EngРусБел
Пасланнi Канстытуцыйнага Суда
 

Прэзідэнту  
Рэспублiкi Беларусь  

Палаце прадстаўнікоў  
Нацыянальнага сходу  
Рэспублікі Беларусь

  Савету Рэспублікі
Нацыянальнага сходу 
Рэспублiкi Беларусь

 

ПАСЛАННЕ
КАНСТЫТУЦЫЙНАГА СУДА РЭСПУБЛIКI БЕЛАРУСЬ

  АБ СТАНЕ КАНСТЫТУЦЫЙНАЙ ЗАКОННАСЦІ
Ў РЭСПУБЛIЦЫ БЕЛАРУСЬ У 2011 ГОДЗЕ

Рэспубліка Беларусь згодна з Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь (далей – Канстытуцыя) абвешчана дэмакратычнай сацыяльнай прававой дзяржавай, якая валодае вяршэнствам і паўнатой улады на сваёй тэрыторыі, самастойна ажыццяўляе ўнутраную і знешнюю палітыку, абараняе сваю незалежнасць і тэрытарыяльную цэласнасць, канстытуцыйны лад, забяспечвае законнасць і правапарадак.

Фарміраванне дэмакратычнай сацыяльнай дзяржавы немагчыма без права, якое не толькі замацоўвае дасягнуты ўзровень грамадскіх адносін, але і выступае ў якасці вектара іх цывілізаванага развіцця.

Дэмакратыя і вяршэнства права – дзве ўзаемаабумоўленыя і ўзаемазвязаныя канстытуцыйныя каштоўнасці.

Дэмакратыя як народаўладдзе, з’яўляючыся састаўной часткай асноў канстытуцыйнага ладу Рэспублікі Беларусь, знаходзіць выражэнне перш за ўсё ў выбарчай сістэме, арганізацыі ўлады ў дзяржаве, а таксама ў разнастайнасці палітычных інстытутаў, ідэалогій і меркаванняў. Згодна з Асноўным Законам адзінай крыніцай дзяржаўнай улады і носьбітам суверэнітэту ў Рэспубліцы Беларусь з’яўляецца народ, які ажыццяўляе сваю ўладу непасрэдна, праз прадстаўнічыя і іншыя органы ў формах і межах, вызначаных Канстытуцыяй. З дэмакратыяй, заснаванай на Канстытуцыі, звязана рэалізацыя такіх каштоўнасцей, як законнасць, роўнасць, справядлівасць, правы і свабоды чалавека.

Далейшае ўдасканальванне канстытуцыйнай дэмакратыі прадугледжвае напаўненне яе новымі формамі і зместам, якія адпавядаюць патрэбнасцям развіцця беларускага грамадства і дзяржавы на сучасным этапе.

Прадугледжаны ў Канстытуцыі прынцып вяршэнства права азначае безумоўны прыярытэт права адносна дзяржавы, яе органаў і службовых асоб, абавязаных дзейнічаць у межах Канстытуцыі і прынятых у адпаведнасці з ёй актаў заканадаўства. Прававая дзяржава не можа адбыцца без вяршэнства права ў палітычным, сацыяльным і эканамічным жыцці.

У дэмакратычнай дзяржаве, заснаванай на вяршэнстве права і раздзяленні ўлад, важная роля належыць судовай уладзе, закліканай з дапамогай ажыццяўлення правасуддзя абараняць канстытуцыйныя каштоўнасці, перш за ўсё гарантаваныя Канстытуцыяй правы і свабоды кожнага чалавека і грамадзяніна. Роля канстытуцыйнага правасуддзя ў забеспячэнні абароны гэтых каштоўнасцей абумоўлена агульным функцыянальным прызначэннем Канстытуцыйнага Суда – ажыццяўленнем кантролю за канстытуцыйнасцю нарматыўных прававых актаў у дзяржаве згодна з артыкулам 116 Канстытуцыі.

Дзейнасць Канстытуцыйнага Суда ў 2011 годзе была накіравана на забеспячэнне вяршэнства Канстытуцыі і яе непасрэднага дзеяння, абарону канстытуцыйнага ладу і правапарадку, падтрыманне балансу інтарэсаў асобы, грамадства, дзяржавы, фарміраванне дэмакратычнай сацыяльнай прававой дзяржавы, у якой чалавек, яго правы, свабоды і гарантыі іх рэалізацыі з’яўляюцца найвышэйшай каштоўнасцю і мэтай.

Грунтуючыся на канстытуцыйных каштоўнасцях, Канстытуцыйны Суд прымаў рашэнні, накіраваныя на аказанне станоўчага ўплыву на заканатворчую і правапрымяняльную практыку, зацвярджэнне канстытуцыйнай законнасці, развіццё канстытуцыйнай дэмакратыі, забеспячэнне вяршэнства права, абарону правоў і свабод асобы, правоў і інтарэсаў арганізацый.

I

Рэалізуючы паўнамоцтвы, прадугледжаныя Дэкрэтам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 26 чэрвеня 2008 г. № 14 «О некоторых мерах по совершенствованию деятельности Конституционного Суда Республики Беларусь», Канстытуцыйны Суд у 2011 годзе ў парадку ажыццяўлення абавязковага папярэдняга кантролю канстытуцыйнасці законаў разгледзеў 109 законаў.

Пры ацэнцы канстытуцыйнасці норм законаў у парадку абавязковага папярэдняга кантролю Канстытуцыйны Суд зыходзіць з прынцыпаў і норм Канстытуцыі, выяўленага канстытуцыйна-прававога сэнсу норм, якія правяраюцца, у тым ліку асноўваючыся на агульнапрызнаных прынцыпах і нормах міжнароднага права, што знаходзіць выражэнне ў яго прававых пазіцыях.

Прававыя пазіцыі Канстытуцыйнага Суда выступаюць своеасаблівым арыенцірам для нарматворчых органаў пры прыняцці новых прававых норм, дазваляюць устараняць супярэчнасці, якія ўзнікаюць у заканадаўстве і правапрымяняльнай практыцы, садзейнічаюць фарміраванню цэласнай канстытуцыйна-прававой прасторы і забеспячэнню канстытуцыйнай законнасці.

1. Зыходзячы з канстытуцыйных палажэнняў, згодна з якімі ў Рэспубліцы Беларусь устанаўліваецца прынцып вяршэнства права, а дзяржава, усе яе органы і службовыя асобы дзейнічаюць у межах Канстытуцыі і прынятых у адпаведнасці з ёй актаў заканадаўства, Канстытуцыйны Суд праз усведамленне канстытуцыйна-прававога сэнсу норм законаў фармуляваў прававыя пазіцыі, накіраваныя на неабходнасць выключэння калізій і прававой недакладнасці ў іх выкладанні, з мэтай абароны правоў, свабод і законных інтарэсаў грамадзян, правоў і інтарэсаў арганізацый, недапушчэння неканстытуцыйнай правапрымяняльнай практыкі.

Так, правяраючы канстытуцыйнасць Закона Рэспублікі Беларусь «О внесении изменений и дополнений в Налоговый кодекс Республики Беларусь», Канстытуцыйны Суд у рашэнні ад 26 снежня 2011 г. звярнуў увагу на рэгламентацыю парадку звароту падатковых органаў і іх службовых асоб да натарыуса за ўчыненнем выканаўчага надпісу аб спагнанні падатку, збору (пошліны), пені за кошт маёмасці плацельшчыка (іншай абавязанай асобы). Па меркаванню Канстытуцыйнага Суда, у гэтых палажэннях бачыцца прававая недакладнасць: у дапаўненнях, якія ўносяцца ў артыкул 59 Падатковага кодэкса Рэспублікі Беларусь, размова ідзе аб устанаўленні такога парадку звароту на ўзроўні заканадаўчага акта, у той час як дапаўненнем у артыкул 81 дадзенага Кодэкса прадугледжваецца ўстанаўленне такога парадку заканадаўствам. Зыходзячы з таго, што ўчыненнем выканаўчага надпісу аб спагнанні падатку, збору (пошліны), пені за кошт маёмасці плацельшчыка (іншай абавязанай асобы) у пэўнай меры закранаецца права ўласнасці, Канстытуцыйны Суд лічыць, што парадак звароту падатковых органаў і іх службовых асоб да натарыуса за ўчыненнем такога надпісу павінен устанаўлівацца заканадаўчымі актамі. Пры гэтым Канстытуцыйны Суд ва ўказаным рашэнні пацвердзіў прававую пазіцыю, выказаную ў рашэннях ад 23 снежня 2009 г. і ад 11 кастрычніка 2010 г. Гэта пазіцыя заключаецца ў тым, што калі падатковыя органы і іх службовыя асобы пры ажыццяўленні прадастаўленых ім паўнамоцтваў дапусцілі парушэнне правоў і законных інтарэсаў грамадзян, то грамадзяне маюць права рэалізаваць сваё канстытуцыйнае права на зварот у дзяржаўныя органы, на судовую абарону шляхам падачы адпаведнай скаргі ў парадку, прадугледжаным артыкуламі 85–87 Падатковага кодэкса. Права на абскарджанне рашэнняў падатковых органаў, дзеянняў (бяздзеяння) іх службовых асоб з’яўляецца адным з асноўных правоў плацельшчыкаў і найважнейшай умовай абароны грамадзянамі і арганізацыямі сваіх правоў і законных інтарэсаў.

Правяраючы канстытуцыйнасць Закона Рэспублікі Беларусь «О внесении дополнений и изменений в некоторые законы Республики Беларусь по вопросам осуществления административных процедур», у рашэнні ад 10 мая 2011 г., раскрываючы канстытуцыйна-прававы сэнс палажэнняў артыкула 34 Закона Рэспублікі Беларусь «О патентах на сорта растений», Канстытуцыйны Суд адзначыў, што ўстанаўленне адказнасці за парушэнне правоў аўтараў сартоў (селекцыянераў), якое выразілася ў прысваенні аўтарства, прымушэнні да сааўтарства, выдаванні зместу заяўкі без згоды аўтара сорту (селекцыянера), абгрунтавана і суразмерна абараняемым правам аўтара сорту (селекцыянера). У той жа час у рашэнні ўказана на невыкананне заканадаўцам у поўнай меры прынцыпу прававой дакладнасці пры ўстанаўленні ў дадзеным Законе адказнасці за парушэнне правоў аўтараў сартоў (селекцыянераў) з улікам адсутнасці ў гэтым Законе дакладнага ўказання аб наступленні адказнасці ў адпаведнасці з заканадаўчымі актамі. Канстытуцыйны Суд прыйшоў да вываду аб тым, што пад заканадаўствам у норме Закона, якая разглядаецца, неабходна мець на ўвазе заканадаўчыя акты і дадзеная норма павінна прымяняцца з улікам выяўленага канстытуцыйна-прававога сэнсу, паколькі недапушчальна абмежаванне правоў і свабод асобы актамі падзаконнага ўзроўню.

