EngРусБел
Пасланнi Канстытуцыйнага Суда
 

Прэзідэнту  
Рэспублiкi Беларусь  

Палаце прадстаўнікоў  
Нацыянальнага сходу  
Рэспублікі Беларусь

  Савету Рэспублікі
Нацыянальнага сходу 
Рэспублiкi Беларусь

 

ПАСЛАННЕ
КАНСТЫТУЦЫЙНАГА СУДА РЭСПУБЛIКI БЕЛАРУСЬ

  АБ СТАНЕ КАНСТЫТУЦЫЙНАЙ ЗАКОННАСЦІ
Ў РЭСПУБЛIЦЫ БЕЛАРУСЬ У 2014 ГОДЗЕ

Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь з’яўляецца асновай стратэгіі ўстойлівага развіцця грамадства і дзяржавы. Замацаваныя ў ёй прынцыпы і нормы гарантуюць не толькі правы і свабоды грамадзян, але і стабільнасць канстытуцыйнага ладу, што дазваляе вызначаць перспектывы развіцця Рэспублікі Беларусь як дэмакратычнай сацыяльнай прававой дзяржавы.

 

Эвалюцыйнае канстытуцыйнае развіццё грунтуецца на фундаментальных канстытуцыйных прынцыпах прыярытэту правоў і свабод чалавека і гарантый іх рэалізацыі, узаемнай адказнасці дзяржавы і грамадзяніна, народаўладдзя, раздзялення дзяржаўнай улады і ўзаемадзеяння яе органаў, вяршэнства права, роўнасці і справядлівасці, а таксама іншых прынцыпах, якiя прама замацаваны ў Канстытуцыі або вынікаюць з яе палажэнняў.

 

У сучасных умовах дынамічнае і часам непрадказальнае развіццё грамадскіх адносiн абумоўлівае неабходнасць адпаведнага прававога рэгулявання на аснове Канстытуцыі. Выяўленне шматграннага зместу канстытуцыйных прынцыпаў, паслядоўнае і мэтанакіраванае іх прымяненне да праваадносін, якія мяняюцца, рэалізацыя ў заканадаўстве і правапрымяняльнай дзейнасці з’яўляюцца неабходнымі ўмовамі забеспячэння дынамізму канстытуцыйна-прававога рэгулявання.

 

Канстытуцыйны Суд, абараняючы гарантаваныя Канстытуцыяй правы і свабоды чалавека і грамадзяніна, канстытуцыйны лад, сцвярджаючы вяршэнства Канстытуцыі, фармулюе ў сваіх заключэннях і рашэннях прававыя пазіцыі, інтэрпрэтуючы канстытуцыйныя прынцыпы і нормы ў дачыненні да канкрэтных праваадносін. Такая дзейнасць Канстытуцыйнага Суда садзейнічае забеспячэнню эфектыўнасці канстытуцыйна-прававога рэгулявання, умацаванню канстытуцыйнай законнасці.

 

I

 

Палажэнні Канстытуцыі аб Канстытуцыйным Судзе як органе, які ажыццяўляе кантроль за канстытуцыйнасцю нарматыўных актаў у дзяржаве, атрымалі ў 2014 годзе далейшае сістэмнае развіццё ў Кодэксе Рэспублікі Беларусь аб судаўладкаванні і статусе суддзяў, а таксама ў прынятым Законе Рэспублікі Беларусь «О конституционном судопроизводстве». Пры гэтым удасканалена прававое рэгуляванне парадку разгляду ў Канстытуцыйным Судзе спраў, прыняцця па іх заключэнняў або рашэнняў і іх выканання, ажыццяўлення ўдзельнікамі канстытуцыйнага судаводства працэсуальных дзеянняў.

 

Грунтуючыся на нормах Канстытуцыі і ўказаных заканадаўчых актаў пры правядзенні абавязковага папярэдняга кантролю канстытуцыйнасці законаў, прынятых Палатай прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь і адобраных Саветам Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, да іх падпісання Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь, Канстытуцыйны Суд правяраў іх адпаведнасць Канстытуцыі і міжнародна-прававым актам, ратыфікаваным Рэспублікай Беларусь.

 

У парадку абавязковага папярэдняга кантролю ў 2014 годзе Канстытуцыйны Суд праверыў канстытуцыйнасць 55 законаў зыходзячы з таго, што паслядоўная рэалізацыя ў іх палажэнняў Канстытуцыі аб чалавеку, яго правах і свабодах і гарантыях іх рэалізацыі як найвышэйшай каштоўнасці і мэты грамадства і дзяржавы, развіццё ў законах іншых канстытуцыйных каштоўнасцей, забеспячэнне ў заканадаўчым рэгуляванні дзейсных механізмаў укаранення канстытуцыйных прынцыпаў і норм з’яўляюцца асновай канстытуцыйнай законнасці.

 

Пры дапамозе сістэмнага аналізу палажэнняў Канстытуцыі і ўсведамлення канстытуцыйна-прававога сэнсу норм законаў з улікам міжнародных дагавораў Рэспублікі Беларусь Канстытуцыйным Судом фармуляваліся прававыя пазіцыі, якія служылі асновай яго рашэнняў.

 

1. Шэраг прававых пазіцый Канстытуцыйнага Суда накіраваны на ўстанаўленне ўзгодненасці правяраемых законаў з палажэннямі Канстытуцыі, якія вызначаюць правы і свабоды чалавека і гарантыі іх рэалізацыі ў якасці найвышэйшай каштоўнасці і мэты грамадства і дзяржавы, замацоўваюць іншыя асновы канстытуцыйнага ладу Рэспублікі Беларусь і з’яўляюцца фундаментам стабільнасці і прагрэсіўнага развіцця грамадства і дзяржавы.

 

1.1. Пры праверцы канстытуцыйнасці Закона Рэспублікі Беларусь «О внесении изменений и дополнения в некоторые законы Республики Беларусь по вопросам определения прожиточного минимума» ў рашэнні ад 2 мая 2014 г. Канстытуцыйным Судом адзначана, што прадугледжваемыя нормамі гэтага Закона ўдасканальванне прававога рэгулявання парадку вызначэння і зацвярджэння пражытачнага мінімуму, удакладненне сацыяльна-дэмаграфічных груп, для якіх разлічваецца бюджэт пражытачнага мінімуму, узмацняюць прававыя гарантыі рэалізацыі канстытуцыйнага права грамадзян на годны ўзровень жыцця. Дадзеныя нормы накіраваны на павышэнне эфектыўнасці дзяржаўнай палітыкі ў адпаведнай галіне, удакладненне адраснасці мер па сацыяльнай абароне насельніцтва i дасягненню балансу інтарэсаў асобы, грамадства і дзяржавы. Пры гэтым забяспечваецца выкананне дзяржавай абавязкаў, прадугледжаных Канстытуцыяй і міжнароднымі дагаворамі Рэспублікі Беларусь, па далейшым развіцці сацыяльнай функцыі дзяржавы ў мэтах пастаяннага паляпшэння ўмоў для годнага жыцця грамадзян.

 

1.2. У рашэнні Канстытуцыйнага Суда ад 7 ліпеня 2014 г., прынятым па выніках праверкі канстытуцыйнасці Закона Рэспублікі Беларусь «О внесении дополнений и изменений в некоторые законы Республики Беларусь по вопросам пенсионного обеспечения», указана, што прававое рэгуляванне адносiн, якія датычацца ў тым ліку пенсіённага забеспячэння, павінна адпавядаць абавязку Рэспублікі Беларусь як сацыяльнай дзяржавы ўстанаўліваць, зыходзячы з наяўных эканамічных рэсурсаў, такія парадак і ўмовы пенсіённага забеспячэння, якія кампенсавалі б адпаведным асобам страты ад натуральнай (узроставай) страты здольнасці да працы і самазабеспячэння ў аб’ёме, які гарантуе іх агульную матэрыяльную забяспечанасць на ўзроўні, неабходным для задавальнення асноўных жыццёвых патрэбнасцей.

 

Па меркаванні Канстытуцыйнага Суда, заканадаўчае рэгуляванне, якое прадугледжвае павелічэнне мінімальнага тэрміну выплаты абавязковых страхавых узносаў для ўзнікнення права на працоўную пенсію, у тым ліку ў выпадках узнікнення такога права раней агульнаўстаноўленага пенсіённага ўзросту, адпавядае аднаму з асноўных прынцыпаў дзяржаўнага сацыяльнага страхавання – абавязковаму ўдзелу работадаўцаў і працуючых грамадзян у фарміраванні дзяржаўных пазабюджэтных фондаў сацыяльнага страхавання, са сродкаў якіх выплачваюцца пенсіі. Выплата абавязковых страхавых узносаў на працягу пэўнага перыяду, які ўстанаўліваецца заканадаўцам у якасці ўмовы ўзнікнення права на пенсію, дазваляе дзяржаве належным чынам гарантаваць рэалізацыю гэтага права.

 

Заканадавец пры ажыццяўленні канстытуцыйных паўнамоцтваў па вызначэнні асноўнага зместу і прынцыпаў ажыццяўлення правоў, свабод і абавязкаў грамадзян, зацвярджэнню асноў сацыяльнай абароны (пункт 2 часткі першай артыкула 97 Канстытуцыі) мае права вызначаць як агульныя правілы пенсіённага забеспячэння, так і ўмовы ўзнікнення права на пенсію, своечасова ўдакладняючы іх і забяспечваючы тым самым гарантыі права грамадзян на пенсію пэўнага віду, якія адпавядаюць яе прыродзе і прызначэнню.

 

1.3. У рашэнні Канстытуцыйнага Суда ад 19 снежня 2014 г. «О соответствии Конституции Республики Беларусь Закона Республики Беларусь «О внесении дополнений и изменений в Закон Республики Беларусь «О средствах массовой информации» ўказана, што інфармацыйныя рэсурсы, размешчаныя ў глабальнай камп’ютэрнай сетцы Інтэрнэт, займаюць значнае месца ў агульным аб’ёме распаўсюджваемай масавай інфармацыі. Распаўсюджванне правяраемым Законам на такія рэсурсы і іх уладальнікаў дзеяння Закона «О средствах массовой информации» мае на мэце належнае забеспячэнне канстытуцыйных правоў карыстальнікаў інфармацыі, што адпавядае палажэнню часткі пятай артыкула 13 Канстытуцыі і не змяншае права на свабоду поглядаў, перакананняў і іх свабоднае выказванне, абвешчанае часткай першай артыкула 33 Канстытуцыі. Дадзеныя заканадаўчыя палажэнні накіраваны на ўстанаўленне прававога механізма прыняцця ўпаўнаважаным дзяржаўным органам неабходных мер, уключаючы папераджальныя, для ажыццяўлення абароны канстытуцыйных правоў асобы, у тым ліку на дакладную інфармацыю, і рэалізацыі тым самым адпаведнага абавязку дзяржаўных органаў, прадугледжанага часткай другой артыкула 59 Канстытуцыі.

