EngРусБел
Пасланнi Канстытуцыйнага Суда
 

Прэзідэнту  
Рэспублiкi Беларусь  

Палаце прадстаўнікоў  
Нацыянальнага сходу  
Рэспублікі Беларусь

  Савету Рэспублікі
Нацыянальнага сходу 
Рэспублiкi Беларусь

 

ПАСЛАННЕ
КАНСТЫТУЦЫЙНАГА СУДА РЭСПУБЛIКI БЕЛАРУСЬ

  АБ СТАНЕ КАНСТЫТУЦЫЙНАЙ ЗАКОННАСЦІ
Ў РЭСПУБЛIЦЫ БЕЛАРУСЬ У 2012 ГОДЗЕ

Згодна з Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь (далей – Канстытуцыя) чалавек, яго правы, свабоды і гарантыі іх рэалізацыі з’яўляюцца найвышэйшай каштоўнасцю і мэтай грамадства і дзяржавы, што вызначае змест палітычных, эканамічных, сацыяльных і прававых адносін, якія ўстанаўліваюцца і ахоўваюцца Канстытуцыяй.

Прызнанне чалавека і яго годнасці, роўных і неад’емных правоў служыць асновай свабоды, справядлівасці і ўсеагульнага міру. Гэта знайшло замацаванне ва Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека, Міжнародным пакце аб грамадзянскіх і палітычных правах, Міжнародным пакце аб эканамічных, сацыяльных і культурных правах, што з’яўляюцца састаўной часткай беларускай прававой сістэмы.

У Канстытуцыі вызначаны і такія каштоўнасці, як дэмакратычная сацыяльная прававая дзяржава, дэмакратыя, вяршэнства права, справядлівасць і роўнасць, парламентарызм, канстытуцыйная эканоміка, якія знаходзяцца ў сістэмнай узаемасувязі і патрабуюць забеспячэння неабходнага балансу ў працэсе дэмакратычнага развіцця грамадства і дзяржавы. Пры гэтым канстытуцыйныя каштоўнасці аказваюць арганізуючае ўздзеянне на адпаведныя сферы грамадскіх адносін, выступаюць у якасці арыенціраў, стандартаў, установак для дзяржаўных органаў і службовых асоб, грамадзян і грамадства ў цэлым.

Рэалізуючы свае канстытуцыйныя функцыі і паўнамоцтвы, Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь у мэтах абароны канстытуцыйнага ладу, правоў і свабод чалавека і грамадзяніна пры разглядзе спраў і матэрыялаў праз прызму канстытуцыйных каштоўнасцей забяспечваў вяршэнства і непасрэднае дзеянне Канстытуцыі, сцвярджаў канстытуцыйную законнасць у нарматворчасці і правапрымяненні.

I

Для сучаснага этапу развіцця прававой сістэмы Рэспублікі Беларусь характэрна ўдасканальванне механізмаў забеспячэння абароны правоў і свабод чалавека і грамадзяніна. Дэкрэтам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 26 чэрвеня 2008 г. № 14 «О некоторых мерах по совершенствованию деятельности Конституционного Суда Республики Беларусь» Канстытуцыйны Суд надзелены паўнамоцтвамі па абавязковаму папярэдняму кантролю канстытуцыйнасці законаў, прынятых Парламентам, да падпісання іх Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь.

Заканадаўчым органам – Нацыянальным сходам Рэспублікі Беларусь у 2012 годзе прынята 113 законаў.

Ажыццяўляючы абавязковы папярэдні канстытуцыйны кантроль, Канстытуцыйны Суд ацэньваў законы на падставе канстытуцыйных палажэнняў і фармуляваў у рашэннях прававыя пазіцыі, якія адлюстроўваюць паўнату развіцця і забеспячэння абароны канстытуцыйных каштоўнасцей у законах, а таксама выяўлены канстытуцыйна-прававы сэнс норм законаў з мэтай недапушчэння іх парушэння ў працэсе правапрымянення.

1. У прававых пазіцыях Канстытуцыйны Суд раскрываў змест правоў і свабод чалавека і грамадзяніна, даследаваў іх узаемасувязь і ўзаемазалежнасць з іншымі канстытуцыйнымі каштоўнасцямі, звяртаў увагу на недапушчальнасць падмены або прымяншэння адной канстытуцыйнай каштоўнасці за кошт іншай.

Так, пры ацэнцы палажэнняў Закона Рэспублікі Беларусь «О внесении дополнений и изменений в некоторые законы Республики Беларусь по вопросам нотариальной деятельности» Канстытуцыйным Судом у рашэнні ад 5 ліпеня 2012 г. адзначана неабходнасць забеспячэння кожнаму замацаванага ў артыкуле 60 Канстытуцыі права на судовую абарону як аднаго з асноўных правоў і свабод чалавека, якія прызнаюцца і гарантуюцца згодна з агульнапрызнанымі прынцыпамі і нормамі міжнароднага права, што з’яўляецца таксама гарантыяй абароны іншых правоў і свабод. У дадзеным рашэнні ўказана, што пры ўстанаўленні заканадаўцам абавязку выканання ў прадугледжаных заканадаўчымі актамі выпадках папярэдняга пазасудовага парадку вырашэння справы як абавязковай умовы рэалізацыі права на зварот за судовай абаронай, якая матывуецца неабходнасцю зніжэння нагрузкі на суды па разгляду грамадзянскіх спраў, у першую чаргу павінен улічвацца абавязак дзяржавы забяспечваць даступнасць правасуддзя і гарантаваць кожнаму абарону яго правоў і свабод кампетэнтным, незалежным і непрадузятым судом.

Пры праверцы канстытуцыйнасці Закона Рэспублікі Беларусь «О внесении изменений и дополнений в Бюджетный кодекс Республики Беларусь» Канстытуцыйны Суд у рашэнні ад 16 кастрычніка 2012 г. пацвердзіў сваю прававую пазіцыю, выкладзеную ў рашэнні ад 8 кастрычніка 2010 г., і адзначыў, што заканадавец, прадугледзеўшы ў Бюджэтным кодэксе Рэспублікі Беларусь парадак выканання судовых пастаноў за кошт сродкаў бюджэту, тым самым забяспечыў для спагнальніка магчымасць рэалізацыі яго правоў на судовую абарону і на пакрыццё шкоды, замацаваных у артыкуле 60 Канстытуцыі.

Ацэньваючы канстытуцыйнасць Закона Рэспублікі Беларусь «О правовом режиме территорий, подвергшихся радиоактивному загрязнению в результате катастрофы на Чернобыльской АЭС», Канстытуцыйны Суд у рашэнні ад 17 мая 2012 г. указаў, што, замацоўваючы магчымасць вытворчасці прадукцыі на тэрыторыі радыеактыўнага забруджвання, а таксама яе рэалізацыі ў выпадку адпаведнасці ўтрымання ў ёй радыенуклідаў рэспубліканскім дапушчальным узроўням, заканадавец не ўстанаўлівае нарматывы такіх узроўняў, прадугледжваючы, што яны вызначаюцца адпаведнымі рэспубліканскімі органамі дзяржаўнага кіравання па ўзгадненню з рэспубліканскім органам дзяржаўнага кіравання, які ажыццяўляе рэгуляванне і кіраванне ў галіне пераадолення вынікаў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС.

Па меркаванню Канстытуцыйнага Суда, пры выкарыстанні ўказанага падыходу не ў поўнай меры можа забяспечвацца канстытуцыйнае права грамадзян на ахову здароўя, паколькі асноўны змест і прынцыпы ажыццяўлення правоў і свабод грамадзян павінны быць устаноўлены, як прадугледжваецца Канстытуцыяй (пункт 2 часткі першай артыкула 97), законам. Замацаванне ўзроўняў утрымання радыенуклідаў у прадукцыі на заканадаўчым узроўні дазволіць стварыць дадатковыя ўмовы для забеспячэння аховы жыцця і здароўя грамадзян ад шкоднага ўздзеяння радыенуклідаў.

У дадзеным рашэнні Канстытуцыйнага Суда таксама ўказана, што ўстанаўліваемы правяраемым Законам парадак прадастаўлення і распаўсюджвання інфармацыі аб радыяцыйнай абстаноўцы, аб прававым рэжыме тэрыторыі радыеактыўнага забруджвання і аб адказнасці за яго парушэнне шляхам адсылкі да заканадаўства аб ахове навакольнага асяроддзя, аб зваротах грамадзян і юрыдычных асоб і іншага заканадаўства, гэта значыць фактычна да агульных правіл, якія датычацца любой даступнай інфармацыі, сведчыць аб недастатковых гарантыях рэалізацыі канстытуцыйнага права грамадзян на атрыманне поўнай, дакладнай і своечасовай інфармацыі аб стане навакольнага асяроддзя ў частцы радыяцыйнай абстаноўкі. У сілу асобай значнасці ўказанай інфармацыі для здароўя насельніцтва Рэспублікі Беларусь асаблівасці парадку яе прадастаўлення і распаўсюджвання маюць патрэбу ва ўрэгуляванні на заканадаўчым узроўні.