Да аналагічнага вываду Канстытуцыйны Суд прыйшоў у рашэнні ад 16 лістапада 2011 г., прынятым па выніках праверкі канстытуцыйнасці палажэнняў часткі першай артыкула 29 Закона Рэспублікі Беларусь «Об архивном деле и делопроизводстве в Республике Беларусь», якія прадугледжваюць такую падставу абмежавання доступу да архіўных дакументаў, як «іншае парушэнне заканадаўства». З улікам таго, што законы павінны выконвацца не толькі грамадзянамі, але і органамі дзяржаўнай улады, а таксама ўсімі іншымі суб’ектамі, у чыю кампетэнцыю ўваходзіць ажыццяўленне ўскладзеных на іх паўнамоцтваў, Канстытуцыйны Суд лічыць, што правамернасць абмежаванняў доступу да архіўных дакументаў павінна суадносіцца з агульнадаступнасцю дакументаў, якія маюць гістарычна-культурную каштоўнасць, пры захаванні балансу грамадскіх і асабістых інтарэсаў і такія абмежаванні павінны ўстанаўлівацца на ўзроўні заканадаўчага акта.

На неабходнасць прытрымлівання ў нарматворчай дзейнасці канстытуцыйнага прынцыпу вяршэнства права і прынцыпу законнасці, які з яго вынікае, накіравана прававая пазіцыя Канстытуцыйнага Суда, выкладзеная ў рашэнні ад 29 снежня 2011 г. пры праверцы канстытуцыйнасці Закона Рэспублікі Беларусь «О внесении изменений и дополнений в некоторые законы Республики Беларусь по вопросам административно-территориального устройства Республики Беларусь». Ацэньваючы палажэнні артыкула 7 Закона Рэспублікі Беларусь «Об административно-территориальном устройстве Республики Беларусь», Канстытуцыйны Суд адзначыў, што падставы, умовы, парадак устанаўлення асобага рэжыму дзяржаўнага кіравання і аб’яўлення адміністрацыйна-тэрытарыяльных і тэрытарыяльных адзінак закрытымі, а таксама паўнамоцтвы адпаведных дзяржаўных органаў у гэтай сферы павінны вызначацца ў заканадаўчых актах. Пры гэтым формы, метады і іншыя працэдурныя пытанні, звязаныя з ажыццяўленнем дзяржаўнымі органамі сваіх паўнамоцтваў па кіраванню дадзенымі тэрыторыямі, могуць рэгулявацца іншымі актамі заканадаўства.

З сэнсу прававых пазіцый, выкладзеных Канстытуцыйным Судом у вышэйназваных і іншых рашэннях, вынікае, што заканадаўца павінен ажыццяўляць такое прававое рэгуляванне адпаведных грамадскіх адносін, пры якім прававыя нормы былі б выкладзены выразна і пэўна, у адпаведнасці з канстытуцыйнымі палажэннямі. Няяснасць і недакладнасць норм некаторых прававых актаў, на што Канстытуцыйны Суд неаднаразова звяртаў увагу ў сваіх рашэннях, параджаюць неадназначнае разуменне і прымяненне гэтых норм і, значыць, могуць прывесці да парушэнняў правоў і законных інтарэсаў грамадзян.

1.1. У шэрагу рашэнняў Канстытуцыйным Судом сфармуляваны прававыя пазіцыі, адрасаваныя непасрэдна заканадаўцу, змест якіх абумоўлены неабходнасцю ўдасканальвання заканадаўчага рэгулявання адпаведных грамадскіх адносін, зыходзячы з норм і прынцыпаў, замацаваных у Канстытуцыі, а таксама неабходнасці ўстаранення ў законах, якія разглядаюцца, выяўленых прабелаў, выключэння калізій і прававой недакладнасці.

Так, ацэньваючы канстытуцыйнасць Закона Рэспублікі Беларусь «О внесении изменений и дополнений в некоторые законы Республики Беларусь по вопросам правового положения иностранных граждан и лиц без гражданства в Республике Беларусь», Канстытуцыйны Суд у рашэнні ад 24 чэрвеня 2011 г. звярнуў увагу заканадаўца на тое, што прававая недакладнасць, якая выражаецца ў неадназначнасці разумення тэрміна «грамадзяне», можа выклікаць супярэчлівую правапрымяняльную практыку, звязаную з адвольным распаўсюджваннем або нераспаўсюджваннем палажэнняў артыкула 7 Закона Рэспублікі Беларусь «Об основах государственного социального страхования» на замежных грамадзян і асоб без грамадзянства.

У рашэнні Канстытуцыйнага Суда ад 26 мая 2011 г. «О соответствии Конституции Республики Беларусь Закона Республики Беларусь «О внесении изменений в некоторые законы Республики Беларусь» указана, што пры ўдакладненні кампетэнцыі мясцовых сходаў заканадаўцам дапушчана некаторая няўзгодненасць Закона Рэспублікі Беларусь «О республиканских и местных собраниях» з Законам Рэспублікі Беларусь «О местном управлении и самоуправлении в Республике Беларусь», якая можа пацягнуць прававую недакладнасць у правапрымяненні. У артыкуле 36 Закона «О местном управлении и самоуправлении в Республике Беларусь» устаноўлена магчымасць прыняцця не толькі органамі тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання, але і мясцовымі сходамі рашэнняў аб правядзенні збору сродкаў на фінансаванне і (або) пакрыццё расходаў адпаведнага мясцовага бюджэту на мэты, вызначаныя мясцовым сходам (сродкі самаабкладання), што не ўваходзіць у кампетэнцыю мясцовых сходаў, прадугледжаную артыкулам 14 Закона «О республиканских и местных собраниях».

Ажыццяўляючы праверку канстытуцыйнасці Закона Рэспублікі Беларусь «О внесении изменений и дополнений в Закон Республики Беларусь «О профессиональных союзах», Канстытуцыйны Суд у рашэнні ад 10 мая 2011 г. адзначыў, што правяраемым Законам замацоўваецца гарантыя, якая не дапускае без папярэдняй згоды прафсаюзнага органа прыцягненне да дысцыплінарнай адказнасці прадстаўнікоў прафсаюзаў, упаўнаважаных у парадку, устаноўленым заканадаўствам, на ажыццяўленне грамадскага кантролю, і работнікаў, упаўнаважаных прафсаюзам на ўдзел у камісіях па калектыўных перагаворах, разгляду працоўных спрэчак, прымірыцельных камісіях.

У той жа час Канстытуцыйны Суд указаў, што парадак і ўмовы прымянення да вышэйназваных асоб дысцыплінарных спагнанняў, у тым ліку скасавання працоўнага дагавора, рэгулююцца Працоўным кодэксам Рэспублікі Беларусь, але ў ім не прадугледжана такая ўмова прыцягнення да дысцыплінарнай адказнасці, як папярэдняе ўзгадненне з прафсаюзным органам. Уключэнне дадзенай нормы ў спецыяльны закон, які рэгулюе дзейнасць прафесійных саюзаў, параджае прававую недакладнасць у пытаннях прымянення дысцыплінарных спагнанняў, якая можа быць пераадолена шляхам замацавання адпаведных палажэнняў у Працоўным кодэксе.

Пры праверцы на прадмет канстытуцыйнасці норм Закона Рэспублікі Беларусь «О противодействии торговле людьми», якія прадугледжваюць, што на падставе рашэння Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь маёмасць, якая належыць арганізацыі (у тым ліку міжнароднай або замежнай), якая мае дачыненне да гандлю людзьмі, падлягае канфіскацыі, Канстытуцыйны Суд у рашэнні ад 29 снежня 2011 г. адзначыў, што дадзеныя нормы Закона адпавядаюць палажэнням Канстытуцыі (артыкулы 44, 59). Адначасова ўвага заканадаўца звернута на адсутнасць належных механізмаў рэалізацыі ўказаных норм Закона ў частцы канфіскацыі маёмасці арганізацый, што не адпавядае прынцыпу прававой дакладнасці.

1.2. У некаторых рашэннях Канстытуцыйным Судом сфармуляваны прававыя пазіцыі, адрасаваныя адначасова заканадаўцу і правапрымяняльніку, з мэтай недапушчэння адвольнага прымянення палажэнняў законаў, для якіх характэрнай з’яўляецца прававая недакладнасць, што на практыцы можа прывесці да парушэння правоў і законных інтарэсаў грамадзян.

Так, у рашэнні ад 17 лістапада 2011 г. «О соответствии Конституции Республики Беларусь Закона Республики Беларусь «О внесении изменений и дополнений в некоторые законы Республики Беларусь по вопросам выезда из Республики Беларусь и въезда в Республику Беларусь» Канстытуцыйны Суд указаў, што тэрмін «грамадзянскі іск» пры ажыццяўленні правапрымяняльнай дзейнасці ў сферы рэалізацыі фізічнымі асобамі права на выезд з Рэспублікі Беларусь і ўезд у Рэспубліку Беларусь неабходна разумець як іск, які падаецца ў парадку грамадзянскага, гаспадарчага і крымінальнага судаводства. Пры такім падыходзе можна забяспечыць правы ўдзельнікаў не толькі крымінальнага, але і грамадзянскага і гаспадарчага працэсаў.

Грунтуючыся на палажэннях артыкулаў 7, 33 і 35 Канстытуцыі, у рашэнні ад 28 кастрычніка 2011 г. Канстытуцыйны Суд выяўляў канстытуцыйна-прававы сэнс нормы абзаца трэцяга пункта 1 артыкула 1 Закона Рэспублікі Беларусь «О внесении изменений и дополнений в Закон Республики Беларусь «О массовых мероприятиях в Республике Беларусь». Згодна з дадзенай нормай да пікетавання прыраўноўваецца сумесная масавая прысутнасць грамадзян у загадзя вызначаным грамадскім месцы (у тым ліку пад адкрытым небам) ва ўстаноўлены час для ўчынення загадзя вызначанага дзеяння, арганізаваная (у тым ліку праз глабальную камп’ютарную сетку Інтэрнэт або іншыя інфармацыйныя сеткі) для публічнага выказвання сваіх грамадска-палітычных інтарэсаў або пратэсту. Канстытуцыйны Суд указаў, што пры прымяненні гэтай нормы трэба зыходзіць з яе канстытуцыйна-прававога сэнсу і разумення ва ўзаемасувязі з іншымі нормамі правяраемага Закона, якія рэгламентуюць пытанні ўдзелу грамадзян у масавых мерапрыемствах, у якіх размова ідзе не аб любой прысутнасці грамадзян на месцы правядзення пікетавання, а аб іх удзеле ў сумесным масавым мерапрыемстве, што праводзіцца для ўчынення загадзя вызначанага дзеяння з мэтай публічнага выказвання сваіх грамадска-палітычных інтарэсаў або пратэсту.

