EngРусБел
Агульныя палажэнні
 

У адпаведнасці з Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь у красавіку 1994 года заснаваны Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь (далей – Канстытуцыйны Суд), які з’яўляецца органам судовага кантролю за канстытуцыйнасцю нарматыўных прававых актаў у дзяржаве, сцвярджае вяршэнства Канстытуцыі і яе непасрэднае дзеянне. 

Прававую аснову арганізацыі і дзейнасці Канстытуцыйнага Суда складаюць Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь (далей – Канстытуцыя), Кодэкс Рэспублікі Беларусь аб судаўладкаваннi і статусе суддзяў, Закон Рэспублікі Беларусь «Аб канстытуцыйным судаводстве», Рэгламент Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь.

Канстытуцыйны Суд фарміруецца ў колькасці 12 суддзяў з высокакваліфікаваных спецыялістаў у галіне права. Шэсць суддзяў назначаюцца Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь, шэсць суддзяў выбіраюцца Саветам Рэспублікі Нацыянальнага сходу – палатай Парламента.

Суддзі Канстытуцыйнага Суда назначаюцца (выбіраюцца) на 11 гадоў і могуць быць назначаны (выбраны) на новы тэрмін. Гранічны ўзрост знаходжання на пасадзе суддзі Канстытуцыйнага Суда – 70 гадоў.

Старшыня Канстытуцыйнага Суда назначаецца Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь са згоды Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу з ліку суддзяў Канстытуцыйнага Суда тэрмінам на 5 гадоў.

Намеснік Старшыні Канстытуцыйнага Суда выбіраецца Канстытуцыйным Судом са складу суддзяў Канстытуцыйнага Суда па прадстаўленні Старшыні Канстытуцыйнага Суда тэрмінам на 5 гадоў.

Канстытуцыйны Суд ажыццяўляе наступныя паўнамоцтвы:

у парадку наступнага кантролю дае заключэннi аб канстытуцыйнасці нарматыўных прававых актаў, міжнародных дагаворных і іншых абавязацельстваў Рэспублікі Беларусь, актаў міждзяржаўных утварэнняў, у якія ўваходзіць Рэспубліка Беларусь;

дае заключэнні аб наяўнасці фактаў сістэматычнага або грубага парушэння палатамі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Канстытуцыі;

у парадку абавязковага папярэдняга кантролю прымае рашэннi аб канстытуцыйнасці законаў, прынятых Нацыянальным сходам (за выключэннем законаў, падрыхтаваных у сувязі з заключэннем, выкананнем, прыпыненнем дзеяння і спыненнем міжнародных дагавораў Рэспублікі Беларусь), да іх падпісання Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь;

прымае рашэнні аб адпаведнасці Канстытуцыі міжнародных дагавораў Рэспублікі Беларусь, якія не ўступілі ў сілу;

прымае рашэнні аб наяўнасці фактаў сістэматычнага або грубага парушэння мясцовымі Саветамі дэпутатаў патрабаванняў заканадаўства;

дае афіцыйнае тлумачэнне дэкрэтаў і ўказаў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, якія датычацца канстытуцыйных правоў, свабод і абавязкаў грамадзян;

выкладае сваю пазіцыю аб дакументах, прынятых (выдадзеных) замежнымі дзяржавамі, міжнароднымі арганізацыямі і (або) іх органамі, якія закранаюць інтарэсы Рэспублікі Беларусь, у частцы адпаведнасці гэтых дакументаў агульнапрызнаным прынцыпам і нормам міжнароднага права;

праводзіць праверкі канстытуцыйнасці асобных напрамкаў нарматворчай дзейнасці і правапрымяняльнай практыкі судоў, праваахоўных і іншых дзяржаўных органаў;

прымае рашэнні аб устараненні ў нарматыўных прававых актах прабелаў, выключэнні ў iх калізій і прававой нявызначанасці;

прымае штогадовыя пасланні Прэзідэнту Рэспублікі Беларусь і палатам Нацыянальнага сходу аб стане канстытуцыйнай законнасці ў Рэспубліцы Беларусь.

Правам звароту ў Канстытуцыйны Суд валодаюць Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь, палаты Парламента – Нацыянальнага сходу (Палата прадстаўнікоў, Савет Рэспублікі), Вярхоўны Суд, Урад – Савет Міністраў.

З ініцыятывай аб унясенні прапаноў аб праверцы канстытуцыйнасці нарматыўнага прававога акта, прымененага ў канкрэтных рашэнні дзяржаўнага органа або пастанове суда агульнай юрысдыкцыі, у выніку чаго, па меркаванні грамадзяніна, у тым ліку індывідуальнага прадпрымальніка, арганізацыі (за выключэннем дзяржаўных органаў), парушаюцца правы, свабоды і законныя інтарэсы грамадзяніна, у тым ліку індывідуальнага прадпрымальніка, правы і законныя інтарэсы арганізацыі, гэты грамадзянін, у тым ліку індывідуальны прадпрымальнік, гэта арганізацыя звяртаюцца да Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, органаў, надзеленых правам унясення ў Канстытуцыйны Суд такіх прапаноў.

У рашэннях і фармулюемых у іх прававых пазіцыях Канстытуцыйны Суд, зыходзячы з вяршэнства права, шляхам выяўлення канстытуцыйна-прававога сэнсу норм законаў і іншых нарматыўных прававых актаў садзейнiчае выпрацоўцы прававых механізмаў развіцця і абароны канстытуцыйных каштоўнасцей і дасягнення канстытуцыйна значных мэт, арыентуе заканадаўца і правапрымяняльнікаў на няўхільнае выкананне канстытуцыйных палажэнняў і іх рэальнае забеспячэнне.