТЫТУЦЫЙНАЙ ЗАКОННАСЦІ
Ў РЭСПУБЛIЦЫ БЕЛАРУСЬ У 2001 ГОДЗЕ

У сучасных умовах адзіным юрыдычным дакументам, на аснове і ў мэтах выканання якога можа нармальна развівацца ўся дзяржаўна-прававая сістэма, з’яўляецца дэмакратычная Канстытуцыя. Дэмакратычнай можна лічыць Канстытуцыю, нормы якой замацоўваюць асновы рэальнага народаўладдзя, правы і свабоды чалавека і грамадзяніна, устанаўліваюць і забяспечваюць аптымальны баланс як інтарэсаў дзяржавы, грамадства, так і асобнага чалавека. Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь адпавядае гэтым патрабаванням. Прадугледжаны ў артыкуле 7 Асноўнага Закона прынцып вяршэнства права павінен разглядацца як нарматыўна замацаваная справядлівасць, а правы і свабоды — у якасці цэнаснага арыенціра ў праватворчай і правапрымяняльнай практыцы, абмежавальніка не толькі правоў і свабод іншых асоб, але і дзяржавы.

Дзейнасць Канстытуцыйнага Суда, прызванага ажыццяўляць кантроль за канстытуцыйнаcцю нарматыўных актаў, была накіравана перш за ўсё на забеспячэнне вяршэнства Канстытуцыі, а значыць, і вяршэнства права, што сведчыць аб дэмакратычным характары нашай дзяржавы, развіцці канстытуцыйнага ладу, які адказвае па свайму зместу сучасным міжнародным стандартам, сярод якіх найбольш важным з'яўляецца прызнанне правоў і свабод чалавека і грамадзяніна вышэйшай каштоўнасцю і мэтай грамадства і дзяржавы.

Асновай ацэнак і вывадаў аб стане канстытуцыйнай законнасці ў Рэспубліцы Беларусь паслужылі пытанні, пастаўленыя ў зваротах, якія паступілі ў Канстытуцыйны Суд, вывучаныя і разгледжаныя ім у 2001 годзе матэрыялы, прынятыя Канстытуцыйным Судом рашэнні.

I

Мінулы 2001 год адзначаны ў Рэспубліцы Беларусь галоўнай гістарычнай падзеяй — свабоднымі дэмакратычнымі выбарамі Прэзідента Рэспублікі Беларусь. У якасці станоўчых вынікаў унутранай палітыкі дзяржавы ў гэтым годзе неабходна адзначыць тэндэнцыю да далейшага ўдасканальвання заканадаўства, пашырэння заканадаўчай асновы гаспадарчай дзейнасці, замацавання канстытуцыйнасці, у тым ліку і бяспекі грамадзян, пашырэння гарантый абароны іх асноўных правоў і свабод.

Канстытуцыйны Суд адзначае, што ў выніку прыняцця ў Рэспубліцы Беларусь асноўных заканадаўчых актаў у большасці галін права створаны неабходныя перадумовы для рэалізацыі і абароны канстытуцыйных правоў грамадзян. У тых сферах грамадскіх адносін, дзе такія акты пакуль не прыняты ці не ўрэгуляваны на належным узроўні (напрыклад, у галіне адміністрацыйна-прававых і падатковых праваадносін), дапускаецца, як паказвае практыка, найбольшая колькасць парушэнняў правоў грамадзян. Пры прыняцці нарматыўных актаў міністэрстваў, мясцовых Саветаў дэпутатаў, выканаўчых і распарадчых органаў у іх нярэдка ўключаюцца палажэнні, якія не адпавядаюць нормам Канстытуцыі і заканадаўчых актаў Рэспублiкi Беларусь або дапускаюць неадназначнае разуменне і прымяненне іх на практыцы. Разам з тым нарматворчыя органы, прыняўшы той або іншы акты, не заўсёды кантралююць працэс правапрымянення, не аналізуюць прычыны невыканання нарматыўных патрабаванняў, неадназначнай правапрымяняльнай практыкi.

У 2001 годзе Канстытуцыйным Судом прынята 48 рашэнняў, якія датычацца розных галін права. Прадметам разгляду ў Канстытуцыйным Судзе былі пытанні, звязаныя з прымяненнем выбарчага, жыллёвага, працоўнага, сацыяльнага, грамадзянскага, адміністрацыйнага, падатковага, крымінальнага, крымінальна-працэсуальнага і іншага заканадаўства.

Пры разглядзе зваротаў Канстытуцыйны Суд кіраваўся артыкуламі 40, 59, 116, 122, 137 і іншымі артыкуламі Канстытуцыі, а таксама Законам “Аб Канстытуцыйным Судзе Рэспублікі Беларусь”, зыходзіў з грамадскай значнасці пастаўленых у іх пытанняў і ацэнкі сацыяльных вынікаў прымянення аспрэчваемых нарматыўных актаў.

Прадметам разгляду Канстытуцыйнага Суда пры правядзенні чарговых выбараў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь з’яўляліся пытанні, што датычацца выбарчага заканадаўства.

Прававыя пазіцыі Канстытуцыйнага Суда, выкладзеныя ім па запросах Цэнтральнай камісіі Рэспублікі Беларусь па выбарах і правядзенню рэспубліканскіх рэферэндумаў ад 15 і 19 чэрвеня 2001 года, садзейнічалі правільнаму разуменню і ўсведамленню сэнсу канстытуцыйных паняццяў “грамадзянін Рэспублікі Беларусь па нараджэнню” і “грамадзянін Рэспублікі Беларусь, які пастаянна пражывае ў Рэспубліцы Беларусь”, што выкарыстоўваюцца ў артыкуле 80 Канстытуцыі. Рашэнні Канстытуцыйнага Суда былі накіраваны на ўмацаванне прававой асновы выбарчага працэсу, садзейнічалі яго дэмакратызацыі, правядзенню свабодных і справядлівых прэзідэнцкіх выбараў, забеспячэнню прынцыпу вяршэнства волi народа.

У сучасных умовах актуальнай праблемай для многіх грамадзян Беларусі з’яўляецца рэалізацыя канстытуцыйнага права на жыллё. Разглядаючы жыллёвыя пытанні, Канстытуцыйны Суд зыходзіў з таго, што Асноўным Законам прадугледжана права грамадзян Рэспублiкi Беларусь на жыллё, якое забяспечваецца развіццём дзяржаўнага і прыватнага жыллёвага фонду, садзейнічаннем грамадзянам у набыцці жылля. Грамадзянам, якія маюць патрэбу ў сацыяльнай абароне, жыллё прадастаўляецца дзяржавай і мясцовым самакіраваннем бясплатна або па даступнай для іх плаце ў адпаведнасці з заканадаўствам (артыкул 48). Указаная норма Канстытуцыі не толькі ўскладае на дзяржаву абавязак па забеспячэнню жыллём, але і прадугледжвае актыўны ўдзел саміх грамадзян у рэалізацыі дадзенага права, у тым ліку шляхам будаўніцтва, рэканструкцыі, набыцця жылля.

Разглядаючы пытанне аб канстытуцыйнасці Палажэння аб аднясенні грамадзян да катэгорыі малазабяспечаных працаздольных для атрымання дзяржаўнай падтрымкі пры будаўніцтве (рэканструкцыі) або набыцці жылога памяшкання, зацверджанага пастановай Савета Міністраў ад 20 снежня 2000 года № 1955, у частцы вызначэння катэгорый грамадзян, якія маюць права на атрыманне льготных крэдытаў, субсідый і іншых форм дзяржаўнай падтрымкі, Канстытуцыйны Суд рашэннем ад 6 ліпеня 2001 года прызнаў, што гэта Палажэнне адпавядае Канстытуцыі, Жыллёваму кодэксу і іншым законам Рэспублікі Беларусь. Разам з тым Ураду было рэкамендавана прааналізаваць выкананне названага Палажэння з мэтай прыняцця дадатковых мер па безумоўнаму і своечасоваму пагашэнню грамадзянамі атрыманых ільготных крэдытаў.

Канстытуцыйны Суд таксама прыйшоў да вываду, што ацэнку кошту маёмасці, памер якой з’яўляецца адной з падстаў для прадастаўлення льготных крэдытаў пры будаўніцтве (рэканструкцыі) або набыцці жылога памяшкання, павінны ажыццяўляць упаўнаважаныя кампетэнтныя органы, з тым каб справядліва і аб’ектыўна вырашаць пытанні аб праве грамадзян на атрыманне льготных крэдытаў, прадастаўляемых дзяржавай.

Шэраг пытанняў дзейнасці кааператываў індывідуальных забудоўшчыкаў, жыллёва-будаўнічых кааператываў да цяперашняга часу не атрымаў поўнага прававога вырашэння, і з прычыны неўрэгуляванасці такiя пытаннi працягваюць ставіцца грамадзянамі і юрыдычнымі асобамі.