 

1.4. У рашэнні ад 26 снежня 2014 г. «О соответствии Конституции Республики Беларусь Закона Республики Беларусь «О внесении дополнений и изменений в Уголовный, Уголовно-процессуальный, Уголовно-исполнительный кодексы Республики Беларусь, Кодекс Республики Беларусь об административных правонарушениях и Процессуально-исполнительный кодекс Республики Беларусь об административных правонарушениях» Канстытуцыйны Суд адзначыў, што ўвядзенне ўказаным Законам інстытута дасудовага пагаднення аб супрацоўніцтве накіравана на павышэнне эфектыўнасці барацьбы са злачыннасцю, у тым ліку арганізаванай, поўнае і аператыўнае расследаванне злачынстваў, пашырэнне магчымасцей па пакрыцці прычыненай злачынствам шкоды (урону) і забеспячэнне тым самым аховы канстытуцыйных правоў і свабод чалавека, правоў і законных інтарэсаў юрыдычных асоб, грамадскіх і дзяржаўных інтарэсаў і ўстаноўленага правапарадку ад злачынных замахаў.

 

Канстытуцыйны Суд таксама звярнуў увагу на тое, што прававое рэгуляванне крымінальна-прававой кампенсацыі, якое ўстанаўліваецца правяраемым Законам, прызвана гарантаваць назначэнне асобе, якая ўчыніла злачынства, пакарання і іншых мер крымінальнай адказнасці, неабходных і дастатковых для яе выпраўлення, іх адэкватнасць калектыўна небяспечным вынікам, што наступілі з прычыны ўчынення злачынства, і забяспечыць тым самым баланс асноўных правоў грамадзяніна (індывіда) і агульнага інтарэсу, які заключаецца ў абароне асобы, грамадства і дзяржавы ад злачынстваў.

 

У дачыненні да новай рэдакцыі артыкула 30 Крымінальна-працэсуальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь (далей – КПК), які ўстанаўлівае, што суд, пракурор або следчы са згоды пракурора маюць права спыняць вядзенне па крымінальнай справе і вызваляць асобу ад крымінальнай адказнасці, у тым ліку ў сувязі са стратай учынкам грамадскай небяспекі, і што прыняцце рашэння аб вызваленні асобы ад крымінальнай адказнасці па падставах, не звязаных з прымірэннем з пацярпеўшым, не залежыць ад волевыяўлення пацярпеўшага, Канстытуцыйным Судом выказана прававая пазіцыя, згодна з якой канстытуцыйны абавязак дзяржавы забяспечваць абарону правоў і свабод асобы, а значыць, і асобы, якая пацярпела ад злачынства, не азначае надзялення самога пацярпеўшага па справах публічнага абвінавачання правам прадвызначаць неабходнасць ажыццяўлення крымінальнага праследавання ў адносінах да пэўнай асобы. Такое права па ўказанай катэгорыі крымінальных спраў можа належаць толькі дзяржаве ў асобе яе органаў і службовых асоб, упаўнаважаных ажыццяўляць крымінальнае праследаванне.

 

2. У мэтах забеспячэння ў нарматворчасці і правапрымяненні  найбольш поўнай рэалізацыі палажэнняў Канстытуцыі ў рашэннях Канстытуцыйнага Суда раскрываўся змест канстытуцыйных прынцыпаў і норм як зыходных фундаментальных прадпісанняў, якія вызначаюць асновы прававога статусу асобы.

 

2.1. Так, аналізуючы змест артыкула 55 Канстытуцыі, згодна з якiм ахова прыроднага асяроддзя – абавязак кожнага, Канстытуцыйны Суд у рашэнні ад 21 красавіка 2014 г. «О  соответствии Конституции Республики Беларусь Водного кодекса Республики Беларусь» адзначыў, што абавязак з’яўляецца ў першую чаргу маральна-духоўнай (этычнай) катэгорыяй. Будучы ўвасобленым у канстытуцыйна-прававую форму, ён надзяляецца якасцю прававой неабходнасці, набывае юрыдычнае значэнне агульнаабавязковага загаду аб’ектыўна-суб’ектыўнага характару, які забяспечваецца дзяржавай у мэтах стварэння належных умоў для рэалізацыі канстытуцыйнага права на спрыяльнае навакольнае асяроддзе. Канстытуцыйная норма, якая таксама выступае ў якасці прававога агульнаабавязковага загаду, не раскрывае зместу абавязку аховы прыроднага асяроддзя, роўна як і не ўстанаўлівае форм і спосабаў яе рэалізацыі. Зыходзячы з выяўленага Канстытуцыйным Судом сэнсу артыкула 55 Канстытуцыі, рэалізацыя кожным чалавекам свайго абавязку па ахове навакольнага асяроддзя можа ажыццяўляцца прама або ўскосна, у розных формах і рознымі спосабамі, у тым ліку прававымі. У экалагічных адносінах абавязак, займаючы дамінуючае палажэнне ў якасці этычнага патрабавання (імператыву), заахвочвае чалавека да ажыццяўлення экалагічных правоў, накіраваных на ахову прыроды, якія, у сваю чаргу, ствараюць умовы для рэалізацыі права кожнага на спрыяльнае навакольнае асяроддзе. Замацаванне заканадаўцам экалагічных правоў прадугледжвае адпаведныя дзеянні грамадзян, накіраваныя на іх забеспячэнне, што надае абавязку як этычнаму патрабаванню ўласцівасць прававога агульнаабавязковага загаду.

 

Такі падыход Канстытуцыйнага Суда грунтуецца на канстытуцыйным прынцыпе ўзаемнай адказнасці дзяржавы і грамадзяніна.

 

2.2. У рашэнні ад 20 чэрвеня 2014 г. «О соответствии Конституции Республики Беларусь Закона Республики Беларусь «О внесении изменений и дополнений в некоторые законы Республики Беларусь по вопросам совершенствования судопроизводства в судах, рассматривающих экономические дела» Канстытуцыйным Судом указана, што рэалізацыя нормы Канстытуцыі, згодна з якой правасуддзе ажыццяўляецца на аснове спаборнасці і роўнасці бакоў у працэсе (частка першая артыкула 115), прадугледжвае судаводства, пры якім бакам у судовым разборы прадастаўляюцца роўныя працэсуальныя магчымасці па адстойванні сваіх правоў і законных інтарэсаў, уключаючы рэальную магчымасць давесці сваю пазіцыю да ведама суда, паколькі толькі пры гэтай умове забяспечваецца права на справядлівую, поўную і эфектыўную судовую абарону.

 

3. Неабходным крытэрыем ацэнкі Канстытуцыйным Судом канстытуцыйнасці заканадаўчага рэгулявання ў розных сферах грамадскіх адносiн выступае прытрымліванне заканадаўцам канстытуцыйных прынцыпаў роўнасці і справядлівасці як умова канстытуцыйнай законнасці ў прававой дзяржаве. Дадзеныя прынцыпы падразумяваюць, што права ўвасабляе справядлівасць, а яго нормы ў роўнай меры адрасаваны ўсім суб’ектам праваадносін, абавязковыя для ўсіх і ў роўнай ступені абараняюцца дзяржавай. Названыя прынцыпы прадугледжваюць таксама захаванне прапарцыянальнасці пры ўстанаўленні пераваг і абмежаванняў, замацаванне іх толькі законам і суразмернасць абараняемым канстытуцыйным каштоўнасцям, дзяржаўным, грамадскім і прыватным інтарэсам,  якая забяспечвае іх баланс.

 

3.1. Правяраючы канстытуцыйнасць Закона Рэспублікі Беларусь «О городском электрическом транспорте и метрополитене», у рашэнні ад 2 мая 2014 г. у дачыненні да артыкула 30 гэтага Закона, які ўстанаўлівае ў ліку асаблівасцей працоўных адносiн на гарадскім электрычным транспарце і метрапалітэне недапушчэнне правядзення іх работнікамі забастовак, Канстытуцыйны Суд адзначыў, што гэта ў пэўнай меры абмяжоўвае права работнікаў на абарону сваіх эканамічных і сацыяльных інтарэсаў, якое рэалізуецца ў тым ліку праз забастоўку (частка трэцяя артыкула 41 Канстытуцыі). Разам з тым магчымасць абмежавання права на забастоўку асобных катэгорый работнікаў з улікам характару іх дзейнасці і вынікаў спынення імі работы вынікае з палажэнняў Канстытуцыі, згодна з якімі кожны абавязаны паважаць годнасць, правы, свабоды, законныя інтарэсы іншых асоб (артыкул 53); абмежаванне правоў і свабод асобы дапускаецца толькі ў выпадках, прадугледжаных законам, у інтарэсах нацыянальнай бяспекі, грамадскага парадку, абароны маралі, здароўя насельніцтва, правоў і свабод іншых асоб (частка першая артыкула  23).

 

Абмежаванне права на забастоўку не супярэчыць таксама агульнапрызнаным прынцыпам і нормам міжнароднага права. Палажэннямі Міжнароднага пакта аб эканамічных, сацыяльных і культурных правах устаноўлена, што абмежаванне права на забастоўкі дапушчальна ў адносінах да асоб, якія ўваходзяць у склад узброеных сіл, паліцыі або адміністрацыі дзяржавы (пункт 2 артыкула 8), а ў адносінах да іншых асоб права на забастоўкі забяспечваецца пры ўмове яго ажыццяўлення ў адпаведнасці з законамі кожнай краіны (падпункт «d» пункта 1 артыкула 8).

 

Гарадскі электрычны транспарт і метрапалітэн з’яўляюцца важнейшымі састаўнымі элементамі гарадской эканамічнай інфраструктуры, прызначанымі для своечасовага і якаснага забеспячэння патрэбнасцей фізічных асоб у перавозках, стварэння ўмоў бесперабойнага функцыянавання гарадской гаспадаркі. Любыя абставіны, якія могуць парушыць нармальнае функцыянаванне гарадскога электрычнага транспарту і метрапалітэна, закранаюць інтарэсы грамадзян, дзяржаўных органаў і  арганізацый, у сувязі з чым увядзенне абмежаванняў рэалізацыі права на забастоўку работнікаў указаных відаў транспарту, па меркаванні Канстытуцыйнага Суда, мае абгрунтаваны характар і адпавядае частцы першай артыкула 23 і артыкулу 53 Канстытуцыі.

 

Аналагічныя вывады зроблены Канстытуцыйным Судом у рашэнні ад 24 снежня 2014 г. пры праверцы канстытуцыйнасці Закона Рэспублікі Беларусь «О внесении изменений и дополнений в некоторые законы Республики Беларусь по вопросам железнодорожного транспорта», які прадугледжвае, што работнікі арганізацый чыгуначнага транспарту агульнага карыстання, якія непасрэдна забяспечваюць перавозачны працэс, не маюць права прымаць удзел у забастоўках.