Адначасова Канстытуцыйны Суд адзначыў, што пры прымяненні Закона Рэспублікі Беларусь «О массовых мероприятиях в Республике Беларусь» у мэтах стварэння ўмоў для рэалізацыі канстытуцыйных правоў і свабод грамадзян, забеспячэння грамадскай бяспекі і парадку пры правядзенні дадзеных мерапрыемстваў не павінен скажацца канстытуцыйна-прававы сэнс палажэнняў, якія ўстанаўліваюць парадак арганізацыі і правядзення іх у Рэспубліцы Беларусь, а любыя абмежаванні свабоды масавых мерапрыемстваў павінны быць суразмернымі і сапраўды неабходнымі ў дэмакратычным грамадстве; дзяржаўныя органы, палітычныя партыі, прафесійныя саюзы і іншыя арганізацыі, а таксама грамадзяне не маюць права ўмешвацца і перашкаджаць правядзенню масавых мерапрыемстваў, што праводзяцца з прытрымліваннем патрабаванняў указанага Закона.

Пры праверцы канстытуцыйнасці Закона Рэспублікі Беларусь «О внесении дополнений и изменений в некоторые законы Республики Беларусь» Канстытуцыйным Судом ацэньваліся ў тым ліку нормы, якімі прадугледжваецца крымінальная адказнасць за асобныя злачынствы, удакладняецца склад шэрага крымінальна каральных дзеянняў, а таксама адміністрацыйных правапарушэнняў. Канстытуцыйны Суд звярнуў увагу правапрымяняльнікаў на тое, што разуменне ўказаных норм Закона, які правяраецца, павінна грунтавацца на палажэннях Канстытуцыі і ў сувязі з гэтым у ходзе прымянення норм Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях пры прыцягненні да крымінальнай або адміністрацыйнай адказнасці павінны забяспечвацца гарантаваныя дзяржавай правы і законныя інтарэсы асобы, іншыя абвешчаныя Канстытуцыяй каштоўнасці і мэты.

У аснове прававых пазіцый Канстытуцыйнага Суда ляжыць прынцып вяршэнства права, што ўстанаўліваецца Канстытуцыяй, і вынікаючыя з яго прынцыпы законнасці і прававой дакладнасці, у сілу якіх заканадаўчае рэгуляванне павінна быць прадказальным, каб удзельнікі прававых адносін маглі быць упэўнены ў стабільнасці свайго прававога палажэння, у трываласці дзяржаўнага і грамадскага парадку. Указаныя прынцыпы служаць галоўным інструментам дасягнення мэт дэмакратычнай сацыяльнай прававой дзяржавы, найважнейшымі задачамі якой выступаюць забеспячэнне і абарона канстытуцыйных правоў і свабод асобы, а таксама захаванне балансу канстытуцыйна абараняемых каштоўнасцей і мэт.

2. У дзяржаве, якая грунтуецца на вяршэнстве правы, важнае значэнне мае прынцып свабоднага доступу да правасуддзя, што з’яўляецца каштоўнасцю дэмакратычнай прававой дзяржавы, у тым ліку Рэспублікі Беларусь. Даступнасць правасуддзя цесна звязана з правам на судовую абарону – адным з асноватворных правоў чалавека, якое носіць універсальны характар.

Пытанні замацавання на заканадаўчым узроўні права грамадзян на судовую абарону, гарантаванага артыкулам 60 Канстытуцыі, часта з’яўляюцца прадметам канстытуцыйнага кантролю. Пры вырашэнні пытанняў канстытуцыйнасці законаў Канстытуцыйны Суд паслядоўна і ўсебакова аналізуе нормы законаў на даступнасць правасуддзя як сродку гарантавання канстытуцыйнага права на судовую абарону. У шэрагу рашэнняў пры выяўленні канстытуцыйна-прававога сэнсу норм разглядаемых законаў, якія забяспечваюць дадзенае канстытуцыйнае права, Канстытуцыйны Суд фармуляваў прававыя пазіцыі з мэтай правільнага разумення і прымянення гэтага права.

Так, правяраючы канстытуцыйнасць Закона Рэспублікі Беларусь «О внесении дополнений и изменений в некоторые кодексы Республики Беларусь по вопросам совершенствования правового механизма пересмотра судебных постановлений», Канстытуцыйны Суд у рашэнні ад 7 ліпеня 2011 г. прыйшоў да вываду аб тым, што вядзенне справы па перагляду судовых пастаноў, якія ўступілі ў законную сілу, заклікана забяспечыць як справядлівасць судовага рашэння, так і прававую стабільнасць, уключаючы прызнанне законнай сілы судовых рашэнняў, без чаго баланс публічна-прававых і прыватнаправавых інтарэсаў з’яўляецца недасягальным. У сувязі з гэтым ва ўказаным рашэнні адзначана, што заканадаўца, замацоўваючы магчымасць перагляду ў парадку судовага нагляду пастаноў Прэзідыума Вярхоўнага Суда па грамадзянскіх і крымінальных справах, кіраваўся ў першую чаргу прыярытэтам правоў і свабод чалавека і грамадзяніна.

Акрамя таго, па меркаванню Канстытуцыйнага Суда, прыняцце Пленумам Вярхоўнага Суда канчатковага рашэння аб законнасці і абгрунтаванасці судовых пастаноў накіравана ў пэўнай меры на рэалізацыю палажэння артыкула 61 Канстытуцыі, згодна з якім кожны ў адпаведнасці з міжнародна-прававымі актамі, ратыфікаванымі Рэспублікай Беларусь, мае права звяртацца ў міжнародныя арганізацыі з мэтай абароны сваіх правоў і свабод, калі вычарпаны ўсе наяўныя ўнутрыдзяржаўныя сродкі прававой абароны.

У рашэнні ад 7 ліпеня 2011 г. «О соответствии Конституции Республики Беларусь Закона Республики Беларусь «Об обращениях граждан и юридических лиц» знайшла далейшае развіццё прававая пазіцыя Канстытуцыйнага Суда, якая датычыцца канстытуцыйнага права кожнага на судовую абарону. Ацэньваючы канстытуцыйнасць норм дадзенага Закона, якія рэгламентуюць, у прыватнасці, магчымасць абскарджання адказаў (рашэнняў, адмоў) арганізацыі спачатку ў вышэйстаячую арганізацыю (пры яе наяўнасці), а затым – у суд, Канстытуцыйны Суд указаў, што кожны суб’ект праваадносін у выпадку парушэння яго правоў, свабод і законных інтарэсаў можа выкарыстоўваць усе сродкі прававой абароны, прадугледжаныя заканадаўствам, у тым ліку зварот у суд. У артыкуле 60 Канстытуцыі не змяшчаецца агаворкі аб недапушчальнасці судовай абароны пасля дасудовага ўрэгулявання спрэчкі, значыць, магчымасць выкарыстання дасудовага ўрэгулявання спрэчкі ў мэтах абароны правоў, свабод і законных інтарэсаў служыць дадатковым сродкам прававой абароны і не можа разглядацца як абмежаванне канстытуцыйнага права на судовую абарону, а таксама абмежаванне юрысдыкцыі суда.

Ажыццяўляючы праверку канстытуцыйнасці Закона Рэспублікі Беларусь «О третейских судах», Канстытуцыйны Суд у рашэнні ад 7 ліпеня 2011 г. прызнаў, што нормы артыкулаў 47 і 48 гэтага Закона, якія замацоўваюць магчымасць абскарджання рашэння трацейскага суда ў парадку, прадугледжаным заканадаўствам, шляхам падачы ў суд заявы аб адмене рашэння трацейскага суда, накіраваны на рэалізацыю канстытуцыйнага права на судовую абарону, якое прадугледжвае не толькі права на зварот у суд, але і магчымасць атрымання рэальнай судовай абароны ў форме аднаўлення парушаных правоў і свабод у адпаведнасці з заканадаўча замацаванымі нормамі аб тым, у якім судзе і па якой працэдуры падлягае абскарджанню канкрэтнае рашэнне. Магчымасць адмены дзяржаўным судом рашэння трацейскага суда па падставах, прадугледжаных у артыкуле 47 указанага Закона, таксама не можа разглядацца як парушаючая канстытуцыйнае права бакоў трацейскага пагаднення на судовую абарону. Адмена рашэння трацейскага суда не перашкаджае яго ўдзельнікам у далейшым ізноў звярнуцца за абаронай парушаных правоў і законных інтарэсаў у трацейскі суд або па падведамнасці ў агульны або гаспадарчы суд.

Дадзеную прававую пазіцыю Канстытуцыйны Суд пацвердзіў у рашэнні ад 27 снежня 2011 г., ажыццяўляючы праверку канстытуцыйнасці норм Закона Рэспублікі Беларусь «О внесении изменений и дополнений в некоторые законы Республики Беларусь», згодна з якімі Грамадзянскі працэсуальны кодэкс Рэспублікі Беларусь дапоўнены раздзелам VIII1 «Производство по заявлению об отмене решения третейского суда». Канстытуцыйны Суд лічыць, што рэгламентацыя ва ўказаным Кодэксе працэсуальных пытанняў, якія датычацца вядзення справы па заяве аб адмене рашэння трацейскага суда, сведчыць аб стварэнні рэальнага механізма, які забяспечвае гарантаванасць рэалізацыі норм Канстытуцыі аб праве кожнага на судовую абарону (артыкул 60) і праве абскарджання судовых пастаноў (артыкул 115).

На неабходнасць рэалізацыі прынцыпу свабоднага доступу да правасуддзя накіравана рашэнне ад 6 мая 2011 г., прынятае пры праверцы канстытуцыйнасці Закона Рэспублікі Беларусь «Об авторском праве и смежных правах». Ацэньваючы нормы дадзенага Закона, якія замацоўваюць права на абскарджанне рашэнняў аб дзяржаўнай акрэдытацыі або адмове ў дзяржаўнай акрэдытацыі, датэрміновым спыненні дзяржаўнай акрэдытацыі арганізацыі па калектыўнаму кіраванню маёмаснымі правамі, Канстытуцыйны Суд адзначыў, што права на абскарджанне рашэнняў у судовым парадку прадугледжваецца толькі адносна адмовы ў дзяржаўнай акрэдытацыі, хоць датэрміновае спыненне дзяржаўнай акрэдытацыі таксама можа быць звязана з парушэннем правоў арганізацыі па калектыўнаму кіраванню маёмаснымі правамі. Па меркаванню Канстытуцыйнага Суда, арганізацыі па калектыўнаму кіраванню маёмаснымі правамі пры датэрміновым спыненні дзяржаўнай акрэдытацыі павінны мець гарантыі судовай абароны сваіх правоў і законных інтарэсаў. Гарантаванасць судовай абароны звязана з вынясеннем законнай і абгрунтаванай судовай пастановы, магчымасцю яе праверкі і перагляду, у тым ліку шляхам абскарджання ва ўстаноўленым парадку.