Канстытуцыйны Суд адзначае, што прыняцце і ўвядзенне ў дзеянне новага Жыллёвага кодэкса практычна не змяніла прававую сітуацыю ў галіне ўдасканальвання жыллёвых адносін і не садзейнічала ў поўнай меры дасягненню сацыяльных мэт, якія стаяць перад дзяржавай. Канстытуцыйны Суд лічыць неабходным паскорыць прыняцце новага Жыллёвага кодэкса, што будзе садзейнiчаць далейшаму ўдасканальванню жыллёвага заканадаўства.

Рашэннем ад 12 чэрвеня 2001 года Канстытуцыйны Суд устанавіў, што прадугледжаныя Часовым палажэннем аб парадку індэксацыі паявых узносаў, якія вяртаюцца грамадзянам у выпадку іх выхаду з жыллёва-будаўнічых кааператываў, зацверджаным пастановай Кабінета Міністраў ад 6 чэрвеня 1996 года № 375, тэрміны вяртання ўказаных узносаў не ўлічваюць асаблівасці фарміравання і расходавання фінансавых сродкаў жыллёва-будаўнічых кааператываў, што ўшчамляе правы і законныя інтарэсы членаў кааператываў, ускладняе функцыянаванне жыллёва-будаўнічых кааператываў як юрыдычных асоб, затрымлівае завяршэнне будаўніцтва жылых дамоў і ўвод іх у эксплуатацыю.

Ураду было прапанавана вызначыць такі парадак вяртання паявых узносаў, які забяспечыць прававую абарону не толькі членаў жыллёва-будаўнічых кааператываў, іншых арганізацый грамадзян-забудоўшчыкаў, якія выбываюць, але і тых, якія застаюцца, і прадугледзець магчымыя механізмы аказання садзейнічання жыллёва-будаўнічым кааператывам, іншым арганізацыям грамадзян-забудоўшчыкаў у вырашэнні пытанняў вяртання паявых узносаў грамадзянам, якія выбылі з членаў кааператыва (іншых арганізацый грамадзян-забудоўшчыкаў), з улікам уважлівасці прычын выбыцця, іншых заслугоўваючых увагі абставін.

Пастановай Савета Мiнiстраў ад 1 снежня 2001 года № 1735 Міністэрству архітэктуры і будаўніцтва даручана распрацаваць і зацвердзіць палажэнне аб парадку і ўмовах вяртання (унясення) сродкаў, якія паступілі з розных крыніц, пры спыненні (аднаўленні) удзелу ў будаўніцтве (рэканструкцыі) жылых памяшканняў.

Разгледзеўшы шматлікія звароты грамадзян аб неналежным парадку афармлення права ўласнасці на кватэру ў доме ЖБК, Канстытуцыйны Суд у рашэннi ад 13 ліпеня 2001 года адзначыў, што практыка афармлення права ўласнасці на кватэру ў доме ЖБК, якая склалася ў Беларусі, была складанай і супярэчлівай па той прычыне, што адсутнічала належнае прававое рэгуляванне гэтага парадку. Растлумачэнне Міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі і Міністэрства юстыцыі, прынятае 24 верасня 1990 года, устарэла і не адпавядала дзеючаму заканадаўству. Канстытуцыйны Суд прапанаваў кампетэнтным органам вызначыць парадак афармлення права ўласнасці на кватэру ў доме ЖБК у адпаведнасці з дзеючым заканадаўствам і рашэннем Канстытуцыйнага Суда.

Канстытуцыйны Суд неаднаразова правяраў канстытуцыйнасць нарматыўных актаў, якія рэгулююць пытанні аплаты за карыстанне жылымі памяшканнямі і тэхнічнае абслугоўванне жыллёвага фонду.

У рашэннях ад 23 сакавіка і 4 красавіка 2001 года Канстытуцыйны Суд адзначыў, што ўласнікі жылых памяшканняў павiнны ўносіць плату за тэхнічнае абслугоўванне ўсяго памяшкання па нарматыўнаму сабекошту прапарцыянальна іх доле ў праве агульнай уласнасці. Аналагічныя патрабаванні могуць быць прыменены і да наймальнікаў жылых памяшканняў. Аднак з улікам матэрыяльнага становішча грамадзян Канстытуцыйны Суд адзначыў дачаснасць увядзення платы за тэхнічнае абслугоўванне ўсяго памяшкання па нарматыўнаму сабекошту, хаця тэндэнцыя паступовага пераходу да поўнага пакрыцця грамадзянамі жыллёва-камунальных паслуг з’яўляецца аб’ектыўна абумоўленай. Канстытуцыйны Суд, зыходзячы з сацыяльнага характару нашай дзяржавы, прыйшоў да вываду, што павелічэнне платы за карыстанне жылымі памяшканнямі і тэхнічнае абслугоўванне жыллёвага фонду павінна суправаджацца ростам даходаў насельніцтва.

Трэба адзначыць, што ўсе рашэнні Канстытуцыйнага Суда па жыллёвых пытаннях прыняты да выканання.

Ажыццяўленне канстытуцыйнага кантролю сведчыць аб тым, што абарона і забеспячэнне працоўных правоў грамадзян не трацяць актуальнасці і значнасці. Прымяненне Працоўнага кодэкса на працягу амаль двух гадоў паказала, што ў гэтай сферы грамадскіх адносін па асобных пытаннях складваецца неадназначная правапрымяняльная практыка, у тым ліку і па прычыне недасканаласці асобных палажэнняў указанага Кодэкса.

Рашэннем ад 13 лістапада 2001 года Канстытуцыйны Суд прызнаў адпавядаючым Канстытуцыі, Працоўнаму кодэксу і Дэкрэту Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 26 ліпеня 1999 года № 29 пункт 2 пастановы Савета Міністраў ад 2 жніўня 1999 года № 1180 з дапаўненнямі, унесенымі пастановай Савета Міністраў ад 6 студзеня 2000 года № 19, што прадугледжвае мінімальную кампенсацыю за пагаршэнне прававога становішча работнікам, якія дасягнулі пенсіённага ўзросту (мужчыны — 60 гадоў, жанчыны — 55 гадоў) і маюць права на поўную пенсію, а таксама работнікам, якія не дасягнулі ўказанага ўзросту, але атрымліваюць пенсіі (акрамя працоўных пенсій па інваліднасці, з выпадку страты карміцеля і сацыяльных пенсій), у памеры двухтыднёвага сярэдняга заработку. Канстытуцыйны Суд указаў, што наймальнік можа для розных катэгорый работнікаў за кошт уласных сродкаў устанаўліваць больш высокі памер мінімальных кампенсацый у параўнанні з памерам, прадугледжаным пунктам 2 указанай пастановы Савета Міністраў.

Разглядаючы пытанне аб канстытуцыйнасці палажэння артыкула 21 Закона “Аб асновах службы ў дзяржаўным апараце”, які рэгулюе асаблівасці спынення службы ў дзяржаўным апараце ў сувязі з дасягненнем служачым дзяржаўнага апарату пенсіённага ўзросту і наяўнасцю ў яго права на поўную пенсію па ўзросту, калі дзяржаўны орган не захаваў з ім працоўных адносін, а таксама растлумачэння, дадзенага на падставе ўказанага Закона, якое змяшчаецца ў пункце 12 пастановы Пленума Вярхоўнага Суда ад 29 сакавіка 2001 года № 2, Канстытуцыйны Суд прызнаў дадзеныя нормы адпавядаючымі Канстытуцыі і міжнародна-прававым актам. Разам з тым у сваім рашэнні ад 18 ліпеня 2001 года ён прапанаваў Нацыянальнаму сходу пры падрыхтоўцы і прыняцці новага закона аб дзяржаўнай службе прадугледзець больш высокі ўзровень гарантый для служачых дзяржаўнага апарату пры спыненні службы ў сувязі з дасягненнем пенсіённага ўзросту і, у прыватнасці, улічваць адносіны да працы, здольнасць дзяржаўнага служачага да выканання службовых абавязкаў, а таксама час, які мінуў пасля заключэння кантракта.

Ва ўмовах фарміравання рыначных адносін вялікае значэнне набывае праблема захавання дасягнутага ўзроўню сацыяльных гарантый, прадастаўленых дзяржавай некаторым катэгорыям грамадзян. Вызначаючы Рэспублiку Беларусь як сацыяльную прававую дзяржаву, Канстытуцыя абавязвае дзяржаўныя органы прымаць усе неабходныя і даступныя меры па забеспячэнню дастойнага жыццёвага ўзроўню ўсіх грамадзян рэспублікі.

Канстытуцыйным Судом вырашаліся пытанні, звязаныя з аказаннем адраснай дапамогі суб’ектам права, якія найбольш маюць патрэбу. Разгледзеўшы зварот сем’яў афіцэраў, якія страцілі карміцеляў у мірны час пры выкананні службовых абавязкаў, зварот Рэспубліканскай асацыяцыі членаў сем’яў ваеннаслужачых, якія загінулі ў Афганістане, і прааналізаваўшы дзеючае заканадаўства, што рэгламентуе пытанні сацыяльнага забеспячэння адпаведных катэгорый асоб, Канстытуцыйны Суд у рашэнні ад 16 ліпеня 2001 года адзначыў iснаванне няроўнасцi ў матэрыяльным забеспячэннi некаторых катэгорый членаў сем’яў ваеннаслужачых, асоб начальнiцкага i радавога складу органаў унутраных спраў i органаў фiнансавых расследаванняў, якiя загiнулi (памёрлi) пры выкананнi воiнскiх або службовых абавязкаў, а таксама наяўнасць больш нiзкiх норм вылiчэння пенсiй з выпадку страты кармiцеля членам сем’яў, якiя загiнулi пры выкананнi абавязкаў ваеннай службы, у параўнаннi з вылiчэннем пенсiй членам сем’яў цывiльных асоб. У рашэннi ад 16 лiпеня 2001 года Савету Мiнiстраў было прапанавана ўстараніць такiя адрозненні. Паколькі патрабуемыя змяненні заканадаўства звязаны з дадатковым фінансаваннем, рашэннем прапанавана ўнесцi адпаведныя змяненнi не пазней пачатку новага бюджэтнага года.