 

3.2. У рашэнні ад 16 красавіка 2014 г. «О  соответствии Конституции Республики Беларусь Закона Республики Беларусь «О  внесении дополнений и изменений в Закон Республики Беларусь «О мерах по предотвращению легализации доходов, полученных преступным путем, и финансирования террористической деятельности» Канстытуцыйны Суд, зыходзячы са зместу часткі першай артыкула 23 Канстытуцыі, якая дапускае абмежаванне правоў і свабод асобы, ва ўзаемасувязі з палажэннем часткі шостай артыкула 44 Канстытуцыі, згодна з якiм ажыццяўленне права ўласнасці не павінна супярэчыць грамадскай карысці і бяспецы, уціскаць правы і абараняемыя законам інтарэсы іншых асоб, сфармуляваў прававую пазіцыю аб тым, што права ўласнасці можа быць абмежавана заканадаўцам у адпаведнасці з агульнаправавым прынцыпам прапарцыянальнасці ў той меры, у якой гэта неабходна для дасягнення канстытуцыйна значных мэт.

 

Па меркаванні Канстытуцыйнага Суда, як адмова ўдзельнікам фінансавай аперацыі ў яе ажыццяўленні, так і прыпыненне яе ажыццяўлення ў выпадку адпаведнасці крытэрыям выяўлення і прыметам падазроных фінансавых аперацый закранаюць канстытуцыйнае права ўласнасці ўдзельнікаў фінансавай аперацыі, аднак з’яўляюцца правамернымі, паколькі прадугледжаны законам і адпавядаюць патрабаванням суразмернасці і дапушчальнасці. Устанаўліваючы падобныя абмежаванні, заканадавец стварае прававы механізм для прадухілення легалізацыі даходаў, атрыманых злачынным шляхам, і фінансавання тэрарыстычнай дзейнасці, што адпавядае інтарэсам нацыянальнай бяспекі, грамадскага парадку, абароны правоў і свабод іншых асоб.

 

3.3. У ходзе праверкі канстытуцыйнасці Закона Рэспублікі Беларусь «О внесении изменений и дополнений в некоторые законы Республики Беларусь по вопросам обеспечения безопасности дорожного движения» Канстытуцыйны Суд прыняў да ўвагі значнасць удасканальвання заканадаўчага рэгулявання адміністрацыйнай адказнасці за правапарушэнні, учыненыя ў сферы бяспекі дарожнага руху і эксплуатацыі транспарту паколькі транспартныя сродкі з’яўляюцца крыніцай павышанай небяспекі. У рашэнні ад 2 ліпеня 2014 г. Канстытуцыйным Судом адзначана, што дапаўненні, якія ўносяцца гэтым Законам, маюць на мэце ўзмацненне мер адміністрацыйнай адказнасці ў сферы бяспекі дарожнага руху і эксплуатацыі транспарту, зыходзячы з уліку характару шкодных вынікаў правапарушэння, забеспячэння суразмернасці адміністрацыйнага спагнання характару ўчыненага адміністрацыйнага правапарушэння. Указаныя дапаўненні накіраваны на рэалізацыю ўстаноўленага ў артыкуле 59 Канстытуцыі абавязку дзяржавы прымаць усе даступныя ёй меры для стварэння ўнутранага парадку, неабходнага для поўнага ажыццяўлення грамадзянамі сваіх правоў і свабод.

 

3.4. У рашэнні ад 22 снежня 2014 г. «О соответствии Конституции Республики Беларусь Закона Республики Беларусь «О  внесении дополнений и изменений в Гражданский кодекс Республики Беларусь» пры ацэнцы палажэнняў гэтага Закона, згодна з якімi заканадаўчымі актамі могуць быць устаноўлены іншыя абмежаванні на перадачу маёмасці ў залог, акрамя замацаваных у пункце 1 артыкула 317 Грамадзянскага кодэкса Рэспублікі Беларусь, Канстытуцыйны Суд зыходзіў з таго, што права на заняцце прадпрымальніцкай і іншай не забароненай законам эканамічнай дзейнасцю можа быць абмежавана заканадаўцам. Аднак такое абмежаванне павінна ажыццяўляцца ў адпаведнасці з палажэннем часткі першай артыкула 23 Канстытуцыі, якое замацоўвае, што абмежаванне правоў і свабод асобы дапускаецца толькі ў выпадках, прадугледжаных законам, у інтарэсах нацыянальнай бяспекі, грамадскага парадку, абароны маралі, здароўя насельніцтва, правоў і свабод іншых асоб.

 

У сувязі з гэтым Канстытуцыйны Суд адзначыў, што заканадавец, ажыццяўляючы ў далейшым прававое рэгуляванне ўказаных адносiн, у тым ліку звязаных з абмежаваннем права ўдзельнікаў грамадзянскага абароту на ажыццяўленне прадпрымальніцкай дзейнасці, павінен грунтавацца на канстытуцыйных прынцыпах і нормах, уключаючы прыведзеную норму артыкула 23 Канстытуцыі.

 

4. Прытрымліванне канстытуцыйнага прынцыпу вяршэнства права ў заканатворчым працэсе прадугледжвае стварэнне адзінай унутрана ўзгодненай прававой сістэмы, пры якой нарматыўныя прававыя акты ўзгоднены паміж сабой, у іх адсутнічаюць прабелы і калізіі.

 

Канстытуцыйным Судом у шэрагу рашэнняў указвалася на значэнне прынцыпу прававой пэўнасці для эфектыўнай рэалізацыі канстытуцыйных прынцыпаў і норм у прымаемых законах, забеспячэння канстытуцыйнасці правапрымяняльнай практыкі. Як адзін з неабходных элементаў канстытуцыйнага прынцыпу вяршэнства права, ён прадугледжвае сістэмнасць і комплекснасць прававога рэгулявання грамадскіх адносiн, яснасць, дакладнасць, несупярэчлівасць і лагічную ўзгодненасць норм законаў, якія забяспечваюць магчымасць іх аднастайнага прымянення на практыцы.

 

4.1. У рашэнні ад 5 чэрвеня 2014 г., прынятым па выніках праверкі канстытуцыйнасці Закона Рэспублікі Беларусь «О внесении изменений и дополнений в некоторые законы Республики Беларусь по вопросам направления граждан в лечебно-трудовые профилактории и об условиях нахождения в них», Канстытуцыйным Судом пацверджана выказаная ім раней прававая пазіцыя, згодна з якой для ўстанаўлення абавязку асуджанага пакрыць урон (кампенсаваць шкоду), прычынены папраўчай установе сваімі супрацьпраўнымі дзеяннямі, неабходна даказванне ў тым ліку наяўнасці шкоды і яе размеру, супрацьпраўнасці дзеянняў асуджанага, прычыннай сувязі паміж такімі дзеяннямі і наступіўшай шкодай, што магчыма толькі ў выніку судовага вырашэння спрэчкі па іску.

 

Канстытуцыйны Суд прыйшоў да вываду, што норма пункта 16 артыкула 2 Закона, якая прадугледжвае пакрыццё ўрону (кампенсаванне шкоды) шляхам учынення выканаўчага надпісу, не ў поўнай меры ўлічвае ўказаную прававую пазіцыю Канстытуцыйнага Суда. Заканадаўцу прапанавана пры далейшым удасканальванні заканадаўства зыходзіць з неабходнасці забеспячэння канстытуцыйнага права на судовую абарону, замацаванага ў частцы першай артыкула 60 Канстытуцыі, якая гарантуе кожнаму абарону яго правоў і свабод кампетэнтным, незалежным і непрадузятым судом у вызначаныя законам тэрміны.

 

4.2. Правяраючы канстытуцыйнасць Закона Рэспублікі Беларусь «О внесении дополнений и изменений в Закон Республики Беларусь «О противодействии торговле людьми», у рашэнні ад 8 снежня 2014 г. Канстытуцыйны Суд адзначыў, што ў выніку ўвядзення заканадаўцам дадатковых прымет пры вызначэнні гандлю людзьмі і эксплуатацыі крыміналізуецца больш шырокае кола грамадска небяспечных дзеянняў, звязаных з гандлем людзьмі і рознымі формамі эксплуатацыі чалавека, уключаючы раней некаральныя іх праяўленні, што мае на мэце ўмацаванне законнасці і правапарадку і адпавядае канстытуцыйнаму абавязку дзяржавы абараняць жыццё чалавека ад любых супрацьпраўных замахаў, забяспечваць свабоду, недатыкальнасць і годнасць асобы (частка другая артыкула 24, частка першая артыкула 25 Канстытуцыі). Пашырэнне зместу тэрміна «гандаль людзьмі» шляхам указання на дзеянні, учыненыя ў мэтах эксплуатацыі непаўналетніх, незалежна ад прымянення такіх сродкаў уздзеяння, як падман, злоўжыванне даверам, прымяненне насілля або пагроза прымянення насілля, накіравана на ахову інтарэсаў непаўналетніх асоб і максімальнае забеспячэнне гарантый іх дабрабыту, што адпавядае палажэнню Канстытуцыі, згодна з якім дзяцінства знаходзіцца пад абаронай дзяржавы (частка першая артыкула 32), а таксама забяспечвае належнае выкананне Рэспублікай Беларусь сваіх міжнародных абавязацельстваў.

 

Разам з тым Канстытуцыйным Судом звернута ўвага заканадаўца на неабходнасць своечасовага ўнясення змяненняў у Крымінальны кодэкс Рэспублікі Беларусь у мэтах удакладнення прымет адпаведных саставаў злачынстваў для адназначнага разумення ўводзімых правяраемым Законам тэрмінаў і забеспячэння аднастайнай правапрымяняльнай практыкі.

 

4.3. У рашэнні Канстытуцыйнага Суда ад 30 снежня 2014 г. адзначана, што Закон Рэспублікі Беларусь «О  внесении дополнений и изменений в некоторые законы Республики Беларусь по вопросам донорства крови и ее компонентов» замацоўвае дадатковыя ўмовы і магчымасці для рэалізацыі грамадзянамі канстытуцыйнага права на ахову здароўя.

 

Законам уносяцца змяненні ў Закон Рэспублікі Беларусь «О донорстве крови и ее компонентов», якія прадугледжваюць, што ў Адзіную базу даных донарства крыві, яе кампанентаў уключаюцца ў тым ліку звесткі, якія дазваляюць устанавіць асобу донара і асобу рэцыпіента, а таксама іншыя звесткі, якія, па меркаванні Канстытуцыйнага Суда, дазваляюць прама або ўскосна ідэнтыфікаваць асобу, да якой яны адносяцца. У той жа час Законам устаноўлена, што парадак стварэння і вядзення Адзінай базы даных донарства крыві, яе кампанентаў, выкарыстання і прадастаўлення змешчанай у гэтай базе інфармацыі вызначаецца Міністэрствам аховы здароўя Рэспублікі Беларусь.

 

У адпаведнасці з Законам Рэспублікі Беларусь «Об информации, информатизации и защите информации» даныя, якія дазваляюць ідэнтыфікаваць фізічную асобу, з’яўляюцца персанальнымі данымі; у дачыненні да персанальных даных павінны быць прыняты меры па абароне iх ад выдавання з моманту, калі гэтыя даныя былі прадастаўлены фізічнай асобай, да якой яны адносяцца; парадак атрымання, перадачы, збору, апрацоўкі, назапашвання, захоўвання і прадастаўлення персанальных даных, а таксама карыстання імі ўстанаўліваецца заканадаўчымі актамі Рэспублікі Беларусь.