У рашэнні ад 19 кастрычніка 2012 г., прынятым у сувязі з праверкай канстытуцыйнасці Закона Рэспублікі Беларусь «О внесении изменений и дополнений в некоторые законы Республики Беларусь по вопросам борьбы с терроризмом и противодействия экстремизму», Канстытуцыйным Судом прызнана, што палажэнні аб вызваленні ад крымінальнай адказнасці асобы, якая ўдзельнічала ў прыгатаванні да актаў тэрарызму, калі яна своечасовым папярэджаннем дзяржаўных органаў або іншым чынам прадухіліла ўчыненне злачынства, накіраваны на далейшае развіццё крымінальна-прававога інстытута дзейнага раскаяння, якое прадугледжвае меры заахвочвальнага характару, што стымулююць асоб, якія маюць дачыненне да актаў тэрарызму, да станоўчых паслязлачынных паводзін. Па меркаванню Канстытуцыйнага Суда, разумны кампраміс паміж дзяржавай і такой асобай, што выражаецца ў адмове ад крымінальнага праследавання гэтай асобы ў абмен на яе добраахвотныя дзеянні з мэтай прадухілення наступлення цяжкіх вынікаў актаў тэрарызму, у тым ліку якія могуць пацягнуць гібель людзей, юрыдычна дапушчальны і сацыяльна апраўданы, а таксама адпавядае канстытуцыйнаму палажэнню аб тым, што чалавек, яго правы, свабоды і гарантыі іх рэалізацыі з’яўляюцца найвышэйшай каштоўнасцю і мэтай грамадства і дзяржавы.

Канстытуцыйны Суд у шэрагу рашэнняў звяртаў увагу на тое, што пры прыняцці законаў недастаткова зыходзіць толькі з фармальнай роўнасці ўсіх перад законам і судом, а трэба ўлічваць таксама неабходнасць забеспячэння і абароны правоў найбольш сацыяльна неабароненых слаёў грамадства.

Так, у рашэнні ад 29 чэрвеня 2012 г., прынятым па выніках праверкі канстытуцыйнасці Жыллёвага кодэкса Рэспублікі Беларусь, адзначана, што канстытуцыйным абавязкам дзяржавы клапаціцца аб дзецях, па меркаванню Канстытуцыйнага Суда, прадвызначаюцца правамоцтвы органаў апекі і папячыцельства ў сферы жыллёвых адносін. Палажэннямі Жыллёвага кодэкса прадугледжваецца неабходнасць згоды ўказаных органаў на змяненне статусу жылога памяшкання, здзяйсненне здзелак з ім у выпадку, калі ў гэтым жылым памяшканні пражываюць непаўналетнія, прызнаныя асобамі, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, ці асобамі, якія маюць патрэбу ў дзяржаўнай абароне, або гэта жылое памяшканне замацавана за дзецьмі-сіротамі ці дзецьмі, якія засталіся без апекі бацькоў, або належыць непаўналетнім на праве ўласнасці.

Акрамя таго, у Жыллёвым кодэксе замацоўваюцца іншыя, якія адрозніваюцца ад агульных, правы асобных сацыяльна ўразлівых катэгорый дзяцей. Напрыклад, у адпаведнасці з пунктам 3 артыкула 93 дадзенага Кодэкса высяленне навучэнцаў і студэнтаў, якія з’яўляюцца дзецьмі-сіротамі і дзецьмі, якія засталіся без апекі бацькоў, а таксама асобамі з ліку дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, з жылога памяшкання дзяржаўнага жыллёвага фонда ў інтэрнаты не дапускаецца да прадастаўлення ім ва ўстаноўленым парадку іншага жылога памяшкання па месцы знаходжання іх на ўліку асоб, якія маюць патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў.

Канстытуцыйны Суд мяркуе, што ўстанаўленне такіх асаблівасцей у дачыненні да асобных катэгорый дзяцей нельга разглядаць як парушэнне прынцыпу роўнасці ўсіх перад законам (артыкул 22 Канстытуцыі), паколькі яно грунтуецца на сацыяльным характары дзяржавы, які прадвызначае абавязак дзяржавы клапаціцца аб дабрабыце сваіх грамадзян, іх сацыяльнай абароненасці. Калі ў сілу ўзросту або па іншых не залежных ад яго прычынах чалавек фактычна не можа паклапаціцца аб сабе, то справядлівай з’яўляецца адпаведная дапамога, што аказваецца яму з боку дзяржавы. Такая перавага адпавядае частцы другой артыкула 23 Канстытуцыі, згодна з якой ніхто не можа карыстацца перавагамі і прывілеямі, што супярэчаць закону.

У рашэнні ад 9 ліпеня 2012 г. «О соответствии Конституции Республики Беларусь Закона Республики Беларусь «О внесении изменений и дополнений в Закон Республики Беларусь «О пенсионном обеспечении» Канстытуцыйны Суд пацвердзіў прававую пазіцыю, выкладзеную ў рашэнні ад 27 верасня 2011 г. «Аб заканадаўчым вызначэнні тэрміна «працаздольная асоба» для мэт прымянення пункта «д» часткі другой артыкула 51 Закона Рэспублікі Беларусь «О пенсионном обеспечении», што датычыцца недапушчальнасці абмежавання правоў асоб, якія дасягнулі агульнаўстаноўленага пенсійнага ўзросту або маюць інваліднасць, пры якой магчыма заняцце працоўнай дзейнасцю, на залік у працоўны стаж перыяду догляду за асобамі, пералічанымі ў пункце «д» часткі другой артыкула 51 Закона «О пенсионном обеспечении» (пры ўмове выканання імі іншых патрабаванняў дадзенага Закона). Канстытуцыйным Судом адзначана, што для мэт устанаўлення падстаў для аднясення грамадзян да катэгорыі працаздольных вызначальнае значэнне павінна мець фізічная здольнасць асобы ажыццяўляць паўнацэнны догляд за інвалідам I групы, дзіцём-інвалідам ва ўзросце да 18 гадоў, а таксама за састарэлым, які дасягнуў 80-гадовага ўзросту. Догляд за інвалідамі I групы, дзецьмі-інвалідамі, састарэлымі з’яўляецца найважнейшай сацыяльнай функцыяй, што выконваецца ў большасці выпадкаў членамі сям’і асобы, якая мае патрэбу ў доглядзе, іншымі сваякамі, у ажыццяўленні якой дзяржава таксама прымае на сябе пэўны абавязак, зыходзячы з гуманнай мэты павышэння якасці жыцця кожнага свайго грамадзяніна.

У сувязі з гэтым Канстытуцыйным Судом указана, што задача заканадаўца заключаецца не толькі ў забеспячэнні прававога рэгулявання ўзнікаючых адносін, але і ў стварэнні прававых механізмаў, што не аслаблялі б сацыяльную абароненасць грамадзян, якія маюць патрэбу ў сацыяльнай падтрымцы і пастаянным доглядзе, не стваралі перадумоў для фарміравання магчымых канфліктных сітуацый паміж імі і грамадзянамі, якія здольныя ажыццяўляць такі догляд, але па сэнсу заканадаўчага вызначэння тэрміна «працаздольная асоба» не падпадаюць пад дадзеную катэгорыю.

Ажыццяўленне правоў і свабод чалавека і грамадзяніна не павінна прыводзіць да парушэння правоў і свабод іншых асоб, а таксама іншых канстытуцыйных каштоўнасцей. Іменна ў інтарэсах абароны канстытуцыйных каштоўнасцей і прытрымлівання балансу паміж канстытуцыйнымі правамі і свабодамі грамадзяніна і публічнымі інтарэсамі дзяржавы і грамадства ў выпадку неабходнасці дапускаецца суразмернае абмежаванне правоў і свабод чалавека і грамадзяніна. Канстытуцыя прадугледжвае магчымасць не прымяншэння або адмовы правоў і свабод, а іх абмежавання, гэта значыць вызначэнне на ўзроўні закона канкрэтных межаў ажыццяўлення правоў і свабод. Пры гэтым абмежаванні павінны ўстанаўлівацца заканадаўцам не адвольна, а на аснове Канстытуцыі і закладзеных у ёй такіх каштоўнасцей, як вяршэнства права, роўнасць і справядлівасць.

Так, пры ацэнцы канстытуцыйнасці Закона Рэспублікі Беларусь «О внесении изменений и дополнений в некоторые законы Республики Беларусь по вопросам профилактики безнадзорности и правонарушений несовершеннолетних» Канстытуцыйны Суд зыходзіў з абавязку дзяржавы забяспечыць рэалізацыю і эфектыўную абарону правоў і законных інтарэсаў непаўналетніх. У сувязі з гэтым у рашэнні Канстытуцыйнага Суда ад 17 мая 2012 г. адзначана, што ўводзімая забарона адносна знаходжання непаўналетніх па-за жыллём у начны час без суправаджэння дарослых, якая накіравана на павышэнне ўзроўню бяспекі дзяцей і падлеткаў, умацаванне гарантый абароны іх жыцця і здароўя, папярэджанне ўцягнення іх ва ўчыненне злачынстваў і іншых грамадска небяспечных дзеянняў, у пэўнай меры абмяжоўвае прадугледжанае Канстытуцыяй права на свабоду (частка першая артыкула 25), уключаючы права свабодна перамяшчацца ў межах Рэспублікі Беларусь (артыкул 30).

