EngРусБел
Пасланнi Канстытуцыйнага Суда
 

Прэзідэнту  
Рэспублiкi Беларусь  

Палаце прадстаўнікоў  
Нацыянальнага сходу  
Рэспублікі Беларусь

  Савету Рэспублікі
Нацыянальнага сходу 
Рэспублiкi Беларусь

 

ПАСЛАННЕ
КАНСТЫТУЦЫЙНАГА СУДА РЭСПУБЛIКI БЕЛАРУСЬ

  АБ СТАНЕ КАНСТЫТУЦЫЙНАЙ ЗАКОННАСЦІ
Ў РЭСПУБЛIЦЫ БЕЛАРУСЬ У 2008 ГОДЗЕ

I

Дзейнасць Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь у 2008 годзе пры ажыццяўленні паўнамоцтваў па кантролю за канстытуцыйнасцю нарматыўных прававых актаў была накіравана на забеспячэнне вяршэнства Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і яе непасрэднага дзеяння на тэрыторыі дзяржавы.

У навейшай гісторыі краіны 2008 год азнаменаваны важнай грамадска-палітычнай падзеяй – чарговымі выбарамі ў Палату прадстаўнікоў і Савет Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь чацвёртага склікання. Фарміраванне і дзейнасць Парламента ў адпаведнасці з Канстытуцыяй – гэта важнейшая гарантыя рэалізацыі ў нашай дзяржаве канстытуцыйных механізмаў народаўладдзя і неабходная ўмова ўдасканальвання заканадаўчай базы.

Задачамі прававой дзяржавы, якой абвешчана Рэспубліка Беларусь у Канстытуцыі, з’яўляюцца замацаванне і развіццё ў актах заканадаўства норм і прынцыпаў Канстытуцыі, далейшае зацвярджэнне канстытуцыйнай законнасці ў нарматворчасці і правапрымяненні ў мэтах забеспячэння гарантый рэалізацыі правоў і свабод грамадзян. Вырашэнню гэтых задач садзейнічаюць прадпрынятыя на дзяржаўным узроўні меры па ўдасканальванню канстытуцыйнага кантролю.

Дэкрэтам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 26 чэрвеня 2008 г. № 14 “Аб некаторых мерах па ўдасканальванню дзейнасці Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь” Канстытуцыйнаму Суду разам з іншымі дадатковымі паўнамоцтвамі прадастаўлена права ажыццяўлення абавязковага папярэдняга кантролю канстытуцыйнасці ўсіх законаў, прынятых Палатай прадстаўнікоў і адобраных Саветам Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, да падпісання дадзеных законаў Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь.

З увядзеннем абавязковага папярэдняга кантролю канстытуцыйнасці законаў устанаўліваюцца дадатковыя юрыдычныя механізмы, якія папярэджваюць прыняцце заканадаўчых норм, што супярэчаць Канстытуцыі. Гэта садзейнічае аптымізацыі, эфектыўнасці прававога рэгулявання, павышэнню якасці законаў. Такім чынам, у Рэспубліцы Беларусь ствараюцца ўмовы для больш поўнай рэалізацыі канстытуцыйнага прынцыпу вяршэнства права, забеспячэння канстытуцыйных правоў і свабод грамадзян.

ІІ

Канстытуцыйны Суд у парадку абавязковага папярэдняга кантролю канстытуцыйнасці законаў разгледзеў 102 законы, у тым ліку 3 кодэксы, 24 агульныя і спецыяльныя законы, 40 законаў аб унясенні змяненняў і дапаўненняў і прызнанні страціўшымі сілу заканадаўчых актаў, 35 законаў аб ратыфікацыі міжнародных дагавораў Рэспублікі Беларусь. Сярод правераных законаў – Бюджэтны кодэкс Рэспублікі Беларусь, кодэксы Рэспублікі Беларусь аб зямлі і аб нетрах, законы Республікі Беларусь “Аб Нацыянальным сходзе Рэспублікі Беларусь”, “Аб Савеце Міністраў Рэспублікі Беларусь”, “Аб гарантаванай кампенсацыі банкаўскіх укладаў (дэпазітаў) фізічных асоб”, “Аб папярэджванні інваліднасці і рэабілітацыі інвалідаў”, “Аб сродках масавай інфармацыі”, “Аб рэгістры насельніцтва”, “Аб абароне правоў спажыўцоў жыллёва-камунальных паслуг” і іншыя.

Ацэньваючы канстытуцыйнасць правераных законаў, Канстытуцыйны Суд адзначае, што ў іх знайшлі развіццё асноватворныя прынцыпы і нормы Канстытуцыі. У сваіх рашэннях Канстытуцыйны Суд канстатаваў замацаванне ў законах механізмаў рэалізацыі канстытуцыйных прынцыпаў дэмакратычнай сацыяльнай прававой дзяржавы, раздзялення ўлад, вяршэнства права, прыярытэту агульнапрызнаных прынцыпаў міжнароднага права, гарантаванасці роўнай абароны і роўных умоў для развіцця ўсіх форм уласнасці, дзяржаўных гарантый правоў і свабод грамадзян, роўнасці ўсіх перад законам, абмежавання правоў і свабод асобы толькі ў выпадках, прадугледжаных законам.

Канстытуцыйны Суд таксама адзначае, што нормамі ўказаных законаў забяспечваецца развіццё механізмаў рэалізацыі права ўласнасці, права на ахову здароўя, права на адпачынак, права на спрыяльнае навакольнае асяроддзе, права на абарону ад незаконнага ўмяшання ў асабістае жыццё, права на атрыманне, захоўванне і выкарыстанне інфармацыі, іншых канстытуцыйных правоў і свабод асобы.

