EngРусБел
Пасланнi Канстытуцыйнага Суда
 

Прэзідэнту  
Рэспублiкi Беларусь  

Палаце прадстаўнікоў  
Нацыянальнага сходу  
Рэспублікі Беларусь

  Савету Рэспублікі
Нацыянальнага сходу 
Рэспублiкi Беларусь

 

ПАСЛАННЕ
КАНСТЫТУЦЫЙНАГА СУДА РЭСПУБЛIКI БЕЛАРУСЬ

  АБ СТАНЕ КАНСТЫТУЦЫЙНАЙ ЗАКОННАСЦІ
Ў РЭСПУБЛIЦЫ БЕЛАРУСЬ У 2007 ГОДЗЕ

Рэспубліка Беларусь на сучасным этапе працягвае развівацца на фундаментальных канстытуцыйных прынцыпах. У практыцы дзяржаўнага і грамадскага жыцця запатрабаваны і рэалізуюцца ўсе значныя канстытуцыйна-прававыя дэмакратычныя інстытуты, уключаючы і інстытут канстытуцыйнага кантролю. Кіраванне дзяржавай ажыццяўляецца народам праз прадстаўнічыя і іншыя органы, канстытуцыйна замацаваны і забяспечваюцца асноўныя правы і свабоды чалавека і грамадзяніна.

Прымаюцца меры па інавацыйнаму развіццю эканомікі, стымуляванню перспектыўных інвестыцыйных праектаў, тэхналагічнаму перааснашчэнню вытворчых магутнасцей, укараненню навукаёмістых вытворчасцей.

У мэтах выканання задач сацыяльнай дзяржавы ствараюцца ўмовы для забеспячэння грамадзянам дастойнага ўзроўню жыцця. Кампенсуецца значная частка затрат на жыллёва-камунальныя паслугі, забяспечваецца падтрымка сацыяльна неабароненых пластоў насельніцтва, павялічваюцца размеры пенсій і дапамог, удасканальваецца сістэма адраснай дапамогі. Вялікае значэнне надаецца інвестыцыям у здароўе чалавека, у яго прафесіянальнае, культурнае і асобаснае развіццё, а значыць, і ў будучае нацыі.

Станаўленне і развіццё сацыяльна-эканамічных адносін патрабуюць не толькі новых рашэнняў ад заканадаўца, але і фарміравання якасна абноўленай прававой сістэмы дзяржавы, арыентаванай на забеспячэнне патрэбнасцей грамадства. У сувязі з гэтым у працэсе дэбюракратызацыі дзяржаўнага апарату ў мінулым годзе ў заканадаўстве пачалі знаходзіць адлюстраванне працэдурныя нормы, якія садзейнічаюць не толькі ўстанаўленню справядлівага балансу паміж публічнымі і прыватнымі інтарэсамі, але і больш эфектыўнай рэалізацыі грамадзянамі і юрыдычнымі асобамі сваіх правоў і законных інтарэсаў. У гэтых жа мэтах удасканальваецца прававая аснова рэалізацыі прынцыпу аднаго акна.

На абарону і забеспячэнне правоў і законных інтарэсаў грамадзян і юрыдычных асоб, належны разгляд іх зваротаў дзяржаўнымі органамі накіраваны Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 15 кастрычніка 2007 г. № 498 «Аб дадатковых мерах па рабоце са зваротамі грамадзян і юрыдычных асоб». Ёсць падставы меркаваць, што разгляд зваротаў, асабліва мясцовымі прадстаўнічымі і выканаўчымі органамі, у якія часцей за ўсё звяртаюцца грамадзяне за вырашэннем канкрэтных праблем, стане больш якасным і аператыўным. Аднак яшчэ трэба будзе правесці вялікую работу для таго, каб праз устаноўленыя заканадаўствам адміністрацыйныя працэдуры зацвярджаліся вяршэнства і справядлівасць права.