Прапановы Канстытуцыйнага Суда ўлічаны ў Законе ад 3 студзеня 2002 года “Аб унясенні змяненняў і дапаўнення ў Закон Рэспублікі Беларусь “Аб пенсіённым забеспячэнні ваеннаслужачых, асоб начальніцкага і радавога складу органаў унутраных спраў”.

Разгледзеўшы зварот Генеральнага пракурора Рэспублiкi Беларусь, Канстытуцыйны Суд рашэннем ад 13 чэрвеня 2001 года прызнаў, што прадугледжаны Урадам бясплатны водпуск лекавых сродкаў ваеннаслужачым, асобам, звольненым з ваеннай службы, членам іх сем’яў, інвалідам Вялікай Айчыннай вайны і інвалідам з ліку ваеннаслужачых з аптэк Міністэрства аховы здароўя з наступным прадстаўленнем рахункаў на аплату кошту лекавых сродкаў у ваенна-медыцынскія ўстановы, якія выпісалі рэцэпт, адпавядае Канстытуцыі і законам Рэспублiкi Беларусь. Разам з тым Канстытуцыйны Суд адзначыў, што ўсталяваны на практыцы парадак, пры якім забеспячэнне ўказаных асоб лекавымі сродкамі па рэцэптах урачоў лячэбна-прафілактычных устаноў ведамаснай прыналежнасці ставіцца ў залежнасць ад заключэння дагавораў з аптэчнымі ўстановамі сістэмы Міністэрства аховы здароўя і выканання дагаворных абавязацельстваў ведамаснымі ваенна-медыцынскімі службамі, не адпавядае прадпісанням Урада. Указанае рашэнне Канстытуцыйнага Суда выконваецца.

Канстытуцыйным Судом неаднаразова разглядаліся пытанні, звязаныя з абавязковым страхаваннем будынкаў, якія належаць грамадзянам. Вывучэнне нарматыўна-прававых актаў, што рэгулююць дадзеныя пытанні, а таксама практыка іх прымянення паказалі неабходнасць прыняцця Урадам мер па ўстанаўленню, як гэта і даручалася ў Дэкрэце Прэзідента Рэспублікі Беларусь ад 8 кастрычніка 1997 года № 18, парадку вызначэння страхавога кошту (страхавой ацэнкі) будынкаў, памеру страхавога тарыфу, памераў адлічэнняў ад страхавых узносаў на ўтварэнне страхавога рэзерву ў фонд папераджальных мерапрыемстваў, на вядзенне справы страхоўшчыка ў мэтах знаходжання аптымальнага балансу інтарэсаў страхавальнікаў, страхоўшчыка і дзяржавы.

Пры разглядзе звароту грамадскага аб’яднання ветэранаў было ўстаноўлена, што пры правядзенні страхавання будынкаў Белдзяржстрахам не ўлічваецца права інвалідаў вайны і прыраўнаваных да іх асоб на прадугледжаную ўказаным Дэкрэтам ільготу ў тых выпадках, калі будынак зарэгістраваны на мужа (жонку) інваліда вайны. Канстытуцыйны Суд адзначыў, што згодна з заканадаўствам прадастаўленне льготы інвалідам вайны не выключаецца і ў тым выпадку, калі будынак, які падлягае страхаванню, знаходзіцца ва агульнай сумеснай уласнасці інваліда (прыраўнаванай да яго асобы) і яго мужа (жонкі). У сувязі з гэтым Савету Міністраў было прапанавана забяспечыць магчымасць рэалізацыі дадзенай катэгорыяй грамадзян свайго права на вызваленне ад выплаты страхавых узносаў.

Канстытуцыйным Судом разглядаліся таксама пытанні неканстытуцыйнасцi асобных палажэнняў нарматыўных актаў аб паслугах сувязі, якія датычацца ўстаноўкі грамадзянам телефонаў па спаранай схеме. У мэтах выканання рашэння Канстытуцыйнага Суда ад 19 сакавіка 2001 года пастановай Міністэрства сувязі ад 18 верасня 2001 года № 35 былі ўнесены змяненні ў Правілы прадастаўлення паслуг мясцовымі тэлефоннымі сеткамі, згодна з якiмi пераключэнне абаненцкага ўстройства, што працуе па асобнай абаненцкай лініі, на работу па спаранай схеме ажыццяўляецца толькi са згоды абанента.

Канстытуцыйны Суд звяртаў увагу на недасканаласць дзеючага заканадаўства ў частцы вызначэння прававога статусу садаводчых таварыстваў.

Узнікшаму становішчу садзейнічала тое, што актамi заканадаўства не было забяспечана належнае рэгуляванне пытанняў, звязаных з арганізацыяй i дзейнасцю садаводчых таварыстваў, і своечасова не былі ўнесены ў адпаведныя органы дзяржаўнай улады прапановы, накіраваныя на больш поўную заканадаўчую абарону правоў членаў садаводчых таварыстваў.

Рашэннем ад 27 лютага 2001 года Канстытуцыйны Суд прызнаў, што не супярэчыць нормам Грамадзянскага кодэкса існаванне садаводчых таварыстваў у якасці самастойнай арганізацыйна-прававой формы некамерцыйных арганізацый. Разам з тым не выключаецца іх права пераўтварацца ў садаводчыя кааператывы пры ўмове ўнясення садаводчымі таварыствамі ў свае статуты змяненняў і дапаўненняў, якія вынікаюць з новага грамадзянскага і зямельнага заканадаўства. Канстытуцыйны Суд указаў таксама, што збіранне платы за рэгістрацыю змяненняў і дапаўненняў, уносiмых у іх устаноўчыя дакументы ў сувязі са змяненнем заканадаўства (калі садаводчыя таварыствы не пераўтвараюцца ў садаводчыя кааператывы), не мае прававой асновы.

Па наяўных звестках, на падставе рашэння Канстытуцыйнага Суда ад 27 лютага 2001 года ўстанаўліваецца аднастайная практыка перарэгістрацыі змяненняў і дапаўненняў, уносімых у статуты садаводчых таварыстваў у адпаведнасці з новым грамадзянскім і зямельным заканадаўствам.

У галіне адміністрацыйна-прававога рэгулявання складвалася не заснаваная на законе практыка назначэння судамі канфіскацыі прадметаў, якія з’явілiся прыладай або непасрэдным аб’ектам адміністрацыйных мытных правапарушэнняў, а таксама мелі месца парушэнні правоў грамадзян пры выкананні меры адміністрацыйнага спагнання ў выглядзе адміністрацыйнага арышту.

У рашэнні ад 25 красавіка 2001 года Канстытуцыйны Суд прызнаў адпавядаючым Канстытуцыi артыкул 37 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях у частцы дапушчальнасці накладання адміністрацыйнага спагнання ў выглядзе канфіскацыі рэчаў, якія з’яўляюцца непасрэднымі аб’ектамі адміністрацыйных мытных правапарушэнняў, і прадметаў са спецыяльна вырабленымі тайнікамі, скарыстанымі для ўтойвання рэчаў ад мытнага афармлення, пасля заканчэння ўстаноўленых у частках першай і другой дадзенага артыкула тэрмінаў. Судовая практыка па ўказанай катэгорыі спраў у частцы непрымянення канфіскацыі названых прадметаў са спасылкай на сканчэнне двухмесячнага тэрміну прызнана неканстытуцыйнай, паколькі яна супярэчыць патрабаванням часткi трэцяй артыкула 37 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях. Вярхоўны Суд абавязаны забяспечыць аднастайнасць такой практыкі на тэрыторыі ўсёй рэспублікі.

Канстытуцыйны Суд таксама адзначыў, што заканадаўцам павінны быць устаноўлены гранічныя тэрміны, на працягу якіх да асобы, якая ўчыніла адміністрацыйнае мытнае правапарушэнне, можа быць прыменена канфіскацыя рэчаў, якія з’яўляюцца непасрэднымі аб’ектамі адміністрацыйных мытных правапарушэнняў, і прадметаў са спецыяльна вырабленымі тайнікамі, скарыстанымі для ўтойвання рэчаў ад мытнага афармлення. На перыяд да вырашэння гэтага пытання Канстытуцыйны Суд лiчыць правамерным прымяненне агульнага трохгадовага тэрміну.