Такім чынам, зыходзячы з нормы артыкула 60 Канстытуцыі, а таксама з улікам міжнародных прававых актаў, ратыфікаваных Рэспублікай Беларусь, заканадаўца абавязаны забяспечваць даступнасць правасуддзя, гарантуючы кожнаму абарону яго правоў і свабод кампетэнтным, незалежным і непрадузятым судом. Канстытуцыйны Суд пацвердзіў раней выказаную ім прававую пазіцыю аб прамым дзеянні нормы часткі першай артыкула 60 Канстытуцыі ў сілу патрабаванняў, замацаваных у артыкуле 137 Канстытуцыі. Права на судовую абарону адносіцца да асноўных правоў і свабод чалавека, якія прызнаюцца і гарантуюцца згодна з агульнапрызнанымі прынцыпамі і нормамі міжнароднага права, а Рэспубліка Беларусь у адпаведнасці з часткай першай артыкула 8 Канстытуцыі прызнае прыярытэт агульнапрызнаных прынцыпаў міжнароднага права і забяспечвае адпаведнасць ім заканадаўства.

3. Найважнейшай састаўляючай вяршэнства права з’яўляецца выкананне канстытуцыйных правоў, свабод і законных інтарэсаў чалавека і грамадзяніна. У сувязі з гэтым у шэрагу рашэнняў Канстытуцыйны Суд фармуляваў прававыя пазіцыі станоўчага зместу, якія сведчаць аб замацаванні і развіцці ў законах, што разглядаюцца, прадугледжаных Канстытуцыяй правоў і свабод грамадзян, а таксама гарантый іх забеспячэння дзяржавай, у тым ліку свабоды сходаў, мітынгаў, вулічных шэсцяў, дэманстрацый і пікетавання, якія не парушаюць правапарадак і правы іншых грамадзян Рэспублікі Беларусь; права кожнага накіроўваць асабістыя або калектыўныя звароты ў дзяржаўныя органы; права на юрыдычную дапамогу; права на спрыяльнае навакольнае асяроддзе; права грамадзян Рэспублікі Беларусь на ахову здароўя; права на сацыяльнае забеспячэнне ў старасці, у выпадку хваробы, інваліднасці, страты працаздольнасці, страты карміцеля і ў іншых выпадках, прадугледжаных законам, і інш.

У рашэнні ад 23 снежня 2011 г. «О соответствии Конституции Республики Беларусь Закона Республики Беларусь «Об адвокатуре и адвокатской деятельности в Республике Беларусь», грунтуючыся на частцы першай артыкула 62 Канстытуцыі ва ўзаемасувязі з палажэннямі артыкулаў 21 і 59 Канстытуцыі, а таксама з улікам прававой пазіцыі, выкладзенай раней у рашэнні ад 5 кастрычніка 2000 г., Канстытуцыйны Суд прыйшоў да вываду аб тым, што ў Законе, які правяраецца, знайшлі адлюстраванне і развіццё ўказаныя канстытуцыйныя нормы і ўлічаны палажэнні міжнародна-прававых актаў.

Пры гэтым, ацэньваючы канстытуцыйнасць пункта 2 артыкула 26 дадзенага Закона, у адпаведнасці з якім прафесійная абарона правоў і інтарэсаў кліентаў па крымінальных, грамадзянскіх справах, справах, якія ўзнікаюць з гаспадарчых (эканамічных) спрэчак, і справах аб адміністрацыйных правапарушэннях у агульных і гаспадарчых судах, органах, што вядуць крымінальны або адміністрацыйны працэс, ажыццяўляецца толькі адвакатамі, Канстытуцыйны Суд адзначыў наступнае. З улікам канстытуцыйнай прыроды правасуддзя, ажыццяўленне якога ўскладзена на суды як органы дзяржаўнай (судовай) улады (артыкул 6, частка першая артыкула 109 Канстытуцыі), а таксама абавязку дзяржавы гарантаваць кожнаму судовую абарону, у тым ліку шляхам забеспячэння кваліфікаванай юрыдычнай дапамогі, допуск адвакатаў у якасці асоб, якія ажыццяўляюць прафесійную абарону правоў і інтарэсаў кліентаў у агульных і гаспадарчых судах, органах, што вядуць крымінальны або адміністрацыйны працэс, і якія маюць адной з асноўных задач аказанне на прафесійнай аснове юрыдычнай дапамогі кліентам у мэтах ажыццяўлення і абароны іх правоў, свабод і інтарэсаў, з’яўляецца абгрунтаваным.

Пры ацэнцы канстытуцыйнасці законаў Канстытуцыйны Суд кіраваўся таксама прынцыпам узаемнай адказнасці дзяржавы і грамадзяніна, які мае канстытуцыйны змест. Канстытуцыя, замацоўваючы правы і свабоды асобы, адказнасць дзяржавы перад грамадзянінам за стварэнне ўмоў для свабоднага і дастойнага развіцця асобы, адначасова ўстанаўлівае і канстытуцыйныя абавязкі грамадзяніна, за няўхільнае выкананне якіх ён адказны перад дзяржавай.

На ўказаным прынцыпе заснавана прававая пазіцыя Канстытуцыйнага Суда, выкладзеная ў рашэнні ад 7 ліпеня 2011 г., прынятым па выніках праверкі канстытуцыйнасці Закона Рэспублікі Беларусь «Об обращениях граждан и юридических лиц». У рашэнні адзначана, што рэгламентацыя парадку рэалізацыі канстытуцыйнага права кожнага на зварот, якi прадугледжвае не толькі правы, але і абавязкі заяўнікаў, накіравана на забеспячэнне належнай рэалізацыі гэтага права, выключэнне выпадкаў злоўжывання ім і тым самым на стварэнне ўмоў для ажыццяўлення і абароны правоў і свабод грамадзян, правоў і законных інтарэсаў юрыдычных асоб, якія з’яўляюцца заяўнікамі, а таксама правоў і законных інтарэсаў дзяржаўных органаў, іншых арганізацый, правоў і свабод індывідуальных прадпрымальнікаў, што разглядаюць звароты.

У рашэнні ад 28 кастрычніка 2011 г. Канстытуцыйны Суд адзначыў, што заканадаўчы падыход, накіраваны на ўдакладненне прававой рэгламентацыі парадку арганізацыі і правядзення масавых мерапрыемстваў, забеспячэнне бяспекі ў час іх правядзення, адпавядае артыкулу 35 Канстытуцыі, у якiм абвешчаны свабода такіх мерапрыемстваў і гарантаванне дзяржавай гэтай свабоды, калі дадзеныя мерапрыемствы не парушаюць правапарадак і правы іншых грамадзян Рэспублікі Беларусь.

Канстытуцыйны Суд лічыць, што прынцып узаемнай адказнасці грамадзян, дзяржавы і іншых суб’ектаў грамадскіх адносін неабходна разглядаць як аснову балансу канстытуцыйных каштоўнасцей, які сведчыць аб зацвярджэнні і развіцці канстытуцыйнай дэмакратыі. Іменна дэмакратычная дзяржава, заснаваная на прынцыпе вяршэнства права, стварае ўмовы для ўзаемнай адказнасці асобы і дзяржавы пры прыярытэце правоў і свабод чалавека і грамадзяніна.

4. Асобае значэнне для абароны правоў, свабод і законных інтарэсаў грамадзян і іншых удзельнікаў праваадносін мае прынцып прапарцыянальнасці абмежавання правоў і свабод асобы. З улікам гэтага прынцыпу Канстытуцыйны Суд дае ацэнку нормам правяраемых законаў, якімі абмяжоўваюцца канстытуцыйныя правы і свабоды чалавека і грамадзяніна, правы і законныя інтарэсы арганізацый.

Так, ацэньваючы канстытуцыйнасць абмежаванняў, звязаных са свабодай сходаў, мітынгаў, вулічных шэсцяў, дэманстрацый і пікетавання, Канстытуцыйны Суд у рашэнні ад 28 кастрычніка 2011 г. указаў, што прадугледжваемыя Законам, які правяраецца, абмежаванні правоў і свабод асобы выступаюць сродкам прававой абароны грамадскага парадку і грамадскай бяспекі, маралі, здароўя насельніцтва, правоў і свабод іншых асоб. Магчымасць устанаўлення такіх абмежаванняў на ўзроўні закона не выключаецца і нормамі міжнародных актаў (пункт 2 артыкула 29 Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека, артыкул 21 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах).

У рашэнні ад 28 кастрычніка 2011 г. «О соответствии Конституции Республики Беларусь Закона Республики Беларусь «О внесении дополнений и изменений в некоторые законы Республики Беларусь» прынцып прапарцыянальнасці ўлічваўся пры праверцы канстытуцыйнасці норм указанага Закона, якімі ўстанаўліваюцца пэўныя забароны. Так, у адпаведнасці з дапаўненнямі, што ўносяцца ў Закон Рэспублікі Беларусь «Об общественных объединениях», прадугледжваецца забарона на дзейнасць грамадскіх аб’яднанняў, саюзаў, накіраваную на садзейнічанне прадастаўленню замежнымі дзяржавамі грамадзянам Рэспублікі Беларусь ільгот і пераваг у сувязі з палітычнымі, рэлігійнымі поглядамі або нацыянальнай прыналежнасцю ў парушэнне заканадаўства Рэспублікі Беларусь. Указаныя абмежаванні служаць мэтам забеспячэння роўных умоў для дзейнасці ўсіх грамадскіх аб’яднанняў і саюзаў, недапушчэння выкарыстання свабоды аб’яднанняў ва ўрон нацыянальнаму суверэнітэту.

У адпаведнасці з дапаўненнямі, што ўносяцца Законам, які правяраецца, у частку чацвёртую артыкула 481 Выбарчага кодэкса Рэспублікі Беларусь, абмяжоўваецца пералік крыніц ахвяраванняў у выбрчыя фонды кандыдатаў у Прэзідэнты Рэспублікі Беларусь, у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу. У прыватнасці, устанаўліваецца ўмова, пры якой забараняецца ўносіць ахвяраванні ў выбарчыя фонды кандыдатаў арганізацыям, што атрымлівалі на працягу года, які папярэднічае дню ўнясення ахвяравання, замежную бязвыплатную дапамогу ад замежных дзяржаў, замежных арганізацый, міжнародных арганізацый, замежных грамадзян і асоб без грамадзянства, а таксама ад ананімных ахвяравальнікаў; забарона ўносіць указаныя ахвяраванні прадугледжваецца таксама для арганізацый, якія зарэгістраваны ва ўстаноўленым парадку менш чым за адзін год да дня ўнясення ахвяравання.