Аднак, па меркаванню Канстытуцыйнага Суда, такія меры сацыяльна апраўданы і адпавядаюць палажэнням Канстытуцыі, згодна з якімі абмежаванне правоў і свабод асобы дапускаецца толькі ў выпадках, прадугледжаных законам, у інтарэсах грамадскага парадку (частка першая артыкула 23). Гэтыя меры не скажаюць сутнасці канстытуцыйных правоў і свабод, не вядуць да страты іх рэальнага зместу, прымяняюцца толькі ва ўстаноўленых Законам выпадках, суразмерныя абараняемым грамадскім і дзяржаўным інтарэсам, правам і свабодам іншых асоб.

У рашэнні ад 29 чэрвеня 2012 г. Канстытуцыйны Суд адзначыў, што замацаванне ў Жыллёвым кодэксе пераліку жылых памяшканняў, якія не падлягаюць прыватызацыі, адпавядае прынцыпу прапарцыянальнасці, што вынікае з часткі першай артыкула 23 Канстытуцыі, не з’яўляецца празмернай мерай і накіравана на дасягненне канстытуцыйнай мэты абароны правоў іншых асоб, якія абгрунтавана разлічваюць на іх забеспячэнне ў сферы жыллёвых адносін, а дзяржава абавязана ствараць для гэтага магчымасці і ўмовы.

Пры выяўленні канстытуцыйна-прававога сэнсу палажэнняў Закона Рэспублікі Беларусь «О внесении дополнений и изменений в Банковский кодекс Республики Беларусь» Канстытуцыйны Суд у рашэнні ад 5 ліпеня 2012 г. таксама зыходзіў з прынцыпу прапарцыянальнасці. Канстытуцыйным Судом адзначана, што сутнасць дадзенага прынцыпу заключаецца ў тым, што абмежаванні, якімі б ні былі падставы для іх устанаўлення, павінны забяспечваць належны баланс інтарэсаў грамадзян і дзяржавы, быць юрыдычна дапушчальнымі, сацыяльна апраўданымі, адпавядаць патрабаванням справядлівасці, з’яўляцца адэкватнымі, суразмернымі і неабходнымі для абароны іншых канстытуцыйна значных каштоўнасцей.

У гэтым жа рашэнні Канстытуцыйны Суд ацаніў норму правяраемага Закона, згодна з якой банк, нябанкаўская крэдытна-фінансавая арганізацыя маюць права адмовіць фізічнай або юрыдычнай асобе ў адкрыцці бягучага (разліковага) банкаўскага рахунку ў выпадку непрадстаўлення імі дакументаў, неабходных для ідэнтыфікацыі дадзеных асоб у адпаведнасці з заканадаўствам аб прадухіленні легалізацыі даходаў, атрыманых злачынным шляхам, і фінансавання тэрарыстычнай дзейнасці. З улікам прававой пазіцыі, выражанай у рашэнні ад 4 чэрвеня 2010 г. па выніках праверкі аналагічных палажэнняў Закона Рэспублікі Беларусь «О внесении изменений и дополнений в некоторые законы Республики Беларусь по вопросам предотвращения легализации доходов, полученных преступным путем, и финансирования террористической деятельности», Канстытуцыйны Суд прыйшоў да вываду аб абмежаванні ў пэўнай меры ўказанай нормай правоў грамадзян, замацаваных у Канстытуцыі. Аднак, па меркаванню Канстытуцыйнага Суда, такое абмежаванне з’яўляецца правамерным і дапушчальным, паколькі ўстаноўлена на ўзроўні закона, суразмерна інтарэсам нацыянальнай бяспекі, якія абараняюцца Канстытуцыяй.

Правяраючы канстытуцыйнасць Закона Рэспублікі Беларусь «Об экономической несостоятельности (банкротстве)», Канстытуцыйны Суд у рашэнні ад 29 чэрвеня 2012 г. адзначыў, што рэгуляванне грамадзянска-прававых адносін, якія ўзнікаюць пры правядзенні працэдуры конкурснага вядзення спраў, ажыццяўляецца ў мэтах абароны ў першую чаргу правоў і законных інтарэсаў крэдытораў, што цягне за сабой пэўныя абмежаванні права ўласнасці, свабоднага выкарыстання маёмасці, а таксама правоў валодання, карыстання і распараджэння маёмасцю, свабоды дагавора перш-наперш для суб’ектаў, у дачыненні да якіх праводзіцца гэта працэдура. Дадзеныя абмежаванні права ўласнасці, свабоды прадпрымальніцкай і іншай эканамічнай дзейнасці могуць уводзіцца законам, калі яны неабходныя для абароны іншых канстытуцыйна значных каштоўнасцей, у тым ліку правоў і свабод іншых асоб, адпавядаюць патрабаванням справядлівасці, з’яўляюцца неабходнымі і суразмернымі канстытуцыйна прызнаным мэтам такіх абмежаванняў.

Указаныя прававыя пазіцыі Канстытуцыйнага Суда арыентуюць дзяржаўныя органы на паслядоўную і сістэматычную рэалізацыю канстытуцыйных прынцыпаў і норм у нарматворчасці, выпрацоўку прававых механізмаў, якія забяспечваюць развіццё і абарону канстытуцыйных каштоўнасцей і гарантаванне правоў і свабод чалавека.

2. Дзейснасць прававога механізма забеспячэння правоў і свабод чалавека і гарантый іх рэалізацыі залежыць перш за ўсё ад выканання канстытуцыйнага прынцыпу вяршэнства права ў нарматворчай і правапрымяняльнай дзейнасці.

Рэалізацыя ў нарматворчасці прынцыпу вяршэнства права і заснаванага на ім прынцыпу прававой дакладнасці прадугледжвае стварэнне такой прававой сістэмы, у якой нарматыўныя прававыя акты знаходзяцца ва ўзаемасувязі, адпавядаюць адзін аднаму, а таксама забяспечваюцца яснасць, дакладнасць, несупярэчлівасць і лагічная адпаведнасць прававых норм. На неабходнасць выканання дадзенага прынцыпу Канстытуцыйны Суд звяртаў увагу заканадаўца ў шэрагу выкладзеных ім прававых пазіцый.

Так, пры ацэнцы канстытуцыйнасці Закона Рэспублікі Беларусь «О признании утратившими силу некоторых законодательных актов Республики Беларусь и их отдельных положений» Канстытуцыйны Суд на аснове аналізу адпаведных палажэнняў Канстытуцыі БССР ад 14 красавіка 1978 года, Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь ад 15 сакавіка 1994 года са змяненнямі і дапаўненнямі, прынятымі на рэспубліканскім рэферэндуме 24 лістапада 1996 года, зрабіў вывад аб тым, што ў сферы нарматворчай дзейнасці Нацыянальны сход з’яўляецца функцыянальным правапераемнікам Вярхоўнага Савета і яго Прэзідыума, а значыць, нарматыўныя прававыя акты Вярхоўнага Савета і яго Прэзідыума могуць прызнавацца страціўшымі сілу адзіным для Нацыянальнага сходу нарматыўным прававым актам. У сувязі з гэтым Канстытуцыйны Суд канстатаваў абгрунтаванасць і правамернасць выбару закона як формы нарматыўнага прававога акта, якім прызнаюцца страціўшымі сілу пастановы Вярхоўнага Савета і пастановы Прэзідыума Вярхоўнага Савета.

У рашэнні ад 5 ліпеня 2012 г. Канстытуцыйны Суд указаў, што ў адпаведнасці з часткай трэцяй артыкула 109 Канстытуцыі судаўладкаванне ў Рэспубліцы Беларусь вызначаецца законам. Такім законам з’яўляецца Кодэкс Рэспублікі Беларусь аб судаўладкаванні і статусе суддзяў, які ўстанаўлівае кампетэнцыю судоў, што ўтвараюць судовую сістэму Рэспублікі Беларусь. У прыватнасці, у артыкуле 31 гэтага Кодэкса вызначана кампетэнцыя раённага (гарадскога), міжгарнізоннага ваеннага і спецыялізаванага судоў.

Пашырэнне нормамі Закона Рэспублікі Беларусь «О внесении изменений и дополнений в некоторые кодексы Республики Беларусь по вопросам подсудности дел военным судам» падсуднасці грамадзянскіх і крымінальных спраў міжгарнізонным ваенным судам абумовіла неабходнасць удакладнення кампетэнцыі ўказаных судоў таксама ў Кодэксе аб судаўладкаванні і статусе суддзяў. Аднак дадзеным Законам абзац другі часткі другой артыкула 31 названага Кодэкса выкладзены ў новай рэдакцыі, згодна з якой міжгарнізонны ваенны суд разглядае справы, аднесеныя заканадаўчымі актамі да яго кампетэнцыі. Па меркаванню Канстытуцыйнага Суда, фармуляванне заканадаўцам адсылачнай нормы замест канкрэтнага вызначэння кампетэнцыі міжгарнізонных ваенных судоў сведчыць аб прававым прабеле, які мае патрэбу ва ўстараненні шляхам унясення адпаведных змяненняў і дапаўненняў у Кодэкс аб судаўладкаванні і статусе суддзяў.