Мэтай удасканальвання нарматыўных прававых актаў з’яўляецца фарміраванне эфектыўнай дзяржавы для народа, якая забяспечвае давер грамадзян да дзяржавы і права, што ствараецца ёй. Парламентам краіны ў мінулым годзе прынята больш за сто значных для сістэмы права законаў, у больш як шэсцьдзесят дзеючых законаў унесены змяненні і дапаўненні.

Законатворчасць з’яўляецца складаным працэсам. Пры рэгуляванні шматузроўневых грамадскіх адносін некаторым нарматыўным прававым актам не хапае комплекснасці і сістэмнасці, маюць месца калізіі норм права. Па меркаванню Канстытуцыйнага Суда, шматлікія змяненні асобных нарматыўных прававых актаў нярэдка абумоўлены адсутнасцю эфектыўнага прагназіравання прававых і сацыяльных вынікаў уступлення ў сілу прымаемых норм. Разам з тым зацягванне працэсу прывядзення актаў дзеючага заканадаўства ў адпаведнасць з новымі рэаліямі і падыходамі да рэгулявання грамадскіх адносін негатыўна адбіваецца на правапрымяняльнай практыцы.

У некаторых законах адказнасць дзяржавы перад грамадзянамі выкладзена ў агульным выглядзе, што ўскладняе і абмяжоўвае магчымасці грамадзян па абароне іх правоў і законных інтарэсаў у судзе. Пры адсутнасці ў заканадаўстве дакладных прадпісанняў па працэдурных пытаннях грамадзяне ў выпадку звароту ў суд не заўсёды могуць абгрунтаваць свае патрабаванні да дзяржавы, нават нягледзячы на відавочнасць парушэння іх правоў.

Стан канстытуцыйнай законнасці ў Рэспубліцы Беларусь у 2007 годзе ацэньваецца Канстытуцыйным Судом на падставе вывучаных і разгледжаных спраў і матэрыялаў. На працягу года разгледжана 1214 зваротаў грамадзян, у тым ліку 60 калектыўных. Усяго ў Канстытуцыйны Суд у мінулым годзе звярнулася 4440 грамадзян, паступіла 90 зваротаў з дзяржаўных органаў, у тым ліку 10 – з Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь. Прававыя праблемы перад Канстытуцыйным Судом паставілі таксама 105 іншых арганізацый. У 2007 годзе прынята 30 рашэнняў, у якіх Канстытуцыйны Суд звяртаў увагу нарматворчых органаў і правапрымяняльнікаў на абавязковасць выканання ў заканатворчай і правапрымяняльнай дзейнасці канстытуцыйных норм і прынцыпаў, якія маюць першараднае значэнне ў справе пабудовы дзяржавы для народа. Сучасная дзяржава прызвана служыць сваім грамадзянам, забяспечваць іх правы і свабоды, садзейнічаць прагрэсу грамадства. У рашэннях Канстытуцыйнага Суда, прынятых у 2007 годзе, сцвярджаліся вяршэнства Канстытуцыі і канстытуцыйныя прынцыпы, якія адлюстроўваюць фундаментальныя каштоўнасці беларускага грамадства і дзяржавы.

Для праватворчасці асноўнай мэтай павінна быць поўнае і дакладнае прававое рэгуляванне грамадскіх адносін. Вынікам тэрміналагічных недакладнасцей і прабелаў у нормах права, іх няўзгодненасці з’яўляюцца неадназначнае разуменне і прымяненне на практыцы такіх норм, што параджае прававыя канфлікты. У Заключэнні ад 12 верасня 2007 г., якое датычыцца пытанняў пенсіённага забеспячэння, Канстытуцыйны Суд выказаў пазіцыю аб тым, што розначытанні і неадназначнае разуменне нарматыўных прававых актаў на практыцы з’яўляюцца следствам пралікаў пры падрыхтоўцы законаў. Нярэдка ў законах, прынятых для рэгулявання розных праваадносін, прымяняюцца паняцці і тэрміны, якія толькі часткова супадаюць па сэнсу, аб’ём якіх грамадзянамі, а часам і правапрымяняльнікамі штучна пераносіцца на іншую сферу прававога рэгулявання. Сустракаюцца і такія выпадкі, калі навелы, прыўнесеныя ў адзін нарматыўны прававы акт, не знаходзяць належнай рэалізацыі ў іншых нарматыўных прававых актах, якія рэгулююць падобныя адносіны. Гэта ўскладняе адназначнае разуменне норм заканадаўства, фарміраванне адзінай правапрымяняльнай практыкі.