Канстытуцыйным Судом зроблены вывад аб тым, што такое прававое рэгуляванне адпавядае частцы другой артыкула 66 Канстытуцыі, якая прадугледжвае роўныя падставы для кандыдатаў, якія ўдзельнічаюць у выбарах на дзяржаўныя пасады, а таксама артыкулу 70 Канстытуцыі, у адпаведнасці з якім расходы на падрыхтоўку і правядзенне выбараў ажыццяўляюцца за кошт дзяржавы ў межах выдзеленых на гэтыя мэты сродкаў. У выпадках, устаноўленых законам, расходы на падрыхтоўку і правядзенне выбараў могуць ажыццяўляцца за кошт сродкаў грамадскіх аб’яднанняў, прадпрыемстваў, устаноў, арганізацый, грамадзян.

Грунтуючыся на прынцыпе прапарцыянальнасці, Канстытуцыйны Суд ацэньваў канстытуцыйнасць абмежаванняў і забарон, якія змяшчаюцца таксама ў нормах шэрага іншых законаў Рэспублікі Беларусь: артыкулаў главы 4 Закона «Об авторском праве и смежных правах» (рашэнне ад 6 мая 2011 г.); артыкулаў 8, 18 і 26 Закона «Об адвокатуре и адвокатской деятельности в Республике Беларусь» (рашэнне ад 23 снежня 2011 г.); пункта 41 артыкула 1 Закона «О внесении изменений и дополнений в Налоговый кодекс Республики Беларусь» (рашэнне ад 26 снежня 2011 г.); пункта 31, абзацаў трэцяга – пятага пункта 62 артыкула 1 Закона «О внесении изменений и дополнений в некоторые законы Республики Беларусь» (рашэнне ад 27 снежня 2011 г.); артыкулаў 19–21 Закона «О предупреждении распространения заболеваний, представляющих опасность для здоровья населения, вируса иммунодефицита человека» (рашэнне ад 28 снежня 2011 г.); артыкулаў 6 і 20 Закона «О вспомогательных репродуктивных технологиях» (рашэнне ад 28 снежня 2011 г.) і інш.

Пры выяўленні канстытуцыйна-прававога сэнсу ўводзімых заканадаўцам абмежаванняў і забарон Канстытуцыйны Суд зыходзіць з таго, што прававыя абмежаванні незалежна ад падстаў для іх устанаўлення павінны забяспечваць належны баланс паміж канстытуцыйнымі правамі і свабодамі грамадзян і публічнымі інтарэсамі дзяржавы і грамадства. Любыя абмежаванні канстытуцыйных правоў і свабод павінны быць не толькі юрыдычна дапушчальнымі, сацыяльна апраўданымі, але і адпавядаць патрабаванням справядлівасці, з’яўляцца неабходнымі і суразмернымі канстытуцыйна прызнаным мэтам такіх абмежаванняў. У якасці ўказаных мэт у Канстытуцыі замацаваны інтарэсы нацыянальнай бяспекі, грамадскага парадку, абароны маралі, здароўя насельніцтва, правоў і свабод іншых асоб. З прынцыпу вяршэнства права вынікае, што абмежаванні і забароны павінны ўстанаўлівацца заканадаўцам не адвольна, а на падставе прынцыпаў і норм Канстытуцыі. Толькі пры прытрымліванні заканадаўцам указаных канстытуцыйных патрабаванняў гарантуецца забеспячэнне прынцыпу вяршэнства права.

II

У адпаведнасці з Дэкрэтам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 26 чэрвеня 2008 г. № 14 «О некоторых мерах по совершенствованию деятельности Конституционного Суда Республики Беларусь» Канстытуцыйны Суд нароўні з ажыццяўленнем абавязковага папярэдняга кантролю канстытуцыйнасці законаў надзелены і іншымі паўнамоцтвамі.

Згодна з падпунктамi 1.2–1.5 пункта 1 названага Дэкрэта Канстытуцыйны Суд па прапанове Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь выкладае пазіцыю аб канстытуцыйнасці міжнародных дагавораў – да падпісання Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь нарматыўных прававых актаў аб выказванні згоды Рэспублікі Беларусь на абавязковасць для яе гэтых міжнародных дагавораў; па даручэнню Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь дае афіцыйнае тлумачэнне дэкрэтаў і ўказаў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, якія датычацца канстытуцыйных правоў, свабод і абавязкаў грамадзян; па прапанове Прэзідыума Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь прымае рашэнне аб наяўнасці фактаў сістэматычнага або грубага парушэння мясцовым Саветам дэпутатаў патрабаванняў заканадаўства; па прапановах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь выкладае сваю пазіцыю аб дакументах, што прымаюцца (выдаюцца) замежнымі дзяржавамі, міжнароднымі арганізацыямі і (або) іх органамі і закранаюць інтарэсы Рэспублікі Беларусь, у частцы адпаведнасці гэтых дакументаў агульнапрызнаным прынцыпам і нормам міжнароднага права.

У 2011 годзе ў Канстытуцыйны Суд звярнулася Палата прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь з прапановай выкласці пазіцыю Канстытуцыйнага Суда аб адпаведнасці Закона Рэспублікі Польшча «Аб Карце паляка» (далей – Закон) агульнапрызнаным прынцыпам і нормам міжнароднага права.

Канстытуцыйны Суд разгледзеў дадзеную прапанову і прыняў рашэнне ад 7 красавіка 2011 г. Пры вынясенні гэтага рашэння Канстытуцыйны Суд зыходзіў з таго, што суб’ектамі адносін, якія рэгулююцца Законам, прызнаюцца таксама грамадзяне Рэспублікі Беларусь, якім Рэспубліка Беларусь як суверэнная дзяржава ў адпаведнасці з часткай першай артыкула 10 Канстытуцыі гарантуе абарону і заступніцтва на тэрыторыі Беларусі і за яе межамі.

Указанае рашэнне Канстытуцыйнага Суда прынята ў тым ліку зыходзячы з такіх агульнапрызнаных прынцыпаў міжнароднага права, як неўмяшанне ва ўнутраныя справы і суверэнная роўнасць дзяржаў. Так, прынцып неўмяшання ва ўнутраныя справы прадугледжвае, што ні адна дзяржава або група дзяржаў не маюць права ўмешвацца прама або ўскосна па якой на тое б ні было прычыне ва ўнутраныя і знешнія справы любой іншай дзяржавы. З прычыны гэтага ўсе формы ўмяшання, накіраваныя супраць правасуб’ектнасці дзяржавы, з’яўляюцца парушэннем міжнароднага права. Прынцып суверэннай роўнасці дзяржаў уключае наступныя элементы: юрыдычную роўнасць дзяржаў; карыстанне дзяржавай правамі, уласцівымі поўнаму суверэнітэту; абавязак павагі правасуб’ектнасці іншых дзяржаў; недатыкальнасць тэрытарыяльнай цэласнасці і палітычнай незалежнасці дзяржавы; права дзяржавы свабодна выбіраць і развіваць свае палітычныя, сацыяльныя, эканамічныя і культурныя сістэмы, а таксама абавязак кожнай дзяржавы выконваць поўнасцю і добрасумленна свае міжнародныя абавязацельствы і жыць у згодзе з іншымі дзяржавамі.

Канстытуцыйны Суд адзначыў, што ў пункце 3 часткі 1 артыкула 2 Закона ўстаноўлена правамоцтва грамадскіх аб’яднанняў, якiя зарэгістраваны і дзейнічаюць на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, выдаваць грамадзянам Рэспублікі Беларусь дакумент, які мае юрыдычнае значэнне для атрымання Карты паляка ў консульскіх установах Рэспублікі Польшча ў адпаведнасці з адміністрацыйнымі працэдурамі, урэгуляванымі заканадаўствам Рэспублікі Польшча. Прамое ўскладанне дзяржаўным органам Рэспублікі Польшча правамоцтваў на суб’ектаў права, у тым ліку на грамадскія аб’яднанні, якія зарэгістраваны і дзейнічаюць на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь у адпаведнасці з яе заканадаўствам, прадугледжана таксама часткай 4 артыкула 13 Закона, згодна з якой Старшыня Савета Міністраў Рэспублікі Польшча аб’яўляе ва ўрадавым весніку Рэспублікі Польшча «Манітор польскi» пералік польскіх і паланійных арганізацый, упаўнаважаных выдаваць даведкі, указаныя вышэй.

Прыведзеныя нормы Закона сведчаць аб распаўсюджванні яго палажэнняў не толькі на суб’ектаў права, якія знаходзяцца пад юрысдыкцыяй Рэспублікі Беларусь, але і на яе тэрыторыю, паколькі ўказаным суб’ектам прадастаўляюцца правамоцтвы ажыццяўляць юрыдычна значныя дзеянні на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь у мэтах забеспячэння юрыдычных працэдур, прадугледжаных заканадаўствам Рэспублікі Польшча.

Канстытуцыйны Суд прыйшоў да вываду аб тым, што нормы, якія змяшчаюцца ў пункце 3 часткі 1 артыкула 2 і частцы 4 артыкула 13 Закона, не адпавядаюць такім агульнапрызнаным прынцыпам міжнароднага права, як прынцып суверэннай роўнасці дзяржаў і прынцып неўмяшання ў справы, што ўваходзяць ва ўнутраную кампетэнцыю іншай дзяржавы.

У сілу прынцыпу суверэннай роўнасці дзяржава валодае поўным суверэнітэтам і ажыццяўляе юрысдыкцыю ў межах сваёй тэрыторыі. Ніякая іншая дзяржава не можа ажыццяўляць юрысдыкцыю на тэрыторыі дзяржавы без яе згоды.

Пры гэтым Канстытуцыйны Суд звярнуў увагу Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу на магчымасць з мэтай абароны інтарэсаў Рэспублікі Беларусь уліку выкладзенай пазіцыі Канстытуцыйнага Суда пры ўдасканальванні норм асобных законаў.

Адносна рэалізацыі Канстытуцыйным Судом іншых паўнамоцтваў, прадугледжаных у Дэкрэце Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 26 чэрвеня 2008 г. № 14, Канстытуцыйны Суд адзначае, што адпаведных прапаноў ад упаўнаважаных суб’ектаў у 2011 годзе ў Канстытуцыйны Суд не паступала.

III

На падставе часткі чацвёртай артыкула 116 Канстытуцыі Канстытуцыйны Суд у парадку далейшага канстытуцыйнага кантролю дае заключэнні аб канстытуцыйнасці нарматыўных прававых актаў па прапановах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, Палаты прадстаўнікоў, Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь, Вышэйшага Гаспадарчага Суда Рэспублікі Беларусь, Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь.

У 2011 годзе ў Канстытуцыйны Суд упаўнаважаныя органы з прапановамі аб праверцы канстытуцыйнасці нарматыўных прававых актаў не звярталіся.

Грамадзяне і арганізацыі ва ўмовах адсутнасці ў заканадаўстве Рэспублікі Беларусь інстытута індывідуальнай канстытуцыйнай скаргі могуць рэалізаваць сваё права на доступ да канстытуцыйнага правасуддзя звярнуўшыся да органаў і асоб, якія валодаюць правам унясення ў Канстытуцыйны Суд прапаноў аб праверцы канстытуцыйнасці акта. Такое права прадастаўлена грамадзянам і арганізацыям у адпаведнасці з часткай трэцяй артыкула 22 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб судаўладкаванні і статусе суддзяў.