Згодна з прававой пазіцыяй Канстытуцыйнага Суда, выкладзенай у рашэнні ад 28 красавіка 2012 г., прымяненне палажэнняў Закона Рэспублікі Беларусь «Аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны Рэспублікі Беларусь» аб прымусовым спыненні права ўласнасці (права валодання) на безгаспадарча ўтрымліваемую матэрыяльную гістарычна-культурную каштоўнасць павінна ажыццяўляцца з улікам норм артыкула 241 Грамадзянскага кодэкса Рэспублікі Беларусь, у сувязі з чым адзначана неабходнасць забеспячэння адпаведнасці норм законаў пры далейшым удасканальванні заканадаўчага рэгулявання ўказаных адносін.

Пры праверцы канстытуцыйнасці Закона «О внесении изменений и дополнений в некоторые законы Республики Беларусь по вопросам борьбы с терроризмом и противодействия экстремизму» Канстытуцыйны Суд у рашэнні ад 19 кастрычніка 2012 г. пацвердзіў прававую пазіцыю, выкладзеную ім у рашэнні ад 27 снежня 2008 г., згодна з якой палажэнні аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у праграмныя законы павінны прымацца ў выглядзе асобных законаў.

Улічваючы, што правяраемым Законам уносілася змяненне ў пункт 8 главы 1 Ваеннай дактрыны Рэспублікі Беларусь, зацверджанай Законам Рэспублікі Беларусь ад 3 студзеня 2002 года, Канстытуцыйны Суд адзначыў, што згодна з Канстытуцыяй законы аб асноўных напрамках унутранай і знешняй палітыкі Рэспублікі Беларусь, аб ваеннай дактрыне Рэспублікі Беларусь з’яўляюцца праграмнымі і лічацца прынятымі пры ўмове, калі за іх прагаласавала не менш як дзве трэці ад поўнага складу палат Парламента (частка чацвёртая артыкула 104). Канстытуцыйны Суд звярнуў увагу заканадаўца на неабходнасць выканання гэтага патрабавання Канстытуцыі, паколькі ўнясенне змяненняў і дапаўненняў у праграмныя законы законамі, нормы якіх прадугледжваюць таксама ўнясенне змяненняў і дапаўненняў у іншыя законы, што патрабуюць іх прыняцця простай большасцю галасоў ад поўнага складу палат Парламента, можа прывесці да прававых калізій, калі нормы праграмных законаў фактычна будуць прыняты простай большасцю галасоў.

Па меркаванню Канстытуцыйнага Суда, выкладзенаму ў рашэнні ад 25 красавіка 2012 г., нормы Закона Рэспублікі Беларусь «О внесении дополнений и изменений в некоторые законы Республики Беларусь по вопросам государственной службы», што прадугледжваюць магчымасць пакідання на дзяржаўнай службе дзяржаўных служачых, у тым ліку суддзяў, якія займаюць дзяржаўныя пасады, уключаныя ў кадравы рэестр Кіраўніка дзяржавы, і якія дасягнулі 65 гадоў – гранічнага ўзросту знаходжання на дзяржаўнай службе, не супярэчаць канстытуцыйнаму прынцыпу роўнасці ўсіх перад законам.

Канстытуцыйны Суд адзначыў, што магчымасць прадаўжэння тэрміну знаходжання на дзяржаўнай службе для асобных дзяржаўных служачых павінна быць абумоўлена іх прафесійнымі і дзелавымі якасцямі і адпавядаць крытэрыям, прадугледжаным у артыкуле 39 Канстытуцыі. У сувязі з гэтым заканадаўцу ў мэтах забеспячэння эфектыўнасці дзяржаўнай службы і выканання службовых абавязкаў дзяржаўнымі служачымі неабходна было б прадугледзець і разумныя тэрміны прадаўжэння знаходжання на дзяржаўнай службе для дзяржаўных служачых, у тым ліку суддзяў, якія дасягнулі 65 гадоў.

Пры ацэнцы канстытуцыйнасці Закона Рэспублікі Беларусь «О внесении изменений и дополнений в некоторые законы Республики Беларусь по вопросам трансплантации органов и тканей человека» Канстытуцыйны Суд у рашэнні ад 9 ліпеня 2012 г. указаў на неабходнасць далейшага заканадаўчага рэгулявання адносін, якія датычацца парадку і ўмоў доступу зацікаўленых фізічных асоб да Адзінага рэгістра трансплантацыі, вызначэння дакладнага механізма інфармавання грамадзян аб дзеючай прэзумпцыі згоды на забор органаў для трансплантацыі ў выпадку адсутнасці адпаведнага адмоўнага волевыяўлення грамадзяніна або яго блізкіх сваякоў ці законных прадстаўнікоў.

Канстытуцыйны Суд падкрэслівае важнасць прытрымлівання ў нарматворчай дзейнасці прынцыпу сістэмнасці і комплекснасці прававога рэгулявання як адной з умоў забеспячэння вяршэнства права. Законы, якія прымаюцца, не павінны змяшчаць прабелаў, калізій прававых норм і прававой нявызначанасці.

3. Фармулюючы прававыя пазіцыі, Канстытуцыйны Суд у шэрагу рашэнняў звяртаў увагу правапрымяняльнікаў на тое, што нормы закона падлягаюць прымяненню з улікам канстытуцыйна-прававога сэнсу, выяўленага і выкладзенага ў рашэннях Канстытуцыйнага Суда.

Так, у рашэнні ад 25 красавіка 2012 г. «О соответствии Конституции Республики Беларусь Закона Республики Беларусь «О внесении изменений и дополнения в Закон Республики Беларусь «О защите прав потребителей» Канстытуцыйны Суд, зыходзячы з выяўленага канстытуцыйна-прававога сэнсу палажэнняў Закона, што грунтуюцца на бязвыплатным характары паслуг, якія аказваюцца спажыўцу грамадскім аб’яднаннем спажыўцоў, і неабходнасці пакрыцця расходаў, панесеных дадзеным аб’яднаннем, указаў, што ў мэтах выключэння неадназначных падыходаў да вызначэння аб’ёму падлягаючых пакрыццю расходаў у выпадку задавальнення патрабаванняў спажыўца павінны кампенсавацца ўсе панесеныя па справе расходы, уключаючы судовыя выдаткі, а таксама іншыя неабходныя расходы, якія ўзніклі да звароту ў суд і звязаны з разглядам справы, у тым ліку на правядзенне экспертызы.

Канстытуцыйны Суд у рашэнні ад 28 чэрвеня 2012 г. звярнуў увагу на нормы правяраемага Закона, якімі ўносіліся змяненні і дапаўненне ў законы Рэспублікі Беларусь «О статусе депутата местного Совета депутатов», «О Комитете государственного контроля Республики Беларусь и его территориальных органах», «О прокуратуре Республики Беларусь», што ўстанаўліваюць правядзенне асабістага прыёму ў дачыненні да прадстаўнікоў юрыдычных асоб. Разам з тым права на зварот юрыдычнай асобы можа быць рэалізавана таксама праз яго органы, паколькі ў сілу артыкулаў 4 і 6 Закона Рэспублікі Беларусь «Об обращениях граждан и юридических лиц» асабісты прыём ажыццяўляецца ў дачыненні да грамадзян, у тым ліку індывідуальных прадпрымальнікаў, іх прадстаўнікоў, органаў і прадстаўнікоў юрыдычных асоб. Пры гэтым у артыкуле 6 указанага Закона пералік асоб, якія прымаюцца на асабістым прыёме, прыводзіцца з выкарыстаннем агульнага тэрміна «прадстаўнік юрыдычнай асобы», пад якім у артыкуле 4 дадзенага Закона разумеюцца органы і прадстаўнікі юрыдычнай асобы.

У сувязі з гэтым Канстытуцыйны Суд адзначыў, што нормы названых законаў, якія ўдакладняюцца Законам Рэспублікі Беларусь «О внесении изменений и дополнения в некоторые законы Республики Беларусь по вопросам рассмотрения обращений граждан и юридических лиц», неабходна разглядаць ва ўзаемасувязі з палажэннямі Закона «Об обращениях граждан и юридических лиц». Канстытуцыйна-прававы сэнс дадзеных норм заключаецца ў тым, што юрыдычныя асобы могуць звярнуцца на асабістым прыёме праз свае органы або сваіх прадстаўнікоў. Іменна такі падыход павінен выкарыстоўвацца правапрымяняльнікамі пры рэалізацыі юрыдычнымі асобамі права на зварот у арганізацыі.

