EngРусБел
Пасланнi Канстытуцыйнага Суда
 

Прэзідэнту  
Рэспублiкi Беларусь  

Палаце прадстаўнікоў  
Нацыянальнага сходу  
Рэспублікі Беларусь

  Савету Рэспублікі
Нацыянальнага сходу 
Рэспублiкi Беларусь

 

ПАСЛАННЕ
КАНСТЫТУЦЫЙНАГА СУДА РЭСПУБЛIКI БЕЛАРУСЬ

  АБ СТАНЕ КАНСТЫТУЦЫЙНАЙ ЗАКОННАСЦІ
Ў РЭСПУБЛIЦЫ БЕЛАРУСЬ У 2009 ГОДЗЕ

У мінулым 2009 годзе адзначаны 15-гадовы юбілей Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, якая замацавала асновы канстытуцыйнага ладу, важнейшыя прынцыпы ўладкавання грамадства і дзяржавы, асноўныя правы, свабоды і абавязкі грамадзян, канстытуцыйныя каштоўнасці і мэты.

На аснове Канстытуцыі ажыццяўляюцца далейшае ўмацаванне суверэннай беларускай дзяржаўнасці, прававой сістэмы, фарміраванне дзяржавы для народа, дасягаюцца грамадская згода і сацыяльна-палітычная стабільнасць у краіне.

Дзейнасць Канстытуцыйнага Суда як органа судовага кантролю за канстытуцыйнасцю нарматыўных прававых актаў накіравана на забеспячэнне вяршэнства Канстытуцыі, рэалізацыю канстытуцыйных норм і прынцыпаў у нарматворчасці і правапрымяненні, зацвярджэнне канстытуцыйнай законнасці.

Прымаючы рашэнні і фармулюючы прававыя пазіцыі, Канстытуцыйны Суд шляхам рэалізацыі прадастаўленых яму паўнамоцтваў ажыццяўляе абарону такіх фундаментальных канстытуцыйных каштоўнасцей, як дэмакратычная сацыяльная прававая дзяржава, правы і свабоды чалавека, вяршэнства права, справядлівасць і роўнасць, парламентарызм, прававая эканоміка, падтрымліваючы іх канстытуцыйна-прававы баланс у сучасных умовах.

I

Ажыццяўленне Канстытуцыйным Судом на падставе Канстытуцыі і ў адпаведнасці з Дэкрэтам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 26 чэрвеня 2008 г. № 14 «Аб некаторых мерах па ўдасканальванню дзейнасці Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь» паўнамоцтваў па правядзенню абавязковага папярэдняга кантролю канстытуцыйнасці ўсіх законаў, прынятых Нацыянальным сходам Рэспублікі Беларусь, перад падпісаннем іх Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь з’яўляецца паказчыкам далейшага павышэння ролі канстытуцыйнага правасуддзя ў зацвярджэнні вяршэнства Канстытуцыі, выпрацоўцы належных заканадаўчых механізмаў ажыццяўлення і абароны канстытуцыйных правоў і свабод грамадзян, забеспячэнні іх гарантый. Абавязковы папярэдні кантроль канстытуцыйнасці законаў мае на мэце прадухіленне парушэнняў канстытуцыйнасці ў заканатворчасці, зыходзячы з выяўленага Канстытуцыйным Судом канстытуцыйна-прававога сэнсу нарматыўных палажэнняў, і выключэнне магчымых негатыўных вынікаў дзеяння законаў у будучым, калі яны не супярэчаць Канстытуцыі, аднак наяўныя ў іх падыходы да рэгулявання грамадскіх адносін маюць пэўныя недахопы, якія могуць быць ліквідаваны на практыцы з улікам прававых пазіцый Канстытуцыйнага Суда.

Канстытуцыйны Суд у 2009 годзе ў парадку абавязковага папярэдняга кантролю канстытуцыйнасці законаў разгледзеў 104 законы, у тым ліку 44 законы аб ратыфікацыі міжнародных дагавораў Рэспублікі Беларусь.

У рашэннях Канстытуцыйнага Суда адзначаліся развіццё ў прынятых законах асноватворных прынцыпаў і норм Канстытуцыі, якія вызначаюць арыенціры і зместавую накіраванасць заканадаўчага рэгулявання важнейшых грамадскіх адносін, замацаванне механізму рэалізацыі канстытуцыйных правоў і свабод грамадзян, гарантый забеспячэння роўнасці ўсіх перад законам; дапушчальнасць абмежавання правоў і свабод толькі ў выпадках, прадугледжаных законам.

У рашэннях, што прымаліся пры ажыццяўленні абавязковага папярэдняга кантролю канстытуцыйнасці законаў, Канстытуцыйны Суд фармуляваў прававыя пазіцыі, якія з’яўляюцца вынікам ацэнкі выяўлення канстытуцыйна-прававога сэнсу норм законаў. Пры дапамозе прававых пазіцый, выпрацаваных на аснове палажэнняў Канстытуцыі і ў мэтах забеспячэння яе вяршэнства, высвятлялася сэнсавае значэнне нарматыўнага зместу артыкулаў законаў з улікам балансу замацаваных у іх канстытуцыйных каштоўнасцей і ўстанаўлення сістэмных сувязей і ўзаемазалежнасці норм права. У прававых пазіцыях змяшчаліся вывады не толькі аб рэалізацыі і развіцці ў законах, што правяраліся, норм і прынцыпаў Канстытуцыі, але і аб дапушчаных прабелах прававога рэгулявання, калізіях прававых норм, іх унутранай няўзгодненасці, вынікам якіх можа быць неадназначнае разуменне і прымяненне прававых палажэнняў на практыцы.

Канстытуцыйны Суд рэалізоўваў прадастаўленыя яму паўнамоцтвы па ажыццяўленню абавязковага папярэдняга кантролю канстытуцыйнасці прынятых Парламентам законаў, не ўмешваючыся пры гэтым у заканадаўчы працэс.

Пры праверцы канстытуцыйнасці законаў у парадку абавязковага папярэдняга кантролю Канстытуцыйным Судом выкарыстоўваліся такія крытэрыі канстытуцыйнасці, як адпаведнасць норм законаў нормам і прынцыпам Канстытуцыі, агульнапрызнаным прынцыпам міжнароднага права; суразмернасць абмежаванняў правоў і свабод грамадзян, якія ўстанаўліваюцца ў законе, іншым каштоўнасцям і мэтам, што абараняюцца Канстытуцыяй, і прытрымліванне граніц такіх абмежаванняў; прававая дакладнасць, якая падразумявае яснасць, пэўнасць, несупярэчлівасць, лагічную ўзгодненасць норм закона, магчымасць у далейшым іх аднастайнага прымянення на практыцы.

1. У шэрагу рашэнняў, прынятых па выніках праверкі канстытуцыйнасці законаў, Канстытуцыйны Суд фармуляваў прававыя пазіцыі станоўчага зместу, сутнасць якіх заключалася ў канстатацыі ў правяраемых законах палажэнняў, накіраваных на замацаванне і далейшае развіццё канстытуцыйных норм і прынцыпаў, а таксама вывадзе аб тым, што заканадаўчае рэгуляванне належным чынам забяспечвае гарантыі рэалізацыі і абарону правоў і свабод грамадзян, правоў і законных інтарэсаў арганізацый.