Па выніках абавязковага папярэдняга кантролю ўсе законы, якія з’яўляліся прадметам праверкі іх канстытуцыйнасці, прызнаны адпавядаючымі Канстытуцыі.

Зыходзячы з палажэнняў Канстытуцыі і ў мэтах забеспячэння яе вяршэнства Канстытуцыйны Суд у шэрагу рашэнняў выклаў прававыя пазіцыі, накіраваныя на выяўленне канстытуцыйна-прававога сэнсу норм разгледжаных законаў і недапушчэнне неканстытуцыйнай правапрымяняльнай практыкі.

У рашэнні ад 1 ліпеня 2008 г. “Аб адпаведнасці Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь Закона Рэспублікі Беларусь “Аб Нацыянальным сходзе Рэспублікі Беларусь” Канстытуцыйны Суд прыйшоў да вываду аб магчымасці Парламента ў межах прадастаўленых яму канстытуцыйных паўнамоцтваў удакладніць сваю кампетэнцыю на ўзроўні закона. Па свайму зместу ўказаныя ўдакладненні не сведчаць аб переразмеркаванні канстытуцыйных паўнамоцтваў паміж дзяржаўнымі органамі. Яны садзейнічаюць рэалізацыі прынцыпу раздзялення ўлад, развіццю механізмаў стрымак і процівагаў, якія выключаюць магчымасць умяшання Парламента пры ажыццяўленні ім сваёй дзейнасці ў сферу канстытуцыйных паўнамоцтваў іншых дзяржаўных органаў.

Сутнасць прававой пазіцыі Канстытуцыйнага Суда, сфармуляванай па выніках праверкі на прадмет канстытуцыйнасці Закона Рэспублікі Беларусь “Аб Савеце Міністраў Рэспублікі Беларусь” (рашэнне ад 8 ліпеня 2008 г.), заключаецца ў тым, што палажэнні гэтага Закона, якія вызначаюць склад і структуру Урада, неабходна разумець у арганічным адзінстве з нормамі і прынцыпамі Канстытуцыі, што замацоўваюць самастойнасць і незалежнасць галін улады, рэгулююць арганізацыю і дзейнасць інстытутаў Кіраўніка дзяржавы і Урада.

У рашэнні ад 27 снежня 2008 г. “Аб адпаведнасці Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь Закона Рэспублікі Беларусь “Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у некаторыя законы Рэспублікі Беларусь па пытаннях дзяржаўнага і мабілізацыйнага матэрыяльных рэзерваў” Канстытуцыйны Суд, зыходзячы з палажэнняў часткі чацвёртай артыкула 104 Канстытуцыі, звярнуў увагу на тое, што праграмныя законы патрабуюць асобага парадку не толькі іх прыняцця, але і ўнясення ў іх змяненняў і дапаўненняў. Такі асобы парадак, па меркаванню Канстытуцыйнага Суда, прадугледжвае ўнясенне змяненняў і дапаўненняў асобным законам, які, як і праграмны закон, павінен быць прыняты не менш як дзвюма трацямі галасоў дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў і членаў Савета Рэспублікі ад поўнага складу палат.

У рашэнні ад 8 ліпеня 2008 г. “Ад адпаведнасці Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь Закона Рэспублікі Беларусь “Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у некаторыя законы Рэспублікі Беларусь па пытаннях нарматворчай дзейнасці” Канстытуцыйны Суд зноў пацвердзіў сваю прававую пазіцыю аб магчымасці надання зваротнай сілы нарматыўнаму прававому акту, выказаную ім у шэрагу раней прынятых рашэнняў, якая заключаецца ў тым, што закон мае зваротную сілу не толькі ў выпадках, калі ён змякчае або адмяняе адказнасць грамадзян, але і ў выпадках, калі ён іншым чынам паляпшае іх прававое становішча. І, наадварот, не дапускаецца наданне зваротнай сілы нарматыўным прававым актам, у тым ліку законам, што ўстанаўліваюць ці ўзмацняюць адказнасць, ці іншым чынам пагаршаюць прававое становішча грамадзян, індывідуальных прадпрымальнікаў і юрыдычных асоб.

Правяраючы канстытуцыйнасць Закона Рэспублікі Беларусь “Аб рэспубліканскім бюджэце на 2009 год”, Канстытуцыйны Суд у рашэнні ад 31 кастрычніка 2008 г. адзначыў, што ў частцы трэцяй падпункта 1.4 пункта 1 артыкула 7 гэтага Закона не ўстаноўлены гранічныя размеры падатковых ставак па зборах з карыстальнікаў, у той час як па ўсіх іншых відах мясцовых падаткаў і збораў такое абмежаванне ва ўказаным артыкуле Закона прадугледжана. Прававая пазіцыя Канстытуцыйнага Суда, выказаная ім таксама ў раней прынятых рашэннях, якія датычацца канстытуцыйнасці ўстанаўлення мясцовымі Саветамі дэпутатаў мясцовых падаткаў і збораў, заключаецца ў тым, што ў мэтах забеспячэння прававой дакладнасці асноўныя элементы падаткаабкладання, уключаючы гранічныя размеры ставак, у рамках якіх мясцовыя Саветы дэпутатаў маглі б устанаўліваць іх канкрэтныя размеры, неабходна вызначаць на ўзроўні закона, дакладна і ясна па кожнаму віду мясцовага падатку і збору.