У 2011 годзе ва ўпаўнаважаныя органы паступіла 58 зваротаў грамадзян і арганізацый, у якіх заяўнікі ставілі пытанне аб неабходнасці праверкі асобных нарматыўных прававых актаў на прадмет іх адпаведнасці Канстытуцыі. У гэтых зваротах часцей за ўсё закраналіся прававыя праблемы, што датычацца адміністрацыйнага, крымінальнага, крымінальна-працэсуальнага, крымінальна-выканаўчага, працоўнага, пенсійнага, грамадзянскага працэсуальнага заканадаўства і некаторых іншых яго галін, а таксама пастаноў Урада, актаў міністэрстваў і іншых рэспубліканскіх органаў дзяржаўнага кіравання, рашэнняў мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў.

Аднак ні адна з такіх ініцыятыўных прапаноў не была падтрымана ўпаўнаважанымі органамі ў сувязі з адсутнасцю, па іх меркаванню, дастатковых падстаў для звароту ў Канстытуцыйны Суд.

Раней Канстытуцыйным Судом была ініцыіравана прапанова аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у нацыянальнае заканадаўства з мэтай устанаўлення дакладнай прававой рэгламентацыі працэдуры ўскоснага доступу да канстытуцыйнага правасуддзя праз упаўнаважаных суб’ектаў. У цяперашні час завяршаецца распрацоўка праектаў законаў Рэспублікі Беларусь «Аб канстытуцыйным судаўладкаваннi» і «Аб унясенні дапаўненняў і змяненняў у Кодэкс Рэспублікі Беларусь аб судаўладкаванні і статусе суддзяў», у якіх мяркуецца ўрэгуляваць дадзеную працэдуру.

Канстытуцыйны Суд лічыць, што заканадаўчая рэгламентацыя пытанняў ускоснага доступу грамадзян да канстытуцыйнага правасуддзя забяспечыць аднастайнасць іх вырашэння ўсімі ўпаўнаважанымі органамі. Разам з тым адсутнасць з боку ўказаных органаў прапаноў у Канстытуцыйны Суд, у тым ліку на падставе ініцыятыўных зваротаў грамадзян, сведчыць аб недастатковым разуменні ролі і значэння інстытута канстытуцыйнага кантролю як агульнапрызнанага міжнароднай супольнасцю цывілізаванага спосабу вырашэння прававых спрэчак, які мае асобую значнасць для дзяржавы і грамадства.

IV

У адпаведнасці з часткай першай артыкула 116 Канстытуцыі і часткай восьмай артыкула 22 Кодэкса аб судаўладкаванні і статусе суддзяў Канстытуцыйны Суд мае права ўносіць Прэзідэнту Рэспублікі Беларусь, у палаты Нацыянальнага сходу, Савет Міністраў, іншыя дзяржаўныя органы ў адпаведнасці з іх кампетэнцыяй прапановы аб неабходнасці ўнясення ў акты заканадаўства змяненняў і (або) дапаўненняў, прыняцця новых нарматыўных прававых актаў.

Канстытуцыйны Суд у сваёй дзейнасці рэалізуе ўказанае паўнамоцтва, накіраванае на выяўленне прававых прабелаў і супярэчнасцей у заканадаўстве з улікам канстытуцыйных прынцыпаў і норм для наступнага ўстаранення іх заканадаўцам. У шэрагу выпадкаў Канстытуцыйны Суд прымаў рашэнні на падставе зваротаў грамадзян і арганізацый.

Усяго ў 2011 годзе ў Канстытуцыйны Суд паступіла 837 зваротаў, у тым ліку 676 пісьмовых зваротаў грамадзян (з іх 21 калектыўны за подпісам 476 чалавек) і 30 зваротаў арганізацый.

Многія звароты з’яўляюцца важнай крыніцай інфармацыі аб наяўных праблемах прававога рэгулявання, своечасовае вырашэнне якіх здольна павысіць якасць заканадаўства, забяспечыць больш поўную і эфектыўную рэалізацыю правоў і законных інтарэсаў грамадзян і арганізацый.

1. У сувязі са зваротам грамадзян прынята рашэнне Канстытуцыйнага Суда ад 27 верасня 2011 г., накіраванае на забеспячэнне прынцыпу юрыдычнай роўнасці і недапушчэнне дыскрымінацыі па прымеце ўзросту або інваліднасці.

Пры разглядзе пытання аб заканадаўчым вызначэнні тэрміна «працаздольная асоба» для мэт прымянення пункта «д» часткі другой артыкула 51 Закона Рэспублікі Беларусь «О пенсионном обеспечении» Канстытуцыйным Судом прааналізаваны рад канстытуцыйных палажэнняў, якія гарантуюць права грамадзян Рэспублікі Беларусь на працу, сацыяльнае забеспячэнне і інш. У рашэнні Канстытуцыйнага Суда ўказана, што рэалізацыя канстытуцыйных норм выражае збалансаваны падыход дзяржавы да забеспячэння дастойнага ўзроўню жыцця: дзяржава адказна перад грамадзянінам за стварэнне ўмоў для свабоднага і дастойнага развіцця асобы, улічваючы, што першаснымi з’яўляюцца актыўнасць самога грамадзяніна, яго гатоўнасць і здольнасць да самавыяўлення і самасцвярджэння, у тым ліку шляхам рэалізацыі права на працу ва ўсіх магчымых формах і праяўленнях. Задача дзяржавы ў дадзеным выпадку – стварыць такія эканамічныя, арганізацыйныя, прававыя ўмовы, якія дапамагалі б рэалізацыі гарантаваных Канстытуцыяй правоў, усямернаму развіццю асобы, яе патэнцыялу. У той жа час асобным катэгорыям грамадзян сацыяльная дзяржава абавязана аказваць дапамогу і падтрымку зыходзячы са сваіх фінансава-эканамічных і матэрыяльных магчымасцей.

2. У мэтах устаранення заканадаўчага прабелу, рэалізацыі канстытуцыйных прынцыпаў роўнасці ўсіх перад законам і норм, якія гарантуюць права на працу, прынята рашэнне ад 4 кастрычніка 2011 г., у якім Канстытуцыйны Суд разгледзеў пытанне аб правамернасці непрадастаўлення водпуску па догляду дзіцяці да дасягнення ім узросту трох гадоў працуючым бацьку, іншым сваякам дзіцяці ў выпадку ажыццяўлення маці дзіцяці прадпрымальніцкай дзейнасці ў якасці індывідуальнага прадпрымальніка.

Канстытуцыйны Суд указаў, што непрадастаўленне водпуску па догляду дзіцяцi да дасягнення ім узросту трох гадоў працуючым бацьку, іншым сваякам дзіцяці ў выпадку, калі маці дзіцяці з’яўляецца індывідуальным прадпрымальнікам, не заснавана на канстытуцыйных прынцыпах і нормах, што вынікаюць з сутнасці Рэспублікі Беларусь як сацыяльнай прававой дзяржавы, абумоўлена наяўнасцю прабелу ў рэгуляванні адносін, якія складваюцца ў гэтай сферы, што прыводзіць на практыцы да парушэння правоў і законных інтарэсаў грамадзян.

У рашэнні адзначана, што заканадаўца абавязаны забяспечваць прававое рэгуляванне, якое ўлічвала б задачы сацыяльнай, у тым ліку дэмаграфічнай, палітыкі на канкрэтна-гістарычным этапе развіцця дзяржавы, і ствараць перш за ўсё для сям’і, мацярэй і бацькоў, якія ажыццяўляюць догляд дзяцей, спрыяльныя сацыяльныя ўмовы для рэалізацыі публічна значнай функцыі выхавання малалетніх дзяцей з максімальна магчымым улікам інтарэсаў сям’і.

Канстытуцыйным Судом падкрэслена важнасць прытрымлівання канстытуцыйных прынцыпаў юрыдычнай роўнасці, прапарцыянальнасці абмежавання правоў і свабод грамадзян, норм, якія гарантуюць права на працу і сацыяльнае забеспячэнне, недапушчэнне дыскрымінацыі ў сферы працоўных і звязаных з імі адносін, а таксама забеспячэння сацыяльнай справядлівасці, дзейсных механізмаў абароны сям’і, мацярынства, бацькоўства і дзяцінства. У сувязі з гэтым Канстытуцыйны Суд прызнаў неабходным устараніць прабел у прававым рэгуляванні адносін, што датычацца прадастаўлення водпуску па догляду дзіцяці да дасягнення ім узросту трох гадоў, заканадаўча замацаваўшы права працуючых бацькі, іншых сваякоў дзіцяці, якія фактычна ажыццяўляюць догляд дзіцяці, на прадастаўленне ім указанага водпуску і ў выпадку, калі маці дзіцяці з’яўляецца індывідуальным прадпрымальнікам.

3. У прынятым на падставе зваротаў грамадзян рашэнні ад 21 кастрычніка 2011 г. Канстытуцыйны Суд акцэнтаваў увагу на тым, што ў адрозненне ад іншых працэсуальных кодэксаў Рэспублікі Беларусь (Грамадзянскага працэсуальнага, Гаспадарчага працэсуальнага, Крымінальна-працэсуальнага) у Працэсуальна-выканаўчым кодэксе Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях адсутнічаюць нормы, якія вызначаюць паняцце працэсуальных выдаткаў і судовых расходаў, іх склад і парадак спагнання, што сведчыць аб наяўнасці прабелу ў заканадаўстве і невыкананні замацаванага ў артыкуле 7 Закона Рэспублікі Беларусь «О нормативных правовых актах Республики Беларусь» прынцыпу сістэмнасці і комплекснасці прававога рэгулявання грамадскіх адносін.

У мэтах забеспячэння канстытуцыйных прынцыпаў вяршэнства права і роўнасці ўсiх перад законам і ўстаранення прабелу ў заканадаўстве Канстытуцыйны Суд прызнаў неабходным унясенне ў Працэсуальна-выканаўчы кодэкс аб адміністрацыйных правапарушэннях змяненняў і дапаўненняў у частцы вызначэння паняцця, складу і парадку спагнання працэсуальных выдаткаў і судовых расходаў у адміністрацыйным працэсе і прапанаваў Савету Міністраў падрыхтаваць праект закона аб унясенні адпаведных змяненняў і дапаўненняў і ўнесці яго ва ўстаноўленым парадку ў Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу.

4. На падставе звароту Вышэйшага Гаспадарчага Суда Рэспублікі Беларусь па пытаннях аднясення пастаноў Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь да заканадаўчых актаў і вызначэння іх юрыдычнай сілы прынята рашэнне ад 12 красавіка 2011 г. «О законодательных актах Верховного Совета Республики Беларусь».