Прававая пазіцыя станоўчага зместу, якая адлюстроўвае адпаведнасць норм закона Канстытуцыі, выкладзена Канстытуцыйным Судом у рашэнні ад 26 чэрвеня 2009 г. аб адпаведнасці Канстытуцыі Закона Рэспублікі Беларусь «Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у некаторыя законы Рэспублікі Беларусь па пытаннях аховы працы». Канстытуцыйны Суд, засноўваючыся на канстытуцыйным прынцыпе ўзаемнай адказнасці, указаў, што ў адпаведнасці з гэтым прынцыпам павінны забяспечвацца правамерныя паводзіны не толькі дзяржавы, усіх яе органаў і службовых асоб, але і іншых суб’ектаў права, у тым ліку грамадзян. Ва ўказаным рашэнні адзначана, што надзяленне грамадзян правамі на здаровыя і бяспечныя ўмовы працы, на ахову здароўя не вызваляе іх ад выканання абавязкаў, якія карэспандуюць гэтым правам. Аптымальнае, гарманічнае спалучэнне правоў і абавязкаў адпавядае палажэнням Канстытуцыі аб адказнасці грамадзяніна перад дзяржавай за няўхільнае выкананне абавязкаў, ускладзеных на яго Канстытуцыяй, і дзяржавы перад грамадзянінам за стварэнне ўмоў для свабоднага і годнага развіцця асобы (артыкул 2), аб абавязку кожнага, хто знаходзіцца на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, выконваць яе Канстытуцыю і законы (артыкул 52) і магчымасці прымушэння да выканання абавязкаў, прадугледжаных законамі (артыкул 58).

Пры аналізе Закона Рэспублікі Беларусь «Аб унясенні дапаўненняў і змяненняў у некаторыя законы Рэспублікі Беларусь па пытаннях правядзення выбараў і рэферэндумаў і аб прызнанні страціўшым сілу Закона Рэспублікі Беларусь «Аб Цэнтральнай камісіі Рэспублікі Беларусь па выбарах і правядзенню рэспубліканскіх рэферэндумаў» (рашэнне ад 24 снежня 2009 г.) Канстытуцыйны Суд звярнуў увагу на нормы гэтага Закона, якія датычацца больш шырокага ўдзелу прадстаўнікоў палітычных партый і грамадскіх аб’яднанняў у фарміраванні выбарчых камісій. Канстытуцыйны Суд мяркуе, што дадзеныя нормы будуць садзейнічаць дэмакратызацыі працэдуры падрыхтоўкі і правядзення выбараў і рэферэндумаў і больш поўнай рэалізацыі часткі першай артыкула 5 Канстытуцыі, згодна з якой палітычныя партыі, іншыя грамадскія аб’яднанні, дзейнічаючы ў рамках Канстытуцыі, садзейнічаюць выяўленню і выказванню палітычнай волі грамадзян, удзельнічаюць у выбарах. Ва ўказаным рашэнні Суда адзначана таксама накіраванасць на развіццё палажэнняў артыкула 70 Канстытуцыі асобных норм названага Закона, што ўстанаўліваюць умовы і парадак фарміравання выбарчых фондаў кандыдатаў у Прэзідэнты Рэспублікі Беларусь, у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу.

На рэалізацыю ў законе артыкулаў 3, 37, 60, 117, 118, 120–123 Канстытуцыі ўказана ў рашэнні Канстытуцыйнага Суда ад 28 снежня 2009 г., прынятым па выніках разгляду канстытуцыйнасці Закона Рэспублікі Беларусь «Аб мясцовым кіраванні і самакіраванні». Так, норма артыкула 117 Канстытуцыі, у адпаведнасці з якой мясцовае кіраванне і самакіраванне ажыццяўляецца грамадзянамі праз мясцовыя Саветы дэпутатаў, выканаўчыя і распарадчыя органы, органы тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання, мясцовыя рэферэндумы, сходы і іншыя формы прамога ўдзелу ў дзяржаўных і грамадскіх справах, знаходзіць развіццё ў палажэннях названага Закона, што ўдакладняюць паняцці і прынцыпы мясцовага кіравання і самакіравання, а таксама формы прамога ўдзелу грамадзян у вырашэнні мясцовых пытанняў. Патрабаванням артыкула 120 Канстытуцыі адпавядаюць палажэнні дадзенага Закона, згодна з якімі мясцовыя Саветы дэпутатаў, выканаўчыя і распарадчыя органы надзяляюцца адпаведнымі паўнамоцтвамі і гарантыямі іх рэалізацыі ў мэтах забеспячэння правоў сваіх выбаршчыкаў, прыняцця рашэнняў па пытаннях мясцовага значэння зыходзячы з агульнадзяржаўных інтарэсаў мясцовага насельніцтва.

Разам з тым у шэрагу рашэнняў Канстытуцыйны Суд фармуляваў прававыя пазіцыі ў адносінах да асобных нарматыўных палажэнняў законаў, накіраваныя на высвятленне канстытуцыйна-прававога сэнсу гэтых палажэнняў і недапушчэнне іх скажэння пры правапрымяненні.

У рашэнні Канстытуцыйнага Суда ад 28 снежня 2009 г. «Аб адпаведнасці Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь Закона Рэспублікі Беларусь «Аб унясенні дапаўненняў і змяненняў у некаторыя законы Рэспублікі Беларусь па пытаннях ажыццяўлення адміністрацыйных працэдур» пры агульным вывадзе аб адпаведнасці ўказанага Закона Канстытуцыі Судом выкладзена прававая пазіцыя па высвятленню сэнсу змяненняў, якія ўносяцца гэтым Законам, адносна парадку абскарджання адміністрацыйнага рашэння ў мэтах забеспячэння аднастайнага разумення і прымянення дадзеных змяненняў на практыцы, рэалізацыі гарантаваных Канстытуцыяй правоў грамадзян і арганізацый. Канстытуцыйны Суд, паслядоўна адстойваючы важнасць забеспячэння канстытуцыйнага права на доступ да правасуддзя, адзначыў, што ў сілу прамога дзеяння нормы артыкула 60 Канстытуцыі кожнаму гарантуецца абарона правоў кампетэнтным, незалежным і непрадузятым судом. У сувязі з гэтым абскарджанне прынятага рашэння ў дзяржаўны орган, вышэйстаячы ў адносінах да органа, які прыняў такое рашэнне, як устаноўлена ў адпаведнасці са змяненнямі, што ўносяцца ў Закон Рэспублікі Беларусь «Аб каштоўных паперах і фондавых біржах», не выключае права асобы ў выпадку яе нязгоды з прынятым па скарзе рашэннем звярнуцца са скаргай у суд.

Такім чынам, Канстытуцыйны Суд, фармулюючы ў рашэннях, прынятых па выніках абавязковага папярэдняга кантролю канстытуцыйнасці законаў, прававыя пазіцыі станоўчага зместу, пацвярджае рэалізацыю ў законах канстытуцыйных каштоўнасцей. Такая канстатацыя выканання канстытуцыйных норм і прынцыпаў, а ў шэрагу выпадкаў і прававыя пазіцыі аб падыходах да выканання нарматыўных палажэнняў законаў садзейнічаюць забеспячэнню вяршэнства Канстытуцыі, зацвярджэнню яе норм і прынцыпаў у законатворчасці і правапрымяненні, абароне правоў і свабод грамадзян, фарміраванню канстытуцыйнага мыслення.

2. Пры ацэнцы канстытуцыйнасці законаў Канстытуцыйны Суд правярае іх і па такому крытэрыю, як суразмернасць абмежаванняў правоў і свабод грамадзян, што ўстанаўліваюцца ў законах, гэта значыць ці захаваны пры гэтым у законах прынцып прапарцыянальнасці, які выцякае з норм артыкула 23 Канстытуцыі і падразумявае захаванне суразмернасці паміж дзяржаўнымі і грамадскімі інтарэсамі і неабходнасцю абароны правоў і свабод грамадзян, правоў і законных інтарэсаў арганізацый пры ўвядзенні заканадаўчых абмежаванняў. Мэта такіх абмежаванняў правоў і свабод грамадзян павінна быць сапраўды грамадска значнай, важнай і дасягацца пры мінімальным абмежаванні ўказаных правоў і свабод. Адначасова ўстанаўліваецца, ці ўлічаны ў законах палажэнні артыкулаў 7 (прынцып вяршэнства права), 8 (прыярытэт агульнапрызнаных прынцыпаў міжнароднага права) і 22 (роўнасць усіх перад законам) Канстытуцыі.