У рашэнні ад 29 чэрвеня 2012 г. «О соответствии Конституции Республики Беларусь Закона Республики Беларусь «Об экономической несостоятельности (банкротстве)» Канстытуцыйны Суд звярнуў увагу на тое, што ў адпаведнасці з правяраемым Законам пасля разгляду гаспадарчым судом справаздачы кіраўніка па выніках ліквідацыйнага вядзення спраў (далей – ліквідацыйнае вядзенне) і прызнання яе абгрунтаванай гаспадарчы суд выносіць вызначэнне аб завяршэнні ліквідацыйнага вядзення, якое з’яўляецца выніковым дакументам працэдуры ліквідацыйнага вядзення. Па меркаванню Канстытуцыйнага Суда, паколькі вынікі завяршэння ліквідацыйнага вядзення закранаюць правы і законныя інтарэсы асоб, якія ўдзельнічаюць у справе аб банкруцтве, таму дадзеныя асобы павінны мець магчымасць праверкі законнасці і абгрунтаванасці такіх вызначэнняў.

Канстытуцыйны Суд указаў у рашэнні, што паколькі справы аб банкруцтве разглядаюцца гаспадарчым судом у парадку, устаноўленым Гаспадарчым працэсуальным кодэксам Рэспублікі Беларусь, то адсутнасць у артыкуле 151 Закона «Об экономической несостоятельности (банкротстве)» палажэння аб магчымасці абскарджання вызначэння аб завяршэнні ліквідацыйнага вядзення не выключае права зацікаўленых асоб на судовую абарону ў парадку і тэрміны, прадугледжаныя дадзеным Кодэксам.

Выяўленне канстытуцыйна-прававога сэнсу норм законаў, якія разглядаюцца ў парадку ажыццяўлення абавязковага папярэдняга кантролю канстытуцыйнасці, забяспечвае іх разуменне з пункту гледжання адпаведнасці Канстытуцыі і накіравана на выключэнне неканстытуцыйнага тлумачэння дадзеных норм у правапрымяняльнай практыцы, папярэджанне тым самым магчымага парушэння правоў і законных інтарэсаў грамадзян і арганізацый.

4. Адным з напрамкаў дзейнасці Канстытуцыйнага Суда з’яўляецца ажыццяўленне абавязковага папярэдняга кантролю канстытуцыйнасці законаў аб ратыфікацыі міжнародных дагавораў Рэспублікай Беларусь шляхам праверкі іх канстытуцыйнасці па зместу норм, форме акта, парадку прыняцця, а таксама з пункту гледжання размежавання кампетэнцыі дзяржаўных органаў пры прыняцці гэтых законаў.

На працягу 2012 года Канстытуцыйным Судом вынесена 60 рашэнняў па выніках праверкі канстытуцыйнасці законаў аб ратыфікацыі міжнародных дагавораў.

Прынятыя Канстытуцыйным Судом у парадку ажыццяўлення абавязковага папярэдняга кантролю канстытуцыйнасці законаў рашэнні і сфармуляваныя ў іх прававыя пазіцыі накіраваны на ўдасканальванне заканадаўчага рэгулявання адпаведных грамадскіх адносін, гарантаванне абароны правоў і свабод грамадзян, іншых канстытуцыйных каштоўнасцей, а таксама на недапушчэнне неканстытуцыйнасці ў правапрымяняльнай дзейнасці.

II

Згодна з часткай чацвёртай артыкула 116 Канстытуцыі, часткай другой артыкула 22 Кодэкса аб судаўладкаванні і статусе суддзяў па прапановах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, Палаты прадстаўнікоў, Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь, Вышэйшага Гаспадарчага Суда Рэспублікі Беларусь, Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь Канстытуцыйны Суд дае заключэнні аб канстытуцыйнасці нарматыўных прававых актаў у парадку ажыццяўлення наступнага канстытуцыйнага кантролю.

У 2012 годзе ўпаўнаважаныя суб’екты з прапановамі аб праверцы канстытуцыйнасці нарматыўных прававых актаў у Канстытуцыйны Суд не звярталіся.

Кодэксам аб судаўладкаванні і статусе суддзяў замацавана права грамадзян і арганізацый на ўскосны доступ да канстытуцыйнага правасуддзя. У адпаведнасці з часткай трэцяй артыкула 22 гэтага Кодэкса дзяржаўныя органы, не ўказаныя ў частцы другой дадзенага артыкула, грамадскія аб’яднанні, іншыя арганізацыі, а таксама грамадзяне звяртаюцца з ініцыятывай аб праверцы канстытуцыйнасці акта да органаў і асоб, якія валодаюць правам унясення ў Канстытуцыйны Суд прапаноў аб праверцы канстытуцыйнасці акта.

У дзяржаўныя органы, упаўнаважаныя непасрэдна звяртацца ў Канстытуцыйны Суд, у 2012 годзе паступіла 73 звароты: 68 – ад грамадзян і 5 – ад арганізацый. Пры гэтым больш за палавіну зваротаў было адрасавана заканадаўчаму органу – Нацыянальнаму сходу.

Ініцыятыву аб звароце ў Канстытуцыйны Суд грамадзяне матывавалі, як правіла, вычарпаннем усіх іншых даступных сродкаў судовай абароны. У большасці ініцыятыўных зваротаў ставіліся пытанні аб неабходнасці праверкі нарматыўных прававых актаў або іх асобных палажэнняў на адпаведнасць Канстытуцыі ў сувязі з наяўнасцю ў іх, па меркаванню заяўнікаў, неабгрунтаваных абмежаванняў канстытуцыйных правоў і свабод.

Упаўнаважаныя суб’екты на падставе такіх ініцыятыўных зваротаў грамадзян і арганізацый з прапановамі аб праверцы канстытуцыйнасці нарматыўных прававых актаў у Канстытуцыйны Суд таксама не звярталіся.

Згодна з часткай другой артыкула 112 Канстытуцыі, калі пры разглядзе канкрэтнай справы суд прыйдзе да вываду аб неадпаведнасці нарматыўнага акта Канстытуцыі, ён прымае рашэнне ў адпаведнасці з Канстытуцыяй і ставіць ва ўстаноўленым парадку пытанне аб прызнанні дадзенага нарматыўнага акта неканстытуцыйным. У 2012 годзе судамі рашэнні на падставе ўказанай нормы Канстытуцыі не прымаліся і пытанне аб неканстытуцыйнасці нарматыўнага акта, які падлягае прымяненню, імі не ставілася.

Выкладзенае сведчыць аб актуальнасці ўдасканальвання канстытуцыйнага кантролю ў частцы ўвядзення ў сувязі з гэтым прэюдыцыяльнага запыту, калі суд, вырашаючы канкрэтную справу, у выпадку ўзнікнення сумненняў у канстытуцыйнасці нарматыўнага прававога акта, які прымяняецца па справе, звяртаецца ў Канстытуцыйны Суд з запытам аб праверцы канстытуцыйнасці такога акта.

Канстытуцыйны Суд таксама адзначае, што для забеспячэння больш поўнай рэалізацыі права грамадзян і арганізацый на ўскосны доступ да канстытуцыйнага правасуддзя патрабуецца адпаведнае прававое рэгуляванне парадку разгляду і прыняцця рашэнняў па ініцыятыўных зваротах грамадзян і арганізацый да ўпаўнаважаных суб’ектаў, што з’явілася б дзейснай мерай рэалізацыі замацаванага ў артыкуле 60 Канстытуцыі права кожнага на судовую абарону, уключаючы права на зварот у Канстытуцыйны Суд.

III

На падставе Канстытуцыі і часткі восьмай артыкула 22 Кодэкса аб судаўладкаванні і статусе суддзяў Канстытуцыйны Суд мае права ўносіць Прэзідэнту Рэспублікі Беларусь, у палаты Нацыянальнага сходу, Савет Міністраў, іншыя дзяржаўныя органы ў адпаведнасці з іх кампетэнцыяй прапановы аб неабходнасці ўнясення ў акты заканадаўства змяненняў і (або) дапаўненняў, прыняцця новых нарматыўных прававых актаў.

У 2012 годзе ў Канстытуцыйны Суд паступіла 772 звароты, у тым ліку 740 зваротаў грамадзян і 32 звароты арганізацый. На аснове аналізу інфармацыі, якая змяшчаецца ў дадзеных зваротах, Канстытуцыйны Суд прыняў шэраг рашэнняў, накіраваных на ўстараненне прававой нявызначанасці, выключэнне прабелаў і калізій, ствараючы тым самым умовы для папярэджання магчымых парушэнняў правоў і свабод грамадзян, забеспячэння іх рэалізацыі і абароны.

1. У рашэнні ад 16 лютага 2012 г. Канстытуцыйны Суд прыйшоў да вываду аб тым, што ўказанне ў артыкуле 92 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь на крытэрый медыцынскага характару, у адпаведнасці з якім асоба можа быць вызвалена ад адбывання пакарання або пакаранне можа быць заменена больш мяккім у выпадку, калі дадзеная асоба захварэла пасля вынясення прыгавору, сведчыць аб наяўнасці прававой недакладнасці, якая выражаецца ў немагчымасці ўстанаўлення ў асобных выпадках часу ўзнікнення захворвання.