 

У сувязі з выкладзеным Канстытуцыйны Суд звярнуў увагу заканадаўца на тое, што нормы правяраемага Закона аб выкарыстанні і прадастаўленні змешчанай ў Адзінай базе даных донарства крыві, яе кампанентаў інфармацыі, якая з’яўляецца па сутнасці персанальнымі данымі донараў і рэцыпіентаў, не прадугледжваюць гарантый яе абароны і не ў поўнай меры ўзгоднены з адпаведнымі палажэннямі Закона «Об информации, информатизации и защите информации».

 

5. Канстытуцыйны Суд указаў таксама на такую неабходную ўмову рэалізацыі прынцыпу прававой дакладнасці, як адзінства тэрміналогіі нарматыўных прававых актаў, якое можа быць забяспечана ў тым ліку пры дапамозе выключэння лішку і калізій норм законаў, што замацоўваюць азначэнні выкарыстоўваемых у іх тэрмінаў.

 

5.1. У прынятым у выніку праверкі канстытуцыйнасці Закона Рэспублікі Беларусь «О внесении изменений и дополнений в Закон Республики Беларусь «О лекарственных средствах» рашэнні ад 10 лістапада 2014 г. Канстытуцыйны Суд, зыходзячы з патрабаванняў эканоміі прававога рэгулявання, найбольш мэтазгоднага выкладання  прававых прадпісанняў і выключэння іх лішку, звярнуў увагу заканадаўца на тое, што неабходнасць расшыфроўкі тэрмінаў узнікае толькі ў выпадках выкарыстання ў тэрмінах рэдкіх або малаўжывальных замежных слоў, пераасэнсаваных агульнаўжывальных слоў, а таксама слоў, якія дазваляюць неадназначна вытлумачыць сэнс тэрміна і выклікаюць разнастайныя сэнсавыя асацыяцыі.

 

5.2. У рашэнні Канстытуцыйнага Суда ад 6 чэрвеня 2014 г. «Аб адпаведнасці Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь Закона Рэспублікі Беларусь «Аб беларусах замежжа» адзначана, што ў абзацы другім артыкула 1 гэтага Закона пры вызначэнні тэрміна «беларусы замежжа» ўказваюцца дзве катэгорыі асоб: асобы, якія пастаянна пражываюць за межамі Рэспублікі Беларусь і ідэнтыфікуюць сябе як беларусы, і асобы, якія пастаянна пражываюць за межамі Рэспублікі Беларусь і з’яўляюцца выхадцамі з тэрыторыі сучаснай Рэспублікі Беларусь. У той жа час у артыкуле 4 дадзенага Закона ў ліку асоб, якія адносяцца да беларусаў замежжа, акрамя вышэйпамянёных катэгорый, названы і грамадзяне Рэспублікі Беларусь. Аднак да грамадзян Рэспублікі Беларусь належаць таксама асобы, якія не ідэнтыфікуюць сябе як беларусы з пункта гледжання этнічнай прыналежнасці і не з’яўляюцца выхадцамі з тэрыторыі сучаснай Рэспублікі Беларусь. У выніку такога заканадаўчага падыходу кола беларусаў замежжа згодна з артыкулам 4 Закона шырэй, чым устаноўленае ў абзацы другім артыкула 1 Закона.

 

Па меркаванні Канстытуцыйнага Суда, разгорнутае вызначэнне прававой катэгорыі ў спецыяльным артыкуле Закона выключае прывядзенне вузкай дэфініцыі таго ж паняцця ў іншым яго артыкуле. Такі падыход будзе дапамагаць забеспячэнню лагічнай пабудовы і ўнутранай узгодненасці нарматыўнага прававога акта, дакладнаму разуменню зместу ўсіх яго палажэнняў, аднастайнасці правапрымяняльнай практыкі.

 

У рашэнні Канстытуцыйнага Суда таксама адзначана, што аб наяўнасці прававой нявызначанасці сведчыць выкарыстанне ў Законе «Аб беларусах замежжа» паняцця «нацыянальныя правы», разгорнутае азначэнне якога адсутнічае як у гэтым Законе і іншых актах заканадаўства, так і ў прававой дактрыне, што ўскладняе выпрацоўку прававых сродкаў абароны дадзеных правоў. Канстытуцыйны Суд зрабіў вывад аб неабходнасці пры далейшым удасканальванні прававога рэгулявання дзяржаўнай палітыкі ў галіне адносiн з беларусамі замежжа ўстараніць указаную прававую нявызначанасць шляхам канкрэтызацыі індывідуальных і калектыўных правоў беларусаў замежжа, якія маюць патрэбу ў іх забеспячэнні Рэспублікай Беларусь.

 

6. Канстытуцыйны Суд, канкрэтызуючы і развіваючы канстытуцыйныя прынцыпы і нормы прымяняльна да спецыфікі асобных сфер грамадскіх адносiн, у шэрагу рашэнняў фармуляваў прававыя пазіцыі аб неабходнасці прытрымлівання iншых канстытуцыйных прынцыпаў (абавязковасці судовых пастаноў, свабоды прадпрымальніцтва і інш.) пры заканадаўчым рэгуляванні адносiн, а таксама арыентуючыя заканадаўца на адпаведныя напрамкі ўдасканальвання яго нарматворчай дзейнасці.

 

6.1. Як адзначана ў рашэнні Канстытуцыйнага Суда ад 2 ліпеня 2014 г., прынятым па выніках праверкі канстытуцыйнасці Закона Рэспублікі Беларусь «О внесении изменений и дополнений в Закон Республики Беларусь «О ценообразовании», з аналізу палажэнняў Канстытуцыі, якія прадугледжваюць прадастаўленне дзяржавай усім роўных правоў для ажыццяўлення гаспадарчай і іншай дзейнасці, акрамя забароненай законам, і гарантаванне роўнай абароны і роўных умоў для развіцця ўсіх форм уласнасці, а таксама гарантаванне ўсім роўных магчымасцей свабоднага выкарыстання здольнасцей і маёмасці для прадпрымальніцкай і іншай не забароненай законам эканамічнай дзейнасці, ажыццяўленне рэгулявання эканамічнай дзейнасці ў інтарэсах чалавека і грамадства (часткі другая, чацвёртая і пятая артыкула 13), вынікае вывад аб тым, што ў Рэспубліцы Беларусь павінны стварацца максімальна спрыяльныя ўмовы для функцыянавання эканамічнай сістэмы ў цэлым, у тым ліку шляхам устанаўлення прававых асноў цэнавай палітыкі.

 

Па меркаванні Канстытуцыйнага Суда, гэта прадугледжвае перш за ўсё свабоду прадпрымальніцтва, якая ўяўляе сабой універсальны (інтэграваны) канстытуцыйна-прававы прынцып, што аб’ядноўвае некалькі адносна самастойных прынцыпаў прававога рэгулявання адносiн у сферы прадпрымальніцкай дзейнасці (прынцыпы роўнасці, недатыкальнасці ўласнасці, свабоды дагавора, свабоды канкурэнцыі і інш.).

 

6.2. У прынятым па выніках праверкі канстытуцыйнасці Закона Рэспублікі Беларусь «О внесении изменений и дополнений в некоторые законы Республики Беларусь по вопросам совершенствования гражданского судопроизводства» рашэнні ад 20 чэрвеня 2014 г. Канстытуцыйным Судом указана, што з часткі трэцяй артыкула 21, часткі першай артыкула 60 і часткі другой артыкула 115 Канстытуцыі, у адпаведнасці з якімі дзяржава гарантуе правы і свабоды грамадзян Беларусі, замацаваныя ў Канстытуцыі і прадугледжаныя міжнароднымі абавязацельствамі дзяржавы, кожнаму гарантуецца абарона яго правоў і свабод кампетэнтным, незалежным і непрадузятым судом у вызначаныя законам тэрміны, а судовыя пастановы з’яўляюцца абавязковымі для ўсіх грамадзян і службовых асоб, у іх узаемасувязі з палажэннямі міжнародна-прававых актаў вынікае, што канстытуцыйнае права на судовую абарону ўключае не толькі магчымасць звароту ў суд, але і своечасовае і поўнае выкананне судовых рашэнняў.

 

Па меркаванні Канстытуцыйнага Суда, выкананне судовых пастаноў і іншых актаў, якія падлягаюць выкананню, з’яўляецца адной з асноўных умоў рэалізацыі канстытуцыйнага права кожнага на судовую абарону. З мэтай забеспячэння дзейснай абароны парушаных правоў асобы заканадавец абавязаны ажыццяўляць рэгуляванне грамадскіх адносiн у гэтай сферы, якое гарантуе рэалізацыю канстытуцыйнага прынцыпу абавязковасці судовых пастаноў і своечасовае выкананне іншых выканаўчых дакументаў.

 

7. З улiкам неабходнасцi забеспячэння канстытуцыйнасці правапрымяняльнай практыкі Канстытуцыйны Суд сфармуляваў шэраг адрасаваных правапрымяняльнікам прававых пазіцый, у якіх раскрываецца канстытуцыйна-прававы сэнс норм законаў.

 

У рашэнні ад 5 чэрвеня 2014 г. «О соответствии Конституции Республики Беларусь Закона Республики Беларусь «О внесении изменений и дополнений в Закон Республики Беларусь «О  здравоохранении» Канстытуцыйным Судом адзначана, што пунктам 18 артыкула 1 правяраемага Закона замацоўваецца права ўрача-спецыяліста адмовіцца ад правядзення штучнага перарывання цяжарнасці, пісьмова паведаміўшы аб гэтым кіраўніку арганізацыі аховы здароўя, калі адмова непасрэдна не пагражае жыццю і (або) здароўю жанчыны; пасля атрымання пісьмовага паведамлення ўрача-спецыяліста кіраўнік арганізацыі аховы здароўя павінен арганізаваць жанчыне правядзенне штучнага перарывання цяжарнасці іншым урачом-спецыялістам. Аднак пры гэтым заканадаўцам не ўстанаўліваецца, якія прычыны павінны ляжаць у аснове адмовы ўрача-спецыяліста ад правядзення ўказанай медыцынскай працэдуры.

 

Канстытуцыйны Суд выказаў прававую пазіцыю, згодна з якой такая адмова ўрача-спецыяліста магчыма пры наяўнасці ўважлівых прычын, у прыватнасці з-за маральна-этычных, духоўных прынцыпаў, рэлігійных і іншых перакананняў, адначасова было ўказана, што паколькі ў шэрагу выпадкаў тэрмін цяжарнасці мае значэнне для выбару спосабу яе перарывання і, адпаведна, магчымых вынікаў для здароўя жанчыны, у тым ліку рэпрадуктыўнага, то ўрач-спецыяліст, кіраўнік арганізацыі аховы здароўя, іншыя медыцынскія работнікі, уцягнутыя ў працэс замены ўрача-спецыяліста, павінны дзейнічаць максімальна аператыўна ў мэтах недапушчэння парушэння правоў і законных інтарэсаў цяжарнай жанчыны.