Пры праверцы канстытуцыйнасці Закона Рэспублікі Беларусь «Аб дзяржаўнай ахове» (рашэнне ад 4 мая 2009 г.) Канстытуцыйны Суд, зыходзячы з прынцыпу прапарцыянальнасці, зрабіў вывад, што нормы ўказанага Закона, якія надзяляюць орган дзяржаўнай аховы шэрагам паўнамоцтваў, рэалізацыя якіх можа пацягнуць абмежаванне правоў і свабод грамадзян, адпавядаюць палажэнням часткі першай артыкула 23 Канстытуцыі як палажэнні, што прадугледжваюць абмежавальныя меры, адэкватныя і суразмерныя ахоўваемым канстытуцыйным каштоўнасцям.

Пры выяўленні канстытуцыйна-прававога сэнсу артыкула 3 Закона Рэспублікі Беларусь «Аб прававым становішчы замежных грамадзян і асоб без грамадзянства ў Рэспубліцы Беларусь» у рашэнні ад 24 снежня 2009 г. Канстытуцыйны Суд адзначыў, што Канстытуцыя прадугледжвае для замежных грамадзян і асоб без грамадзянства роўнае з грамадзянамі Рэспублікі Беларусь карыстанне правамі і свабодамі і выкананне абавязкаў. У законах і іншых заканадаўчых актах у адпаведнасці з Канстытуцыяй знаходзяць далейшае развіццё правы, свабоды і абавязкі замежных грамадзян і асоб без грамадзянства, вызначаюцца іх ільготы і прывілеі, прынцыпы, формы і метады прававога рэгулявання рэалізацыі правоў і свабод, выканання імі абавязкаў, а таксама кампетэнцыя дзяржаўных органаў у сферы рэгулявання прававога становішча ўказаных асоб. У актах заканадаўства падзаконнага ўзроўню могуць быць устаноўлены парадак карыстання правамі, свабодамі, ільготамі, прывілеямі і выканання абавязкаў замежнымі грамадзянамі і асобамі без грамадзянства, а таксама працэдуры рэалізацыі дзяржаўнымі органамі сваёй кампетэнцыі ў сферы рэгулявання прававога становішча названых асоб. Пры гэтым недапушчальна абмежаванне правоў і свабод замежных грамадзян і асоб без грамадзянства актамі заканадаўства, якія маюць падзаконны характар.

Засноўваючыся на палажэннях артыкулаў 25, 29 і 56 Канстытуцыі, Канстытуцыйны Суд у рашэнні ад 23 снежня 2009 г. звярнуў увагу на тое, што нормы Закона Рэспублікі Беларусь «Аб увядзенні ў дзеянне Асаблівай часткі Падатковага кодэкса Рэспублікі Беларусь, унясенні змяненняў і дапаўненняў у Агульную частку Падатковага кодэкса Рэспублікі Беларусь і прызнанні страціўшымі сілу некаторых заканадаўчых актаў Рэспублікі Беларусь і іх асобных палажэнняў па пытаннях падаткаабкладання», прадугледжваюць ажыццяўленне ва ўстаноўленым парадку дзеянняў з мэтай забеспячэння доступу службовых асоб падатковых органаў у жылыя памяшканні, іншыя законныя ўладанні фізічных асоб без або супраць іх волі ці па асабістаму агляду плацельшчыкаў падаткаў, збораў (пошлін). Абмежаванні правоў і свабод грамадзян, якія ўзнікаюць з прычыны гэтага, па меркаванню Канстытуцыйнага Суда, з’яўляюцца дапушчальнымі і суразмернымі зыходзячы з канстытуцыйнага абавязку грамадзян Рэспублікі Беларусь плаціць падаткі, пошліны і іншыя плацяжы.

Канстытуцыйны Суд мяркуе, што пытанні аб магчымасцях і граніцах абмежавання правоў і свабод асобы з’яўляюцца актуальнымі перш за ўсё ў практычным аспекце, уключаючы заканадаўчыя падыходы да іх вырашэння на аснове прынцыпу прапарцыянальнасці.

У адпаведнасці з Канстытуцыяй абмежаванне правоў і свабод асобы дапускаецца толькі ў выпадках, прадугледжаных законам, у інтарэсах нацыянальнай бяспекі, грамадскага парадку, абароны маралі, здароўя насельніцтва, правоў і свабод іншых асоб (артыкул 23). З улікам прынцыпу прапарцыянальнасці прававыя абмежаванні, якімі б ні былі падставы для іх устанаўлення, павінны забяспечваць належны баланс інтарэсаў грамадзян і дзяржавы. Абмежаванні канстытуцыйных правоў павінны быць юрыдычна дапушчальныя, сацыяльна апраўданыя, адпавядаць патрабаванням справядлівасці і з’яўляцца адэкватнымі, суразмернымі і неабходнымі для абароны іншых канстытуцыйна значных каштоўнасцей. У тых выпадках, калі канстытуцыйныя нормы дазваляюць заканадаўча ўстанавіць абмежаванні правоў і свабод, гэтыя абмежаванні не павінны скажаць рэальную сутнасць канстытуцыйных правоў і свабод.

Канстытуцыйны Суд на аснове прававых пазіцый, сфармуляваных з улікам выяўленага канстытуцыйна-прававога сэнсу норм законаў, устанаўлівае абгрунтаванасць абмежаванняў правоў і свабод асобы, зыходзячы з іх адпаведнасці Канстытуцыі, або прызнае законы (іх асобныя палажэнні) супярэчнымі Канстытуцыі. Задача Канстытуцыйнага Суда як адзінага спецыялізаванага органа канстытуцыйнага кантролю ў краіне заключаецца ў забеспячэнні вяршэнства Канстытуцыі, а таксама недапушчэнні ўстанаўлення неабгрунтаваных абмежаванняў правоў і свабод асобы, адвольнага прымянення іх на практыцы.

3. Пры праверцы законаў у парадку абавязковага папярэдняга канстытуцыйнага кантролю ў якасці аднаго з крытэрыяў канстытуцыйнасці прымяняецца прынцып прававой дакладнасці, які выцякае з канстытуцыйнага прынцыпу вяршэнства права (артыкул 7 Канстытуцыі). Яго выкананне асабліва важна пры ўстанаўленні юрыдычнай адказнасці, рэгуляванні праваадносін, што датычацца правоў і свабод грамадзян, гарантый іх рэалізацыі. Канстытуцыйны Суд неаднаразова звяртаў увагу на неабходнасць дасягнення яснасці і адназначнасці нарматыўных прававых актаў, дакладнасці і несупярэчлівасці прававога рэгулявання грамадскіх адносін у мэтах забеспячэння ў далейшым аднастайнага разумення і прымянення нарматыўных палажэнняў на практыцы.

Прававая пазіцыя станоўчага зместу сфармулявана Канстытуцыйным Судом у рашэнні ад 29 кастрычніка 2009 г. аб канстытуцыйнасці Закона Рэспублікі Беларусь «Аб унясенні дапаўненняў і змяненняў у Закон Рэспублікі Беларусь «Аб дзяржаўнай рэгістрацыі нерухомай маёмасці, правоў на яе і здзелак з ёю». У гэтым рашэнні Суд указаў, што палажэнні разглядаемага Закона ў частцы тэрміналогіі, якая выкарыстоўваецца, маюць абгрунтаваны характар, адпавядаюць патрабаванням узгодненасці і дакладнасці прававога рэгулявання, здольны забяспечыць аднастайнае прымяненне прававых норм.