У гэтым жа рашэнні Канстытуцыйны Суд звярнуў увагу на норму, што змяшчаецца ў правераным Законе, згодна з якой плацельшчыкі адлічэнняў у дзяржаўны мэтавы бюджэтны фонд нацыянальнага развіцця, а таксама часткі прыбытку рэспубліканскіх і камунальных унітарных прадпрыемстваў, часткі даходаў гаспадарчых таварыстваў нясуць адказнасць за нявыплату, няпоўную выплату ўказаных адлічэнняў і плацяжоў, устаноўленую заканадаўствам для плацельшчыкаў падаткаў, збораў (пошлін). Паколькі дадзеныя адлічэнні і плацяжы адносяцца да непадатковых даходаў бюджэту і па сваёй сутнасці з’яўляюцца даходамі ад выкарыстання маёмасці, што знаходзіцца ў дзяржаўнай уласнасці, прававая прырода якіх асноўваецца на нормах грамадзянскага заканадаўства, то, па меркаванню Канстытуцыйнага Суда, адказнасць за іх нявыплату, няпоўную выплату не павінна наступаць па нормах, устаноўленых для плацельшчыкаў падаткаў, збораў (пошлін).

Правяраючы канстытуцыйнасць Закона Рэспублікі Беларусь “Аб асновах дзейнасці па прафілактыцы правапарушэнняў”, Канстытуцыйны Суд у мэтах папярэджвання пашыранага разумення артыкула 23 Канстытуцыі, які вызначае ўмовы абмежавання правоў і свабод асобы, у рашэнні ад 31 кастрычніка 2008 г. сфармуляваў прававую пазіцыю адносна нормы артыкула 29 гэтага Закона, што прадугледжвае пастаноўку на прафілактычны ўлік грамадзян, якія ўхіляюцца ад працоўнай дзейнасці, у выпадку, калі законнасць крыніц іх існавання выклікае абгрунтаваныя сумненні. Паколькі словаспалучэнне “абгрунтаваныя сумненні”, якое выкарыстоўваецца ў дадзенай норме, з’яўляецца ацэначным, суб’ектыўным, залежным ад меркавання правапрымяняльніка, то яго неабходна разумець і прымяняць у строгай адпаведнасці з нормамі і прынцыпамі Канстытуцыі, каб выключыць парушэнне правоў і законных інтарэсаў грамадзян.

Па меркаванню Канстытуцыйнага Суда, заканатворчая дзейнасць павінна асноўвацца на прынцыпе прававой дакладнасці, які прадугледжвае яснасць, дакладнасць, несупярэчлівасць, лагічную ўзгодненасць прававых норм. Прытрымліванне дадзенага прынцыпу папярэджвае неадназначнае разуменне і, такім чынам, неправамернае прымяненне юрыдычных норм, якое цягне парушэнне правоў і законных інтарэсаў грамадзян.

Аднак у шэрагу рашэнняў Канстытуцыйным Судом адзначаны няпэўнасць, недакладнасць, няяснасць зместу асобных норм законаў, правераных у парадку папярэдняга канстытуцыйнага кантролю. Канстытуцыйны Суд лічыць, што прызнанне такіх норм супярэчнымі Канстытуцыі не заўсёды можа асноўвацца выключна на меркаванні аб тым, што практыка іх прымянення можа пацягнуць у будучым парушэнне норм Канстытуцыі, правоў і свабод грамадзян. Неканстытуцыйнасць норм, фармулёўка якіх ускладняе іх адназначнае разуменне і прымяненне, можа быць устаноўлена ў поўнай меры пры праверцы такіх норм на падставе артыкула 116 Канстытуцыі і часткі другой артыкула 22 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб судаўладкаванні і статусе суддзяў у парадку далейшага канстытуцыйнага кантролю з улікам практыкі іх прымянення.

Прапановы аб праверцы канстытуцыйнасці нарматыўных прававых актаў у парадку далейшага канстытуцыйнага кантролю маюць права ўносіць у Канстытуцыйны Суд Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь, Палата прадстаўнікоў, Савет Рэспублікі Нацыянальнага сходу, Вярхоўны Суд, Вышэйшы Гаспадарчы Суд, Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь.

У 2008 годзе ўпаўнаважаныя суб’екты з прапановамі аб праверцы канстытуцыйнасці нарматыўных прававых актаў у Канстытуцыйны Суд не звярталіся.

Разам з тым аналіз зваротаў грамадзян і арганізацый сведчыць аб тым, што меліся пэўныя падставы для ўнясення ў Канстытуцыйны Суд прапаноў аб праверцы канстытуцыйнасці асобных нарматыўных прававых актаў. У 2008 годзе ва ўпаўнаважаныя органы паступіла больш як 60 зваротаў грамадзян і арганізацый з просьбай унесці ў Канстытуцыйны Суд прапанову аб праверцы канстытуцыйнасці нарматыўных прававых актаў у сувязі з наяўнасцю ў іх, па меркаванню заяўнікаў, супярэчнасцей, што цягнуць неабгрунтаванае абмежаванне канстытуцыйных правоў і свабод.

Ва ўмовах адсутнасці ў грамадзян права на канстытуцыйную скаргу Канстытуцыйны Суд лічыць, што павінен быць выпрацаваны механізм рэалізацыі часткі трэцяй артыкула 22 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб судаўладкаванні і статусе суддзяў, згодна з якой дзяржаўныя органы, грамадскія аб’яднанні, іншыя арганізацыі і грамадзяне звяртаюцца з ініцыятывай аб праверцы канстытуцыйнасці нарматыўнага прававога акта да органаў і асоб, якія валодаюць правам унясення ў Канстытуцыйны Суд прапаноў аб такой праверцы. Па меркаванню Канстытуцыйнага Суда, парадак унясення ўпаўнаважанымі органамі прапаноў аб праверцы канстытуцыйнасці нарматыўных прававых актаў на падставе зваротаў зацікаўленых асоб павінен быць дакладна вызначаны на заканадаўчым узроўні.