Рашэннем ад 5 ліпеня 2001 года Канстытуцыйны Суд прызнаў дапушчальным збіранне з асоб, якія ўчынілі адміністрацыйныя правапарушэнні і да якіх прыменена мера адміністрацыйнага спагнання ў выглядзе адміністрацыйнага арышту, сродкаў на іх утрыманне і харчаванне. У сувязі з гэтым Канстытуцыйным Судом адзначана, што прадугледжанае пунктам 15 Палажэння аб спецыяльных прыёмніках пры органах унутраных спраў, зацверджанага загадам Міністэрства ўнутраных спраў ад 18 кастрычніка 1999 года № 206, вылічэнне кошту ўтрымання і харчавання як з асоб, падвергнутых адміністрацыйнаму арышту, так і з асоб, затрыманых за ўчыненне правапарушэнняў, за якія судом можа быць прыменена спагнанне ў выглядзе адміністрацыйнага арышту, не адпавядае пастанове Кабінета Міністраў ад 27 лістапада 1995 года № 646 (у рэдакцыі пастаноў Савета Міністраў ад 27 студзеня 2000 года № 86 і ад 11 кастрычніка 2000 года № 1557), што дапускае прымусовае вылічэнне кошту ўтрымання і харчавання толькі з асоб, падвергнутых адміністрацыйнаму арышту.

З прычыны існуючых супярэчнасцей паміж названымі актамі Міністэрства ўнутраных спраў і Урада Савету Міністраў прапанавана іх устараніць, а таксама разгледзець пытанне аб неабходнасці перайменавання спецустаноў (спецпрыёмнікаў) пры органах унутраных спраў у мэтах выкарыстання больш карэктнай назвы, якая адпавядае сучаснаму ўзроўню прававой культуры. Нацыянальнаму сходу прапанавана прыняць меры па далейшаму ўдасканальванню заканадаўчага рэгулявання адносін, звязаных з адміністрацыйным затрыманнем, рэжымам утрымання асоб у спецыяльных прыёмніках (ізалятарах часовага ўтрымання).

У мэтах выканання рашэння Канстытуцыйнага Суда ад 5 ліпеня 2001 года пастановай Міністэрства ўнутраных спраў ад 7 жніўня 2001 года № 165 унесены адпаведныя змяненні ў Палажэнне аб спецыяльных прыёмніках пры органах унутраных спраў. Паводле інфармацыі Урада, мяркуецца вырашыць пытанне аб перайменаванні ўказаных устаноў пры прыняцці Працэсуальна-выканаўчага кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях.

У Канстытуцыйным Судзе разглядалася пытанне аб няўзгодненасці палажэнняў частак першай і трэцяй артыкула 242 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях, якія прадугледжваюць тэрміны адміністрацыйнага затрымання.

У рашэнні ад 4 ліпеня 2001 года Канстытуцыйны Суд адзначыў, што ў мэтах захавання канстытуцыйных правоў і свабод асобы выпадкі адміністрацыйнага затрымання павінны насіць выключна законны i абгрунтаваны характар. Тэрмін адміністрацыйнага затрымання можа быць устаноўлены і звыш трох гадзін, але толькі ў выпадках, якія канкрэтна агавораны ў законе, і пры ўчыненні такіх правапарушэнняў, за якія ў якасці адміністрацыйнага спагнання прадуглежданы адміністрацыйны арышт.

Канстытуцыйны Суд прапанаваў Нацыянальнаму сходу ўнесці адпаведныя змяненні і дапаўненні ў дзеючы Кодэкс аб адмiнiстрацыйных правапарушэннях, а таксама ўлічыць рашэнне Канстытуцыйнага Суда ў ходзе дапрацоўкі праекта Працэсуальна-выканаўчага кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях.

Неаднаразова прадметам разгляду Канстытуцыйнага Суда былі акты падатковага заканадаўства, якое застаецца грувасткім і складаным для ўспрымання і прымянення. Недасканаласць і супярэчлівасць асобных норм падатковага заканадаўства, у тым ліку ў частцы прымаемых падзаконных актаў, перашкаджаюць рэалізацыі законных правоў грамадзян.

У рашэннi ад 11 чэрвеня 2001 года Канстытуцыйны Суд прааналiзаваў асобныя пытаннi прававога рэгулявання падаткаабкладання даходаў, атрыманых у вынiку права на спадчыну. У ходзе разгляду справы было ўстаноўлена, што падатковыя органы пры збiраннi падаходнага падатку з даходаў у выглядзе спадчыны кiравалiся нормамi Метадычных указанняў па вылiчэнню i выплаце падаходнага падатку з фiзiчных асоб, зацверджаных загадам Дзяржаўнага падатковага камiтэта ад 6 красавiка 1999 года № 62 (з наступнымi змяненнямi i дапаўненнямi), якiя па свайму зместу разыходзiлiся з адпаведнымi нормамi Закона “Аб падаходным падатку з фiзiчных асоб”. Так, адсылачная норма абзаца пятага падпункта 16.2 названых Метадычных указанняў, што датычыцца тэрмiнаў выплаты падаходнага падатку, не ўзгаднялася з палажэннямi Закона “Аб падаходным падатку з фiзiчных асоб” i ўшчамляла канстытуцыйныя правы i законныя iнтарэсы грамадзян, якiя атрымлiваюць даходы ў выглядзе спадчыны.

Канстытуцыйны Суд у рашэннi таксама звярнуў увагу на тое, што незахаванне тэрмiнаў выплаты авансавых плацяжоў па падаходнаму падатку ў выглядзе спадчыны не з’яўляецца падставай для прымянення адказнасцi, устаноўленай падатковым заканадаўствам за несвоечасовую выплату падаходнага падатку.

Дадзенае рашэнне Канстытуцыйнага Суда было выканана шляхам прыняцця Дзяржаўным падатковым камiтэтам пастаноў ад 10 лiпеня 2001 года № 98, якой падпункт 16.2 Метадычных указанняў быў прыведзены ў адпаведнасць з рашэннем Канстытуцыйнага Суда, i пастановай ад 30 лiпеня 2001 года № 105 “Аб непрымяненнi мер адказнасцi за несвоечасовую выплату авансавых плацяжоў па падаходнаму падатку”. Акрамя таго, 119 наследнiкам, якiя звярнулiся з заявамi ў падатковыя органы, былi вернуты з бюджэту сумы фiнансавых санкцый, спагнаныя з iх з-за неправiльнага прымянення гэтымi органамi норм Закона “Аб падаходным падатку з фiзiчных асоб”.

З 1 студзеня 2002 года ў адпаведнасцi з Законам ад 25 чэрвеня 2001 года “Аб унясеннi змяненняў i дапаўненняў у Закон Рэспублiкi Беларусь “Аб падаходным падатку з фiзiчных асоб” даходы ў грашовай i натуральнай форме, атрыманыя ад фiзiчных асоб у выглядзе спадчыны, не абкладаюцца падаходным падаткам.

Згодна артыкулу 13 Канстытуцыi дзяржава надае ўсiм роўныя правы для ажыццяўлення гаспадарчай i iншай дзейнасцi, акрамя забароненай законам, i гарантуе роўную абарону i роўныя ўмовы для развiцця ўсiх форм уласнасцi, а таксама роўныя магчымасцi свабоднага выкарыстання здольнасцей i маёмасцi для прадпрымальнiцкай i iншай эканамiчнай дзейнасцi, не забароненай законам.

У рашэннi ад 4 красавiка 2001 года па звароту дырэктараў дзесяцi таксаматорных паркаў Канстытуцыйны Суд прыйшоў да вываду, што дзеючыя стаўкi падаткаабкладання ў сферы транспартных паслуг не забяспечваюць роўных правоў для ажыццяўлення гаспадарчай дзейнасцi i патрабуюць удасканальвання, адзначыў неабходнасць аналiзу эканамiчнай абгрунтаванасцi ўстаноўленых абласнымi i Мiнскiм гарадскiм Саветамi дэпутатаў фiксаваных ставак падаходнага падатку, што збiраецца з iндывiдуальных прадпрымальнiкаў, якiя аказваюць транспартныя паслугi насельнiцтву, i ўдакладнення гэтых ставак з улiкам супастаўнасцi падатковай нагрузкi iндывiдуальнага прадпрымальнiка i падатковай нагрузкi на аднаго работнiка таксаматорнага прадпрыемства, з тым каб рэжым падаткаабкладання не падаўляў эканамiчную актыўнасць розных суб’ектаў гаспадарання. Падатковым органам было прапанавана ўзмацнiць кантроль за дзейнасцю па аказанню транспартных паслуг насельнiцтву i належным прымяненнем мер адказнасцi за незахаванне заканадаўства ў прадпрымальнiцтве i падаткаабкладаннi.