У рашэнні Канстытуцыйнага Суда ад 22 снежня 2009 г., прынятым па выніках разгляду канстытуцыйнасці Закона Рэспублікі Беларусь «Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у некаторыя кодэксы Рэспублікі Беларусь па пытаннях крымінальнай і адміністрацыйнай адказнасці», у мэтах выканання прынцыпу прававой дакладнасці звернута ўвага на тое, што проціпраўнасць учынку па бланкетных саставах адміністрацыйных правапарушэнняў характарызуецца шэрагам асаблівасцей. Так, проціпраўнасць у агульным выглядзе ўстанаўліваецца дыспазіцыяй адпаведнага артыкула Асаблівай часткі Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях, згодна з якой парушэнне (невыкананне) парадку або правіл ажыццяўлення пэўнай дзейнасці забараняецца пад пагрозай прымянення адміністрацыйна-прававой санкцыі, а канкрэтныя дзеянні, што выступаюць элементам аб’ектыўнага боку саставу адміністрацыйнага правапарушэння, дэталізуюцца ў іншых актах заканадаўства, якія ўстанаўліваюць парадак або правілы ажыццяўлення такой дзейнасці. У прымяненні да ўказаных норм учынак з’яўляецца проціпраўным і цягне прымяненне мер адміністрацыйнай адказнасці пры адначасовай наяўнасці дзвюх указаных умоў, а для ўстаранення проціпраўнасці ўчынку і, такім чынам, адміністрацыйнай адказнасці дастаткова адсутнасці хаця б адной з іх: нормы ўказанага Кодэкса або адпаведных ёй прадпісанняў акта заканадаўства. У гэтым жа рашэнні Канстытуцыйным Судом адзначана таксама парушэнне прынцыпу прававой дакладнасці, дапушчанае ў разгледжаным Законе, у выніку якога ўзнікла няўзгодненасць паміж прававымі нормамі Агульнай і Асаблівай частак Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь.

Выкананне прынцыпу прававой дакладнасці абумоўлівае таксама неабходнасць своечасовага прывядзення актаў заканадаўства ў адпаведнасць з актамі, прынятымі пазней, або актамі, якія вызначаюць дзяржаўную палітыку і забяспечваюць комплекснае рэгуляванне адпаведных адносін.

У рашэнні ад 29 кастрычніка 2009 г., адзначаючы абгрунтаванасць унясення ў Закон Рэспублікі Беларусь «Аб асновах транспартнай дзейнасці» змяненняў і дапаўненняў, Канстытуцыйны Суд звярнуў увагу заканадаўца на важнасць своечасовага прывядзення раней прынятых актаў заканадаўства ў адпаведнасць з актамі, прынятымі пазней з мэтай аптымізацыі прававога рэгулявання, і выказаў меркаванне, што выкананне гэтага патрабавання дазваляе выключыць узаемна дубліруючыя і ўзаемна супярэчныя нарматыўныя палажэнні і, такім чынам, не дапусціць фарміравання супярэчлівай правапрымяняльнай практыкі.

Нягледзячы на наяўнасць у шэрагу законаў норм, якія не ў поўнай меры адпавядаюць прынцыпу прававой дакладнасці, што Канстытуцыйны Суд адзначаў у прынятых рашэннях, законы па дадзенай падставе не былі прызнаны неканстытуцыйнымі, паколькі выяўленыя пры гэтым недахопы прававога рэгулявання не закранаюць асноватворных падыходаў да заканадаўчага рэгулявання і могуць быць пераадолены на практыцы з улікам прававых пазіцый Канстытуцыйнага Суда.

4. Канстытуцыйным Судом прызнаны адпавядаючымі Канстытуцыі ўсе законы аб ратыфікацыі міжнародных дагавораў Рэспублікі Беларусь, разгледжаныя ў парадку абавязковага папярэдняга канстытуцыйнага кантролю. Указаныя законы па іх форме, зместу замацаваных у іх норм, з пункту гледжання размежавання кампетэнцыі паміж дзяржаўнымі органамі, а таксама па парадку прыняцця і падпісання адпавядаюць нормам артыкулаў 97, 98 і 100 Канстытуцыі.

Такім чынам, Канстытуцыйны Суд, фармулюючы пры ажыццяўленні абавязковага папярэдняга канстытуцыйнага кантролю прававыя пазіцыі, вызначае адпаведнасць нарматыўных палажэнняў законаў Канстытуцыі, выяўляе канстытуцыйна-прававы сэнс прававых норм ці ўстанаўлівае наяўнасць прабелу, калізіі ў прававым рэгуляванні. Прававыя пазіцыі адлюстроўваюць разуменне Канстытуцыйным Судом канстытуцыйных норм і прынцыпаў, агульнапрызнаных прынцыпаў міжнароднага права, а роўна выяўленне ім канстытуцыйна-прававога сэнсу нарматыўных палажэнняў законаў, змяшчаюць падыходы да вырашэння канстытуцыйна-прававых праблем і служаць прававой падставай для выніковых вывадаў Канстытуцыйнага Суда аб канстытуцыйнасці законаў.

II

У адпаведнасці з артыкулам 116 Канстытуцыі Канстытуцыйны Суд дае заключэнне аб канстытуцыйнасці нарматыўных прававых актаў у парадку далейшага канстытуцыйнага кантролю ў выпадку, калі прапанова аб праверцы нарматыўнага прававога акта ўнесена адным з суб’ектаў, указаных у частцы чацвёртай гэтага артыкула, – Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь, Палатай прадстаўнікоў, Саветам Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, Вярхоўным Судом Рэспублікі Беларусь, Вышэйшым Гаспадарчым Судом Рэспублікі Беларусь, Саветам Міністраў Рэспублікі Беларусь.

Унясенне прапаноў упаўнаважанымі суб’ектамі – гэта не толькі законная падстава для выканання Канстытуцыйным Судом яго канстытуцыйнай функцыі па ажыццяўленню кантролю за канстытуцыйнасцю нарматыўных прававых актаў, але і, у сілу часткі другой артыкула 59 Канстытуцыі, у пэўнай меры абавязак указаных дзяржаўных органаў і асоб.

За пятнаццацігадовы перыяд, які прайшоў з часу ўтварэння Канстытуцыйнага Суда, ім вынесена 73 заключэнні аб канстытуцыйнасці нарматыўных прававых актаў, у 47 з якіх нарматыўныя прававыя акты або іх асобныя палажэнні былі прызнаны не адпавядаючымі Канстытуцыі і актам больш высокай юрыдычнай сілы. Сваімі рашэннямі Канстытуцыйны Суд аказвае станоўчы ўплыў на развіццё прававой сістэмы Рэспублікі Беларусь. Пацвярджэнне канстытуцыйнасці нарматыўнага прававога акта або, наадварот, прызнанне такога акта неканстытуцыйным, роўна як і фармулюемые пры гэтым Судом прававыя пазіцыі аб неабходнасці ўдакладнення актаў заканадаўства і правапрымяняльнай практыкі, садзейнічаюць далейшаму ўдасканальванню заканадаўства і ў цэлым фарміраванню прававой дзяржавы.

Аднак у апошнія гады, на што Канстытуцыйны Суд неаднаразова звяртаў увагу, знізілася актыўнасць органаў, якія, згодна з артыкулам 116 Канстытуцыі, маюць права звяртацца ў Канстытуцыйны Суд з прапановамі аб праверцы канстытуцыйнасці нарматыўнага прававога акта (апошняя прапанова аб праверцы канстытуцыйнасці нарматыўнага прававога акта была ўнесена ў Канстытуцыйны Суд у 2007 годзе).