Умацаванне канстытуцыйнай законнасці ў нарматворчасці і правапрымяненні неразрыўна звязана з павышэннем эфектыўнасці канстытуцыйнага кантролю, што напрамую залежыць ад належнага выканання дзяржаўнымі органамі і службовымі асобамі патрабаванняў артыкула 59 Канстытуцыі аб стварэнні ўнутранага парадку, неабходнага для поўнага ажыццяўлення канстытуцыйных правоў і свабод грамадзян, абавязку дзяржаўных органаў і службовых асоб у межах сваёй кампетэнцыі прымаць неабходныя меры для ажыццяўлення і абароны правоў і свабод асобы.

III

Канстытуцыйны Суд, кіруючыся часткай восьмай артыкула 22 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб судаўладкаванні і статусе суддзяў, уносіў у Парламент, Урад і іншыя дзяржаўныя органы ў адпаведнасці з іх кампетэнцыяй прапановы аб неабходнасці ўнясення ў акты заканадаўства змяненняў і дапаўненняў, прыняцця новых нарматыўных прававых актаў.

Аналіз зваротаў грамадзян і арганізацый паказвае, што ў шэрагу зваротаў указвалася на наяўнасць праблем, якія ўзнікалі ў правапрымяняльнай практыцы, у тым ліку ў сувязі з неадназначным разуменнем некаторых норм права, вызначэннем межаў іх дзеяння.

Па выніках разгляду пытанняў, якія мелі значны характар і датычыліся недасканаласці прававога рэгулявання, Канстытуцыйны Суд уносіў прапановы, накіраваныя на ўстараненне прабелаў і калізій у заканадаўстве, забеспячэнне аптымальнага прававога рэгулявання, устанаўленне аднастайнай правапрымяняльнай практыкі.

Так, у рашэнні Канстытуцыйнага Суда ад 21 кастрычніка 2008 г. “Аб некаторых гарантыях для наймальнікаў жылых памяшканняў сацыяльнага карыстання” звернута ўвага на тое, што ва Указе Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 3 чэрвеня 2008 г. № 292 змяшчаюцца новыя падыходы да вызначэння правоў членаў сямей наймальнікаў жылых памяшканняў сацыяльнага карыстання, якія здалі ва ўстаноўленым парадку раней займаемыя жылыя памяшканні. Аднак дзеянне новага правіла, якое дапусціла заключэнне дагавору найму жылога памяшкання з членам сям’і наймальніка, які памёр, без абмежавання трохгадовым тэрмінам, не распаўсюджваецца на выпадкі смерці наймальніка, якія мелі месца да ўступлення Указа № 292 у сілу.

Прававая пазіцыя Канстытуцыйнага Суда ў дадзеным выпадку асноўваецца на тым, што калі рэалізацыя грамадзянамі свайго права на атрыманне сацыяльнага жылля залежала ад выканання імі свайго абавязку па здачы жылых памяшканняў, якія яны займаюць, то прынятыя пазней заканадаўчыя акты, што істотным чынам змянілі прававы рэжым карыстання сацыяльным жыллём, павінны былі ўлічваць указаныя акалічнасці, каб забяспечыць канстытуцыйныя прынцыпы роўнасці ўсіх перад законам і сацыяльнай справядлівасці.

Разглядаючы праблему рэалізацыі суб’ектыўнага права пры спыненні дзеяння прававых норм, Канстытуцыйны Суд у рашэнні ад 18 снежня 2008 г. выказаў прававую пазіцыю аб тым, што ў выпадку страты юрыдычнай сілы нарматыўным прававым актам, які ўстанавіў пэўныя правы і абавязкі грамадзяніна або арганізацыі, у шэрагу выпадкаў існуе неабходнасць рэгулявання на працягу пэўнага часу адносін, што ўзніклі да страты нарматыўным прававым актам юрыдычнай сілы. Такое перажыванне закона ў часе садзейнічае рэалізацыі суб’ектыўных правоў і юрыдычных абавязкаў у поўным аб’ёме, што адпавядае канстытуцыйным прынцыпам гарантаванасці правоў чалавека і ўзаемнай адказнасці дзяржавы і грамадзяніна. Таму, калі пры адмене нарматыўнага прававога акта спыняецца права, рэалізацыя якога ўжо пачалася, заканадаўцу неабходна вызначыць магчымасць, парадак і ўмовы поўнай рэалізацыі гэтага суб’ектыўнага права.

З улікам выкладзенага Канстытуцыйны Суд прызнаў неабходным унесці ў Закон Рэспублікі Беларусь “Аб нарматыўных прававых актах Рэспублікі Беларусь” адпаведныя змяненні і дапаўненні, прапанаваўшы Савету Міністраў падрыхтаваць законапраект.