Разгледзеўшы пытанне аб прававым рэгуляванні дзейнасці гаражных кааператываў (рашэнне ад 28 жніўня 2007 г.), Канстытуцыйны Суд устанавіў, што многія нормы Прыкладнага статута кааператыва па будаўніцтву і эксплуатацыі адкрытых стаянак ці гаражоў для захоўвання транспартных сродкаў, зацверджанага пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 5 жніўня 1977 г. № 254, на палажэннях якога асноўваюцца статуты канкрэтных гаражных кааператываў, значна ўстарэлі і не ў поўнай меры адпавядаюць дзеючаму заканадаўству. На практыцы гэта прыводзіла да парушэння інтарэсаў як саміх гаражных кааператываў, так і правоў і законных інтарэсаў грамадзян. Упаўнаважаным органам было прапанавана прыняць меры па прывядзенню падзаконных актаў, што рэгламентуюць дзейнасць гаражных кааператываў, у адпаведнасць з Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь, Грамадзянскім кодэксам Рэспублікі Беларусь і актамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.

На неабходнасць захавання прынцыпаў паўнаты і паслядоўнасці прававога рэгулявання ўказана ў рашэнні Канстытуцыйнага Суда ад 2 сакавіка 2007 г. У ім Канстытуцыйны Суд зноў пацвердзіў сваю пазіцыю, выказаную ў раней прынятых рашэннях, аб тым, што па кожнаму віду мясцовага падатку і збору неабходна на ўзроўні закона дакладна і ясна вызначаць асноўныя элементы падаткаабкладання (суб’екты і аб’екты падаткаабкладання, падаткаабкладаемую базу, гранічныя размеры ставак). У рашэнні Канстытуцыйнага Суда ад 28 жніўня 2007 г. адзначана неабходнасць прыняцця нарматыўных прававых актаў, якія рэгулююць парадак вызначэння размеру расходаў, што спаганяюцца на навучанне ва ўстановах адукацыі, якія ажыццяўляюць падрыхтоўку афіцэрскіх кадраў, у мэтах своечасовага звароту ў бюджэт сродкаў, затрачаных на навучанне. У рашэнні ад 16 кастрычніка 2007 г. Канстытуцыйны Суд звярнуў увагу дзяржаўных органаў на няўзгодненасць нарматыўных прававых актаў у частцы вызначэння падстаў скасавання працоўных дагавораў (кантрактаў) з маладымі спецыялістамі да сканчэння абавязковага тэрміну працы па размеркаванню і прапанаваў вызначыць канкрэтны пералік выпадкаў, калі маладыя спецыялісты вызваляюцца ад звароту сродкаў, затрачаных на іх навучанне.

Канстытуцыйны Суд лічыць, што няяснасць і нявызначанасць палажэнняў нарматыўных прававых актаў, іх супярэчлівасць і двухсэнсавасць могуць прывесці не толькі да парушэнняў правоў і законных інтарэсаў грамадзян, але і да злоўжывання з іх боку сваімі правамі. Так, у рашэнні ад 6 красавіка 2007 г. Канстытуцыйным Судом адзначана, што грамадзяне нярэдка сістэматычна здаюць жылыя памяшканні ўнаём на розны перыяд (суткі ці гадзіны), але належнае прававое рэгуляванне такіх адносін адсутнічае. У сувязі з гэтым Канстытуцыйны Суд прыйшоў да вываду аб тым, што сістэматычная здача грамадзянамі-ўласнікамі і грамадзянамі-наймальнікамі жылых памяшканняў унаём на кароткатэрміновы перыяд па сваіх прыметах на практыцы павінна разглядацца як прадпрымальніцкая дзейнасць пры ажыццяўленні яе як працэсу (дзеяння), накіраванага на сістэматычнае атрыманне прыбытку. У той жа час дакладныя крытэрыі аднясення да прадпрымальніцкай дзейнасці здачы фізічнымі асобамі жылых памяшканняў іншым грамадзянам для кароткатэрміновага пражывання не вызначаны, што дазваляе нядобрасумленным грамадзянам пазбягаць платы падаткаў у бюджэт.