Канстытуцыйным Судом адзначана, што прынцып прававой дакладнасці, будучы неад’емным элементам вяршэнства права, выступае як у заканатворчай, так і ў правапрымяняльнай дзейнасці ў якасці неабходнай гарантыі забеспячэння эфектыўнай абароны правоў і свабод грамадзян. Зыходзячы з канстытуцыйнага прынцыпу роўнасці ўсіх перад законам, асобам, якія маюць цяжкае захворванне, што перашкаджае далейшаму адбыванню пакарання, павінен быць гарантаваны разгляд судом пытання аб магчымасці вызвалення іх ад адбывання пакарання або замены пакарання больш мяккім з улікам цяжару ўчыненага злачынства, асобы асуджанага, характару захворвання і іншых акалічнасцей незалежна ад часу ўзнікнення захворвання: да або пасля вынясення прыгавору.

Роўнасць усіх перад законам можа быць забяспечана толькі пры ўмове аднастайнага разумення і прымянення прававых норм на практыцы, што ў сваю чаргу прадугледжвае яснасць і пэўнасць заканадаўчага рэгулявання грамадскіх адносін.

У сувязі з гэтым Канстытуцыйны Суд прызнаў неабходным унясенне ва ўказаны артыкул Крымінальнага кодэкса змяненняў у частцы ўстанаўлення магчымасці вызвалення ад пакарання або замены пакарання больш мяккім асобе, якая мае іншае цяжкае захворванне, што перашкаджае адбыванню пакарання, незалежна ад часу ўзнікнення такога захворвання.

2. З мэтай выключэння прававой недакладнасці ў рэгуляванні адносін, звязаных з абаронай маёмасных інтарэсаў крэдытора, грашовымі сродкамі якога неправамерна карыстаўся даўжнік, у рашэнні Канстытуцыйнага Суда ад 31 кастрычніка 2012 г. адзначана, што рэалізацыя права крэдытора па грашоваму абавязацельству патрабаваць ад даўжніка пакрыцця сумы доўгу, павялічанай з улікам інфляцыі, у частцы, якая перавышае суму працэнтаў, не забяспечана замацаваннем у грамадзянскім заканадаўстве норм, што ўстанаўліваюць, у якіх выпадках магчыма індэксацыя сумы доўгу, павялічанай з улікам інфляцыі, для ўсіх грашовых абавязацельных праваадносін. У выніку ўзнікла прававая недакладнасць для ўдзельнікаў грамадзянскіх праваадносін пры рэалізацыі імі права на пакрыццё сумы доўгу, павялічанай з улікам інфляцыі, у частцы вызначэння памеру падлягаючых пакрыццю грашовых сродкаў з улікам інфляцыі.

У дадзеным рашэнні Канстытуцыйным Судом звернута ўвага на тое, што адсутнасць належнага прававога рэгулявання разглядаемых адносін параджае неадназначнае разуменне закона і адпаведна адсутнасць аднастайнасці ў яго прымяненні, што цягне парушэнне маёмасных інтарэсаў крэдытораў. Гэта супярэчыць канстытуцыйнаму прынцыпу вяршэнства права, з якога вынікае прынцып прававой дакладнасці, што прадугледжвае лагічную адпаведнасць прававых норм у сістэме прававога рэгулявання, іх яснасць, пэўнасць і несупярэчлівасць.

Па меркаванню Канстытуцыйнага Суда, выключэнне наяўнай прававой недакладнасці магчыма шляхам прамога ўказання ў пункце 2 артыкула 366 Грамадзянскага кодэкса на пакрыццё сумы доўгу, павялічанай з улікам інфляцыі, у частцы, якая перавышае суму працэнтаў, належных крэдытору на падставе пункта 1 артыкула 366 дадзенага Кодэкса, у выпадках, прадугледжаных заканадаўствам або дагаворам. У сувязі з гэтым Савету Міністраў прапанавана падрыхтаваць праект закона аб унясенні адпаведных змяненняў і дапаўненняў у Грамадзянскі кодэкс і ўнесці яго ва ўстаноўленым парадку ў Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу.

3. У рашэнні Канстытуцыйнага Суда ад 14 лістапада 2012 г. звернута ўвага на тое, што абарона дзяржаўнага суверэнітэту, тэрытарыяльнай цэласнасці Рэспублікі Беларусь, яе канстытуцыйнага ладу складае сутнасць воінскага абавязку.

Палажэнні артыкула 57 Канстытуцыі замацоўваюць адзінства абавязку і свяшчэннага доўгу грамадзяніна Рэспублікі Беларусь па абароне сваёй краіны, што надае асобую значнасць воінскай службе ў параўнанні з іншымі відамі дзяржаўнай службы і працоўнай дзейнасцю, абумоўлівае неабходнасць устанаўлення гарантый яе выканання як па прызыву, так і пры добраахвотным паступленні на ваенную службу.

Разгледзеўшы ўказаныя нормы ў сістэмнай сувязі з артыкулам 22 Канстытуцыі, згодна з якім усе роўныя перад законам і маюць права без усялякай дыскрымінацыі на роўную абарону правоў і законных інтарэсаў, Канстытуцыйны Суд зрабіў вывад аб тым, што ўскладанне на грамадзян Рэспублікі Беларусь абавязку і свяшчэннага доўгу па абароне Рэспублікі Беларусь азначае неабходнасць прымянення аднолькавых падыходаў да ўсіх грамадзян, якія паступаюць на ваенную службу, адзіную па сваёй прававой прыродзе.

У мэтах забеспячэння канстытуцыйных прынцыпаў вяршэнства права, роўнасці і сацыяльнай справядлівасці пры рэалізацыі грамадзянамі Рэспублікі Беларусь канстытуцыйнага абавязку і свяшчэннага доўгу па абароне Рэспублікі Беларусь Канстытуцыйным Судом прызнана неабходным устараніць канстытуцыйна-прававы прабел у заканадаўчым рэгуляванні, замацаваўшы права выпускнікоў устаноў вышэйшай і іншай адукацыі на вызваленне ад пакрыцця сродкаў, выдаткаваных дзяржавай на іх падрыхтоўку, пры добраахвотным паступленні на ваенную службу па кантракту.

4. На аснове зваротаў грамадзян Канстытуцыйным Судом прынята таксама рашэнне ад 28 лістапада 2012 г. «Аб праве работнікаў на пакрыццё расходаў па праезду пры службовых камандзіроўках».

З улікам канстытуцыйнага прынцыпу вяршэнства права і прымаючы да ўвагі канстытуцыйны абавязак дзяржавы гарантаваць замацаваныя ў законах правы і свабоды грамадзян, а таксама палажэнне часткі першай артыкула 23 Канстытуцыі, якое дапускае магчымасць абмежавання правоў і свабод асобы толькі ў выпадках, прадугледжаных законам, Канстытуцыйны Суд прыйшоў да вываду аб тым, што ўстаноўленае ў Працоўным кодэксе Рэспублікі Беларусь права работніка на кампенсацыю расходаў пры службовых камандзіроўках не можа быць абмежавана нарматыўнымі прававымі актамі Міністэрства фінансаў Рэспублікі Беларусь і Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь. Дадзеныя міністэрствы фактычна выйшлі за межы прадастаўленых ім паўнамоцтваў, паколькі ўстаноўленае імі прававое рэгуляванне парадку і памераў пакрыцця расходаў выключае ў асобных выпадках магчымасць рэалізацыі работнікам права на кампенсацыю расходаў па праезду. Такое вызначэнне парадку і памераў кампенсацыі камандзіровачных расходаў прыводзіць да калізіі адпаведных палажэнняў актаў указаных рэспубліканскіх органаў дзяржаўнага кіравання з нормамі дадзенага Кодэкса.

Канстытуцыйны Суд, грунтуючыся на канстытуцыйным прынцыпе вяршэнства права, прынцыпах законнасці і справядлівасці, палажэннях артыкула 23 Канстытуцыі ў іх узаемасувязі, з улікам артыкула 95 Працоўнага кодэкса ўказаў на неабходнасць выключэння калізіі ў прававым рэгуляванні парадку і памераў пакрыцця работнікам расходаў па праезду пры службовых камандзіроўках.

Прымаючы рашэнні аб неабходнасці ўстаранення ў нарматыўных прававых актах прабелаў, выключэння калізій і прававой недакладнасці, Канстытуцыйны Суд зыходзіў з таго, што правы і свабоды чалавека павінны вызначаць змест і належнае прымяненне нарматыўных прававых актаў. Пры абгрунтаванні вывадаў і прававых пазіцый Канстытуцыйны Суд кіраваўся таксама канстытуцыйнымі палажэннямі, якія абавязваюць дзяржаву ствараць умовы для рэалізацыі і забеспячэння абароны правоў і свабод чалавека.

IV

Канстытуцыйны Суд адзначае, што дзяржаўнымі органамі Рэспублікі Беларусь праводзіцца паслядоўная работа па выкананню рашэнняў Канстытуцыйнага Суда шляхам прыняцця новых нарматыўных прававых актаў, унясення неабходных змяненняў і дапаўненняў у акты заканадаўства.