У рашэнні ад 6 лістапада 2008 г. “Аб тэрміне дзеяння даверанасці на атрыманне грашовых сродкаў з укладу (дэпазіту) фізічнай асобы, адкрытага ў банку, на які пералічваецца пенсія (дапамога)” Канстытуцыйны Суд абгрунтаваў сваю прававую пазіцыю тым, што рэгуляванне адносін, якія датычацца тэрміну дзеяння даверанасці на атрыманне пенсій, залічаных ва ўклад (дэпазіт) фізічнай асобы ў банку, ажыццяўляецца нормамі грамадзянскага, а не пенсіённага заканадаўства, таму ўстанаўленне ў пенсіённым заканадаўстве і падзаконных актах гранічнага тэрміну дзеяння такой даверанасці павінна быць узгоднена з патрабаваннямі грамадзянскага і банкаўскага заканадаўства. Канстытуцыйны Суд прызнаў неабходным замацаваць у артыкуле 87 Закона Рэспублікі Беларусь “Аб пенсіённым забеспячэнні” палажэнне аб тым, што ўказаны ў ім тэрмін дзеяння даверанасці не распаўсюджваецца на выпадкі атрымання грашовых сродкаў з укладу (дэпазіту) грамадзяніна, адкрытага ў банке, на які пералічваецца яго пенсія (дапамога), прапанаваўшы Савету Міністраў разгледзець пытанне аб удасканальванні норм пенсіённага заканадаўства з мэтай устаранення няўзгодненасці прававога рэгулявання.

У рашэнні ад 10 красавіка 2008 г. “Аб аднясенні даходаў ад рамеснай дзейнасці да даходаў, прыраўнаваных да заработнай платы” Канстытуцыйны Суд звярнуў увагу на тое, што грамадзянін, які ажыццяўляе рамесную дзейнасць, знаходзячыся практычна ў аднолькавым становішчы па даходах з фізічнай асобай, якая ажыццяўляе прадпрымальніцкую дзейнасць без утварэння юрыдычнай асобы, пастаўлены ў горшае становішча, чым апошні, у частцы абарачэння спагнання на даходы ад сваёй дзейнасці, паколькі такія даходы не ўключаны ў пералік даходаў, прыраўнаваных да заработнай платы, і на іх не распаўсюджваюцца ўстаноўленыя законам гранічныя размеры ўтрыманняў. Прававая пазіцыя Канстытуцыйнага Суда асноўваецца на тым, што нарматыўнае рэгуляванне павінна базіравацца на спалучэнні інтарэсаў як дзяржавы, так і грамадзян, неабходнасці прытрымлівання роўных падыходаў пры рэгуляванні падобных адносін, забеспячэння прынцыпаў разумнасці і справядлівасці пры вызначэнні наступстваў парушэння норм права.

Канстытуцыйны Суд прызнаў неабходным унесці дапаўненне ў Грамадзянскі працэсуальны кодэкс Рэспублікі Беларусь (далей – ГПК), якое прадугледжвае ўключэнне даходаў ад рамеснай дзейнасці ў пералік даходаў, прыраўнаваных да заработнай платы, і прапанаваў Савету Міністраў забяспечыць распрацоўку адпаведнага законапраекта.

Разглядаючы пытанне правядзення публічных таргоў у працэсе выканання рашэння суда ў грамадзянскім судаводстве, Канстытуцыйны Суд у рашэнні ад 21 кастрычніка 2008 г. адзначыў, што на стадыі выканаўчага вядзення справы аднаўленне парушаных правоў і інтарэсаў суб’ектаў працэсу павінна асноўвацца на разумным і справядлівым уліку інтарэсаў удзельнікаў працэсу. Па меркаванню Канстытуцыйнага Суда, апраўдана як дапушчэнне зніжэння першапачатковага кошту маёмасці, якая выстаўлена на таргі, так і ўстанаўленне гранічных размераў такога зніжэння. Аднак, паколькі артыкул 23 Канстытуцыі дапускае абмежаванне правоў і свабод асобы толькі ў выпадках, прадугледжаных законам, правіла аб гранічным размеры зніжэння пачатковай цаны маёмасці, якая рэалізуецца на паўторных таргах, павінна быць замацавана на заканадаўчым узроўні. Канстытуцыйны Суд прызнаў неабходным дапоўніць ГПК адпаведнай нормай і прапанаваў Савету Міністраў распрацаваць праект закона.

Аналізуючы пры разглядзе шэрагу пытанняў нормы права, якія падлягаюць прымяненню, Канстытуцыйны Суд адзначаў, што належная абарона правоў і законных інтарэсаў грамадзян і арганізацый залежыць ад належнага іх забеспячэння працэсуальнымі правіламі і працэдурамі.

Па выніках разгляду запыту аб абгрунтаванасці прымянення больш працяглых тэрмінаў накладання адміністрацыйных спагнанняў, прадугледжаных пунктам 4 часткі 1 артыкула 7.6 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях (далей — КабАП), пры ажыццяўленні адміністрацыйнага працэсу па асобных складах адміністрацыйных правапарушэнняў Канстытуцыйны Суд у рашэнні ад 29 снежня 2008 г. прызнаў, што неканкрэтная фармулёўка ўказанага пункта можа прывесці да яго пашыранага тлумачэння і распаўсюджвання яго дзеяння на неапраўдана вялікі пералік адміністрацыйна каральных дзеянняў па меркаванню правапрымяняльніка.

Прававая пазіцыя Канстытуцыйнага Суда заключаецца ў тым, што пры тлумачэнні нормы права правапрымяняльнік павінен разумець нарматыўныя прадпісанні адпаведнага артыкула (часткі, пункта артыкула) у арганічным адзінстве. Пры магчымасці альтэрнатыўнага тлумачэння нормы перавагу неабходна аддаваць такому яе сэнсаваму значэнню, якое ў найбольшай ступені забяспечвае правы грамадзян. Канстытуцыйны Суд лічыць, што норма, якая ўстанаўлівае выключэнне з агульнага правіла, павінна быць максімальна дакладнай з мэтай недапушчэння яе пашыранага разумення і прымянення, таму ў сілу прынцыпу прававой дакладнасці пералік канкрэтных складаў адміністрацыйных правапарушэнняў, якія выявіліся ў невыкананні або неналежным выкананні актаў заканадаўства, што рэгулююць эканамічныя адносіны, за ўчыненне якіх устаноўлены больш працяглыя тэрміны накладання адміністрацыйных спагнанняў, павінен быць замацаваны непасрэдна ў КабАП. У сувязі з гэтым Канстытуцыйны Суд прапанаваў Палаце прадстаўнікоў унесці ў дадзены Кодэкс неабходныя змяненні і дапаўненні.