Канстытуцыйны Суд разгледзеў пытанне аб магчымасці прымянення ў пенсіённых праваадносінах іншых дакументаў, якія сведчаць асобу, калі пашпарт, які змяшчае машынасчытваемую інфармацыю, па рэлігійных перакананнях грамадзяніна ім не атрыманы. У прынятым 11 студзеня 2007 г. рашэнні Канстытуцыйны Суд адзначыў, што для ўказаных праваадносін важна надзейнасць пацвяржэння неабходных звестак. У сувязі з гэтым кампетэнтным органам прапанавана знайсці адпаведны варыянт рашэння пытання сведчання асобы пры назначэнні пенсіі. Па меркаванню Канстытуцыйнага Суда, такі падыход адпавядаў бы прынцыпу прыярытэту правоў і свабод чалавека і забяспечваў бы прадказальнасць развіцця заканадаўства, ненадання зваротнай сілы зноў прынятым заканадаўчым актам, якія пагаршаюць правы і свабоды грамадзян, а таксама гарантаваў бы захаванне на працягу вызначанага часу набытых раней і ахоўваемых правоў і свабод. Указаны падыход пакладзены таксама ў аснову прававой пазіцыі Канстытуцыйнага Суда, выказанай у рашэнні ад 18 студзеня 2007 г., аб неабходнасці ўдакладнення палажэнняў заканадаўства, якое рэгулюе жыллёвыя праваадносіны.

У рашэнні Канстытуцыйнага Суда ад 2 сакавіка 2007 г. адзначана, што абмежаванні права грамадзян на выезд з Рэспублікі Беларусь прадугледжаны законам і абгрунтавана рэалізуюцца на практыцы толькі ў тых выпадках, калі выезд грамадзян, якія ўхіляюцца ад выканання сваіх абавязацельстваў, можа выклікаць парушэнні канстытуцыйных правоў і свабод іншых асоб.

Канстытуцыйны Суд у рашэнні ад 5 красавіка 2007 г. звярнуў увагу на тое, што канстытуцыйны прынцып гарантаванасці правасуддзя ў некаторых выпадках парушаецца, напрыклад у выпадках адсутнасці нарматыўнага замацавання права на абскарджанне ў суд пісьмовага папярэджання Упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцей, вынесенага ў адносінах да рэлігійнай арганізацыі.

Разгледзеўшы пытанне аб праве фізічных асоб на юрыдычную дапамогу ў адміністрацыйным працэсе, Канстытуцыйны Суд у рашэнні ад 15 чэрвеня 2007 г. адзначыў, што нормы Працэсуальна-выканаўчага кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях прадастаўляюць розны аб’ём правоў па аказанню юрыдычнай дапамогі ўдзельнікам адміністрацыйнага працэсу. У прыватнасці, фізічная асоба, у адносінах да якой вядзецца адміністрацыйны працэс, можа самастойна ажыццяўляць абарону ці карыстацца юрыдычнай дапамогай абаронцы, якім можа з’яўляцца толькі адвакат, у той час як пацярпеўшы мае права карыстацца паслугамі прадстаўніка, у якасці якога могуць выступаць не толькі адвакаты, але і іншыя асобы, якім ён даверыў прадстаўляць свае інтарэсы. Канстытуцыйны Суд прапанаваў адпаведным дзяржаўным органам забяспечыць дзеянне канстытуцыйных прынцыпаў роўнасці ўсіх перад законам і даступнасці юрыдычнай дапамогі.