Канстытуцыйны Суд неаднаразова даваў прававую ацэнку канстытуцыйнасцi ўстанаўлення мясцовых падаткаў i збораў, звяртаючы ўвагу на аб’ём паўнамоцтваў мясцовых Саветаў дэпутатаў у гэтай сферы. Разгляд на падставе часткi чацвёртай артыкула 122 i артыкула 137 Канстытуцыi рашэнняў Наваполацкага гарадскога Савета дэпутатаў аб увядзеннi збору за карыстанне платнымi аўтастаянкамi i Брэсцкага раённага Савета дэпутатаў аб мясцовым паляўнiчым зборы паказаў, што пры рэалiзацыi мясцовымi Саветамi дэпутатаў устаноўленых артыкулам 121 Канстытуцыi выключных паўнамоцтваў iмi дапускаюцца некаторыя парушэннi. У прыватнасцi, гэтыя парушэннi датычацца дэлегавання выканаўчаму камiтэту паўнамоцтваў па зацвярджэнню палажэнняў аб мясцовых зборах, вызначэнню плацельшчыкаў збораў, ускладанню адказнасцi за правiльнасць вылiчэння, своечасовасць выплаты i захаванне парадку збiрання збораў.

Канстытуцыйным Судом звернута ўвага на тое, што заканадавец не ў поўным аб’ёме забяспечвае рэгуляванне адносiн у сферы мясцовага падаткаабкладання, што прыводзiць на практыцы да рознага роду адхiленняў ад прадпiсанняў законаў. Нацыянальнаму сходу прапанавана для забеспячэння абароны канстытуцыйных правоў грамадзян i iх гарантый, устаранення няроўнасцi падаткаплацельшчыкаў i парушэнняў патрабаванняў Канстытуцыi i законаў з боку мясцовых Саветаў дэпутатаў пры ўвядзеннi мясцовых падаткаў i збораў прадугледжваць больш поўнае рэгуляванне адносiн у сферы мясцовага падаткаабкладання, у тым лiку ў частцы паняццяў, якiя выкарыстоўваюцца, устанаўлення памераў, вызначэння суб’ектаў і аб’ектаў падаткаабкладання.

Канстытуцыйны Суд адзначыў абавязак мясцовых Саветаў дэпутатаў безумоўна выконваць патрабаваннi артыкулаў 7 i 34 Канстытуцыi па забеспячэнню правоў грамадзян на атрыманне поўнай, дакладнай i своечасовай iнфармацыi аб дзейнасцi дзяржаўных органаў, якая непасрэдна закранае iх правы i законныя iнтарэсы, у тым лiку шляхам апублiкавання рашэнняў мясцовых Саветаў дэпутатаў аб увядзеннi мясцовых падаткаў i збораў i палажэнняў аб iх.

Рашэннем Брэсцкага раённага Савета дэпутатаў ад 27 снежня 2001 года зацверджана новае Палажэнне аб мясцовым паляўнiчым зборы.

Завяршэнне кадыфiкацыi падатковага заканадаўства i прыняцце Падатковага кодэкса павiнны ўпарадкаваць прававыя адносiны ў гэтай сферы i стварыць спрыяльны падатковы клiмат у эканомiцы, што з’явiцца дадатковым стымулам яе развiцця.

У галiне крымiнальна-прававога рэгулявання мелi месца парушэннi канстытуцыйнай законнасцi, звязаныя з адсутнасцю правiльнага i аднастайнага прымянення на практыцы норм новага Крымiнальнага кодэкса. У сувязi з гэтым узнiкалi пытаннi адносна прымянення правiла зваротнай сiлы больш мяккага крымiнальнага закона, канстытуцыйнасцi палажэнняў Крымiнальнага кодэкса, якiя вызначаюць паняцце службовай асобы, а таксама палажэнняў заканадаўства i пастановы Пленума Вярхоўнага Суда, што датычацца прадмета хабару, у тым лiку прыналежнага асобе, якая дала хабар, але падлягае вызваленню ад крымiнальнай адказнасцi ў адпаведнасцi з заканадаўствам.

У прыватнасцi, на практыцы з прычыны неадназначнага разумення правiла зваротнай сiлы крымiнальнага закона яно не ў поўнай меры прымянялася ў адносiнах да асоб, прызнаных па Крымiнальнаму кодэксу 1960 года асаблiва небяспечнымi рэцыдывiстамi. У большасцi выпадкаў яны прыраўноўвалiся да асоб, што дапусцiлi асаблiва небяспечны рэцыдыў, паняцце якога ўведзена новым Крымiнальным кодэксам, i прыгаворы ў адносiнах да iх пераглядалiся толькi ў тых выпадках, калi мела месца пераквалiфiкацыя ўчыненых iмi дзеянняў у сувязi з выключэннем з артыкулаў новага Крымiнальнага кодэкса такой квалiфiцыруючай прыметы, як учыненне злачынства асаблiва небяспечным рэцыдывiстам. Гэта прыводзіла да таго, што асобы, асуджаныя за злачынствы, якія па новаму Крымінальнаму кодэксу не ўтвараюць асабліва небяспечны рэцыдыў, працягвалі заставацца ў ранейшым статусе, што звязана з рознымі негатыўнымі для іх вынікамі (адбыванне пакарання ў калоніі асобага рэжыму, устанаўленне прэвентыўнага нагляду пасля вызвалення ад пакарання і інш.).

У рашэнні ад 5 кастрычніка 2001 года Канстытуцыйны Суд адзначыў, што прыгаворы ў адносінах да асоб, прызнаных па Крымінальнаму кодэксу 1960 года асабліва небяспечнымі рэцыдывістамі, павінны пераглядацца з улікам правіла зваротнай сілы крымінальнага закона ва ўсіх выпадках, калі ўчыненыя імі раней злачынствы па дзеючаму Крымінальнаму кодэксу не ўтвараюць асабліва небяспечны рэцыдыў.

У практыцы прымянення новага крымінальнага заканадаўства ўзніклі пытанні, што датычацца перагляду ў адпаведнасці з правілам зваротнай сілы закона прыгавораў у адносінах да асоб, якія падлягаюць умоўна-датэрміноваму вызваленню ад пакарання.

У пісьме, адрасаваным начальніку Камітэта выканання пакаранняў МУС, Канстытуцыйны Суд выказаў сваю пазіцыю, якая заключаецца ў тым, што прыгаворы ў адносінах да ўказаных асоб да прымянення да іх умоўна-датэрміновага вызвалення ад пакарання павінны пераглядацца судамі з улікам правіла зваротнай сілы больш мяккага крымінальнага закона. Гэта абумоўлена значэннем тэрміну пакарання, які застаўся для адбывання, якім прадвызначаюцца межы прававога становішча ўмоўна-датэрміновага вызваленых ад пакарання, а таксама прававыя вынікі iх неправамерных паводзiн на працягу гэтага тэрміну. Неадбыты тэрмін пакарання павінен улічвацца і пры замене яго больш мяккім пакараннем.

У сувязі з тым што ў Рэспубліцы Беларусь пачала фарміравацца неадназначная практыка па прыцягненню да крымінальнай адказнасці асоб, якiя з’яўляюцца службовымі па прымеце ўчынення імі юрыдычна значных дзеянняў, у Канстытуцыйны Суд па ініцыятыве Міністра ўнутраных спраў звярнуўся Савет Міністраў адносна праверкі канстытуцыйнасці палажэння пункта 3 часткі чацвёртай артыкула 4 Крымінальнага кодэкса, згодна з якім да службовых асоб адносяцца і асобы, упаўнаважаныя ва ўстаноўленым парадку на ўчыненне юрыдычна значных дзеянняў.

У Заключэнні ад 12 лістапада 2001 года Канстытуцыйны Суд, прызнаўшы адпаведнасць указанага палажэння Канстытуцыі, адзначыў, што яно дазваляе лiчыць суб’ектамі злачынстваў супраць інтарэсаў службы і выкладчыкаў ВНУ і сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў у тых выпадках, калі яны ўпаўнаважаны на ўчыненне юрыдычна значных дзеянняў (прыём курсавых экзаменаў, залiкаў, што цягне прававыя вынiкi для навучэнцаў). Ва ўказаным накірунку развіваецца судовая практыка і ў іншых дзяржавах — удзельніцах Садружнасці Незалежных Дзяржаў, нягледзячы на тое што заканадаўства гэтых дзяржаў не прадугледжвае ў якасці прыметы службовай асобы ўчыненне ёй юрыдычна значных дзеянняў.

Няўзгодненасць палажэнняў новых Крымінальнага і Крымінальна-працэсуальнага кодэксаў адносна лёсу грошай і іншых каштоўнасцей, атрыманых злачынным шляхам, недакладныя растлумачэнні па гэтаму пытанню Пленума Вярхоўнага Суда з’явіліся прычынай неадназначнага разумення пытання аб лёсе прадмета хабару, у тым ліку і ў выпадках, калі ён належаў асобе, якая дала хабар, але падлягае вызваленню ад крымінальнай адказнасці з прычыны дзейнага раскаяння, ці калі ў адносінах да яе мела месца вымагальніцтва хабару.

У Заключэнні ад 28 лістапада 2001 года Канстытуцыйны Суд прапанаваў Парламенту ўстараніць няўзгодненасць норм Крымінальнага і Крымінальна-працэсуальнага кодэксаў у частцы вызначэння лёсу грошай і іншых каштоўнасцей, атрыманых злачынным шляхам, не выключыўшы пры гэтым магчымасць такога заканадаўчага рашэння, згодна з якім суды мелі б права ў асобных выпадках вырашаць пытанне аб вяртанні прадмета хабару асобе, якая дала хабар, але падлягае вызваленню ад крымінальнай адказнасці ў адпаведнасці з заўвагай да артыкула 431 Крымінальнага кодэкса.