Адсутнасць ва ўпаўнаважаных суб’ектаў уласных прапаноў аб праверцы канстытуцыйнасці нарматыўных прававых актаў у Канстытуцыйным Судзе можа быць дапоўнена рэалізацыяй прадастаўленага грамадзянам і арганізацыям часткай трэцяй артыкула 22 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб судаўладкаванні і статусе суддзяў права звяртацца з ініцыятывай аб такой праверцы да органаў і асоб, надзеленых правам унясення ў Канстытуцыйны Суд прапаноў аб праверцы канстытуцыйнасці акта, гэта значыць са зваротам у Канстытуцыйны Суд у апасродкаванай форме. Акрамя таго, для грамадзян, якія не валодаюць у цяперашні час правам на непасрэдны зварот у Канстытуцыйны Суд з прапановай аб праверцы нарматыўнага прававога акта – правам на канстытуцыйную скаргу, ініцыіраванне такой праверкі перад упаўнаважанымі органамі і асобамі з’яўляецца адным са спосабаў рэалізацыі артыкула 60 Канстытуцыі, што гарантуе кожнаму судовую абарону яго правоў і інтарэсаў. Канстытуцыйны Суд паслядоўна адстойвае пазіцыю аб неабходнасці няўхільнага выканання палажэнняў указанага артыкула Канстытуцыі і забеспячэння права кожнага на доступ да правасуддзя, у тым ліку канстытуцыйнага.

У 2009 годзе грамадзянамі і арганізацыямі было накіравана больш як 100 зваротаў ва ўпаўнаважаныя органы з просьбай унесці у Канстытуцыйны Суд прапанову аб праверцы канстытуцыйнасці нарматыўных прававых актаў. У зваротах адзначалася неадпаведнасць, па меркаванню заяўнікоў, Канстытуцыі асобных палажэнняў нарматыўных прававых актаў, якія маглі б стаць прадметам разгляду ў Канстытуцыйным Судзе.

Ва ўмовах, якія склаліся, асобае значэнне набывае наяўнасць дакладнай, нарматыўна замацаванай працэдуры дзеянняў ўпаўнаважаных суб’ектаў пры атрыманні імі ад грамадзян і арганізацый зваротаў з ініцыятывай аб праверцы канстытуцыйнасці нарматыўнага прававога акта. Зыходзячы з гэтага, Канстытуцыйны Суд у рашэннях ад 26 сакавіка 2009 г. указаў на адсутнасць прававога рэгулявання дадзенай працэдуры і прапанаваў Савету Міністраў, Палаце прадстаўнікоў і Савету Рэспублікі Нацыянальнага сходу ўнесці адпаведныя змяненні і дапаўненні ў іх рэгламенты, накіраваныя на ўстанаўленне парадку прыняцця рашэнняў аб падтрымцы або адхіленні такіх зваротаў.

З улікам прававой пазіцыі Канстытуцыйнага Суда Савет Міністраў пастановай ад 26 жніўня 2009 г. № 1112 дапоўніў свой Рэгламент главой 81 «Парадак разгляду Саветам Міністраў Рэспублікі Беларусь пытанняў унясення прапаноў у Канстытуцыйны Суд».

Эфектыўны механізм, што прадугледжвае парадак разгляду органамі і асобамі, якія валодаюць правам унясення ў Канстытуцыйны Суд прапаноў аб праверцы канстытуцыйнасці акта, зваротаў грамадзян і арганізацый з ініцыятывай аб праверцы канстытуцыйнасці акта, дазволіць грамадзянам і арганізацыям належным чынам рэалізоўваць права апасродкаванага доступу да канстытуцыйнага правасуддзя і стаць рэальна дзеючымі ўдзельнікамі канстытуцыйнага працэсу, што будзе садзейнічаць павышэнню ўзроўню абароны канстытуцыйных правоў і свабод і ўмацаванню канстытуцыйнай законнасці.

III

На падставе часткі першай артыкула 116 Канстытуцыі і ў адпаведнасці з часткай восьмай артыкула 22 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб судаўладкаванні і статусе суддзяў Канстытуцыйны Суд мае права ўносіць Прэзідэнту Рэспублікі Беларусь, у палаты Нацыянальнага сходу, Савет Міністраў, іншыя дзяржаўныя органы ў адпаведнасці з іх кампетэнцыяй прапановы аб неабходнасцi ўнясення ў акты заканадаўства змяненняў і (або) дапаўненняў, прыняцця новых нарматыўных прававых актаў.

У мэтах выканання ўскладзеных на Канстытуцыйны Суд задач па забеспячэнню вяршэнства Канстытуцыі і яе непасрэднага дзеяння на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, адпаведнасці нарматыўных прававых актаў дзяржаўных органаў Канстытуцыі, па зацвярджэнню канстытуцыйнай законнасці ў нарматворчасці і правапрымяненні ён закліканы прымаць у рамках сваіх паўнамоцтваў рашэннi, накіраваныя на ўдасканальванне заканадаўства, устараненне выяўленых у актах заканадаўства прабелаў і калізій.

У 2009 годзе Канстытуцыйным Судом прынята 10 рашэнняў па выніках аналізу прававых праблем, якія маюць значнасць для рэалізацыі канстытуцыйных норм і прынцыпаў, у тым ліку ўказаных у зваротах грамадзян і арганізацый.

Усяго ў Канстытуцыйны Суд у 2009 годзе паступіла 1274 звароты, у тым ліку 1217 зваротаў грамадзян (з іх 53 калектыўных за подпісам 5320 чалавек) і 51 – арганізацый. Звароты грамадзян і арганізацый з’яўляюцца важнай крыніцай інфармацыі аб дзейнасцi дзяржаўных органаў па выкананню норм Канстытуцыі і абароне правоў і свабод грамадзян, правоў і законных інтарэсаў арганізацый, дазваляюць ацэньваць эфектыўнасць прававога рэгулявання грамадскіх адносін, рабіць вывады аб ступенi прававой абароненасці розных катэгорый грамадзян.

У сувязі са зваротамі грамадзян прынята, напрыклад, рашэнне Канстытуцыйнага Суда ад 18 лютага 2009 г., накіраванае на рэалізацыю канстытуцыйнага прынцыпу роўнасці ўсіх перад законам. Ва ўказаным рашэнні Канстытуцыйны Суд прыйшоў да вываду, што Палажэннем аб звароце сродкаў у рэспубліканскі і (або) мясцовыя бюджэты, затрачаных дзяржавай на падрыхтоўку рабочага (служачага), спецыяліста, зацверджаным пастановай Савета Міністраў ад 23 верасня 2006 г. № 1255, устаноўлены няроўныя ўмовы вызвалення маладых спецыялістаў, якія атрымалі за кошт сродкаў рэспубліканскага і (або) мясцовых бюджэтаў прафесіянальна-тэхнічную або сярэднюю спецыяльную адукацыю і залічаны ва ўстановы адукацыі на навучанне ў дзённай форме атрымання адукацыі больш высокага ўзроўню, ад выканання прадугледжанага часткай чатырнаццатай артыкула 10 Закона Рэспублікі Беларусь «Аб адукацыі» абавязку вярнуць затрачаныя дзяржавай на навучанне сродкі.

У адпаведнасці з указаным Палажэннем маладыя спецыялісты, залічаныя ва ўстановы адукацыі Рэспублікі Беларусь на навучанне ў дзённай форме атрымання адукацыі больш высокага ўзроўню, вызваляліся ад звароту затрачаных на навучанне сродкаў, у той час як маладыя спецыялісты, залічаныя на такіх жа ўмовах ва ўстановы адукацыі Расійскай Федэрацыі, гэтым правам не карысталіся.