Ва ўказаным рашэнні Канстытуцыйны Суд, зрабіўшы вывад аб тым, што пастановы Вярхоўнага Савета нарматыўнага характару з’яўляюцца заканадаўчымі актамі, адзначыў, што ў адпаведнасці з часткай трэцяй артыкула 6 Закона «О нормативных правовых актах Республики Беларусь» змяненне статуса дзяржаўнага органа (службовай асобы), які прымае (выдае) адпаведныя нарматыўныя прававыя акты, не цягне спынення дзеяння раней прынятых (выдадзеных) нарматыўных прававых актаў. З улікам дадзенай нормы, нягледзячы на тое што ў адпаведнасці з Канстытуцыяй прадстаўнічым і заканадаўчым органам Рэспублікі Беларусь з’яўляецца Парламент – Нацыянальны сход, а не Вярхоўны Савет і пастановы палат Парламента – Палаты прадстаўнікоў і Савета Рэспублікі згодна з артыкулам 1 Закона «О нормативных правовых актах Республики Беларусь» не аднесены да заканадаўчых актаў, пастановы Вярхоўнага Савета ў сістэме нарматыўных прававых актаў Рэспублікі Беларусь захоўваюць сваё дзеянне.

Аднак у Законе «О нормативных правовых актах Республики Беларусь» прававое рэгуляванне адносін, звязаных з вызначэннем месца пастаноў Вярхоўнага Савета ў сістэме нарматыўных прававых актаў Рэспублікі Беларусь і іх юрыдычнай сілы, не прадугледжана. У сувязі з гэтым Канстытуцыйны Суд прыйшоў да вываду аб наяўнасці ў заканадаўстве прабелу, які стварае перадумовы для парушэння гарантаваных Канстытуцыяй правоў і свабод грамадзян, правоў і законных інтарэсаў арганізацый; параджае магчымасць неадназначнага тлумачэння і прымянення пастаноў Вярхоўнага Савета, што не адпавядае ўстаноўленым у Канстытуцыі прынцыпам вяршэнства права і роўнасці ўсіх перад законам, а таксама вынікаючым з прынцыпу вяршэнства права патрабаванням аб узгодненасці прававых норм, іх дакладнасці і яснасці, прывядзенні нарматыўных прававых актаў у адзіную сістэму.

Канстытуцыйны Суд прапанаваў Палаце прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу забяспечыць заканадаўчае рэгуляванне адносін, звязаных з вызначэннем статуса пастаноў Вярхоўнага Савета, якія маюць нарматыўны характар, і іх юрыдычнай сілы, шляхам унясення ў Закон «О нормативных правовых актах Республики Беларусь» адпаведных змяненняў і дапаўненняў.

5. Па выніках разгляду звароту Генеральнай пракуратуры Рэспублікі Беларусь у рашэнні ад 11 кастрычніка 2011 г. Канстытуцыйны Суд выклаў пазіцыю аб тым, ці з’яўляюцца законы аб амністыі бестэрміновымі нарматыўнымі прававымі актамі.

У дадзеным рашэнні адзначана, што прымаемыя Парламентам Рэспублікі Беларусь законы аб амністыі маюць пэўныя асаблівасці, але пры гэтым адпавядаюць агульным патрабаванням, якія прад’яўляюцца да нарматыўнага прававога акта згодна з Законам «О нормативных правовых актах Республики Беларусь», у тым ліку палажэнню аб тым, што нарматыўны прававы акт дзейнічае бестэрмінова, калі ў яго тэксце не агаворана іншае. Норма аб тэрміне выканання закона (шэсць месяцаў з дня ўступлення яго ў сілу), якая змяшчаецца ў законах аб амністыі, ускладае на ўпаўнаважаныя органы абавязак выканаць у пэўны тэрмін прадпісанні дадзеных законаў у адносінах да асоб, прыцягнутых да крымінальнай адказнасці, або асуджаных, не ўстанаўліваючы пры гэтым межаў дзеяння амністыі ў часе.

Указаўшы на адсутнасць прабелу ў заканадаўстве, Канстытуцыйны Суд звярнуў увагу Генеральнай пракуратуры і іншых правапрымяняльных органаў Рэспублікі Беларусь на тое, што для правільнага прымянення амністыі да канкрэтных асоб неабходна ўлічваць у сукупнасці ўстаноўленыя заканадаўцам у законах аб амністыі крытэрыі вызначэння асоб, якія падлягаюць амністыі, умовы прымянення амністыі, адрозніваючы пры гэтым тэрміны дзеяння і тэрміны выканання такіх законаў.

Рэалізацыя прапаноў Канстытуцыйнага Суда па ўстараненню прабелаў у заканадаўстве, выключэнню калізій і прававой недакладнасці з’яўляецца важным фактарам умацавання канстытуцыйнай законнасці ў нарматворчасці і правапрымяненні, удасканальвання прававой сістэмы краіны і стварэння неабходных умоў для свабоднага і дастойнага развіцця асобы.

V

Істотнае значэнне для забеспячэння канстытуцыйнай законнасці, зацвярджэння прынцыпу вяршэнства права мае своечасовае і належнае выкананне рашэнняў Канстытуцыйнага Суда.

Канстытуцыйны Суд адзначае ў асноўным станоўчыя вынікі дзейнасці дзяржаўных органаў і службовых асоб па рэалізацыі прававых пазіцый, сфармуляваных у рашэннях Канстытуцыйнага Суда, якія выражаюцца ў прыняцці новых нарматыўных прававых актаў, а таксама ўнясенні ў дзеючае заканадаўства адпаведных змяненняў і дапаўненняў.

1. Так, у Законе Рэспублікі Беларусь ад 3 ліпеня 2011 года «О внесении изменений и дополнений в Гражданский, Хозяйственный процессуальный, Гражданский процессуальный кодексы Республики Беларусь» атрымала рэалізацыю прававая пазіцыя Канстытуцыйнага Суда, выкладзеная ў рашэнні ад 21 кастрычніка 2008 г. У гэтым рашэнні Канстытуцыйны Суд, разглядаючы пытанне аб правядзенні публічных таргоў у працэсе выканання рашэння суда ў грамадзянскім судаводстве, адзначыў, што на стадыі выканаўчага вядзення спраў аднаўленне парушаных правоў і інтарэсаў суб’ектаў працэсу павінна грунтавацца на разумным і справядлівым уліку інтарэсаў удзельнікаў працэсу. Пры гэтым апраўдана як дапушчэнне зніжэння першапачатковага кошту маёмасці, выстаўленай на таргі, так і ўстанаўленне гранічных памераў такога зніжэння. Аднак паколькі артыкул 23 Канстытуцыі дапускае абмежаванне правоў і свабод асобы толькі ў выпадках, прадугледжаных законам, то правіла аб гранічным памеры зніжэння пачатковага кошту маёмасці, якая рэалізуецца на паўторных таргах, павiнна быць дакладна замацавана на заканадаўчым узроўні. Пазіцыя Канстытуцыйнага Суда знайшла рэалізацыю ў новай рэдакцыі артыкула 511 Грамадзянскага працэсуальнага кодэкса.

2. У мэтах рэалізацыі канстытуцыйнага права кожнага на судовую абарону ў рашэнні Канстытуцыйнага Суда ад 27 мая 2010 г. прызнана неабходным заканадаўча вызначыць парадак і асаблівасці разгляду ў судах скарг асуджаных да арышту, пазбаўлення волі, пажыццёвага заключэння, асоб, якія ўтрымліваюцца пад вартай, і адміністрацыйна арыштаваных на прымяненне да іх мер дысцыплінарнага спагнання. Раней у рашэннях ад 2 красавіка 2001 г., ад 15 ліпеня 2002 г. і ад 24 снежня 2002 г. Канстытуцыйны Суд ужо звяртаў увагу на неабходнасць забеспячэння канстытуцыйнага права асуджаных да пазбаўлення волі на судовае абскарджанне прымененых да іх спагнанняў.

Указаныя рашэнні і вышэйвыкладзеная прававая пазіцыя Канстытуцыйнага Суда ўлічаны ў Законе Рэспублікі Беларусь ад 4 студзеня 2012 года «О внесении изменений и дополнений в некоторые законы Республики Беларусь», у адпаведнасці з якім глава 29 Грамадзянскага працэсуальнага кодэкса дапоўнена параграфам 61 «Особенности рассмотрения и разрешения жалоб осужденных к аресту, лишению свободы, пожизненному заключению, лиц, содержащихся под стражей, на применение к ним мер взыскания и жалоб административно арестованных на применение к ним видов дисциплинарных взысканий».

3. У рашэннях ад 10 снежня 2009 г. і ад 4 сакавіка 2010 г. Канстытуцыйны Суд, прааналізаваўшы нормы Канстытуцыі і адпаведных заканадаўчых актаў Рэспублікі Беларусь, прыйшоў да вываду аб тым, што рашэнні вышэйстаячых падатковых органаў, прынятыя па зваротах, звязаных з пытаннямі падаткаабкладання (растлумачэння падатковага заканадаўства), з’яўляюцца прававымі актамі ненарматыўнага характару. У мэтах рэалізацыі канстытуцыйнага права кожнага на судовую абарону, а таксама забеспячэння правоў падаткаплацельшчыкаў Канстытуцыйны Суд прызнаў неабходным забяспечыць магчымасць абскарджання ў судовым парадку рашэнняў вышэйстаячых падатковых органаў, прынятых па зваротах, звязаных з пытаннямі падаткаабкладання (растлумачэння падатковага заканадаўства).

Пазіцыя Канстытуцыйнага Суда рэалізавана ў Законе Рэспублікі Беларусь ад 30 снежня 2011 года «О внесении изменений и дополнений в Налоговый кодекс Республики Беларусь», у адпаведнасці з якім пункт 3 артыкула 21 Падатковага кодэкса дапоўнены новай часткай. У гэтай частцы прадугледжваецца, што на плацельшчыкаў пры вылічэнні і выплаце падаткаў, збораў (пошлін) на падставе пісьмовых растлумачэнняў па пытаннях прымянення актаў падатковага заканадаўства, атрыманых імі з Міністэрства па падатках і зборах Рэспублікі Беларусь, распаўсюджваецца палажэнне часткі першай пункта 3 артыкула 21 указанага Кодэкса, згодна з якім плацельшчыкам гарантуецца адміністрацыйная і судовая абарона іх правоў і законных інтарэсаў у парадку, які вызначаецца дадзеным Кодэксам і іншымі актамі заканадаўства.

4. Ацэньваючы адпаведнасць Закона Рэспублікі Польшча «Аб Карце паляка» агульнапрызнаным прынцыпам і нормам міжнароднага права, Канстытуцыйны Суд у рашэнні ад 7 красавіка 2011 г. звярнуў увагу Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу на магчымасць з мэтай абароны інтарэсаў Рэспублікі Беларусь уліку выкладзенай у гэтым рашэнні пазіцыі Канстытуцыйнага Суда пры ўдасканальванні норм законаў Рэспублікі Беларусь «О государственной службе в Республике Беларусь» і «Об общественных объединениях», а таксама пры заканадаўчым рэгуляванні адпаведных адносін, якія датычацца беларускіх суайчыннікаў за рубяжом.