Канстытуцыйны Суд звярнуў увагу на неўрэгуляванасць у заканадаўстве пытання аб вяртаннi законным уладальнікам грошай або іншых каштоўнасцей, якія перадаюцца хабарніку ў працэсе ажыццяўлення аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў. У цяперашні час з улікам указанага Заключэння Канстытуцыйнага Суда падрыхтаваны праект закона аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у Крымінальна-працэсуальны кодэкс.

Недасканаласць некаторых норм законаў аб амністыі, якія перыядычна прымаюцца ў рэспубліцы, а таксама неадназначнае разуменне іх правапрымяняючымі органамі з’явіліся прычынай парушэння права на амністыю асобных катэгорый асуджаных. У прыватнасці, не прымяняліся законы Рэспублікі Беларусь аб амністыі да асуджаных судамі іншых дзяржаў, але перададзеных Рэспубліцы Беларусь для адбывання пакарання ў выглядзе пазбаўлення волі, у тых выпадках, калі адсутнічалі міжнародныя дагаворы. Канстытуцыйны Суд адзначыў, што такія асобы маюць права на прымяненне да іх законаў Рэспублікі Беларусь аб амністыі нават i ў тых выпадках, калі яны перадаюцца для адбывання пакарання ў месцы пазбаўлення волі на тэрыторыю Рэспублікі Беларусь пры адсутнасці паміж дзяржавамі міжнароднага дагавора, але на аснове прынцыпу ўзаемнасці.

У парадку рэалізацыі дадзенай пазіцыі Канстытуцыйнага Суда Пракуратурай сумесна з Камітэтам выканання пакаранняў МУС дадзена распараджэнне адпаведным органам разгледзець пытанне аб прымяненні амністыі да ўказаных асоб і пры наяўнасці падстаў, прадугледжаных у законах аб амністыі, прымяніць яе.

У полі зроку Канстытуцыйнага Суда знаходзіліся і іншыя пытанні, звязаныя з прымяненнем законаў аб амністыі.

У адпаведнасці з рашэннем Канстытуцыйнага Суда, прынятым 17 лістапада 2000 года, права на амністыю павінны мець асуджаныя, прыгаворы ў адносінах да якіх не ўступілі ў законную сілу на дзень уступлення ў сілу закона аб амністыі, паколькі іх касацыйныя скаргі па незалежных ад іх абставінах не разглядаліся працяглы час.

Звароты, якія паступілі ў Канстытуцыйны Суд у 2001 годзе, сведчаць аб тым, што амністыя ў шэрагу выпадкаў не прымянялася і да асуджаных, прыгаворы ў адносінах да якіх на дзень увядзення ў дзеянне закона аб амністыі ўступілі ў законную сілу, але ў далейшым пераглядаліся ў парадку нагляду.

Пытанні аб прымяненні амністыі, якія ўзнікаюць на практыцы, і звязаныя з гэтым парушэнні права некаторых катэгорый асуджаных на амністыю абумоўлены, на думку Канстытуцыйнага Суда, тым, што законамі аб амністыі традыцыйна прадугледжваецца скарачэнне тэрміну пазбаўлення волі толькі тым асуджаным, прыгаворы ў адносінах да якіх уступілі ў законную сілу на дзень уступлення ў сілу закона аб амністыі. Указанае палажэнне ў новапрымаемых законах аб амністыі трэба было б сфармуляваць так, каб права на амністыю мелі асуджаныя, якія ўчынілі злачынствы да ўступлення ў сілу закона аб амністыі, незалежна ад таго, уступілі або не ўступілі ў законную сілу вынесеныя ў адносінах да іх прыгаворы. Такое заканадаўчае рашэнне дазволіць Парламенту выканаць і прапанову, зробленую ў яго адрас у рашэнні Канстытуцыйнага Суда ад 17 лістапада 2000 года.

Ва ўмовах дзеяння новага крымінальна-працэсуальнага і крымінальна-выканаўчага заканадаўства важнае значэнне мае забеспячэнне ў поўнай меры канстытуцыйнага права грамадзян на судовую абарону.

З прычыны таго што на практыцы неадназначна разумеецца прынцып прамога дзеяння норм Канстытуцыі, і ў прыватнасці артыкула 60, які гарантуе кожнаму абарону яго правоў і свабод кампетэнтным, незалежным і непрадузятым судом у вызначаныя законам тэрміны, а таксама ў сувязі з тым што дадзенае палажэнне не ў поўнай меры замацавана ў галіновым заканадаўстве, асобныя катэгорыі асоб пазбаўлены права на судовую абарону. Гэтым абумоўлены і шматлікія звароты і скаргі, якія паступаюць у Канстытуцыйны Суд.

Разглядаючы такiя скаргi, Канстытуцыйны Суд прыняў шэраг рашэнняў, якiя пацвярджаюць права грамадзян звяртацца ў суд са скаргамi на дзеяннi i рашэннi органа дазнання, дазнаўца або следчага па пытаннях, што ўзнiкаюць у сувязi з ажыццяўленнем крымiнальна-працэсуальных адносiн (рашэнне ад 3 красавiка 2001 года), права асуджаных да пазбаўлення волi абскардзiць у судовым парадку накладзенае на iх спагнанне (рашэнне ад 2 красавiка 2001 года), права на зварот у суд ваеннаслужачых па пытанню абскарджання дысцыплiнарнага спагнання ў трохмесячны тэрмiн з дня, калi яны даведалiся або павiнны былi даведацца аб парушэннi свайго права (рашэнне ад 23 сакавiка 2001 года).

Указаныя рашэннi ў сiлу патрабаванняў артыкулаў 59, 60, часткi першай артыкула 116, артыкула 137 Канстытуцыi, а таксама артыкулаў 38 i 401 Закона “Аб Канстытуцыйным Судзе Рэспублiкi Беларусь” падлягаюць выкананню.

Канстытуцыйны Суд даследаваў пытанне аб захаванні ў судовай сістэме інстытута народных засядацеляў. У рашэнні ад 17 красавіка 2001 года Канстытуцыйны Суд адзначыў, што ў мэтах захавання канстытуцыйных прынцыпаў правасуддзя і рэалізацыі палажэнняў артыкула 60, пунктаў 9 і 10 артыкула 84, артыкулаў 109—115 Канстытуцыі пытанні фарміравання складу народных засядацеляў, замацавання іх прававога становішча пры ажыццяўленні правасуддзя павінны вызначацца законам. Дапушчэнне народнага засядацеля да выканання абавязкаў прафесіянальнага суддзі магчыма толькі па рашэнню Прэзідэнта Рэспублiкi Беларусь з улікам патрабаванняў Канстытуцыі і законаў, што мае прынцыповае значэнне для фарміравання непрадузятага і справядлівага суда.

Нацыянальнаму сходу прапанавана ўнесці змяненні і дапаўненні ў адпаведныя нарматыўныя акты з мэтай належнага заканадаўчага ўрэгулявання парадку фарміравання складу народных засядацеляў і ўстаранення існуючых калізій у дзеючым заканадаўстве. Дэкрэтам Прэзідэнта Рэспублiкi Беларусь ад 15 чэрвеня 2001 года № 18 зацверджана Палажэнне аб народных засядацелях, Савету Міністраў дадзена даручэнне ўнесці ў Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу праект Закона “Аб унясенні дапаўненняў і змяненняў у Закон Рэспублiкi Беларусь “Аб судаўладкаваннi і статусе суддзяў у Рэспублiцы Беларусь”.

Канстытуцыйны Суд адзначае, што рашэнні Суда, вынесеныя ў 2001 годзе, у асноўным выкананы ці прыняты да выканання кампетэнтнымі органамі. У 2001 годзе выкананы таксама шэраг рашэнняў, прынятых Канстытуцыйным Судом у 2000 годзе, у тым ліку рэалізаваны прапановы, якія Суд уносіў у дзяржаўныя органы ў мэтах удасканальвання заканадаўства.

Так, Саветам Міністраў у мэтах выканання рашэнняў Канстытуцыйнага Суда ад 5 верасня 2000 года і ад 22 верасня 2000 года ўнесены змяненні ў адпаведныя пастановы ў частцы ўпарадкавання платы за карыстанне жылымі памяшканнямі і тэхнічнае абслугоўванне жыллёвага фонду, а таксама парадку прадастаўлення і падсумоўвання працоўных водпускаў. Нацыянальным сходам і Саветам Міністраў унесены заснаваныя на рашэнні Канстытуцыйнага Суда ад 17 сакавіка 2000 года адпаведныя змяненні і дапаўненні ў Закон “Аб пенсіённым забеспячэнні” і Палажэнне аб парадку пацвярджэння працоўнага стажу для назначэння пенсій, звязаныя з уключэннем у працоўны стаж дзейнасці грамадзян, якія ўдзельнічалі ў 1943 – 1945 гадах у складзе спецыяльных фарміраванняў у работах па размініраванню вызваляемых тэрыторый. Прапановы Канстытуцыйнага Суда па пытаннях, звязаных з прызывам на тэрміновую ваенную службу асоб, звольненых з органаў МУС (рашэнне ад 9 лістапада 2000 года), улічаны ў Палажэнні аб праходжанні службы ў органах унутраных спраў Рэспублікі Беларусь, зацверджаным Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 13 лістапада 2001 года № 671, і пастанове Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 15 сакавіка 2001 года № 343.