На працягу 2012 года выканана 13 рашэнняў Канстытуцыйнага Суда, у тым ліку шляхам рэалізацыі ў заканадаўчых актах прававых пазіцый, выкладзеных у рашэннях.

1. Прававыя пазіцыі Канстытуцыйнага Суда, выражаныя ў шэрагу рашэнняў, улічаны заканадаўцам у нормах Жыллёвага кодэкса Рэспублікі Беларусь ад 28 жніўня 2012 года.

Так, у Заключэнні ад 27 чэрвеня 1996 г. «Аб адпаведнасці Канстытуцыі і законам Рэспублікі Беларусь Пастановы Вярхоўнага Савета ад 11 чэрвеня 1993 года «Аб парадку куплі-продажу кватэр (дамоў) у Рэспубліцы Беларусь» і Часовага палажэння аб парадку куплі-продажу кватэр (дамоў), зацверджанага пастановай Савета Міністраў ад 31 жніўня 1993 года № 589» і рашэнні ад 25 сакавіка 1997 г. аб тлумачэнні дадзенага Заключэння Канстытуцыйны Суд указаў, што, не маючы магчымасці свабодна прадаць сваю кватэру (дом) або купіць кватэру (дом) у іншым населеным пункце, грамадзянін пазбаўляецца магчымасці свабодна перамяшчацца і выбіраць месца жыхарства ў межах рэспублікі, пакідаць яе і бесперашкодна вяртацца назад. Канстытуцыйны Суд выказаў меркаванне аб тым, што грамадзяне Рэспублікі Беларусь, у тым ліку і пастаянна пражываючыя за яе межамі, маюць права набываць кватэры (дамы) па дагавору куплі-продажу ў любых населеных пунктах Рэспублікі Беларусь незалежна ад пастаяннага месца жыхарства; права набыцця ў парадку куплі-продажу кватэр (дамоў) у Беларусі маюць таксама замежныя грамадзяне і асобы без грамадзянства, якія пастаянна пражываюць на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь і маюць законную крыніцу існавання. Дадзеныя рашэнні рэалізаваны ў артыкуле 73 Жыллёвага кодэкса, які рэгулюе права грамадзян і арганізацый на набыццё жылых памяшканняў.

Канстытуцыйным Судом у рашэнні ад 6 красавіка 2007 г. «О правовом регулировании систематической сдачи физическими лицами жилых помещений для краткосрочного проживания» звернута ўвага на адсутнасць належнага прававога рэгулявання адносін, звязаных з сістэматычнай здачай грамадзянамі жылых памяшканняў унаём на кароткатэрміновы перыяд. У прынятым Жыллёвым кодэксе вызначаны тэрмін «прадастаўленне месцаў для кароткатэрміновага пражывання»; устаноўлена, што такая дзейнасць грамадзян з’яўляецца прадпрымальніцкай дзейнасцю; прадугледжана, што грамадзяне пры ажыццяўленні гэтай дзейнасці абавязаны забяспечваць выкананне наймальнікамі (паднаймальнікамі) жылых памяшканняў устаноўленых для пражывання санітарных і тэхнічных патрабаванняў, правіл пажарнай бяспекі, прыродаахоўных патрабаванняў і правіл карыстання жылымі памяшканнямі, утрымання жылых і дапаможных памяшканняў; урэгуляваны пытанні, звязаныя з заключэннем адпаведнага дагавора найму (паднайму) жылога памяшкання.

2. У рашэннях Канстытуцыйнага Суда ад 19 лістапада 2001 г. і ад 31 сакавіка 2003 г. было прызнана неабходным урэгуляваць пытанні чарговасці пагашэння расходаў, узнікаючых у працэсе ліквідацыі даўжніка і непасрэдна звязаных з ім, уключаючы сумы заработнай платы работнікаў, працоўныя дагаворы (кантракты) з якімі заключаны пасля адкрыцця ліквідацыйнага вядзення, а таксама звярталася ўвага на абгрунтаванасць павышэння патрабаванняў да кваліфікацыі асоб, якія назначаюцца ў якасці кіраўнікоў у вядзенні справы аб банкруцтве, і ўдасканальвання механізма кантролю за іх дзейнасцю. Дадзеныя рашэнні Канстытуцыйнага Суда рэалізаваны ў артыкулах 62, 83 і 141 Закона Рэспублікі Беларусь ад 13 ліпеня 2012 года «Об экономической несостоятельности (банкротстве)».

3. У рашэнні ад 6 лістапада 2008 г. «Аб тэрміне дзеяння даверанасці на атрыманне грашовых сродкаў з укладу (дэпазіту) фізічнай асобы, адкрытага ў банку, на які пералічваецца пенсія (дапамога)» Канстытуцыйным Судом было ўказана, што рэгуляванне адносін, якія датычацца тэрміну дзеяння даверанасці на атрыманне пенсій, залічаных ва ўклад (дэпазіт) фізічнай асобы ў банку, ажыццяўляецца нормамі грамадзянскага, а не пенсійнага заканадаўства, у сувязі з чым устанаўленне ў пенсійным заканадаўстве і падзаконных актах гранічнага тэрміну дзеяння такой даверанасці павінна быць ўзгоднена з патрабаваннямі грамадзянскага і банкаўскага заканадаўства. Дадзенае рашэнне рэалізавана ў Законе Рэспублікі Беларусь ад 26 кастрычніка 2012 года «О внесении дополнений и изменений в Закон Республики Беларусь «О пенсионном обеспечении» шляхам замацавання ў частцы першай артыкула 87 Закона «О пенсионном обеспечении» нормы, якая прадугледжвае, што тэрмін дзеяння даверанасці на атрыманне грашовых сродкаў з рахунку грамадзяніна ў банку, на які пераводзіцца яго пенсія, вызначаецца ў адпаведнасці з артыкулам 187 Грамадзянскага кодэкса.

4. Прававая пазіцыя Канстытуцыйнага Суда, якая выражана ў рашэнні ад 11 кастрычніка 2011 г. «Аб дзеянні законаў аб амністыі ў часе» і заключаецца ў тым, што ў законах аб амністыі заканадавец устанаўлівае тэрмін іх выканання, але пры гэтым рэгламентуе выпадкі, калі прымяненне амністыі дапускаецца і пасля заканчэння такога тэрміну, у тым ліку ў выпадку, калі асоба згодна з законам аб амністыі на момант уступлення яго ў сілу аб’ектыўна набыла права на амністыю, улічана ў Законе Рэспублікі Беларусь ад 9 ліпеня 2012 года «Об амнистии некоторых категорий лиц, совершивших преступления». Адначасова з артыкулам 20 дадзенага Закона, згодна з якім ён падлягае выкананню на працягу шасці месяцаў з дня ўступлення ў сілу, у частцы трэцяй артыкула 18 гэтага Закона замацоўваецца палажэнне аб тым, што калі падстаў для адмовы ў прымяненні амністыі на дзень уступлення ў сілу ўказанага Закона не мелася, то адсутнасць рашэння аб прымяненні амністыі не можа разглядацца як акалічнасць, якая перашкаджае прымяненню амністыі ў далейшым. Пры гэтым амністыя да асобы можа быць прыменена і пасля заканчэння тэрміну, устаноўленага ў артыкуле 20 названага Закона.

5. За перыяд рэалізацыі паўнамоцтваў па ажыццяўленню абавязковага папярэдняга кантролю канстытуцыйнасці законаў Канстытуцыйным Судом у рашэннях сфармулявана больш за 70 прававых пазіцый, з іх у 2012 годзе – 20, у якіх указвалася на выяўленыя ў правяраемых законах прававыя прабелы, а таксама абгрунтоўвалася неабходнасць рэалізацыі прававых пазіцый Канстытуцыйнага Суда ў актах заканадаўства і правапрымяняльнай практыцы. Пры гэтым Канстытуцыйны Суд не падмяняў заканадаўца, правамоцнага ажыццяўляць афіцыйнае тлумачэнне прынятага ім закона, удакладняць той або іншы заканадаўчы падыход.

Канстытуцыйны Суд адзначае, што ў апошні час заканадавец улічвае прававыя пазіцыі Канстытуцыйнага Суда, выкладзеныя ім па выніках ажыццяўлення ўказанага кантролю канстытуцыйнасці законаў.