Пры вынясенні рашэння ад 4 чэрвеня 2007 г. Канстытуцыйны Суд, кіруючыся прынцыпам роўнасці ўсіх перад законам, вызначыў, што калі грамадзяне (наймальнік, уласнік жылога памяшкання, член арганізацыі грамадзян-забудоўшчыкаў) пры ўсяленні ў іх жылое памяшканне непрацаздольных бацькоў ці непрацаздольных бацькоў мужа (жонкі) сталі мець патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, то яны ў адпаведнасці з законам маюць права на пастаноўку на ўлік маючых патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў з моманту ўсялення ўказаных асоб, а не па сканчэнні пяці гадоў з дня пагаршэння сваіх жыллёвых умоў незалежна ад таго, непрацаздольныя бацькі каго, мужа ці жонкі, былі ўселены ў жылое памяшканне.

На падставе названага вышэй прынцыпу Канстытуцыйным Судом у рашэнні ад 13 верасня 2007 г. разгледжана таксама пытанне аб прымяненні роўнага падыходу да вылічэння выслугі гадоў для назначэння пенсіі работнікам пры аднолькавых умовах працы ў адным і тым жа падраздзяленні міністэрства (незалежна ад удакладнення яго наймення ў сувязі з перайменаваннем дзяржавы ў адпаведнасці з Законам Рэспублікі Беларусь ад 19 верасня 1991 г.). Па меркаванню Канстытуцыйнага Суда, неабходна ясна і адназначна вызначыць права асоб, якія прэтэндуюць на залік часу працы ў выслугу гадоў для назначэння пенсіі, максімальна забяспечыўшы пры гэтым роўнасць усіх перад законам.

На аналагічных прынцыпах заснавана і рашэнне ад 14 снежня 2007 г., у якім Канстытуцыйны Суд адзначыў розніцу падыходаў дзяржаўных органаў, у тым ліку судоў, да вырашэння пытання аб пакрыцці расходаў, панесеных спажыўцамі на аказанне ім дапамогі з боку адваката і з боку прадстаўніка грамадскага аб’яднання спажыўцоў. У шэрагу выпадкаў суды адмаўлялі ў пакрыцці такіх расходаў, тым самым пазбаўляючы спажыўца права на поўнае пакрыццё страт, прычыненых яму невыкананнем ці неналежным выкананнем абавязацельстваў па дагавору, уключаючы расходы, звязаныя з аказаннем яму дапамогі з боку грамадскага аб’яднання спажыўцоў. Канстытуцыйны Суд прыйшоў да вываду аб тым, што рэалізацыя спажыўцом права на дапамогу з боку грамадскага аб’ядання спажыўцоў павінна забяспечвацца магчымасцю спагнання з адказчыка ўсіх расходаў, якія вымушаны несці спажывец у сувязі з абаронай свайго парушанага права.

У рашэнні ад 28 жніўня 2007 г. Канстытуцыйны Суд адзначыў, што Палажэннем аб парадку арганізацыі і правядзення цэнтралізаванага тэсціравання, зацверджаным пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 6 чэрвеня 2006 г. № 714, не была прадугледжана магчымасць карыстання абітурыентамі беларускай мовай у роўнай меры з рускай на ўсіх этапах правядзення цэнтралізаванага тэсціравання. Такі падыход не забяспечваў рэалізацыю канстытуцыйнага права грамадзян на карыстанне дзвюма дзяржаўнымі мовамі.

Для выключэння спрэчак аб кампетэнцыі мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў у сферы аказання паслуг насельніцтву аўтамабільным транспартам, у мэтах развіцця добрасумленнай канкурэнцыі аўтамабільных перавозчыкаў Канстытуцыйны Суд, кіруючыся прынцыпам пазітыўнага абавязвання, які мае на ўвазе ўзгадненне паўнамоцтваў з абавязкам, адказнасцю і фінансавымі магчымасцямі, вызначанымі законам, у рашэнні ад 10 мая 2007 г. прапанаваў замацаваць у заканадаўстве абавязак мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў узгадняць прымаемыя імі рашэнні па арганізацыі прыгарадных аўтамабільных перавозак пасажыраў, што ажыццяўляюцца па тэрыторыі розных адміністрацыйна-тэрытарыяльных адзінак.