 

У дадзеным рашэнні Канстытуцыйнага Суда таксама адзначана, што ў адпаведнасці з пунктам 30 артыкула 1 правяраемага Закона ў частцы першай артыкула 38 Закона «О  здравоохранении» захавана агульнае правіла аб забеспячэнні грамадзян Рэспублікі Беларусь пры аказанні ім медыцынскай дапамогі ў стацыянарных умовах у дзяржаўных установах аховы здароўя лекавымі сродкамі і медыцынскімі вырабамі за кошт сродкаў рэспубліканскага і (або) мясцовых бюджэтаў на падставе клінічных пратаколаў або метадаў аказання медыцынскай дапамогі. Па меркаванні Канстытуцыйнага Суда, пад дзеянне часткі першай артыкула 38 Закона «О  здравоохранении» павінны падпадаць таксама выпадкі, калі клінічная сітуацыя ў адносінах да канкрэтнага пацыента можа адхіляцца ад зацверджаных агульных патрабаванняў да аказання медыцынскай дапамогі, што аб’ектыўна абумоўлена індывідуальнымі асаблівасцямі арганізма пацыента і нацэльвае арганізацыю аховы здароўя на пошук і выкарыстанне індывідуальных падыходаў, у тым ліку да выбару лекавых сродкаў пры аказанні медыцынскай дапамогі кожнаму пацыенту, забяспечваючы тым самым гарантаванасць канстытуцыйнага права грамадзян на бясплатнае лячэнне ў дзяржаўных установах аховы здароўя (частка першая артыкула 45 Канстытуцыі).

 

Такім чынам, практыка абавязковага папярэдняга кантролю канстытуцыйнасці законаў сведчыць аб шматграннасці зместу канстытуцыйных прынцыпаў і норм, іх важкай ролі ў забеспячэнні стабільнасці і дынамізму прававога рэгулявання грамадскіх адносiн, узгодненага функцыянавання розных галін заканадаўства Рэспублікі Беларусь і адзінства правапрымянення.

 

Рашэнні Канстытуцыйнага Суда і выказаныя ў іх прававыя пазіцыі накіраваны на забеспячэнне комплекснага ўздзеяння Канстытуцыі на грамадскія адносіны, паступальнае развіццё якіх у многім залежыць ад аб’ёму рэалізацыі і захавання балансу канстытуцыйных прынцыпаў у прымаемых законах. Канстытуцыйны Суд канстатуе накіраванасць заканадаўца на канкрэтызацыю і развіццё прынцыпаў і норм Канстытуцыі, што забяспечваюць разумную стабільнасць прававога рэгулявання і выступаюць гарантыяй канстытуцыйнасці дадзеных законаў.

 

II

 

1. У адпаведнасці з часткай чацвёртай артыкула 116 Канстытуцыі і часткай першай артыкула 22 Кодэкса аб судаўладкаванні і статусе суддзяў Канстытуцыйны Суд дае заключэнне аб канстытуцыйнасці нарматыўных прававых актаў у дзяржаве па прапановах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, Палаты прадстаўнікоў і Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь, Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь. Дадзеная функцыя рэалізуецца Канстытуцыйным Судом у парадку наступнага канстытуцыйнага кантролю ў адпаведнасці з Законам «О конституционном судопроизводстве».

 

У 2014 годзе ў Канстытуцыйны Суд з прапановай аб праверцы канстытуцыйнасці пункта 7 часткі 1 артыкула 29 і пункта 1 часткі 1 артыкула 303 КПК звярнулася Палата прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу.

 

Падставай паслужыў ініцыятыўны зварот у Палату прадстаўнікоў, у якім выказвалася меркаванне, што фактам спынення крымінальнай справы па нерэабілітуючай падставе без згоды блізкіх сваякоў асобы, якая памёрла, і яго магчымымі юрыдычнымі вынікамі істотна закранаюцца гонар і добрае імя асобы, якая памёрла, а таксама законныя інтарэсы яе блізкіх сваякоў, пры гэтым парушаюцца палажэнні артыкулаў 26 і 60 Канстытуцыі, што замацоўваюць прэзумпцыю невінаватасці і права кожнага на судовую абарону.

 

Пры праверцы канстытуцыйнасці ўказаных вышэй норм КПК Канстытуцыйным Судом улічваўся як літаральны іх сэнс, так і сэнс, які надаецца ім практыкай прымянення. Поўнаму і аб’ектыўнаму разгляду справы садзейнічаў удзел у судовым пасяджэнні паўнамоцных прадстаўнікоў у Канстытуцыйным Судзе Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, Палаты прадстаўнікоў і Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, а таксама прадстаўнікоў Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь, Генеральнай пракуратуры Рэспублікі Беларусь, Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь і Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь.

 

На падставе часткі трэцяй артыкула 19 Закона «О  конституционном судопроизводстве» прадстаўнікі Палаты прадстаўнікоў пашырылі змест унесенай у Канстытуцыйны Суд прапановы, адзначыўшы, што праверцы на прадмет адпаведнасці Канстытуцыі падлягаюць і іншыя ўзаемазвязаныя нормы КПК у дачыненні да сітуацыі, калі са спыненнем крымінальнай справы не згодны блізкія сваякі асобы, якая памёрла.

 

Заключэннем Канстытуцыйнага Суда ад 12 чэрвеня 2014 г., вынесеным па дадзенай справе, палажэннi пункта 7 часткі 1 артыкула 29, часткі 1 артыкула 250, часткі 1 артыкула 279, пункта 1 часткі 1 артыкула 303 КПК, якія вызначаюць, што крымінальная справа ў адносінах да асобы, якая памёрла, не можа быць узбуджана, а па ўзбуджанай справе падлягаюць спыненню папярэдняе расследаванне і вядзенне па крымінальнай справе пры назначэнні суддзёй судовага пасяджэння, а таксама ў судовым пасяджэнні, акрамя выпадкаў, калі вядзенне па крымінальнай справе неабходна для рэабілітацыі асобы, якая памёрла, прызнаны неадпаведнымі частцы першай артыкула 25, артыкулам 26, 28 і 60 Канстытуцыі, згодна з якiмi дзяржава забяспечвае свабоду, недатыкальнасць і годнасць асобы; ніхто не можа быць прызнаны вінаватым у злачынстве, калі яго віна не будзе ў прадугледжаным законам парадку даказана і ўстаноўлена прыгаворам суда, які ўступіў у законную сілу; кожны мае права на абарону ад незаконнага ўмяшання ў яго асабістае жыццё, у тым ліку ад замаху на яго гонар і годнасць; кожнаму гарантуецца абарона яго правоў і свабод кампетэнтным, незалежным і непрадузятым судом у вызначаныя законам тэрміны.

 

Канстытуцыйны Суд устанавіў, што прыведзеныя палажэнні КПК не адпавядаюць Канстытуцыі ў той меры, у якой яны дазваляюць органу, які вядзе крымінальны працэс, у выпадку смерці падазронага або абвінавачванага адмовіць ва ўзбуджэнні крымінальнай справы, а па ўзбуджанай справе спыніць вядзенне без згоды яго блізкіх сваякоў.

 

Замацаваныя ў Законе «О конституционном судопроизводстве» прынцыпы, уключаючы законнасць, незалежнасць суда, галоснасць, спаборнасць і роўнасць бакоў, садзейнічаюць рэалізацыі канстытуцыйнай гарантыі кожнаму судовай абароны яго правоў і свабод, эфектыўнаму выкананню задач Канстытуцыйнага Суда ў сферы ўмацавання канстытуцыйнай законнасці.

 

2. У 2014 годзе ў Адміністрацыю Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, Палату прадстаўнікоў і Савет Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь паступіў 101 ініцыятыўны зварот. Інфармацыя аб такіх зваротах ад Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь як органа, які ў адпаведнасці з часткай трэцяй артыкула 22 Кодэкса аб судаўладкаванні і статусе суддзяў таксама надзелены паўнамоцтвам разглядаць ініцыятыўныя звароты, у Канстытуцыйны Суд па-ранейшаму не паступала з прычыны адсутнасці ў сістэме судоў агульнай юрысдыкцыі належнага ўліку такіх зваротаў.

 

У ініцыятыўных зваротах ставіліся пытанні аб  неабходнасці праверкі канстытуцыйнасці асобных норм кодэксаў, законаў і  іншых нарматыўных прававых актаў, якія закранаюць працоўныя, грамадзянскія, жыллёвыя, падатковыя, зямельныя правы грамадзян, а таксама іх права на ахову здароўя, адукацыю, правы, што вынікаюць з адміністрацыйна-працэсуальных, крымінальна-працэсуальных, крымінальна-выканаўчых адносiн, і інш.

 

Толькі па аднаму з такіх зваротаў упаўнаважаным органам было прынята рашэнне аб унясенні адпаведнай прапановы ў Канстытуцыйны Суд. У далейшым патэнцыял ініцыятыўных зваротаў як дзейснага фактару ўмацавання канстытуцыйнай законнасці ўпаўнаважаным органам мэтазгодна выкарыстоўваць больш актыўна.

 

Канстытуцыйны Суд адзначае, што грамадзяне звяртаюцца да ўпаўнаважаных органаў з ініцыятывай аб праверцы канстытуцыйнасці акта, спасылаючыся пры гэтым на парушэнне іх правоў, у адпаведнасці з палажэннямі Канстытуцыі  аб гарантыях судовай абароны правоў і свабод, што  прадугледжвае разгляд ініцыятыўных зваротаў у парадку, устаноўленым заканадаўствам.

 

У сувязі з гэтым патрабуецца заканадаўчае вызначэнне межаў і парадку ацэнкі ўпаўнаважаным органам дастатковасці падстаў для ўнясення ў Канстытуцыйны Суд прапановы аб праверцы канстытуцыйнасці нарматыўнага прававога акта зыходзячы з крытэрыяў разумнасці і абгрунтаванасці, якое не ставіць пад сумненне саму магчымасць рэалізацыі права на судовую абарону. Такая мера будзе садзейнічаць пашырэнню выкарыстання механізма ўскоснага доступу грамадзян да канстытуцыйнага правасуддзя, узмацненню яго ролі ва ўмацаванні канстытуцыйнай законнасці.

 

Акрамя таго, у цяперашні час фактычна не рэалізуюцца палажэнні часткі другой артыкула 112 Канстытуцыі. Адсутнасць дзейснага прававога механізма ініцыіравання канстытуцыйнага кантролю нарматыўных прававых актаў, якія падлягаюць прымяненню судамі агульнай юрысдыкцыі пры разглядзе канкрэтных спраў, перашкаджае належнаму вырашэнню пытанняў аб праверцы канстытуцыйнасці нарматыўных прававых актаў і не апраўдвае чаканні грамадзян. Гэта сведчыць аб неабходнасці заканадаўчага ўстанаўлення працэсуальнага парадку звароту судоў агульнай юрысдыкцыі з папярэднім (прэюдыцыяльным) запытам у Канстытуцыйны Суд аб праверцы канстытуцыйнасці нарматыўнага прававога акта, які падлягае прымяненню.