Пазіцыя Канстытуцыйнага Суда ўлічана ў законах Рэспублікі Беларусь ад 8 лістапада 2011 года «О внесении дополнений и изменений в некоторые законы Республики Беларусь» і ад 30 снежня 2011 года «О внесении изменений и дополнений в Закон Республики Беларусь «О государственной службе в Республике Беларусь». У артыкуле 7 Закона «Об общественных объединениях» устаноўлена забарона на дзейнасць грамадскіх аб’яднанняў, саюзаў, накіраваную на садзейнічанне прадастаўленню замежнымі дзяржавамі грамадзянам Рэспублікі Беларусь ільгот і пераваг у сувязі з палітычнымі, рэлігійнымі поглядамі або нацыянальнай прыналежнасцю ў парушэнне заканадаўства Рэспублікі Беларусь. У адпаведнасці з падпунктам 1.13 пункта 1 артыкула 22 Закона «О государственной службе в Республике Беларусь» дзяржаўны служачы не мае права атрымліваць ад замежных дзяржаў дакументы, якія прадастаўляюць правы на льготы і перавагі ў сувязі з палітычнымі, рэлігійнымі поглядамі або нацыянальнай прыналежнасцю, а таксама карыстацца такімі льготамі і перавагамі, калі іншае не вынікае з міжнародных дагавораў Рэспублікі Беларусь.

5. Пры аналізе на прадмет канстытуцыйнасці Закона Рэспублікі Беларусь «О бюджете государственного внебюджетного Фонда социальной защиты населения Министерства труда и социальной защиты Республики Беларусь на 2011 год» Канстытуцыйны Суд у рашэнні ад 11 кастрычніка 2010 г. указаў на некарэктнасць назвы гэтага Закона. Такім законам павінен зацвярджацца бюджэт дзяржаўнага пазабюджэтнага фонду сацыяльнай абароны насельніцтва Рэспублікі Беларусь, а тэкст закона – змяшчаць палажэнне аб тым, што Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь з’яўляецца распарадчыкам сродкаў дадзенага дзяржаўнага пазабюджэтнага фонду. Прававая пазіцыя Канстытуцыйнага Суда ўлічана ў Законе Рэспублікі Беларусь ад 30 снежня 2011 года «О бюджете государственного внебюджетного фонда социальной защиты населения Республики Беларусь на 2012 год».

6. У рашэнні ад 24 чэрвеня 2011 г. «О соответствии Конституции Республики Беларусь Закона Республики Беларусь «О внесении дополнений и изменений в некоторые законы Республики Беларусь по вопросам деятельности прокуратуры Республики Беларусь» Канстытуцыйны Суд звярнуў увагу на тое, што далейшае развіццё заканадаўчага рэгулявання дзейнасці органаў пракуратуры магчыма ў напрамку больш дакладнага размежавання функцый ажыццяўлення нагляду і працэсуальнага кіраўніцтва расследаваннем крымінальных спраў.

Указаная прававая пазіцыя Канстытуцыйнага Суда ўлічана заканадаўцам пры рэгламентацыі пытанняў, звязаных са стварэннем Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь. У прыватнасці, Законам Рэспублікі Беларусь ад 13 снежня 2011 года «О внесении дополнений и изменений в некоторые законы Республики Беларусь по вопросам образования Следственного комитета Республики Беларусь» прадугледжваецца вызваленне пракурора ад ажыццяўлення працэсуальнага кіраўніцтва папярэднім следствам, што дазволіць следчым больш эфектыўна рэалізоўваць свае паўнамоцтвы пры расследаванні злачынстваў, а пракурору – больш поўна ажыццяўляць функцыі нагляду за працэсуальнай дзейнасцю органаў папярэдняга следства.

Аналізуючы дзейнасць дзяржаўных органаў і службовых асоб, накіраваную на выкананне рашэнняў Канстытуцыйнага Суда і ўнясенне адпаведных змяненняў і дапаўненняў у прынятыя (выдадзеныя) імі нарматыўныя прававыя акты, Канстытуцыйны Суд звяртае ўвагу нарматворчых органаў (службовых асоб) на наяўныя факты несвоечасовай рэалізацыі некаторых прававых пазіцый, выказаных у яго рашэннях, што негатыўна ўплывае на забеспячэнне канстытуцыйных правоў і свабод грамадзян.

VI

Прынцып вяршэнства права ў нарматворчасці i правапрымяненні выступае ў якасці галоўнага фактару забеспячэння вяршэнства Канстытуцыі, зацвярджэння канстытуцыйнай законнасці і развіцця канстытуцыйнай дэмакратыі.

Вяршэнства права як найважнейшая ўласцівасць прававой дзяржавы ўключае неабходныя элементы, якія маюць не толькі фармальнае, але і матэрыяльнае значэнне. Да гэтых элементаў адносяцца: законнасць, прававая дакладнасць, забарона самавольства, доступ да правасуддзя ў незалежных і непрадузятых судах, выкананне правоў чалавека, роўнасць усіх перад законам.

Рэалізацыя прынцыпу законнасці прадугледжвае неабходнасць выканання законаў не толькі фізічнымі і юрыдычнымі асобамі, але і органамі дзяржаўнай улады, службовымі і іншымі асобамі, якія ажыццяўляюць дзяржаўныя функцыі і павінны дзейнічаць у межах прадастаўленых ім правоў і ўскладзеных на іх абавязкаў. Пры гэтым павінна быць выключана фармальнае прымяненне закона, якое не адпавядае духу права і справядлівасці.

Шляхам забеспячэння прынцыпу прававой дакладнасці ў нарматворчасці ствараюцца ўмовы для аднастайнасці і прадказальнасці правапрымяняльнай практыкі, што павышае давер грамадзян да дзяржавы.

Канстытуцыйны Суд лічыць, што ў сучасных складаных умовах увядзенне абмежаванняў і забарон для выканання дзяржавай канстытуцыйных абавязкаў не павінна ажыццяўляцца заканадаўцам самавольна, быць несправядлівым і неабгрунтаваным. Прытрымліванне прынцыпу прапарцыянальнасці пры ўстанаўленні забарон і абмежаванняў дазваляе дасягнуць балансу паміж канстытуцыйнымі правамі і свабодамі грамадзян і публічнымі інтарэсамі дзяржавы і грамадства. Любыя абмежаванні канстытуцыйных правоў і свабод павінны не толькі быць юрыдычна дапушчальнымі, сацыяльна апраўданымі, але і адпавядаць патрабаванням справядлівасці, з’яўляцца неабходнымі і суразмернымі канстытуцыйна прызнаным мэтам такіх абмежаванняў.

Прынцып вяршэнства права парушаецца пры адсутнасці магчымасці абскарджваць дзеянні (бяздзеянне) дзяржаўных органаў і службовых асоб і вырашаць спрэчкі ў судзе. Пашырэнне магчымасці выкарыстання альтэрнатыўных механізмаў вырашэння спрэчак, у тым ліку прымірыцельных працэдур, не павінна выключаць права на судовую абарону.

Галоўнай састаўляючай прававой дзяржавы з’яўляецца выкананне правоў чалавека. Пры прыняцці рашэнняў Канстытуцыйным Судом старанна аналізавалася, ці ў дастатковай меры заканадаўцам вызначаны прававы механізм рэалізацыі канстытуцыйных правоў і свабод грамадзян. Пры гэтым Канстытуцыйны Суд неаднаразова звяртаў і звяртае ўвагу заканадаўца і правапрымяняльнікаў на тое, што ў адпаведнасці з артыкулам 2 Канстытуцыі чалавек, яго правы, свабоды і гарантыі іх рэалізацыі з’яўляюцца найвышэйшай каштоўнасцю і мэтай грамадства і дзяржавы.

Асаблівую ўвагу Канстытуцыйны Суд акцэнтуе на неабходнасці выканання такога патрабавання вяршэнства права, як забеспячэнне роўнасці ўсіх перад законам, прычым не толькі фармальнай, але і рэальнай.

Канстытуцыйны Суд лічыць, што безумоўнае прытрымліванне ў нарматворчасці і правапрымяненні канстытуцыйнага прынцыпу вяршэнства права дазволіць заканадаўцу забяспечыць стабільнае, зразумелае і адпаведнае сучасным патрабаванням заканадаўства, а правапрымяняльніку – эфектыўную абарону правоў, свабод і законных інтарэсаў грамадзян, правоў і законных інтарэсаў арганізацый.

Аб’ектыўныя тэндэнцыі сучасных сусветных працэсаў характарызуюцца далейшай іх глабалізацыяй і ўзмацненнем узаемазалежнасці краін і народаў. На цеснае эканамічнае супрацоўніцтва і больш поўную рэалізацыю сацыяльна-эканамічных правоў грамадзян накіраваны Мытны саюз і Адзіная эканамічная прастора.

Канстытуцыйны Суд адзначае, што прынцып вяршэнства права ў сілу сваёй усеагульнасці з’яўляецца асноватворным і для міжнародных адносін. У сувязі з гэтым акты органаў міждзяржаўных утварэнняў і правапрымяняльная практыка павінны грунтавацца на вяршэнстве права, якое ў інтэграцыйных аб’яднаннях зацвярджаецца пры дапамозе фарміравання наднацыянальнага права, арыентаванага на максімальна магчымае гарманічнае спалучэнне і баланс нацыянальных інтарэсаў, універсалізацыю прававых стандартаў, перш за ўсё ў галіне правоў чалавека.

Выступаючы ў якасці натуральнага шляху развіцця сучасных дзяржаў, якія утвараюць аб’яднальныя структуры, інтэграцыя прадугледжвае вывядзенне нацыянальных прававых сістэм на новы, больш высокі ўзровень, стварэнне эфектыўных механізмаў абароны правоў і законных інтарэсаў грамадзян.

У межах сваіх паўнамоцтваў Канстытуцыйны Суд даваў прававую ацэнку канстытуцыйнасці законаў і іншых нарматыўных прававых актаў Рэспублікі Беларусь, грунтуючыся на прынцыпе вяршэнства права з улікам усіх яго элементаў. Няўхільнае прытрымліванне прынцыпу вяршэнства права ў нарматворчасці i правапрымяненні стварае неабходныя ўмовы для фарміравання дэмакратычнай сацыяльнай прававой дзяржавы, у якой толькі і магчымы дастойнае развіццё асобы, ажыццяўленне правоў і свабод чалавека і грамадзяніна, забеспячэнне гарантый іх рэалізацыі.

Гэта Пасланне прынята на пасяджэнні Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь 18 студзеня 2012 г.

Старшынствуючы –
Старшыня Канстытуцыйнага
Суда Рэспублікі Беларусь
П.П.Міклашэвіч

Версiя для друку