У 2001 годзе рэалізаваны раней прынятыя Заключэнне Канстытуцыйнага Суда, звязанае з больш поўнай абаронай правоў грамадзян пры прымусовай адбуксіроўцы транспартных сродкаў, рашэнне Канстытуцыйнага Суда, якое датычыцца рэалізацыі канстытуцыйных гарантый асобных груп ветэранаў вайны, а таксама шэраг іншых рашэнняў Канстытуцыйнага Суда.

Аднак не заўсёды рашэнні Канстытуцыйнага Суда выконваюцца аператыўна. Прызнанне неканстытуцыйным нарматыўнага прававога акта не ва ўсіх выпадках цягнула адмену або прыпыненне дзеяння актаў больш нізкага ўзроўню, прынятых на яго аснове, у выніку чаго яны працягвалі дзейнічаць і прымяняцца на практыцы, што супярэчыць Канстытуцыі і іншым законам Рэспублiкi Беларусь.

Канстытуцыйны Суд адзначае, што па пераважнай колькасці зваротаў, па якіх прыняты Судом рашэнні, зацікаўленыя асобы звярталіся да паўнамоцных органаў, указваючы на існуючыя супярэчнасці Канстытуцыi нарматыўных прававых актаў, што цягнула парушэннi правоў і свабод грамадзян. Аднак такія звароты часта заставаліся без рэагавання. У многіх выпадках толькі пасля прыняцця рашэння Канстытуцыйным Судом гэтыя акты змяняліся, дапаўняліся ці прыводзіліся ў адпаведнасць з актамі больш высокай юрыдычнай сілы.

Канстытуцыйны Суд прапануе развiваць практыку афiцыйнага тлумачэння дзеючых норм, у тым лiку i норм Канстытуцыi. Адсутнасць такой практыкi прыводзiць да памылак у правапрымяненнi i прамога парушэння правоў грамадзян.

Па-ранейшаму актуальнай застаецца праблема адказнасці ўсіх органаў дзяржаўнай улады за стан канстытуцыйнасцi, якая рэалізуецца не толькі шляхам нарматворчай і правапрымяняльнай дзейнасці, што адпавядае патрабаванням Асноўнага Закона, але і шляхам выканання ўскладзенага на кампетэнтныя дзяржаўныя органы абавязку ўносіць у Канстытуцыйны Суд прапановы аб праверцы канстытуцыйнасці нарматыўных актаў у парадку канстытуцыйнага судаводства.

II

Важным крытэрыем ацэнкі стану канстытуцыйнай законнасці ў Рэспубліцы Беларусь з’яўляецца аналіз зваротаў грамадзян.

У мінулым годзе ў Канстытуцыйны Суд паступіла больш за 1500 пісьмовых зваротаў. У іх ліку звыш 1300 індывідуальных, больш за 200 зваротаў ад розных грамадскіх аб’яднанняў, а таксама калектыўных зваротаў грамадзян, што змяшчаюць звыш 3,5 тысячы подпісаў, у якіх ставіліся пытанні, што закранаюць інтарэсы дзесяткаў і соцень тысяч грамадзян. Акрамя таго, у Канстытуцыйным Судзе прынята на асабістым прыёме больш за 350 грамадзян. У неабходных выпадках па зваротах даваліся адпаведныя растлумачэнні, частка з іх накіроўвалася для разгляду ў кампетэнтныя дзяржаўныя органы. Па зваротах, якія маюць сацыяльнае значэнне і абумоўлены прабеламі або супярэчнасцямі ў цяперашнім заканадаўстве, Канстытуцыйны Суд, кіруючыся артыкулам 40 Канстытуцыі, прымаў у адпаведнасці са сваёй кампетэнцыяй рашэнні, што змяшчаюць абгрунтаваныя прапановы кампетэнтным дзяржаўным органам.

Найбольшая колькасць скаргаў грамадзян у 2001 годзе датычылася выканання банкамі сваіх абавязацельстваў па дагаворах банкаўскіх укладаў (дэпазітаў), кампенсацыйных выплат па ўкладах і каштоўных паперах, парушэнняў правоў і законных інтарэсаў у галіне жыллёвых, працоўных, зямельных, крэдытных, падатковых, страхавых, адміністрацыйных і некаторых іншых праваадносін. У больш чым 300 індывідуальных і калектыўных заявах (каля 20%) ставілася пытанне аб абгрунтаванасці ўнясення ў пашпарт грамадзяніна Рэспублікі Беларусь асабістага (ідэнтыфікацыйнага) нумара. Каля 200 зваротаў (прыкладна 15%) змяшчалі скаргі на прыгаворы і рашэнні агульных судоў, дзеянні органаў унутраных спраў, падатковых і мытных органаў.

Працягваюць паступаць скаргі грамадзян, якія не задаволены памерам кампенсацыі па дзяржаўнаму мэтаваму беспрацэнтнаму займу СССР 1990 года.

У значнай частцы зваротаў грамадзян закраналася праблема роўнасці іх перад законам. Так, Канстытуцыйны Суд разгледзеў звароты грамадзян – удзельнікаў узброенай барацьбы з бандфарміраваннямі ў 1944 – 1951 гадах на тэрыторыях Украінскай ССР, Беларускай ССР і Прыбалтыйскіх рэспублік былога СССР, але не прызнаных ветэранамі вайны толькі па той падставе, што яны ў той час з’яўляліся ваеннаслужачымі тэрміновай службы. Канстытуцыйны Суд прызнаў, што названая катэгорыя грамадзян аказалася ў няроўным становішчы з іншымі асобамі, якія прымалі ўдзел у барацьбе з бандытызмам у тых жа ўмовах і прызнаны ветэранамі вайны. Рашэнне Канстытуцыйнага Суда аб ураўноўванні ў правах указаных катэгорый грамадзян, якія ўдзельнічалі ў барацьбе з бандытызмам, яшчэ патрабуе рэалізацыі.

Канстытуцыйны Суд адзначае, што ў пэўных выпадках правы асобных катэгорый грамадзян могуць быць абмежаваны, але толькі ў межах, устаноўленых артыкулам 23 Канстытуцыі. Гэта дапускаецца ў інтарэсах нацыянальнай бяспекі, грамадскага парадку, абароны маральнасці, здароўя насельніцтва, правоў і свабод іншых асоб і толькі ў парадку, прадугледжаным законам. У супрацьлеглым выпадку мае месца парушэнне канстытуцыйных палажэнняў, што выклікае абгрунтаваныя скаргі грамадзян.

Грамадзяне звяртаюцца ў Канстытуцыйны Суд, вычарпаўшы, як правіла, усе даступныя ім сродкі прававой абароны ў іншых дзяржаўных органах. У такіх скаргах паведамляецца аб тым, што мясцовыя выканаўчыя і распарадчыя органы, суды, праваахоўныя органы, а таксама асобныя службовыя асобы не прымаюць усё залежныя ад іх меры па абароне парушаных правоў і законных інтарэсаў, прымяняюць нарматыўныя акты, якія не адпавядаюць, на думку грамадзян, актам больш высокай юрыдычнай сілы.

Працягваюць паступаць у Канстытуцыйны Суд скаргі, звязаныя з супярэчнасцямі ў нарматыўных актах, якія рэгулююць ліцэнзаванне розных відаў гаспадарчай дзейнасці (аўтамабільных перавозак, арэнды рыбалоўных угоддзяў і інш.), з прычыны чаго не толькі абмяжоўваюцца правы грамадзян, але і ствараюцца перашкоды развіццю прадпрымальніцкай дзейнасці.

Шматлікія нараканні грамадзян выклікае недасканаласць заканадаўства аб пенсіённым забеспячэнні, і ў прыватнасці ўраўняльны падыход да ўстанаўлення пенсій, звязаны з паніжэннем улічваемага заработку, адсутнасць механізмаў пераразлікаў пенсій і абмежаваннi па іх выплаце ў выпадках прадаўжэння работы.

У многіх зваротах грамадзян, у тым ліку калектыўных, ставяцца пытанні, звязаныя з недахопамі заканадаўства аб абавязковым страхаванні будынкаў, якія належаць грамадзянам на праве ўласнасці, у тым ліку з недасканаласцю механізма ацэнкі будынкаў, а таксама з рэалізацыяй права на атрыманне прадугледжаных заканадаўствам ільгот.

Канстытуцыйны Суд не пакідаў без увагі такога роду звароты грамадзян і, карыстаючыся прадастаўленым яму на падставе часткi сёмай артыкула 116 Канстытуцыi правам, замацаваным у артыкуле 7 Закона “Аб Канстытуцыйным Судзе Рэспублікі Беларусь”, накіроўваў у дзяржаўныя органы ў адпаведнасці з іх кампетэнцыяй прапановы аб неабходнасці ўнясення ў акты дзеючага заканадаўства змяненняў і дапаўненняў, прыняцця новых нарматыўных актаў. Такія прапановы, увасобленыя ў форму рашэнняў, атрымлівалі, як правіла, адпаведнае рэагаванне. Аднак рэалізацыя некаторых з іх неапраўдана затрымліваецца, а абмежаванні асобных правоў і законных інтарэсаў грамадзян захоўваюцца.