 

На сустрэчы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь з суддзямі Канстытуцыйнага Суда 14 сакавіка 2014 г. былі падтрыманы прапановы па далейшым пашырэнні магчымасцей канстытуцыйнага кантролю. Звернута ўвага на неабходнасць выпрацоўкi эфектыўнага заканадаўчага механізма ўскоснага доступу грамадзян да канстытуцыйнага правасуддзя, у тым ліку праз упаўнаважаных суб’ектаў, напаўнення яго рэальным зместам, а таксама замацавання дзейснага працэсуальнага парадку звароту судоў агульнай юрысдыкцыі ў Канстытуцыйны Суд з мэтай праверкі канстытуцыйнасці нарматыўных  прававых актаў.

 

III

 

У 2014 годзе ў Канстытуцыйны Суд паступіла 760 зваротаў грамадзян і юрыдычных асоб. У зваротах пастаўлена больш за 800 пытанняў прававога характару, у тым ліку аб праверцы канстытуцыйнасці нарматыўных прававых актаў, аб неабходнасці ўнясення ў нарматыўныя прававыя акты змяненняў і дапаўненняў, устаранення ў іх прабелаў, выключэння калізій і прававой нявызначанасцi, а таксама змяшчаліся прапановы аб тлумачэнні нарматыўных прававых актаў, выкананні і тлумачэнні рашэнняў Канстытуцыйнага Суда.

 

Паўнамоцтва Канстытуцыйнага Суда прымаць рашэнні аб устараненні ў нарматыўных прававых актах прабелаў, выключэнні ў іх калізій і прававой нявызначанасці замацавана абзацам восьмым часткі трэцяй артыкула 22 Кодэкса аб судаўладкаванні і статусе суддзяў. Згодна з часткай першай артыкула 158 Закона «О конституционном судопроизводстве» падставай для ўзбуджэння вядзення па справах такой катэгорыі з’яўляюцца паступіўшыя ў Канстытуцыйны Суд звароты дзяржаўных органаў,  арганізацый, а таксама грамадзян, у тым ліку індывідуальных прадпрымальнікаў, якія змяшчаюць інфармацыю аб наяўнасці ў нарматыўных прававых актах прабелаў, калізій і прававой нявызначанасці.

 

Пры прыняцці рашэння аб узбуджэнні вядзення па справе аб устараненні ў нарматыўных прававых актах прабелаў, выключэнні ў іх калізій і прававой нявызначанасці Канстытуцыйны Суд зыходзіць з таго, што адпаведныя недахопы канкрэтнага нарматыўнага прававога акта цягнуць такое яго вытлумачэнне і прымяненне, якія парушаюць або могуць парушыць канстытуцыйныя правы і свабоды, перашкаджаюць забеспячэнню гарантый іх рэалізацыі.

 

Канстытуцыйным Судом у 2014 годзе прыняты шэраг рашэнняў аб выключэнні ў нарматыўных прававых актах прававой нявызначанасці. Вядзенне па дадзеных справах было ўзбуджана Канстытуцыйным Судом у сувязі з паступіўшымі зваротамі грамадзян і недзяржаўнай арганізацыі, у якіх змяшчалася інфармацыя аб наяўнасці ў нормах прававых актаў прабелаў, калізій і прававой нявызначанасці.

 

1. Так, падставай для ўзбуджэння Канстытуцыйным Судом справы «О  правовой неопределенности в правовом регулировании удостоверения личности при назначении пенсии органами по труду, занятости и социальной защите» стаў зварот аб адмове ў назначэнні пенсіі ў сувязі з неатрыманнем па рэлігійных перакананнях пашпарта грамадзяніна Рэспублікі Беларусь. У рашэнні Канстытуцыйнага Суда ад 9 ліпеня 2014 г. адзначана, што існуючы ў цяперашні час парадак назначэння пенсій і прадстаўлення для гэтага адпаведных дакументаў, які вызначаны на ўзроўні нарматыўнага прававога акта міністэрства, прадугледжвае абавязковае прад’яўленне пашпарта пры звароце за назначэннем пенсій. Такі парадак абмяжоўвае гарантаванае дзяржавай канстытуцыйнае права на пенсіённае забеспячэнне грамадзян, якія не могуць прад’явіць пашпарт у сувязі з адмовай ад яго атрымання па рэлігійных перакананнях, нягледзячы на тое, што яны набылі дадзенае права сваёй працоўнай дзейнасцю і выкананнем іншых умоў, указаных у Законе Рэспублікі Беларусь «О пенсионном обеспечении».

 

У мэтах належнай рэалізацыі канстытуцыйнага права грамадзян на сацыяльнае забеспячэнне і прытрымлівання прынцыпу сацыяльнай справядлівасці Канстытуцыйны Суд прызнаў неабходным выключыць прававую нявызначанасць і прапанаваў Савету Міністраў шляхам прыняцця адпаведнай пастановы забяспечыць пры дапамозе прававога рэгулявання парадку прадстаўлення і афармлення дакументаў для назначэння пенсіі органамі па працы, занятасці і сацыяльнай абароне магчымасць сведчання асобы ў выключных выпадках не толькі пашпартам грамадзяніна Рэспублікі Беларусь, але і іншымі дакументамі.

 

2. У рашэнні Канстытуцыйнага Суда ад 10 ліпеня 2014 г. «О правовом регулировании размера оплаты времени вынужденного прогула работнику, восстановленному на прежней работе», прынятым на падставе звароту адкрытага акцыянернага таварыства, указана, што заканадаўствам аб працы вызначаны выплаты, якія падлягаюць уліку (або не ўлічваюцца) пры вылічэнні сярэдняга заробку за час вымушанага прагулу; пры гэтым у частцы вызначэння размеру аплаты часу вымушанага прагулу работніку, які падлягае аднаўленню на ранейшай рабоце, не замацавана норм аб заліку выплат, уключаных у разлік пры звальненні работніка, гэта значыць аб магчымасці змяншэння вылічанага сярэдняга заробку за час вымушанага прагулу на адпаведныя сумы. Канстытуцыйным Судом таксама адзначана, што палажэнні пастановы Пленума Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь ад 29 сакавіка 2001 г. № 2 «О некоторых вопросах применения судами законодательства о труде», што вызначаюць, якія выплаты падлягаюць заліку пры вызначэнні судом размеру аплаты часу вымушанага прагулу, не могуць разглядацца ў дадзеным выпадку ў якасці належных сродкаў прававой рэгламентацыі.

 

У мэтах забеспячэння канстытуцыйнага прынцыпу вяршэнства права і выключэння прававой нявызначанасці Канстытуцыйны Суд прызнаў неабходным унясенне ў Працоўны кодэкс Рэспублікі Беларусь (далей – ПК) змяненняў у частцы ўрэгулявання пытання заліку выплат, атрыманых работнікам пры звальненні, пры вызначэнні размеру аплаты часу вымушанага прагулу.

 

3. Рашэнне Канстытуцыйнага Суда ад 18 верасня 2014 г. «О  понятии «одинокая мать» в трудовых правоотношениях» прынята на падставе звароту грамадзянкі, у якім было пастаўлена пытанне аб неабгрунтаванасці адмовы ёй у прадастаўленні гарантый, прадугледжаных ПК пры заключэнні і спыненні працоўнага дагавора, па прычыне неаднясення яе да катэгорыі адзінокіх маці, нягледзячы на тое, што яна скасавала шлюб і выхоўвае дваіх непаўналетніх дзяцей, а бацька дзяцей дапамогі ў іх выхаванні і ўтрыманні не аказвае.

 

Канстытуцыйны Суд указаў на неабходнасць у мэтах забеспячэння канстытуцыйнага прынцыпу вяршэнства права, гарантавання абароны ў працоўных адносінах канстытуцыйных правоў грамадзян, якія маюць сямейныя абавязкі, выключэння заканадаўцам у ПК прававой нявызначанасці, выкліканай адсутнасцю яснага і дакладнага вызначэння кола асоб, на якіх распаўсюджваюцца прадугледжваемыя ў ім гарантыі пры заключэнні і спыненні працоўнага дагавора для адзінокіх маці, зыходзячы з патрабаванняў Канстытуцыі і з улікам заснаваных на іх прававых пазіцый Канстытуцыйнага Суда, выказаных у дадзеным рашэнні.

 

Такім чынам, нормы часткі першай артыкула 158 Закона «О  конституционном судопроизводстве», якія прадугледжваюць, што падставай для ўзбуджэння вядзення па справе аб устараненні ў нарматыўных прававых актах прабелаў, выключэнні ў іх калізій і прававой нявызначанасці з’яўляюцца паступіўшыя ў Канстытуцыйны Суд звароты дзяржаўных органаў, іншых арганізацый, а таксама грамадзян, у тым ліку індывідуальных прадпрымальнікаў, якія змяшчаюць інфармацыю аб наяўнасці ў нарматыўных прававых актах прабелаў, калізій і прававой нявызначанасці, разглядаюцца грамадзянамі Рэспублікі Беларусь і іншымі суб’ектамі звароту ў Канстытуцыйны Суд як магчымасць іх прамога доступу да канстытуцыйнага правасуддзя і, адпаведна, рэалізацыі іх канстытуцыйнага права на судовую абарону. Прынятыя Канстытуцыйным Судом рашэннi аб неабходнасці ўстаранення ў нарматыўных прававых актах прабелаў, выключэнні ў іх калізій і прававой нявызначанасці, якія маюць канстытуцыйна-прававое значэнне, сведчаць аб узрастаючай ролі прынцыпу прававой дакладнасці як важнейшага элемента канстытуцыйнага прынцыпу вяршэнства права ў рэгуляванні грамадскіх адносiн і ўмацавання канстытуцыйнай законнасці. Гэта абумоўлівае неабходнасць далейшага заканадаўчага ўдасканальвання канстытуцыйнага судаводства па адпаведнай катэгорыі спраў.

 

IV

 

Артыкулам 24 Кодэкса аб судаўладкаванні і статусе суддзяў вызначана, што заключэнні і рашэнні Канстытуцыйнага Суда з’яўляюцца канчатковымі, абскарджанню і апратэставанню не падлягаюць; заключэнні і рашэнні Канстытуцыйнага Суда дзейнічаюць непасрэдна і не патрабуюць пацвярджэння іншымі дзяржаўнымі органамі, іншымі арганізацыямі, службовымі асобамі, уступаюць у сілу з дня іх прыняцця, калі ў гэтых актах не ўстаноўлены іншы тэрмін (часткі сёмая дзявятая). Згодна з часткай сямнаццатай артыкула 85 Закона «О конституционном судопроизводстве» рашэнне Канстытуцыйнага Суда аб устараненні ў нарматыўных прававых актах прабелаў, выключэнні ў іх калізій і прававой нявызначанасці з’яўляецца абавязковым для разгляду дзяржаўнымі органамі, службовымі асобамі ў адпаведнасці з іх кампетэнцыяй.