Канстытуцыйны Суд прызнаў, што паколькі заканадаўства прадугледжвае неабходнасць забеспячэння даступнасці і роўных правоў грамадзян у атрыманні адукацыі, у тым ліку вышэйшай, то гэтыя правы павінны быць у поўнай меры ўлічаны пры рэалізацыі і прадастаўленні гарантый абароны іншых правоў і абавязкаў у сферы адукацыі. Па выніках разгляду пытання Савету Міністраў было прапанавана ва ўстаноўленым парадку ўдакладніць адпаведныя нормы Палажэння аб звароце сродкаў у рэспубліканскі і (або) мясцовыя бюджэты, затрачаных дзяржавай на падрыхтоўку рабочага (служачага), спецыяліста.

У рашэнні ад 5 сакавіка 2009 г., зыходзячы з неабходнасці рэалізацыі прынцыпу прававой дакладнасці, Канстытуцыйны Суд адзначыў, што неадназначнае разуменне і прымяненне прававых норм, якія рэгулююць выплату выхадной дапамогі і мінімальнай кампенсацыi за пагаршэнне прававога становішча работніка пры скасаванні кантракта з-за невыканання або неналежнага выканання яго ўмоў па віне наймальніка, прывяло да фактычнага выключэння магчымасці атрымання прадугледжанай часткай трэцяй артыкула 41 Працоўнага кодэкса Рэспублікі Беларусь выхадной дапамогі. Па меркаванню Канстытуцыйнага Суда, выпадкі, калі выхадная дапамога не выплачваецца, павінны вызначацца толькі на ўзроўні закона. У сувязі з гэтым Канстытуцыйны Суд прызнаў неабходным унесці змяненнi і дапаўненнi ў частку трэцюю артыкула 41 і частку трэцюю артыкула 48 Працоўнага кодэкса і прапанаваў Савету Міністраў унесці ва ўстаноўленым парадку ў Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу праект адпаведнага закона.

На недапушчальнасць абмежавання гарантый рэалізацыі канстытуцыйнага права на працу Канстытуцыйны Суд указаў у рашэннi ад 17 ліпеня 2009 г. У дадзеным рашэнні Канстытуцыйны Суд адзначыў, што ўключэнне наймальнікамі ў прапановы аб свабодных рабочых месцах (вакансіях) патрабаванняў, якія датычацца ўзросту, месца жыхарства і іншых акалічнасцей, не звязаных з дзелавымі якасцямі работніка, стварае перадумовы парушэння канстытуцыйных правоў грамадзян, замацаваных артыкуламі 30, 32 і 41 Канстытуцыі. Канстытуцыйны Суд, звяртаючы увагу на тое, што адсутнасць ва ўстаноўленым у працоўным заканадаўстве пераліку дыскрымінацыйных акалічнасцей указанняў на ўзрост, месца жыхарства, роўна як і вычарпальны характар дадзенага пераліку, значна абмяжоўваюць гарантыі рэалізацыі канстытуцыйнага права грамадзян на працу, прапанаваў Савету Міністраў падрыхтаваць праект закона аб унясенні адпаведных дапаўненняў у Працоўны кодэкс і Закон Рэспублікі Беларусь «Аб занятасці насельніцтва Рэспублікі Беларусь».

У рашэнні Канстытуцыйнага Суда ад 16 снежня 2009 г. звернута ўвага на наяўную калізію паміж нормамі часткі другой артыкула 16, часткі пятай артыкула 17 Закона Рэспублікі Беларусь «Аб барацьбе з карупцыяй» і пункта 5 артыкула 47 Працоўнага кодэкса ў адносінах да спынення працоўнага дагавора з дзяржаўнай службовай асобай пры непадпісанні ці парушэнні ёю пісьмовага абавязацельства па выкананню ўстаноўленых абмежаванняў. У мэтах вырашэння ўказанай калізіі і забеспячэння аднастайнага разумення і прымянення норм заканадаўства Канстытуцыйны Суд прапанаваў Савету Міністраў падрыхтаваць праект закона аб унясенні адпаведных змяненняў у Працоўны кодэкс.

На ўдасканальванне практыкі прымянення нарматыўных палажэнняў, прадухіленне і ўстараненне пры гэтым парушэнняў заканадаўства накіраваны і іншыя рашэнні Канстытуцыйнага Суда.

Канстытуцыйны Суд, ацэньваючы стан канстытуцыйнай законнасці ў нарматворчасці і правапрымяненні, звяртае ўвагу на тое, што ў цяперашні час узрастаюць патрабаванні да якасці заканадаўства, якое забяспечвае неабходную прававую стабільнасць і стварае прававыя ўмовы для развіцця розных сфер жыцця грамадства. У сувязі з гэтым Канстытуцыйны Суд адзначае, што рэалізацыя правоў, свабод і законных інтарэсаў грамадзян і арганізацый, паўната іх абароны судом магчымы толькі пры няўхільным выкананні ўсімі дзяржаўнымі органамі, іншымі арганізацыямі, службовымі асобамі і грамадзянамі замацаваных у Канстытуцыі норм і прынцыпаў.

IV

Істотным крытэрыем ацэнкі стану канстытуцыйнай законнасці, важнай прыметай канстытуцыйнага мыслення службовых асоб, адным са спосабаў забеспячэння прававой стабільнасці і правапарадку з’яўляецца выкананне рашэнняў Канстытуцыйнага Суда.

Канстытуцыйны Суд адзначае, што ў апошні час дзяржаўныя органы Рэспублікі Беларусь паслядоўна рэалізуюць у нарматыўных прававых актах прававыя пазіцыі, прапановы па ўдасканальванню заканадаўства і правапрымяняльнай практыкі, якія змяшчаюцца ў рашэннях Канстытуцыйнага Суда.

Усяго на працягу 2009 года рэалізаваны прававыя пазіцыі і прапановы па ўдасканальванню заканадаўства, сфармуляваныя ў 22 рашэннях Канстытуцыйнага Суда.

З улікам рашэння Канстытуцыйнага Суда ад 24 мая 2005 г. у нормах Дэкрэта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 29 красавіка 1999 г. № 21 «Аб некаторых мерах па ўпарадкаванню пенсіённага забеспячэння грамадзян, якія пацярпелі ад катастрофы на Чарнобыльскай АЭС» (са змяненнямі і дапаўненнямі, унесенымі Дэкрэтам ад 18 снежня 2006 г. № 19) і Закона Рэспублікі Беларусь ад 6 студзеня 2009 г. «Аб сацыяльнай абароне грамадзян, якія пацярпелі ад катастрофы на Чарнобыльскай АЭС, іншых радыяцыйных аварый» замацаваны аднастайны падыход да парадку ўстанаўлення прычыннай сувязі калецтва або захворвання, што прывялі да страты прафесіянальнай працаздольнасці, інваліднасці або смерці, з катастрофай на Чарнобыльскай АЭС, іншымі радыяцыйнымі аварыямі ў адносінах да асоб, якія з’яўляюцца карміцелямі і не з’яўляюцца такімі.