Разглядаючы пытанне аб персанальных пенсіях, назначаных у адпаведнасці з заканадаўствам Саюза ССР, у рашэнні ад 29 мая 2007 г. Канстытуцыйны Суд адзначыў, што ў выпадку адсутнасці заканадаўства Рэспублікі Беларусь, якое рэгулюе адпаведныя грамадскія адносіны, на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь прымяняюцца акты заканадаўства СССР, што рэгламентуюць дадзеныя адносіны і не супярэчаць заканадаўству Рэспублікі Беларусь. Паколькі ў Рэспубліцы Беларусь прынята і дзейнічае заканадаўства аб парадку і ўмовах назначэння пенсій за асобыя заслугі перад Рэспублікай Беларусь, заканадаўства СССР аб персанальных пенсіях не можа прымяняцца.

Рэалізацыя нарматворчымі органамі рашэнняў Канстытуцыйнага Суда дазваляе істотна паляпшаць на практыцы стан сістэмы права Рэспублікі Беларусь. У 2007 годзе выкананы шэраг раней прынятых Канстытуцыйным Судом рашэнняў. Так, з 1 студзеня 2008 г. уступіў у сілу Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 17 снежня 2007 г. № 643 «Аб спрашчэнні парадку выезду з Рэспублікі Беларусь», якім рэалізаваны заключэнні Канстытуцыйнага Суда ад 27 верасня 2002 г. і ад 4 кастрычніка 2005 г. Устаноўлена, што пашпарт грамадзяніна Рэспублікі Беларусь з’яўляецца сапраўдным для часовых выездаў за мяжу без прастаўлення ў ім адзнакі аб часовым выездзе з Рэспублікі Беларусь.

Пазіцыя Канстытуцыйнага Суда, выкладзеная ў рашэнні ад 4 кастрычніка 2006 г., аб забеспячэнні права грамадзян на атрыманне поўнай, дакладнай і сваечасовай інфармацыі аб тэхнічных нарматыўных прававых актах, якія абавязковыя для выканання грамадзянамі і юрыдычнымі асобамі, знайшла адлюстраванне ва Указе Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 16 ліпеня 2007 г. № 318 «Аб парадку давядзення да ўсеагульнага ведама тэхнічных нарматыўных прававых актаў».

Законам Рэспублікі Беларусь ад 20 ліпеня 2007 г. «Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у Працоўны кодэкс Рэспублікі Беларусь» у артыкулах 47 і 58 Працоўнага кодэкса рэалізавана прававая пазіцыя Канстытуцыйнага Суда, выказаная ў рашэнні ад 28 чэрвеня 2002 г. Устаноўлена адказнасць наймальніка за парушэнне без уважлівых прычын парадку і тэрмінаў выплаты заработнай платы, а таксама вызначаны парадак індэксацыі заработнай платы ў выпадках парушэння тэрмінаў яе выплаты.

Прапановы Канстытуцыйнага Суда, якія выкладзены ім у шэрагу рашэнняў і датычацца права грамадзян на свабоду перамяшчэння і выбар месца жыхарства, прадугледжанага артыкулам 30 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, рэалізаваны ва Указе Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 7 верасня 2007 г. № 413 «Аб удасканальванні сістэмы ўліку грамадзян па месцы жыхарства і месцы прабывання».

Законам Рэспублікі Беларусь ад 12 чэрвеня 2007 г. «Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у некаторыя законы Рэспублікі Беларусь па пытаннях, звязаных са зняццем з пасады падазронага ці абвінавачванага органам, што вядзе крымінальны працэс» выканана рашэнне ад 2 лістапада 2004 г. аб забеспячэнні штомесячнай дзяржаўнай дапамогай асоб, якія зняты з працы органамі, што вядуць крымінальны працэс.