Так, правяраючы канстытуцыйнасць Закона Рэспублікі Беларусь «О внесении изменений и дополнений в Налоговый кодекс Республики Беларусь», Канстытуцыйны Суд у рашэнні ад 26 снежня 2011 г. звярнуў увагу заканадаўца на нормы, звязаныя з рэгламентацыяй парадку звароту падатковых органаў і іх службовых асоб да натарыуса за ўчыненнем выканаўчага надпісу аб спагнанні падатку, збору (пошліны), пені за кошт маёмасці плацельшчыка (іншай абавязанай асобы). Пры гэтым адзначана наяўнасць у дадзеных палажэннях прававой недакладнасці, паколькі ў адпаведнасці з дапаўненнем, якое ўносіцца ў артыкул 59 Падатковага кодэкса Рэспублікі Беларусь, такі парадак звароту рэгламентуецца на ўзроўні заканадаўчага акта, у той час як дапаўненнем у артыкул 81 гэтага Кодэкса прадугледжваецца ўстанаўленне аналагічнага парадку заканадаўствам. Канстытуцыйны Суд выклаў меркаванне аб тым, што парадак звароту падатковых органаў і іх службовых асоб да натарыуса за ўчыненнем указанага надпісу павінен устанаўлівацца на заканадаўчым узроўні.

Прыведзеная прававая пазіцыя рэалізавана ў Законе Рэспублікі Беларусь ад 26 кастрычніка 2012 года «О внесении изменений и дополнений в Налоговый кодекс Республики Беларусь» шляхам замацавання нормы, згодна з якой указаны парадак устанаўліваецца заканадаўчымі актамі.

Аднак у некаторых выпадках пры прыняцці законаў заканадаўцам не былі ўлічаны прававыя пазіцыі Канстытуцыйнага Суда, выкладзеныя ў раней прынятых рашэннях. Напрыклад, у рашэнні Канстытуцыйнага Суда ад 27 снежня 2008 г. «О соответствии Конституции Республики Беларусь Закона Республики Беларусь «О внесении изменений и дополнений в некоторые законы Республики Беларусь по вопросам государственного и мобилизационного материальных резервов» выказана прававая пазіцыя аб тым, што палажэнні аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у праграмныя законы павінны прымацца ў выглядзе асобных законаў з выкананнем канстытуцыйнага патрабавання аб кваліфікаванай большасці галасоў пры іх прыняцці. Аднак змяненне ў Ваенную дактрыну Рэспублікі Беларусь, зацверджаную Законам ад 3 студзеня 2002 года, які з’яўляецца праграмным законам, унесена не асобным законам, а Законам ад 26 кастрычніка 2012 года «О внесении изменений и дополнений в некоторые законы Республики Беларусь по вопросам борьбы с терроризмом и противодействия экстремизму».

6. Рэалізуючы паўнамоцтва выкладаць сваю пазіцыю аб дакументах, якія прымаюцца (выдаюцца) замежнымі дзяржавамі, міжнароднымі арганізацыямі або іх органамі і закранаюць інтарэсы Рэспублікі Беларусь, у частцы адпаведнасці гэтых дакументаў агульнапрызнаным прынцыпам і нормам міжнароднага права, Канстытуцыйны Суд у рашэнні ад 7 красавіка 2011 г. «Аб пазіцыі Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь па Закону Рэспублікі Польшча «Аб Карце паляка» звярнуў увагу Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу на магчымасць з мэтай абароны інтарэсаў Рэспублікі Беларусь уліку выкладзенай у гэтым рашэнні пазіцыі Канстытуцыйнага Суда пры ўдасканальванні норм асобных законаў.

Дадзеная пазіцыя Канстытуцыйнага Суда рэалізавана заканадаўцам у Законе Рэспублікі Беларусь ад 2 мая 2012 года «О внесении дополнений и изменений в Закон Республики Беларусь «О статусе депутата Палаты представителей, члена Совета Республики Национального собрания Республики Беларусь», згодна з якім дэпутат Палаты прадстаўнікоў, член Савета Рэспублікі не мае права атрымліваць ад замежных дзяржаў дакументы, што прадастаўляюць правы на льготы і перавагі ў сувязі з палітычнымі, рэлігійнымі поглядамі або нацыянальнай прыналежнасцю, а таксама карыстацца такімі льготамі і перавагамі, калі іншае не вынікае з міжнародных дагавораў Рэспублікі Беларусь.

У цэлым станоўча ацэньваючы выкананне рашэнняў, Канстытуцыйны Суд звяртае ўвагу на недапушчальнасць зацягвання працэсу падрыхтоўкі праектаў нарматыўных прававых актаў, якія ўлічваюць пазіцыі Канстытуцыйнага Суда, і іх прыняцця, паколькі гэта можа прывесці да неналежнага ўрэгулявання адпаведных грамадскіх адносін на працягу значнага часу. Разам з тым дзяржаўныя органы і службовыя асобы павінны зыходзіць з неабходнасці падтрымання даверу грамадзян да правасуддзя і дзейнасці органаў дзяржаўнай улады і ствараць усе ўмовы для своечасовага забеспячэння і абароны правоў і свабод грамадзян і іншых канстытуцыйных каштоўнасцей.

V

1. Канстытуцыйны Суд канстатуе, што ў 2012 годзе на заканадаўчым узроўні выпрацоўваліся і ўдасканальваліся прававыя механізмы, якія забяспечваюць больш поўную рэалізацыю канстытуцыйных правоў і свабод грамадзян ва ўсіх сферах жыцця грамадства і дзяржавы.

Пры ажыццяўленні абавязковага папярэдняга кантролю ўсе законы, прынятыя Палатай прадстаўнікоў і адобраныя Саветам Рэспублікі, прызнаны Канстытуцыйным Судом адпаведнымі Канстытуцыі.

Зыходзячы з разумення канстытуцыйнай законнасці як рэжыму няўхільнага выканання Канстытуцыі ўсімі суб’ектамі канстытуцыйных прававых адносін, Канстытуцыйны Суд устанавіў, што ў 2012 годзе ў заканатворчым працэсе не было дапушчана істотных парушэнняў канстытуцыйных прынцыпаў і норм.

2. Канстытуцыйны Суд адзначае, што канстытуцыйныя каштоўнасці і мэты становяцца прававымі стандартамі і галоўнымі арыенцірамі ў заканадаўчай дзейнасці. Пры гэтым неабходны падтрыманне іх балансу і недапушчэнне прымяншэння з улікам як агульначалавечых каштоўнасцей і еўрапейскіх дэмакратычных стандартаў, так і нацыянальных асаблівасцей пабудовы дэмакратычнай сацыяльнай прававой дзяржавы.

3. Важнымі гарантыямі забеспячэння правоў, свабод і законных інтарэсаў грамадзян і юрыдычных асоб з’яўляюцца разумная стабільнасць і прадказальнасць прававога рэгулявання. Канстытуцыйны Суд звяртае ўвагу на тое, што ў заканадаўчай палітыцы павінен забяспечвацца прынцып прадказальнасці як найважнейшая ўмова ўпэўненасці ўдзельнікаў грамадскіх адносін у стабільнасці свайго прававога статусу, фарміравання даверу да заканадаўчых актаў і іх безумоўнага выканання.

4. Канстытуцыйны Суд лічыць, што ў мэтах павышэння эфектыўнасці нарматворчай і правапрымяняльнай дзейнасці, забеспячэння належнай якасці нарматыўных прававых актаў і іх рэалізацыі неабходна ўкараненне прававога маніторынгу як сістэмнай дзейнасці дзяржаўных і іншых арганізацый па ацэнцы дзейснасці нацыянальнага заканадаўства. Прававы маніторынг павінен выкарыстоўвацца для аналізу выніковасці ўздзеяння права на грамадскія адносіны, вызначэння прыярытэтаў і дасягнення мэт у грамадскім і сацыяльна-эканамічным развіцці, дзяржаўным будаўніцтве.

5. Найважнейшымі састаўляючымі асноў канстытуцыйнага ладу і ў той жа час фундаментальнымі канстытуцыйнымі каштоўнасцямі з’яўляюцца правы і свабоды чалавека, справядлівасць і роўнасць. Гарантыі іх рэалізацыі і забеспячэння прадстаўляюць сабой найважнейшую канстытуцыйную мэту, а таксама абавязак дзяржавы. У сувязі з гэтым дзяржаўныя органы і службовыя асобы павінны прымаць усе неабходныя меры па стварэнню належных умоў для іх развіцця на сучасным этапе.

Правы і свабоды чалавека, будучы галоўным арыенцірам у жыццядзейнасці грамадства, выступаюць у якасці яго асновы, што абумоўлівае неабходнасць павышэння ўзроўню правасвядомасці, фарміравання канстытуцыйнай культуры, канстытуцыялізацыі грамадскіх адносін.

Зыходзячы з гэтага, Канстытуцыйны Суд мяркуе, што ва ўмацаванне канстытуцыйнай законнасці павінны ўносіць свой уклад не толькі дзяржаўныя органы і службовыя асобы, адказныя за стварэнне канстытуцыйнага правапарадку, але і грамадзяне, арганізацыі, а таксама інстытуты грамадзянскага грамадства, што забяспечыць вяршэнства права ва ўсіх сферах жыцця грамадства і дзяржавы, паслядоўнае развіццё Рэспублікі Беларусь як дэмакратычнай сацыяльнай прававой дзяржавы.

Гэта Пасланне прынята на пасяджэнні Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь 22 студзеня 2013 г.

Старшынствуючы –
Старшыня Канстытуцыйнага
Суда Рэспублікі Беларусь
П.П.Міклашэвіч

Версiя для друку