Ва Указе Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 16 лістапада 2009 г. № 543 «Аб унясенні дапаўненняў і змяненняў ва Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 29 лістапада 2005 г. № 565» улічана прапанова Канстытуцыйнага Суда, выкладзеная ў яго рашэнні ад 21 кастрычніка 2008 г., прынятым па выніках разгляду нормы пункта 67 Палажэння аб парадку ўліку грамадзян, якія маюць патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, прадастаўлення жылых памяшканняў дзяржаўнага жыллёвага фонду, зацверджанага Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 29 лістапада 2005 г. № 565, якая прадугледжвае, што ў выпадку смерці наймальніка жылога памяшкання сацыяльнага карыстання з адным з членаў яго сям’і заключаецца бястэрміновы дагавор найму жылога памяшкання сацыяльнага карыстання дзяржаўнага жыллёвага фонду. У мэтах рэалізацыі канстытуцыйнага прынцыпу сацыяльнай справядлівасці ўказаная норма распаўсюджана на працаздольных паўналетніх членаў сям’і наймальніка жылога памяшкання сацыяльнага карыстання дзяржаўнага жыллёвага фонду, у выпадку калі наймальнік памёр пасля ўступлення ў сілу Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 29 лістапада 2005 г. № 565.

У мэтах забеспячэння гарантый ажыццяўлення канстытуцыйнага права грамадзян на працу, паўнаты прававога рэгулявання ў сферы працоўных адносін Законам Рэспублікі Беларусь ад 28 снежня 2009 г. «Аб унясенні дапаўненняў і змяненняў у Закон Рэспублікі Беларусь «Аб занятасці насельніцтва Рэспублікі Беларусь» рэалізавана рашэнне Канстытуцыйнага Суда ад 17 ліпеня 2009 г. у частцы ўнясення дапаўненняў у артыкулы 10 і 21 Закона «Аб занятасці насельніцтва Рэспублікі Беларусь», накіраваных на недапушчэнне ўстанаўлення ў прапановах аб працаўладкаванні патрабаванняў адносна ўзросту і месца жыхарства і замацаванне на ўзроўні закона адкрытага пераліку дыскрымінацыйных акалічнасцей.

На падставе рашэння Канстытуцыйнага Суда ад 10 красавіка 2008 г. Законам Рэспублікі Беларусь ад 28 снежня 2009 г. «Аб унясенні дапаўненняў і змяненняў у некаторыя кодэксы Рэспублікі Беларусь» у артыкул 520 Грамадзянскага працэсуальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь унесена дапаўненне, якое прадугледжвае ўключэнне даходаў ад рамеснай дзейнасці ў пералік даходаў, прыраўнаваных да заработнай платы.

У нормах Закона Рэспублікі Беларусь ад 28 снежня 2009 г. «Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у некаторыя кодэксы Рэспублікі Беларусь па пытаннях крымінальнай і адміністрацыйнай адказнасці» атрымалі рэалізацыю прапановы Канстытуцыйнага Суда, сфармуляваныя ў рашэннях ад 12 чэрвеня 2008 г., 3 снежня 2008 г. і ад 29 снежня 2008 г. Так, Кодэкс Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях дапоўнены палажэннем, што вызначае паняцце «даход ад незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасці» у мэтах накладання адміністрацыйнага спагнання ў адпаведнасці з артыкулам 12.7 указанага Кодэкса, а ў пункце 4 часткі 1 артыкула 7.6 названага Кодэкса ўстаноўлены вычарпальны пералік саставаў адміністрацыйных правапарушэнняў, за ўчыненне якіх прымяняюцца больш працяглыя тэрміны накладання адміністрацыйных спагнанняў – не пазней трох гадоў з дня ўчынення і шасці месяцаў з дня выяўлення адміністрацыйнага правапарушэння; артыкул 1.4 Працэсуальна-выканаўчага кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях дапоўнены вызначэннем паняцця «працэсуальны тэрмін» з указаннем парадку вылічэння гэтага тэрміну.

У Законе Рэспублікі Беларусь ад 29 снежня 2009 г. «Аб рэспубліканскім бюджэце на 2010 год» улічана прававая пазіцыя Канстытуцыйнага Суда, выкладзеная ў рашэнні ад 31 кастрычніка 2008 г. «Аб адпаведнасці Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь Закона Рэспублікі Беларусь «Аб рэспубліканскім бюджэце на 2009 год» і накіраваная на дасягненне адпаведнасці норм Закона Рэспублікі Беларусь аб рэспубліканскім бюджэце на наступны год і Бюджэтнага кодэкса Рэспублікі Беларусь у частцы паўнамоцтваў, якія прадастаўляюцца Міністэрству фінансаў Рэспублікі Беларусь на ўнясенне змяненняў у асобныя паказчыкі рэспубліканскага бюджэту ў працэсе яго выканання.

Засноўваючыся на палажэннях артыкула 121 Канстытуцыі, Канстытуцыйны Суд у шэрагу рашэнняў сфармуляваў прававую пазіцыю аб неабходнасці замацавання асноўных элементаў падаткаабкладання, у тым ліку гранічных памераў ставак па кожнаму віду мясцовых падаткаў і збораў на ўзроўні закона. Дадзеная прававая пазіцыя атрымала рэалізацыю ў Асаблівай частцы Падатковага кодэкса Рэспублікі Беларусь, у якой для кожнага мясцовага падатку і збору ўстаноўлены гранічныя памеры ставак.

Рашэнне Канстытуцыйнага Суда ад 18 лютага 2009 г. «Аб роўных умовах вызвалення ад звароту сродкаў, затрачаных дзяржавай на падрыхтоўку маладога спецыяліста» рэалізавана ў пастанове Савета Міністраў ад 1 чэрвеня 2009 г. № 708 «Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у некаторыя пастановы Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь». У адпаведнасці са змяненнямі і дапаўненнямі, унесенымі ў Палажэнне аб звароце сродкаў у рэспубліканскі і (або) мясцовыя бюджэты, затрачаных дзяржавай на падрыхтоўку рабочага (служачага), спецыяліста, зацверджанае пастановай Савета Міністраў ад 23 верасня 2006 г. № 1255, маладыя спецыялісты, якія атрымалі прафесіянальна-тэхнічную або сярэднюю спецыяльную адукацыю і залічаны ва ўстановы адукацыі не толькі Рэспублікі Беларусь, але і Расійскай Федэрацыі на навучанне ў дзённай форме атрымання адукацыі больш высокага ўзроўню, вызваляюцца ад звароту затрачаных на навучанне сродкаў у рэспубліканскі і (або) мясцовыя бюджэты.

З прыняццем пастановы Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь ад 6 студзеня 2009 г. № 1 «Аб некаторых пытаннях ліцэнзавання дзейнасці па аказанню юрыдычных паслуг» у адносінах да асоб, якія прэтэндуюць на атрыманне пасведчання аб атэстацыі рыэлтэра ў сувязі з учыненнем імі карыслівых злачынстваў, судзімасць за якія знята і пагашана ва ўстаноўленым законам парадку, знята абмежаванне правоў, на якое ўказаў Канстытуцыйны Суд у рашэнні ад 9 лютага 2006 г.

У выкананне рашэння Канстытуцыйнага Суда ад 28 жніўня 2007 г. Міністэрствам абароны Рэспублікі Беларусь прынята пастанова ад 31 сакавіка 2009 г. № 16 «Аб зацвярджэнні Інструкцыі аб парадку разліку расходаў за навучанне ваеннаслужачых Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь і транспартных войск Рэспублікі Беларусь», якая рэгулюе парадак вызначэння памеру спаганяемых расходаў на навучанне ва ўстановах адукацыі, што ажыццяўляюць падрыхтоўку афіцэрскіх кадраў, у мэтах своечасовага звароту ў бюджэт сродкаў, затрачаных на навучанне ўказаных асоб.

У пастановах Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь ад 24 красавіка 2009 г. № 53 і Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь ад 20 ліпеня 2009 г. № 54 рэалізаваны прававыя пазіцыі Канстытуцыйнага Суда, выкладзеныя ў рашэннях ад 6 лістапада 2008 г. і ад 18 лютага 2009 г., па пытанню тэрміну дзеяння даверанасці на атрыманне грашовых сродкаў з укладу (дэпазіту) фізічнай асобы, на які пералічваецца яго пенсія (дапамога). З адпаведных нарматыўных прававых актаў, прынятых указанымі міністэрствамі, выключаны палажэнні, што не адпавядаюць нормам грамадзянскага і банкаўскага заканадаўства.