Пазіцыя Канстытуцыйнага Суда, выказаная ў рашэннях ад 4 ліпеня 2001 г. і ад 15 лістапада 2001 г., аб неабходнасці забеспячэння канстытуцыйных правоў грамадзян пры разглядзе спраў аб адміністрацыйных правапарушэннях рэалізавана ў Працэсуальна-выканаўчым кодэксе Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях, які ўступіў у сілу з 1 сакавіка 2007 г.

Рашэнне ад 14 красавіка 2007 г., што датычыцца аказання мнагадзетным сем’ям фінансавай дапамогі дзяржавы ў пагашэнні запазычанасці па льготных крэдытах, выканана ва Указе Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 7 верасня 2007 г. № 414 «Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у некаторыя ўказы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па пытаннях жыллёвага будаўніцтва». Ва Указе Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 14 красавіка 2000 г. № 185 дадзена вызначэнне паняцця мнагадзетнай сям’і для мэт атрымання фінансавай дапамогі дзяржавы ў пагашэнні запазычанасці па льготных крэдытах.

Рашэнне Канстытуцыйнага Суда ад 28 жніўня 2007 г., у якім былі разгледжаны пытанні прававога рэгулявання дзейнасці гаражных кааператываў, атрымала рэалізацыю ва Указе Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 28 студзеня 2008 г. № 43, што зацвердзіў Палажэнне аб парадку ўліку грамадзян, якія маюць патрэбу ў месцах захоўвання транспартных сродкаў і Палажэнне аб стварэнні і дзейнасці гаражных кааператываў і кааператываў, якія ажыццяўляюць эксплуатацыю аўтамабільных стаянак.

* * *

Далейшае развіццё Рэспублікі Беларусь як дэмакратычнай сацыяльнай прававой дзяржавы абумоўлівае неабходнасць фарміравання якасна абноўленай заканадаўчай базы, адэкватнай мэтам і задачам, якія стаяць перад дзяржавай, і накіраванай на забеспячэнне гарантаваных Канстытуцыяй правоў і свабод чалавека і грамадзяніна. Умацаванню канстытуцыйнай законнасці садзейнічае таксама прыняцце законаў прамога дзеяння. Замацаваныя ў іх разгорнутыя працэдуры рэалізацыі прававых норм з’яўляюцца гарантыяй забеспячэння правоў і законных інтарэсаў грамадзян, суб’ектаў гаспадарання, служаць асновай для іх абароны ў судзе.

Эфектыўнасць прымянення заканадаўства магчыма толькі пры ўдасканальванні інстытута канстытуцыйнага кантролю, прызванага вырашаць такія важнейшыя задачы, як рэалізацыя прынцыпу вяршэнства Канстытуцыі і яе непасрэднага дзеяння на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, забеспячэння канстытуцыйнасці нарматыўных прававых актаў у дзяржаве, зацвярджэнне законнасці ў нарматворчасці і правапрымяненні.

Павышэнне якасці жыцця народа заключаецца не толькі ў росце дабрабыту насельніцтва, але і ў стварэнні аптымальнага прававога асяроддзя, якое надае ўпэўненасці грамадзянам у забеспячэнні іх правоў і свабод. Канстытуцыйны Суд лічыць, што адначасова з вырашэннем сацыяльна-эканамічных задач дзяржаве на новым этапе развіцця неабходна дасягнуць не менш важнай мэты: фарміравання канстытуцыйнага мыслення ў правапрымяняльнікаў, умення прымяняць у практычнай дзейнасці непасрэдна нормы Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і зыходзіць пры прыняцці рашэнняў з фундаментальных канстытуцыйных прынцыпаў, якія складаюць юрыдычную аснову дзяржавы.

Дасягненне ўказаных мэт будзе садзейнічаць забеспячэнню грамадзянскай згоды ў грамадстве, прававому выхаванню грамадзян у духу павагі і захавання канстытуцыйных каштоўнасцей, пабудове дзяржавы для народа.

Гэта Пасланне прынята на пасяджэннi Канстытуцыйнага Суда Рэспублiкi Беларусь 27 сакавіка 2008 года.

Старшынствуючы –
Старшыня Канстытуцыйнага
Суда Рэспублікі Беларусь
П.П.Міклашэвіч

Версiя для друку