Пры гэтым заканадавец, вырашаючы пытанне аб дапаўненні вышэйуказанага пераліку, павінен кіравацца прынцыпам вяршэнства права, зыходзіць з устаноўленай сістэмнасці прававога рэгулявання, у тым ліку ўзгодненасці падыходаў да вызначэння разумных тэрмінаў прыцягнення да адміністрацыйнай адказнасці, з тым каб тэрміны накладання адміністрацыйных спагнанняў за асобныя адміністрацыйныя правапарушэнні не перавышалі тэрмінаў даўнасці прыцягнення да крымінальнай адказнасці за малазначныя злачынствы.

У рашэнні ад 3 снежня 2008 г. “Аб вылічэнні працэсуальных тэрмінаў у адміністрацыйным працэсе” Канстытуцыйны Суд адзначыў, што ў Працэсуальна-выканаўчым кодэксе Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях (далей – ПВКабАП) не змяшчаюцца нормы аб вылічэнні працэсуальных тэрмінаў, якія вызначаюць іх пачатак, заканчэнне, а таксама перыяд часу, на працягу якога працэсуальныя дзеянні павінны быць учынены, у тым ліку калі апошні дзень працэсуальнага тэрміну прыпадае на нерабочы дзень. Паколькі ПВКабАП з’яўляецца адзіным законам, які ўстанаўлівае парадак адміністрацыйнага працэсу і дзейнічае на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, то, па меркаванню Канстытуцыйнага Суда, адсутнасць у ім норм, што рэгламентуюць пытанні вылічэння працэсуальных тэрмінаў, не забяспечвае аднастайнага разумення і прымянення адпаведных нарматыўных палажэнняў, што можа пацягнуць абмежаванне канстытуцыйных правоў грамадзян на эфектыўную судовую абарону і магчымасць абскарджання судовых пастаноў.

Канстытуцыйны Суд прызнаў неабходным унесці змяненні і дапаўненні ў ПВКабАП і прапанаваў Савету Міністраў распрацаваць законапраект, накіраваны на ўстараненне прабелаў заканадаўчага рэгулявання ў частцы вылічэння працэсуальных тэрмінаў.

Пры абгрунтаванні прававой пазіцыі па дадзенаму пытанню Канстытуцыйны Суд зыходзіў з таго, што абвешчаныя Канстытуцыяй гарантыі судовай абароны ўключаюць права на вынясенне законнай і абгрунтаванай судовай пастановы, якое прадугледжвае магчымасць яе праверкі, перагляду і абскарджання ва ўстаноўленыя законам тэрміны. Заканадаўчымі актамі, якія вызначаюць правілы і працэдуры такога абскарджання, павінна быць ў поўнай меры забяспечана рэалізацыя канстытуцыйнага права грамадзян на абскарджанне судовых пастаноў, што выключае магчымасць суб’ектыўнага падыходу, у тым ліку ў частцы вылічэння працэсуальных тэрмінаў.

У рашэнні ад 12 чэрвеня 2008 г. “Аб вызначэнні паняцця “даход” у мэтах накладання адміністрацыйнага спагнання за незаконную прадпрымальніцкую дзейнасць” указана на наяўнасць прававога прабелу. Канстытуцыйны Суд звярнуў увагу на тое, што паняцце даходу, атрыманага ад незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасці, якое змяшчаецца ў артыкуле 233 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, прымяняльна толькі для адмежавання злачынства, прадугледжанага дадзеным артыкулам, ад аналагічнага адміністрацыйнага правапарушэння (частка 1 артыкула 12.7 КабАП). Канстытуцыйны Суд прызнаў неабходным для правамернасці накладання адміністрацыйнага спагнання ў выглядзе канфіскацыі даходу, атрыманага ў выніку ажыццяўлення незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасці, вызначыць паняцце такога даходу непасрэдна ў артыкуле 12.7 КабАП, прапанаваўшы Палаце прадстаўнікоў унесці ў КабАП адпаведнае дапаўненне.

Ацэньваючы ў цэлым якасць заканадаўства і перспектывы яго ўдасканальвання, Канстытуцыйны Суд адзначае, што абавязковай умовай пабудовы дэмакратычнай сацыяльнай прававой дзяржавы павінна стаць забеспячэнне прынцыпаў вяршэнства права, роўнасці і справядлівасці. Гэта прадугледжвае фарміраванне сбалансаванай заканадаўчай базы, пабудаванай на аснове норм і прынцыпаў Канстытуцыі. У актах заканадаўства павінны быць ясна і дакладна вызначаны правы і абавязкі грамадзян і арганізацый, замацаваны механізмы іх рэалізацыі і гарантыі абароны з устанаўленнем пры неабходнасці ўзаемнай адказнасці дзяржавы і грамадзян.

IV

Адным з важнейшых паказчыкаў стану канстытуцыйнай законнасці ў краіне і абавязковай умовай яе забеспячэння з’яўляецца своечасовае выкананне дзяржаўнымі органамі рашэнняў Канстытуцыйнага Суда.