 

У шэрагу рашэнняў, прынятых Канстытуцыйным Судом, указваецца на неабходнасць унясення ў заканадаўства змяненняў або дапаўненняў, устаранення ў нарматыўных прававых актах прабелаў, выключэння ў іх калізій і прававой нявызначанасці, прыняцця новых нарматыўных прававых актаў, забеспячэння аднастайнай правапрымяняльнай практыкі. У большасці выпадкаў рашэннi Канстытуцыйнага Суда выконваюцца своечасова.

 

1. На працягу 2014 года выканана 8 рашэнняў Канстытуцыйнага Суда, у тым ліку прынятых у парадку абавязковага папярэдняга кантролю канстытуцыйнасці законаў.

 

1.1. Так, пры праверцы на прадмет канстытуцыйнасці Закона Рэспублікі Беларусь «О бюджете государственного внебюджетного Фонда социальной защиты населения Министерства труда и социальной защиты Республики Беларусь на 2011 год» у рашэнні ад 11 кастрычніка 2010 г. Канстытуцыйны Суд указаў на некарэктнасць назвы гэтага Закона, паколькі ім павінен зацвярджацца бюджэт дзяржаўнага пазабюджэтнага фонду сацыяльнай абароны насельніцтва Рэспублікі Беларусь, а яго тэкст павінен змяшчаць палажэнне аб тым, што Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь з’яўляецца распарадчыкам сродкаў дадзенага дзяржаўнага пазабюджэтнага фонду.

 

Прававая пазіцыя Канстытуцыйнага Суда ўлічана ў Законе Рэспублікі Беларусь ад 14 ліпеня 2014 года «О внесении дополнений и изменений в некоторые законы Республики Беларусь», якім назва Закона Рэспублікі Беларусь «Об обязательных страховых взносах в Фонд социальной защиты населения Министерства труда и социальной защиты Республики Беларусь» выкладзена ў наступнай рэдакцыі: «Об обязательных страховых взносах в бюджет государственного внебюджетного фонда социальной защиты населения Республики Беларусь».

 

1.2. У рашэнні ад 8 ліпеня 2013 г. «О соответствии Конституции Республики Беларусь Закона Республики Беларусь «О внесении дополнений и изменений в некоторые кодексы Республики Беларусь по вопросам развития медиации» Канстытуцыйным Судом указана на няўзгодненасць палажэнняў Гаспадарчага працэсуальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь (далей – ГПК) і Закона Рэспублікі Беларусь «О  медиации», якія датычацца правядзення прымірыцельнай працэдуры (медыяцыі). Для дасягнення аднастайнага прававога рэгулявання адносiн, звязаных з прымяненнем медыяцыі, заканадаўцу было прапанавана ўнесці змяненні ў ГПК для ўзгаднення яго палажэнняў з нормамі Закона «О медиации», якія прадугледжваюць удзел у перагаворах бакоў выбранай імі па ўзаемнай згодзе незацікаўленай асобы (медыятара) у мэтах садзейнічання ім ва ўрэгуляванні спрэчкі (спрэчак).

 

Пазіцыя Канстытуцыйнага Суда часткова ўлічана ў Законе Рэспублікі Беларусь ад 1 ліпеня 2014 года «О внесении изменений и дополнений в некоторые законы Республики Беларусь по вопросам совершенствования судопроизводства в судах, рассматривающих экономические дела», згодна з якiм ГПК дапоўнены артыкулам 1551, які прадастаўляе бакам права выбіраць прымірыцеля пры правядзенні прымірыцельнай працэдуры. Разам з тым Канстытуцыйны Суд звяртае ўвагу заканадаўца на неабходнасць удакладнення i іншых норм ГПК, у сілу якіх прымірыцель назначаецца судом, разглядаючым эканамічныя справы.

 

1.3. У прынятым па выніках кантролю канстытуцыйнасці Закона Рэспублікі Беларусь «О внесении изменений и дополнений в некоторые законы Республики Беларусь по вопросам нотариальной деятельности» рашэнні ад 26 снежня 2013 г. Канстытуцыйным Судом адзначана, што канстытуцыйнае права кожнага на судовую абарону азначае не толькі гарантаванне права на зварот у суд, але і аказанне правамоцнымі асобамі ва ўстаноўленым заканадаўствам парадку садзейнічання ў рэалізацыі дадзенага права, у тым ліку шляхам забеспячэння натарыусамі пісьмовых доказаў для разгляду спраў у судах.

 

Прававая пазіцыя Канстытуцыйнага Суда ўлічана ў Законе Рэспублікі Беларусь ад 1 ліпеня 2014 года «О внесении изменений и дополнений в некоторые законы Республики Беларусь по вопросам совершенствования гражданского судопроизводства». Згодна з дапаўненнем, унесеным у артыкул 234 Грамадзянскага працэсуальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь (далей – ГрПК), да ўзбуджэння вядзення па справе ў судзе забеспячэнне пісьмовых доказаў можа праводзіцца натарыусамі ў парадку, устаноўленым актамі заканадаўства.

 

2. Важнейшае значэнне для ўмацавання канстытуцыйнай законнасці мае выкананне рашэнняў Канстытуцыйнага Суда аб устараненні ў нарматыўных прававых актах прабелаў, выключэнні ў іх калізій і прававой нявызначанасці, прынятых у адпаведнасці з яго паўнамоцтвамі, прадугледжанымі абзацам восьмым часткі трэцяй артыкула 22 Кодэкса аб судаўладкаванні і статусе суддзяў.

 

2.1. У прыватнасці, у рашэнні Канстытуцыйнага Суда ад 27 мая 2010 г. «О порядке реализации права на обжалование в суд осужденными к аресту, лишению свободы, пожизненному заключению, лицами, содержащимися под стражей, и административно арестованными примененных к ним мер взыскания» звернута ўвага на наяўнасць прабелу ў прававым рэгуляванні парадку разгляду ў судах скарг асуджаных да арышту, пазбаўлення волі і пажыццёвага заключэння, асоб, якія ўтрымліваюцца пад вартай, і адміністрацыйна арыштаваных на прымяненне да іх мер спагнання, што не ў поўнай меры забяспечвае рэалізацыю канстытуцыйнага права грамадзян на доступ да правасуддзя. У сувязі з гэтым Канстытуцыйны Суд прызнаў неабходным заканадаўча вызначыць парадак і асаблівасці разгляду ў судах скарг названых катэгорый асоб на прымяненне да іх мер дысцыплінарнага спагнання.

 

З мэтай вызначэння парадку разгляду ў судах указаных скарг Законам Рэспублікі Беларусь ад 1 ліпеня 2014 года «О внесении изменений и дополнений в некоторые законы Республики Беларусь по вопросам совершенствования гражданского судопроизводства» глава 29 ГрПК дапоўнена параграфам 62, што рэгулюе асаблівасці разгляду і вырашэння скарг грамадзян на вынесенае ў адносінах да іх папярэджанне аб магчымасці накіравання ў лячэбна-працоўны прафілакторый і скарг грамадзян, якія знаходзяцца ў лячэбна-працоўным прафілакторыі, на пастанову аб прымяненнi да іх мер спагнання.

 

2.2. У рашэнні ад 16 лютага 2012 г. «О правовом регулировании освобождения от уголовного наказания или замены наказания более мягким по заболеванию» Канстытуцыйны Суд, зыходзячы з канстытуцыйнага прынцыпу роўнасці ўсіх перад законам, сфармуляваў прававую пазіцыю аб тым, што асобам, якія маюць цяжкае захворванне, што перашкаджае далейшаму адбыванню пакарання, павінна быць гарантаваны разгляд судом пытання аб магчымасці вызвалення іх ад адбывання пакарання або замены пакарання больш мяккім з улікам цяжару ўчыненага злачынства, асобы асуджанага, характару захворвання і іншых акалічнасцей незалежна ад часу ўзнікнення захворвання: перад або пасля вынясення прыгавору.

 

Дадзенае рашэнне Канстытуцыйнага Суда выканана шляхам унясення змянення ў артыкул 92 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь Законам Рэспублікі Беларусь ад 5 студзеня 2015 года «О  внесении дополнений и изменений в Уголовный, Уголовно-процессуальный, Уголовно-исполнительный кодексы Республики Беларусь, Кодекс Республики Беларусь об административных правонарушениях и Процессуально-исполнительный кодекс Республики Беларусь об административных правонарушениях». Названым Законам устаноўлена магчымасць вызвалення ад пакарання або замены пакарання больш мяккім асобе, якая пакутуе на іншае цяжкае захворванне, што перашкаджае адбыванню пакарання, незалежна ад часу ўзнікнення такога захворвання.

 

2.3. Пры прыняцці рашэння ад 11 снежня 2013 г. «О правовом регулировании порядка разрешения споров, связанных с расследованием несчастных случаев на производстве» Канстытуцыйны Суд прыйшоў да вываду аб тым, што Урад Рэспублікі Беларусь пры рэалізацыі дэлегаванага яму заканадаўчымі актамі паўнамоцтва ўстанаўліваць парадак расследавання і ўліку няшчасных выпадкаў на вытворчасці і прафесійных захворванняў не меў права нароўні з гэтым ажыццяўляць прававое рэгуляванне пытанняў судаводства, уключаючы вызначэнне ўмоў рэалізацыі канстытуцыйнага права на судовую абарону.

 

Канстытуцыйным Судом таксама адзначана, што Правіламі расследавання і ўліку няшчасных выпадкаў на вытворчасці і прафесійных захворванняў, зацверджанымі пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 15 студзеня 2004 г. № 30 (далей – Правілы), рэалізацыя канстытуцыйнага права пацярпеўшага і іншых зацікаўленых асоб на судовую абарону ставіцца ў залежнасць ад складання заключэння па выніках правядзення дзяржаўным інспектарам працы расследавання няшчаснага выпадку на вытворчасці. Магчымасць звароту ў суд вышэйуказаных асоб у выпадках, калі дзяржаўным інспектарам працы такое заключэнне не складаецца, Правіламі не прадугледжвалася, у сувязі з чым не забяспечвалася іх канстытуцыйнае права на судовую абарону.

 

У мэтах выканання прынцыпу вяршэнства права, рэалізацыі канстытуцыйнага права кожнага на судовую абарону і ўстаранення прававой нявызначанасці Канстытуцыйны Суд прапанаваў Савету Міністраў узгадніць Правілы з нормамі Працоўнага кодэкса і іншых заканадаўчых актаў у частцы прававога рэгулявання парадку вырашэння спрэчак, звязаных з расследаваннем няшчасных выпадкаў на вытворчасці.