Выкананы таксама рашэнні Канстытуцыйнага Суда, якія змяшчаюць прававыя пазіцыі па пытаннях забеспячэння роўных правоў асобных катэгорый грамадзян, удакладнення прававога рэгулявання ў адносінах да дэпутатаў мясцовых Саветаў дэпутатаў, і інш.

У цэлым станоўча ацэньваючы выкананне рашэнняў, Канстытуцыйны Суд звяртае ўвагу на неабходнасць больш поўнай і сваечасовай рэалізацыі дзяржаўнымі органамі і службовымі асобамі прававых пазіцый і прапаноў Канстытуцыйнага Суда, накіраваных на ўдасканальванне заканадаўства, абарону правоў і свабод грамадзян.

V

Канстытуцыйны Суд, ацэньваючы стан канстытуцыйнай законнасці ў Рэспубліцы Беларусь у 2009 годзе, адзначае, што на яго ўплываюць як якасць і паслядоўнасць заканадаўства, законнасць і справядлівасць правапрымянення, так і канстытуцыйнае мысленне службовых асоб, грамадская правасвядомасць.

Па выніках ажыццяўлення абавязковага папярэдняга кантролю канстытуцыйнасці законаў усе правераныя законы па свайму зместу прызнаны адпаведнымі Канстытуцыі. У прававых пазіцыях Канстытуцыйны Суд канстатаваў, што ў прынятых у мiнулым годзе законах знайшлі замацаванне і далейшае развіццё адпаведныя канстытуцыйныя нормы і прынцыпы, агульнапрызнаныя прынцыпы міжнароднага права. Заканадаўчае рэгуляванне належным чынам забяспечвае гарантыі рэалізацыі і абароны правоў і свабод грамадзян, іншых канстытуцыйных каштоўнасцей. Прававыя абмежаванні, якiя ўводзяцца на заканадаўчым узроўні, з улікам прынцыпу прапарцыянальнасці забяспечваюць належны баланс інтарэсаў асобы і дзяржавы, суразмернасць каштоўнасцям і мэтам, якiя абараняюцца Канстытуцыяй.

Дасягнуты на аснове Канстытуцыі ўзровень заканатворчасці з’яўляецца вынікам палітычнай і сацыяльнай стабільнасці ў грамадстве і дзяржаве, узаемадзеяння і скаардынаванай работы органаў дзяржаўнай улады, усіх удзельнікаў заканатворчага працэсу.

Якасць законаў, якія прымаюцца, павінна вызначацца іх поўнасцю, сістэмнасцю, комплекснасцю заканадаўчага рэгулявання з улікам аб’ектыўных фактараў сучаснага развіцця. Наяўнасць прабелаў і калізій з прычыны непрытрымлівання прынцыпу прававой дакладнасці вядзе не толькі да неадназначнага разумення законаў (іх асобных норм), але і да іх неправамернага прымянення, што не спрыяе забеспячэнню належнага ўзроўню канстытуцыйнай законнасці.

Адзначаючы наяўнасць у некаторых законах пэўных недахопаў, Канстытуцыйны Суд пры дапамозе прававых пазіцый, заснаваных на выяўленым канстытуцыйна-прававым сэнсе заканадаўчых норм, арыентаваў дзяржаўныя органы і іншыя арганізацыі, службовых асоб і грамадзян на канстытуцыйна вывераны падыход да прымянення норм законаў на практыцы з улікам патрабаванняў Канстытуцыі і прававых пазіцый Канстытуцыйнага Суда.

Парламентам працягваецца прыняцце законаў аб асновах рэгулявання грамадскіх адносін у асобных сферах. Канстытуцыйны Суд лічыць, што такі заканадаўчы падыход быў апраўданы на першапачатковым этапе станаўлення нацыянальнай прававой сістэмы, калі пры адсутнасці заканадаўчай базы заканадавец вызначаў асноўныя пачаткі, накірункі прававога рэгулявання. Сучаснаму этапу развіцця грамадства і дзяржавы павінны адпавядаць сучасныя законы, якiя поўна, ясна і дакладна рэгулююць важнейшыя грамадскія адносіны, змяшчаюць належныя механізмы рэалізацыі правоў і свабод грамадзян. Законамі павінны забяспечвацца як вырашэнне надзённых сацыяльна-эканамічных задач, устойлівасць дзяржаўнага і грамадскага развіцця, так і дасягненне канстытуцыйных мэт і абарона фундаментальных канстытуцыйных каштоўнасцей, далейшая дэмакратызацыя і гуманізацыя грамадскіх адносін. Прыярытэт законаў у прававым рэгуляванні – важнейшы складальнік прававой дзяржавы.

Неабходны своечасовае прывядзенне палажэнняў актаў заканадаўства ў адпаведнасць з новымі нормамі, якія ўстанаўліваюць іншыя падыходы да прававога рэгулявання падобных адносін, поўнае і паслядоўнае выключэнне з заканадаўства актаў (норм), што фактычна страцілi сілу.

Важнейшая задача на сучасным этапе – стабільнасць заканадаўства. Большасць законаў, якiя прымаюцца Парламентам, уносяць змяненнi і дапаўненнi ў раней прынятыя законы, прычым у шэрагу выпадкаў змяненнi і дапаўненнi не носяць сутнаснага характару, а абумоўлены неабходнасцю тэрміналагічнай карэкцiроўкі. Па меркаванню Канстытуцыйнага Суда, дасягненне стабільнасці заканадаўчага рэгулявання з’яўляецца важнейшай і неабходнай умовай стабільнага развіцця грамадства і дзяржавы.

Пры гэтым працэс удасканальвання заканадаўства павінен працягвацца з улікам неабходнасці больш поўнай рэалізацыі канстытуцыйных норм і прынцыпаў, стварэння дадатковых прававых механізмаў і прававых працэдур з мэтай належнага забеспячэння правоў і свабод грамадзян і гарантый іх рэалізацыі, абароны іншых ахоўваемых Канстытуцыяй каштоўнасцей.

На дасягненне якасна больш высокага ўзроўню канстытуцыйнай законнасці павінна быць накіравана і правапрымяненне. Аб доступе да правасуддзя, у тым ліку канстытуцыйнага, сведчыць не канстатаванне фармальнай гарантаванасцi кожнаму абароны яго правоў і свабод кампетэнтным, незалежным і непрадузятым судом у вызначаныя законам тэрміны, а ажыццяўленне правасуддзя ў строгай адпаведнасці з Канстытуцыяй, абвешчанымі ёю каштоўнасцямі і мэтамі. Рэальнае забеспячэнне рэалізацыі грамадзянамі права на судовую абарону, уключаючы апасродкаваны доступ да канстытуцыйнага правасуддзя, з’яўляецца неабходнай умовай павышэння ўзроўню гарантаванасцi іх канстытуцыйных правоў і свабод, правоў і законных інтарэсаў арганізацый.

Умацаванне канстытуцыйнай законнасці, забеспячэнне абароны канстытуцыйных каштоўнасцей і мэт шляхам іх заканадаўчага развіцця і практычнай рэалізацыі – абавязак не толькі Канстытуцыйнага Суда, але і ўсіх дзяржаўных органаў і службовых асоб.

Гэта Пасланне прынята на пасяджэнні Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь 26 студзеня 2010 года.

Старшынствуючы –
Старшыня Канстытуцыйнага
Суда Рэспублікі Беларусь
П.П.Міклашэвіч

Версiя для друку