У 2001 годзе вялікая колькасць зваротаў грамадзян паступала не толькі ў Канстытуцыйны Суд, але і ў іншыя органы дзяржавы, надзеленыя правам звароту ў Канстытуцыйны Суд для вынесення ім заключэння. Сярод гэтых зваротаў нямала скаргаў, якія датычацца канстытуцыйнасці асобных нарматыўных прававых актаў. Аднак абумоўленыя скаргамі грамадзян прапановы аб праверцы канстытуцыйнасці такіх актаў у Канстытуцыйны Суд упаўнаважанымі на тое органамі, як правiла, не накіроўваліся. У 2001 годзе ў адпаведнасці з часткай чацвёртай артыкула 116 Канстытуцыі ў Канстытуцыйны Суд паступілi толькі тры прапановы аб праверцы канстытуцыйнасці нарматыўных актаў. Указаныя прапановы былі ўнесены Саветам Міністраў па ініцыятыве Міністра ўнутраных спраў i Палатай прадстаўнiкоў Нацыянальнага сходу.

Прапановы грамадзян, якія адлюстроўваюць іх зацікаўленасць ва ўдасканальванні заканадаўства, атрымліваюць сваё выяўленне не толькі ў рашэннях Канстытуцыйнага Суда, але і ў прапановах спецыялiстаў Канстытуцыйнага Суда, што накіроўваюцца ў органы, якiя рыхтуюць праекты заканадаўчых актаў. У 2001 годзе ў Канстытуцыйны Суд паступіла каля 100 праектаў нарматыўных актаў. Паколькі Канстытуцыйны Суд не мае права ажыццяўляць кантроль і рэцэнзаванне праектаў нарматыўных актаў, канстытуцыйнасць якіх пасля прыняцця можа быць прадметам яго разгляду, праекты вывучаюцца спецыялістамі Канстытуцыйнага Суда. Уносімыя па праектах нарматыўных актаў прапановы ўлічваюцца, як правіла, пры падрыхтоўцы праектаў нарматыўных актаў, што садзейнічае забеспячэнню iх канстытуцыйнасці.

Змест зваротаў, якія паступаюць у Канстытуцыйны Суд, сведчыць аб узрастаючым узроўні правасвядомасці грамадзян, аб iх імкненні садзейнічаць удасканальванню нацыянальнага заканадаўства і ўмацаванню канстытуцыйнасці. Гэта акалiчнасць, а таксама станоўчы вопыт канстытуцыйнага кантролю ў розных краінах сучаснага свету дазваляюць лічыць неабходным заканадаўчае развiццё замацаванага ў артыкуле 122 Канстытуцыi права грамадзян на непасрэдны зварот у Канстытуцыйны Суд па пытаннях праверкі рашэнняў нарматыўнага характару мясцовых Саветаў дэпутатаў, выканаўчых i распарадчых органаў, якія абмяжоўваюць або парушаюць іх правы, свабоды i законныя інтарэсы. Патрабуе далейшага ўдасканальвання парадак накіравання ў Канстытуцыйны Суд прапаноў судоў аб праверцы канстытуцыйнасці нарматыўных актаў, якія прымяняюцца ці падлягаюць прымяненню пры вырашэнні канкрэтных спраў. Заканадаўчае вырашэнне гэтых пытанняў не патрабавала б унясення змяненняў у Канстытуцыю, паколькі вынікае са зместу артыкулаў 60, 61, 112, 116 і 122 Асноўнага Закона.

У 2001 годзе працягвалася плённае ўзаемадзеянне Канстытуцыйнага Суда з Пракуратурай рэспублікі ў галіне абароны правоў грамадзян. Эфектыўнасць нагляду за дакладным і аднастайным выкананнем законаў, дэкрэтаў і ўказаў Прэзідэнта Рэспублiкi Беларусь, які ажыццяўляецца органамі пракуратуры, істотна ўзрасла б пры непасрэдным замацаваннi ў Законе “Аб Канстытуцыйным Судзе Рэспублiкi Беларусь” права Генеральнага пракурора Рэспублiкi Беларусь у адпаведнасці з часткай сёмай артыкула 116, артыкуламі 125 і 128 Канстытуцыі на зварот у Канстытуцыйны Суд з прапановамі аб праверцы канстытуцыйнасці падзаконных нарматыўных актаў.

III

Канстытуцыйны Суд працягваў канструктыўнае супрацоўніцтва з усімі міжнароднымі арганізацыямі, мэты якіх адпавядаюць прынцыпам, замацаваным у Канстытуцыі нашай краіны. Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь адзначае, што ў 2001 годзе ў склад Канферэнцыі канстытуцыйных судоў краін маладой дэмакратыі, заснавальнікам якой у 1997 годзе ён выступіў сумесна з канстытуцыйнымі судамі Арменіі, Казахстана, Кыргызстана, Расійскай Федэрацыі, Таджыкістана, увайшлі канстытуцыйныя суды Азербайджана, Грузіі, Малдовы, Украіны.

Прадстаўнікі Канстытуцыйнага Суда прымалі ўдзел у многіх міжнародных канферэнцыях, семiнарах, сустрэчах, праведзеных як у Беларусі, так і за яе межамі, што дало магчымасць абмяняцца з зарубежнымі калегамі думкамі па актуальных пытаннях канстытуцыйнага судаводства і садзейнічала паляпшэнню ўзаемаразумення паміж прадстаўнікамі органаў канстытуцыйнай юрысдыкцыі.

Канстытуцыйным Судом 31 мая — 1 чэрвеня 2001 года праведзена ў г. Мінску пры падтрымцы Кiраўнiка дзяржавы III міжнародная навукова-практычная канферэнцыя органаў канстытуцыйнага кантролю на тэму “Імплементацыя норм міжнароднага права ў нацыянальнае заканадаўства: тэорыя і практыка”, у якой прынялі ўдзел прадстаўнікі 12 дзяржаў. Дыскусіі, якiя адбылiся на канферэнцыі, садзейнічалі ўдасканальванню форм і метадаў канстытуцыйнага правасуддзя, абароне правоў і свабод чалавека і грамадзяніна, умацаванню аўтарытэту і даверу да Рэспублiкi Беларусь.

На сучасным этапе развіцця дзяржавы і грамадства Канстытуцыйны Суд Рэспублiкi Беларусь пастаянна ў ходзе канстытуцыйнага судаводства кiруецца палажэннямi міжнародных пактаў аб правах чалавека і канвенцый, якія датычацца абароны правоў чалавека і асноўных свабод, iншых мiжнародна-прававых дакументаў.

У дзейнасці Канстытуцыйнага Суда выкарыстоўваецца практыка работы органаў канстытуцыйнага кантролю зарубежных дзяржаў, а таксама Еўрапейскага Суда па правах чалавека. Пры прыняцці рашэнняў Канстытуцыйны Суд разам з універсальнымі міжнароднымі-прававымі актамі актыўна выкарыстоўвае еўрапейскія міжнародныя акты, у тым ліку Еўрапейскую канвенцыю аб абароне правоў чалавека і асноўных свабод, што садзейнічае ўмацаванню Рэспублiкi Беларусь як дэмакратычнай сацыяльнай прававой дзяржавы.

* * *

Канстытуцыйны Суд пры ажыццяўленні ўскладзеных на яго Асноўным Законам абавязкаў па кантролю за канстытуцыйнасцю нарматыўных актаў у дзяржаве, кіруючыся прынцыпам вяршэнства Канстытуцыі і яе непасрэднага дзеяння, у якасці сваёй галоўнай задачы разглядаў усталяванне канстытуцыйнай законнасці ў праватворчасці і правапрымяненні, садзейнічанне ўдасканальванню правовай сістэмы дзяржавы. Пры гэтым Канстытуцыйны Суд зыходзіў з таго, што правы і свабоды чалавека і грамадзяніна павінны вызначаць сэнс, змест і прымяненне нарматыўных актаў, дзейнасць заканадаўчай і выканаўчай улады і забяспечвацца належным правасуддзем. Толькі прыняцце дзяржавай, як гэтага патрабуе Канстытуцыя, усіх мер для стварэння ўнутранага і міжнароднага парадку, неабходнага для поўнага ажыццяўлення правоў і свабод грамадзян Рэспублікі Беларусь, прадугледжаных Канстытуцыяй і законамі, прыхільнасць яе да агульначалавечых каштоўнасцей здольны забяспечыць грамадзянскую згоду, непахіснасць асноў народаўладдзя і прававой дзяржавы.

 

Гэта Пасланне прынята на пасяджэннi Канстытуцыйнага Суда Рэспублiкi Беларусь 12 лютага 2002 года.

Старшынствуючы –
Старшыня Канстытуцыйнага
Суда Рэспублікі Беларусь
Р.А.Васілевіч

Версiя для друку