 

Пазіцыя Канстытуцыйнага Суда рэалізавана ў пастанове Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 14 красавіка 2014 г. № 348 «О внесении изменений и дополнения в постановление Совета Министров Республики Беларусь от 15 января 2004 г. № 30». У новай рэдакцыі пункта 78 Правіл вызначана, што пытанні, звязаныя з адмовай наймальніка, страхавальніка, арганізацыі ў складанні адпаведнага акта (уключаючы непрызнанне факта няшчаснага выпадку, адмову ў правядзенні яго расследавання) або нязгодай пацярпеўшага або асобы, якая прадстаўляе яго інтарэсы, асобы, якая дапусціла парушэнні актаў заканадаўства аб працы і аб ахове працы, тэхнічных нарматыўных прававых актаў, лакальных нарматыўных прававых актаў, што прывялі да няшчаснага выпадку, страхоўшчыка са зместам указанага акта, разглядаюцца па іх заяве непасрэдна ў судзе. З улікам змянення, унесенага ў пункт 80 Правіл, заключэнне дзяржаўнага інспектара працы таксама падлягае абскарджанню ў судзе ў адпаведнасці з заканадаўствам.

 

У Правілы ўнесена таксама змяненне, якое прадугледжвае магчымасць адмены заключэння дзяржаўнага інспектара працы непасрэдна судом (пункт 82). Аналагічным чынам скарэкціраваны парадак вырашэння спрэчных выпадкаў, якія датычацца ўстанаўлення прафесійных захворванняў, і рознагалоссяў па пытаннях, звязаных з расследаваннем і ўлікам прафесійных захворванняў са смяротным зыходам і групавых прафесійных захворванняў (пункт 84).

 

3. Працягваецца выкананне рашэння Канстытуцыйнага Суда  ад 7 красавіка 2011 г. «О позиции Конституционного Суда Республики Беларусь по Закону Республики Польша «О Карте поляка», вынесенага ў парадку рэалізацыі яго паўнамоцтва па прапановах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, Палаты прадстаўнікоў і Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь выкладаць сваю пазіцыю аб дакументах, якія прыняты (выдадзены) замежнымі дзяржавамі, міжнароднымі арганізацыямі і (або) іх органамі і закранаюць  інтарэсы Рэспублікі Беларусь, у частцы адпаведнасці гэтых дакументаў агульнапрызнаным прынцыпам і нормам міжнароднага права.

 

Так, вывады Канстытуцыйнага Суда ўлічаны ў законах Рэспублікі Беларусь ад 4 студзеня 2014 года «О внесении изменений и дополнений в некоторые законы Республики Беларусь по вопросам деятельности органов внутренних дел Республики Беларусь», ад 1 ліпеня 2014 года «О внесении изменений и дополнений в некоторые законы Республики Беларусь по вопросам прохождения военной службы (службы)», ад 11 ліпеня 2014 года «О внесении изменений и дополнений в законы Республики Беларусь по вопросам деятельности органов Комитета государственного контроля Республики Беларусь» і ад 31 снежня 2014 года «О внесении дополнений и изменений в некоторые законы Республики Беларусь».

 

Нормамі названых законаў дэпутатам мясцовых Саветаў дэпутатаў, супрацоўнікам органаў унутраных спраў, работнікам органаў і падраздзяленняў па надзвычайных сітуацыях, работнікам органаў фінансавых расследаванняў і ваеннаслужачым (за выключэннем ваеннаслужачых, якія праходзяць ваенную службу па прызыву) забаронена атрымліваць ад замежных дзяржаў дакументы, якія прадастаўляюць правы на льготы і перавагі ў сувязі з палітычнымі, рэлігійнымі поглядамі або нацыянальнай прыналежнасцю, а роўна карыстацца такімі льготамі і перавагамі, калі іншае не вынікае з міжнародных дагавораў Рэспублікі Беларусь.

 

Канстытуцыйны Суд, аналізуючы практыку рэалізацыі рашэнняў, звяртае ўвагу на неабходнасць іх своечасовага і поўнага выканання i, такiм чынам, падтрымання даверу грамадзян да правасуддзя і дзейнасці органаў дзяржаўнай улады, што будзе сведчыць аб прытрымліванні нарматворчымі органамі (службовымі асобамі) канстытуцыйных патрабаванняў аб абароне правоў і свабод чалавека і ўстанаўленні гарантый іх рэалізацыі. Канстытуцыйны кантроль як адзін з важнейшых інструментаў фарміравання прававой дзяржавы, арыентуючы нарматворчыя і правапрымяняльныя органы на выкананне канстытуцыйных палажэнняў, паслядоўную рэалізацыю прынцыпаў і норм Канстытуцыі, прадухіленне ў нарматворчасці і правапрымяненні прававой нявызначанасці, недапушчэнне прававых прабелаў і калізій, садзейнічае зацвярджэнню канстытуцыйнай законнасці і фарміраванню прававой культуры ў грамадскай свядомасці.

 

V

 

1. Ацэньваючы стан канстытуцыйнай законнасці ў нарматворчасці і правапрымяненні, Канстытуцыйны Суд адзначае станоўчыя тэндэнцыi сістэмнага забеспячэння вяршэнства Канстытуцыі ў заканадаўстве i зацвярджэння канстытуцыйнага правапарадку ва ўсіх сферах дзяржаўнага і грамадскага жыцця.

 

Аналіз  вывучаных і разгледжаных Канстытуцыйным Судом спраў і іншых матэрыялаў сведчыць аб прытрымліванні і развіцці ў заканатворчым працэсе канстытуцыйных прынцыпаў і норм, забеспячэнні вяршэнства права, павышэнні эфектыўнасці канстытуцыйна-прававога рэгулявання.

 

2. Правераныя Канстытуцыйным Судом у 2014 годзе ў парадку папярэдняга кантролю 55 законаў, прынятых Палатай прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь і адобраных Саветам Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, да іх падпісання Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь у цэлым прызнаны адпавядаючымі Канстытуцыі.

 

Выяўленыя ў некаторых законах прававыя прабелы, прававая нявызначанасць і калізіі заканадаўцу рэкамендавана ўстараніць пры далейшым удасканальванні прававога рэгулявання адпаведных адносiн.

 

3. Дынамізм сацыяльных і эканамічных працэсаў прадвызначае неабходнасць своечасовага, а часам і апераджальнага прававога рэгулявання грамадскіх адносiн. Пры гэтым патрэбна ўлічваць, што стабільныя фундаментальныя канстытуцыйныя палажэнні аб канстытуцыйным ладзе, правах і свабодах чалавека і грамадзяніна з’яўляюцца канстытуцыйнай асновай перспектыўнага і дынамічнага заканадаўчага рэгулявання.

 

Пры прававым рэгуляванні грамадскіх адносiн неабходна ў абавязковым парадку ўлічваць асноватворныя  канстытуцыйныя  прынцыпы прыярытэту правоў і свабод чалавека, вяршэнства права, роўнасці і справядлівасці, што дазволіць паслядоўна накіроўваць заканатворчы працэс на развіццё канстытуцыйных каштоўнасцей і дасягненне канстытуцыйных мэт.

 

4. На сучасным этапе ўзрастае патрабаванне дакладнасці прававых норм, поўнага і паслядоўнага  замацавання нарматыўнай волі, што з’яўляецца важнай умовай упарадкаванасці грамадскага жыцця, усвядомленага падпарадкавання чалавека і грамадзяніна праву.

 

Канстытуцыйны Суд пастаянна звяртае ўвагу нарматворчых органаў на неабходнасць безумоўнага прытрымлівання прынцыпу прававой дакладнасці, згодна з якім любы нарматыўны прававы акт павінен насіць пэўны характар, эфектыўна ўздзейнічаць на грамадскія адносіны і ўстанаўліваць суразмернае прававое рэгуляванне. Пры гэтым неабходна выразнае, яснае і недвухсэнсоўнае выкладанне прававых норм, якія дакладна ўстанаўліваюць патрабаванні, што прад’яўляюцца да дзеянняў фізічных і юрыдычных асоб, рамкі магчымых, належных і забароненых паводзін.

 

5. Прынятыя ў апошні час заканадаўчыя і арганізацыйныя меры па ўдасканальванні судовага ладу і судаводства накіраваны на зацвярджэнне справядлівага правасуддзя, пашырэнне доступу грамадзян да судовай абароны сваіх правоў і законных інтарэсаў.

 

У рашэннях Канстытуцыйнага Суда неаднаразова ўказвалася, што замацаваны ў міжнародных актах свабодны і бесперашкодны доступ да правасуддзя з’яўляецца дасягненнем сучаснай цывілізацыі, неад’емнай састаўляючай фундаментальнага канстытуцыйнага права грамадзян і юрыдычных асоб на судовую абарону.

 

Канстытуцыйны Суд лічыць, што ў цяперашні час для забеспячэння свабоднага доступу да правасуддзя заканадаўчыя акты, якія закранаюць правы і свабоды грамадзян, мэтазгодна выдаваць на дзвюх дзяржаўных мовах – беларускай і рускай у адпаведнасці з палажэннем артыкула 17 Канстытуцыі аб роўнасці дзвюх дзяржаўных моў.

 

6. Заканадаўства павінна гарантаваць паслядоўнасць прававога рэгулявання, абапіраючыся на фундаментальныя канстытуцыйныя каштоўнасці і канстытуцыйныя прынцыпы, фарміраваць давер народа да закона.

 

З уступленнем Рэспублікі Беларусь у Еўразійскі эканамічны саюз актуалізуюцца пытанні прадказальнасці прававога рэгулявання, уліку суадносін нацыянальнага і наднацыянальнага заканадаўства.

 

Канстытуцыйны Суд звяртае ўвагу заканадаўца на неабходнасць безумоўнага прытрымлівання ў заканатворчым працэсе вяршэнства Канстытуцыі, паслядоўнага развіцця канстытуцыйных каштоўнасцей і прынцыпаў, што дазволіць дасягнуць гібкага, дынамічнага, гранічна дакладнага, максімальна адпавядаючага патрэбнасцям грамадства і дзяржавы сучаснага прававога рэгулявання.

 

7. У мэтах забеспячэння канстытуцыйнай законнасці патрабуецца пастаянная мэтанакіраваная дзейнасць усіх дзяржаўных органаў і службовых асоб па арганізацыі дзяржаўных спраў і жыцця людзей у адпаведнасці з нормамі Канстытуцыі, а з боку грамадзян –  сумленнае і адказнае выкананне канстытуцыйных абавязкаў.

 

Пры гэтым стварэнне належных умоў і роўных магчымасцей для рэалізацыі правоў і свабод грамадзян, законных інтарэсаў юрыдычных асоб з’яўляецца важнейшай функцыяй дэмакратычнай сацыяльнай прававой дзяржавы, фарміраванне якой паслядоўна ажыццяўляецца ў Рэспубліцы Беларусь.

Гэта Пасланне прынята на пасяджэнні Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь 20 студзеня 2015 г.

Старшынствуючы –
Старшыня Канстытуцыйнага
Суда Рэспублікі Беларусь
П.П.Міклашэвіч

Версiя для друку