Канстытуцыйны Суд адзначае ў асноўным станоўчыя вынікі па выкананню яго рашэнняў шляхам прыняцця новых нарматыўных прававых актаў, унясення ў нарматыўныя прававыя акты неабходных змяненняў і дапаўненняў.

Так, у рашэнні ад 28 снежня 2006 г., якое датычыцца прававога рэгулявання дзейнасці жыллёва-будаўнічых кааператываў, Канстытуцыйны Суд указваў, што недасканаласць норм заканадаўства, наяўнасць у ім супярэчнасцей не толькі ўскладняюць яго прымяненне на практыцы, але і ў шэрагу выпадкаў выключаюць магчымасць належнага ажыццяўлення такімі спажывецкімі кааператывамі сваіх функцый, а значыць, не забяспечваюць у поўнай меры абарону правоў і законных інтарэсаў іх членаў, іншых грамадзян і дзяржавы. Прапановы Канстытуцыйнага Суда аб неабходнасці забеспячэння належнага прававога рэгулявання дзейнасці ЖБК рэалізаваны ва Указе Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 28 студзеня 2008 г. № 43 “Аб дзейнасці арганізацый забудоўшчыкаў, гаражных кааператываў і кааператываў, якія ажыццяўляюць эксплуатацыю аўтамабільных стаянак”.

Вывады Канстытуцыйнага Суда, якія змяшчаюцца ў рашэннях ад 26 красавіка 2000 г. і ад 5 чэрвеня 2003 г., адносна неабходнасці ўдасканальвання зямельнага заканадаўства, а таксама прыняцця на яго аснове новага тыпавога статута садаводчых таварыстваў у мэтах больш поўнай абароны правоў членаў гэтых таварыстваў, у тым ліку тых, якія з’яўляюцца ўласнікамі зямельных участкаў, знайшлі адлюстраванне ў нормах Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 28 студзеня 2008 г. № 50 “Аб мерах па ўпарадкаванню дзейнасці садаводчых таварыстваў”.

У Кодэксе Рэспублікі Беларусь аб зямлі, прынятым 23 ліпеня 2008 г., улічана прававая пазіцыя Канстытуцыйнага Суда, якая выказана ім у рашэнні ад 31 кастрычніка 2003 г. і заключаецца ў тым, што супярэчнасці (неадпаведнасці) паміж нарматыўнымі прававымі актамі, якія рэгулююць прадастаўленне інвалідам у часовае карыстанне зямельных участкаў для размяшчэння гаражоў, вырашаюцца з улікам не толькі юрыдычнай сілы і часу прыняцця нарматыўных прававых актаў, але і таго, што дзяржаўная палітыка ў адносінах да інвалідаў вызначаецца спецыяльным Законам Рэспублікі Беларусь “Аб сацыяльнай абароне інвалідаў у Рэспубліцы Беларусь”, з нормамі якога павінны быць узгоднены нормы іншых законаў, уключаючы кодэксы.

У артыкуле 44 Закона Рэспублікі Беларусь “Аб дзяржаўнай службе ў Рэспубліцы Беларусь” (у рэдакцыі Закона ад 15 ліпеня 2008 г.) рэалізавана прапанова Канстытуцыйнага Суда, якая змяшчаецца ў рашэнні ад 26 мая 2004 г., адносна юрыдычнай мэтазгоднасці ўключэння ў стаж дзяржаўнай службы пэўных перыядаў работы ў якасці старшынь калгасаў.

Вывады Канстытуцыйнага Суда, выкладзеныя ім у рашэннях ад 26 чэрвеня 2001 г. і ад 6 снежня 2005 г., аб неабходнасці абароны канфідэнцыяльнасці персанальных даных фізічных асоб улічаны ў Законе Рэспублікі Беларусь ад 21 ліпеня 2008 г. “Аб рэгістры насельніцтва”.

На ўзроўні актаў Урада, міністэрстваў (у прыватнасці, пастановы Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 22 лютага 2008 г. № 257, рашэння Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Рэспублікі Беларусь ад 25 лютага 2008 г.) улічаны прапановы Канстытуцыйнага Суда па пытаннях адпаведна правядзення цэнтралізаванага тэсціравання на адной з дзяржаўных моў па выбары абітурыента, забеспячэння адзінага падыходу да вылічэння выслугі гадоў для назначэння пенсій работнікам пажарнай службы.

Канстытуцыйны Суд, адзначаючы ў шэрагу выпадкаў наяўнасць дастаткова працяглага тэрміну часу паміж прыняццем ім асобных рашэнняў і іх выкананнем, улічвае тую акалічнасць, што для падрыхтоўкі і прыняцця адпаведных нарматыўных прававых актаў неабходны пэўны час. Разам з тым Канстытуцыйны Суд лічыць, што ўпаўнаважаныя дзяржаўныя органы пры прыняцці рашэнняў па пытаннях, якія знаходзяцца ў іх кампетэнцыі, не павінны зыходзіць са ступені важнасці, адкладваючы вырашэнне нязначных, па іх меркаванню, пытанняў на нявызначаны тэрмін. Любое пытанне, калі яно выклікана парушэннем канстытуцыйных правоў і свабод асобы, павінна знаходзіць своечасовае і належнае вырашэнне.

V

Правы, свабоды чалавека і гарантыі іх рэалізацыі як вышэйшая каштоўнасць і мэта грамадства і дзяржавы павінны быць забяспечаны ў Рэспубліцы Беларусь і ў складаных умовах сусветнага фінансава-эканамічнага крызісу. На мінімізацыю крызісных наступстваў для нацыянальнай эканомікі накіраваны цэлы комплекс мер, прадпрынятых на дзяржаўным узроўні. У якасці важнейшых напрамкаў у дадзенай галіне вызначаны далейшая лібералізацыя эканамічных адносін, дэбюракратызацыя работы дзяржаўнага апарату, барацьба з карупцыяй.

У гэтых умовах узрастае роля прававой сістэмы дзяржавы, якая заклікана забяспечыць своечасовую падрыхтоўку, прыняцце і рэалізацыю рашэнняў, што закранаюць сацыяльна-эканамічныя пераўтварэнні. Пры дапамозе права могуць і павінны быць забяспечаны аператыўнасць, дакладнасць, празрыстасць прававой рэгламентацыі адносін у сацыяльнай, фінансавай, эканамічнай і іншых сферах.

Па меркаванню Канстытуцыйнага Суда, у сучасных умовах развіцця грамадства і дзяржавы, глабалізацыі і дынамічнасці грамадскіх працэсаў асноўная ўвага ў галіне прававога забеспячэння павінна быць удзелена ўдасканальванню заканадаўства, наданню яму такога стану, які б дазваляў аператыўна і дакладна рэагаваць на новыя з’явы і тэндэнцыі, папярэджваць магчымыя негатыўныя праявы і мінімізаваць іх вынікі. У той жа час заканадаўства можа выступіць каталізатарам сацыяльна-эканамічных рэформ і пераўтварэнняў, вызначаючы новыя тэндэнцыі і напрамкі іх развіцця. Гэтыя акалічнасці аб’ектыўна абумоўліваюць неабходнасць больш якаснага ўзроўню нарматворчай работы, сканцэнтравання намаганняў кампетэнтных дзяржаўных органаў на дасягненні агульназначных мэт і вырашэнні ключавых задач.

Канстытуцыйны Суд звяртае ўвагу таксама на неабходнасць вырашэння праблем, якія ўзнімаюцца ў шматлікіх зваротах грамадзян і арганізацый і звязаны з далейшым удасканальваннем заканадаўства ў сферах адміністрацыйнага, крымінальнага права і прадпрымальніцтва.

У адміністрацыйна-прававой сферы, па меркаванню Канстытуцыйнага Суда, значную праблему ўяўляе сабой працяглае дзеянне разам з КабАП іншых заканадаўчых актаў, якія прадугледжваюць адміністрацыйную адказнасць. Заканадавец, не выключаючы магчымасці ўстанаўлення адміністрацыйнай адказнасці на ўзроўні іншых заканадаўчых актаў, адначасова ў частцы 2 артыкула 1.1 КабАП сфармуляваў правіла аб тым, што дадзены Кодэкс з’яўляецца адзіным законам аб адміністрацыйных правапарушэннях, які дзейнічае на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, і што нормы іншых заканадаўчых актаў, якія прадугледжваюць адміністрацыйную адказнасць, падлягаюць уключэнню ва ўказаны Кодэкс. Прыцягненне да адміністрацыйнай адказнасці на падставе норм такіх актаў не адпавядае прынцыпу прававой дзяржавы, паколькі ўскладняе прымяненне КабАП як адзінага закона аб адміністрацыйных правапарушэннях, што дзейнічае на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь.

Па меркаванню Канстытуцыйнага Суда, патрабуе вырашэння праблема размежавання адміністрацыйнай і крымінальнай адказнасці ў частцы як абгрунтаванасці крыміналізацыі дзеянняў, так і дыферэнцыяцыі мер адказнасці ў напрамку іх далейшай гуманізацыі.

Развіццё прававога рэгулявання адносін у сферы эканомікі заключаецца ў забеспячэнні яго яснасці і стабільнасці, большай лібералізацыі заканадаўства ў мэтах істотнага павелічэння інвестыцый, эфектыўнага распараджэння дзяржаўнай маёмасцю, упарадкавання зямельных і арэндных адносін, спрашчэння і празрыстасці падаткаабкладання, адміністрацыйных працэдур, удасканальвання ліцэнзавання, цэнаўтварэння, кантрольна-нагляднай дзейнасці.

Працэс фарміравання прававой дзяржавы патрабуе няўхільнага прытрымлівання прынцыпу вяршэнства права, забеспячэння канстытуцыйнасці прававога рэгулявання грамадскіх адносін, устанаўлення аднастайнай практыкі прымянення прававых норм усімі дзяржаўнымі органамі, у тым ліку судамі, кантрольнымі і нагляднымі органамі. Для гэтага своечасова павінны выкарыстоўвацца прававыя пазіцыі Канстытуцыйнага Суда, сфармуляваныя ў яго рашэннях і накіраваныя на абарону канстытуцыйнага ладу, забеспячэнне вяршэнства Канстытуцыі і прамога дзеяння яе норм, зацвярджэнне канстытуцыйнай законнасці ў нарматворчасці і правапрымяненні.

Фундаментальныя каштоўнасці і мэты, замацаваныя ў Канстытуцыі, гарантыі іх рэалізацыі павінны стаць не толькі арыентырам для беларускай дзяржавы, але і крытэрыем ацэнкі дзейнасці ўсіх дзяржаўных органаў, намаганнямі якіх павінен быць створаны належны канстытуцыйны правапарадак.

Гэта Пасланне прынята на пасяджэннi Канстытуцыйнага Суда Рэспублiкi Беларусь 4 лютага 2009 года.

Старшынствуючы –
Старшыня Канстытуцыйнага
Суда Рэспублікі Беларусь
П.П.Міклашэвіч

Версiя для друку